надзе́я, ‑і, ж.
1. Чаканне чаго‑н. добрага, якое спалучаецца з упэўненасцю ў тым, што яно збудзецца. Светлая надзея. Цвёрдая надзея. Страціць надзею. □ Столькі болю і столькі надзеі ў яе [дзяўчынкі] не па ўзросту сталых вачах. Брыль. Надзея выжыць тут, у лагеры смерці, амаль што канчаткова пакінула.. [палонных]. Быкаў.
2. Той або тое, на каго, на што можна спадзявацца, апірацца. Мір — вялікая надзея простых людзей усёй планеты. «Звязда». Бацька і маці выхоўвалі сына. Сын быў уцехай, надзеяй адзінай. Дубоўка. Вось і лес, і стажок сена каля лесу. Гэта іх стажок, іх гордасць і надзея. Колас.
•••
Падаваць надзеі гл. падаваць.
У надзеі — спадзеючыся.
Ускладаць надзеі гл. ускладаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараві́ць, ‑раўлю, ‑ровіш, ‑ровіць; незак.
1. каму і без дап. Старацца дагаджаць. [Ульяна:] А я ж, панічок, і сама ведаю, што госцю трэба наравіць. Крапіва. Бедната наадрэз адмовілася наравіць пану, а тым больш аддаваць яму сваё сена. Бажко.
2. з інф. і злучн. «каб». Імкнуцца, старацца. Ласяня тупала каля дубка, нарабіла сарвацца з прывязі, трывожна пазірала па баках, шукаючы сваю маці. С. Александровіч. Нервова гарцаваў пад [камандзірам] конь, кусаў цуглі. Нарабіў сарвацца з месца, каб нагнаць калону. Паўлаў. На беразе раззыкаліся авадні і розная іншая драбяза. Яны так і наровяць, каб утнуць. Якімовіч.
3. з інф. Прыладжвацца, прыстасоўвацца. Шэмет наравіў ехаць па абочыне, дзе была не такая глыбокая гразь. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́саваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго.
Пакарміць чым‑н. смачным, пачаставаць ласункамі. Паласаваць дзяцей цукеркамі. □ Тэкля заўсёды песціла .. [карову], як малое дзіця, наровячы напаіць цёпленькай вадзічкай, падкінуць лепшы ахапак сена, паласаваць бурачкамі ці добра завараным пойлам. Няхай.
паласава́ць, ‑су́ю, ‑су́еш, ‑су́е; незак., каго-што.
1. Спец. Рэзаць на палосы. Паласаваць жалеза.
2. Разм. Удараць, біць чым‑н., пакідаючы на целе сляды ў выглядзе палос. Раптам Сомік скочыў, схапіў.. [жанчыну] леваю рукою за хустку разам з валасамі і пачаў паласаваць плёткай. Крапіва. Цяпер дзядзька стаяў на падводзе, трымаў у руках лейцы і лейцамі ўвесь час паласаваў каня. Васілеўская.
3. перан. Разм. Бліскаць паласой агню, святла. Усё часцей і часцей паласавалі неба агнявыя маланкі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́зці, звязу, звязеш, звязе; звязём, звезяце; пр. звёз, звезла і звязла, звезла і звязло; зак., каго-што.
1. Возячы, даставіць у адно месца (многае, многіх); пазвозіць. Звезці каменне ў кучу. Звезці сена ў стог.
2. Забраўшы, адвезці куды‑н.; перавезці. Мяшкоў не хапала, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч.
3. Везучы, перамясціць зверху ўніз. Звезці бярвенне з гары ў нізіну.
4. Едучы, узяць з сабою; адвезці куды‑н. «Чаму гэта мне нічога не сказалі пра ордэры? Звезлі на рыбу, каб усё прапала», — трывожачыся, падумаў Андрэй. Шахавец. — Пагранічнік Кузьма дэмабілізаваўся і, едучы працаваць у Мінск, звёз з Брэстчыны маладзенькую чарнявую настаўніцу Марыну. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рубе́ль 1, ‑бля, м.
1. Грашовая адзінка ў Расіі і СССР, роўная 100 капейкам.
2. Банкнот і манета такой вартасці. Настаўнік дастаў кашалёк, выняў срэбраны рубель і аддаў яго Лявону. Колас. Кандуктарка схапіла сторублёўку і не спяшаючыся пачала выцягваць са свае сумкі рублі, траячкі, пяцёркі. Васілёнак. Мы працавалі горача, каб ты стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Панчанка.
