прасі́цца, прашуся, просішся, просіцца; незак.
1. Прасіць аб дазволе зрабіць што‑н. (увайсці, адправіцца куды‑н. і пад.). У будку, да цяпла, прасіўся чалавек. Навуменка. Людзі пачалі прасіцца ісці на заданне, хоць назначаны адпачынак яшчэ не скончыўся. Шамякін. // Выказаць жаданне адправіць натуральную патрэбу (пра дзяцей, жывёл).
2. Прасіць, каб прынялі ці залічылі куды‑н. Прасіцца на фронт.
3. Разм. Прасіць прабачэння, спагады, дапамогі і пад. — Ратуй мяне, чалавеча! — просіцца ў.. [дзеда] паляўнічы. Якімовіч. — Ну што вам значыць, — прасілася Лёдзя, гулліва пабліскваючы вачыма і верачы ў поспех. Карпаў.
•••
Просіцца на язык — вельмі хочацца сказаць. Многа крыўдных, балючых для .. [Веры] слоў прасілася на язык, але .. [Мікалай] змоўчаў. Дамашэвіч.
У рукі просіцца — пра тое, што лёгка, без цяжкасцей дастаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разя́віцца, разяўлюся, разявішся, разявіцца; зак.
Разм. Шырока раскрыцца (пра рот, пашчу). Твар у пасажыра выцягнуўся, смешна разявіўся рот, але ніхто на гэта не ўсміхнуўся, ніхто нават не звярнуў увагі. Васілёнак. // Шырока раскрыць рот (пра чалавека). З дзіву — аж разявіўся [паліцай]: што мы за такія? Таўлай. Як выскачыў з залы «Салавей», не захацеўшы быць «панскім салаўём», усе госці разявіліся ад дзіва. Бядуля. // перан. Груб. Сказаць што‑н., гаркнуць. — Ну куды так маеш рупіцца? Сёння ж нядзеля... — разявіўся і Джвучка. Пташнікаў. // перан. Уставіцца вачыма, позіркам, разглядаючы каго‑, што‑н. — Што за гармідар тут? — накінуўся .. [містэр Крукер] на грузчыкаў. — Тыя маўчалі, пазіраючы на яго спадылба і мімаволі сціскаючы кулакі.. — Ну, ты чаго разявіўся на мяне? — тыцнуў ён палкай у грудзі аднаго з грузчыкаў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
све́тач, ‑а, м.
1. Уст. Тое, што і дзед 3. Датлела ў светачы лучына, Памалу вочы жмурыць сон. Танк. Здавалася тады, што ў хаце ля стала гарыць у светачы смаляны агарак. Пташнікаў.
2. перан. Пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды, культуры і пад. Як магутная сіла сусветнай сацыялістычнай садружнасці, як несакрушальная цытадэль міжнароднай салідарнасці, як светач міру і сацыяльнага прагрэсу ўзвышаецца сёння наша вялікая Радзіма — правобраз будучага сусветнага брацтва працоўных. Машэраў. О радзіма! мой светач цудоўны, адзіны, Явар мой, мой агністы снягір на сасне. Караткевіч.
3. перан. Пра таго, хто нясе з сабою ісціну, асвету, свабоду і пад. На разняволенай зямлі Шлях асвятліў нам светач вечны: І Правадыр, і Чалавек, І мудры, і сардэчны. Пушча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смарка́ч, ‑а, м.
1. толькі мн. (смаркачы́, ‑оў). Слізь, якая выцякае з носа, збіраецца ў носе. — Смаркачы яшчэ з носа цякуць, а збіраюцца свет перайначыць... Божа ты мой, божа! от дачакаліся! — гаротна выгукваў дзед Піліп. Колас. — Смаркачы вытры! — злосна сказала сакратарка і рушыла назад у пакой. Навуменка.
2. Адна кропля гэтай слізі. Смаркач пад носам.
3. Разм. зневаж. Пра дзіця. Гэтак ішлі гады за гадамі. З смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнага дзецюка. Ядвігін Ш. // Пра маладога нявопытнага ў справах чалавека. [Глушак:] «Зноў гэты смаркач [Сцяпан] утыкае нос свой куды не трэба!» Мележ. — Хо! Р-работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Ну, скажы ты мне, смаркач! — загарлапаніў .. [шафёр], паглядваючы то на застаўку, то на мяне. Вышынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сялі́цца, сялюся, селішся, селіцца; незак.
1. Уладжвацца на незаселеных месцах; атрымліваць месца для жыхарства. Людзі, якія сяліліся спачатку толькі на адкрытых месцах, па цячэнню вялікіх рэк, пачалі ўсё глыбей пранікаць у самыя нетры дзікіх і непрыступных лясоў. В. Вольскі. У горадзе самая жывая вуліца — гэта Шасэйная. Ля яе ўсё народ дзелавы селіцца, гандлёвы. Галавач. // Пасяляцца, займаць пад жыллё хату, участак. Няўтульная хаціна проста пуставала: ніводная, нават бежанская, сям’я не рашалася ў ёй сяліцца хоць бы часова. Лось. // Пра птушак, жывёл і пад. А .. [сава] ўсё роўна кожны год сялілася толькі