•••
Гнацца за доўгім рублём гл. гнацца.
Доўгі рубель — пра лёгкі і вялікі заробак.
рубе́ль 2, ‑бля, м.
Тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы, салому і пад. З поля прабеглі дзве палутаркі, везучы прыціснутыя пад рубель снапы сухога жыта. Краўчанка. Міша і Валодзька наклалі снапы на другую фурманку, затым падалі ездавому рубель. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спача́тку, прысл.
1. У першы момант. Хлопцам страшна было спачатку, а пасля ўсякі страх мінуў. Колас. — Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха, — засмяялася дзяўчына. Алесь спачатку здзівіўся. Шыцік. // Напачатку чаго‑н. (шляху, працы і пад.). Спачатку.. [партызаны] ішлі балотам, асцярожна шукаючы нагамі больш цвёрдага месца. Шчарбатаў. // Перш за ўсё, папярэдне, раней. Пачынаем дзень спачатку Фізкультурнаю зарадкай. Раз — налева, Два — направа, Крок наперад, Крок назад. А. Александровіч. Я выпраг Дэраша, прывязаў да воза, ён і пачаў хрумстаць памаленьку сена, выбіраючы спачатку лепшае. Якімовіч.
2. Яшчэ раз; зноў. [Жонка] быццам ажыла ці спачатку пачала жыць. Чорны. [Лаўрэн:] — Куды ні зірні — усё пачынай спачатку, а тут табе ані хамута, а ні шыі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ураджа́й, ‑ю, м.
1. Колькасць збожжа, пладоў, траў, ягад, грыбоў і пад., якая ўрадзілася, вырасла. У садзе маладым ля хаты, Што вырас тут пасля вайны, На яблыкі ўраджай багаты — Да долу дрэўцы гнуць яны. Непачаловіч. [Сакратар партарганізацыі:] — Каб збіраць двухсотпудовыя ўраджаі, трэба добра асвоіць перадавую аграбіялогію. Паслядовіч. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў. Маўр.
2. Вялікая колькасць, багацце збожжа, сена, пладоў, караняплодаў, грыбоў, усяго таго, што ўрадзіла. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. // перан. Разм. Пра з’яўленне вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. На будоўлі .. [Яцкевічу] падаваецца — весела, хлопцаў многа, ды і на дзяўчат ураджай. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе.
1. м. і ж. Чалавек з фізічным недахопам, з брыдкім абліччам. Хоць дзіцятка ўрода, Але бацьку шкода. Крапіва. Але мачыха давяла мужу, што сын у яго ўрода і няўклюда. Сачанка.
2. ж. Натура, характар; прырода. [Яўхім:] — Ну і цаца ж ты! Як бог знае, дзе расла! [Ганна:] — Дзе ні расла, а такая вырасла. Урода такая. І другая не буду! Мележ. Мы знаем, ён [дзядзька Антось] рыбак з уроды. І ўсякіх рыб ён знае ходы. Колас.
3. ж. Абл. Ураджай (у 2 знач.). — На сена ўрода ў гэтым годзе, — гледзячы, як растуць копы, падняўся Костусь. Васілевіч. Дай жыту, светлы май, Дождж і пагоду, Добрую ўроду Дай яму, дай. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.
2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Но́ша 1 ’вязка, клунак’ (Яруш., Сл. ПЗБ, ТС), памянш. но́шка, а таксама ны́шка, нэ́шка ’тс’ (Некр., Жд. 1, Клім.; бялын., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. ноша, ношка ’мера сена, травы’ (Скурат, Меры, 123), параўн. рус. ноша, ношка ’тс’, чэш. nůše ’тс’, славац. noša ’тс’ і пад. Ад нясці, насіць (< *nos‑ja), параўн. Фасмер, 3, 87; Махэк₂, 403, першапачаткова ’тое, што можна панесці’.
Но́ша 2 ’яечнікі ў курыцы’ (Ян.), но́ша: у старо́е гусі но́ша зʼяўляецца каля ног (Бір. дыс.), сюды ж, магчыма, но́ша ’пухліна, гузак, грыжа’ (ТС), параўн. рус. но́ша ’цяжарнасць’, польск. noszą ’тс’. Да насіць, нясці (гл.), у тым ліку ’нясці яйкі’, параўн.: Як удар куру па спіне, дак у ее тая но́ша пабʼецца і еечкі патруцца (Ян.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)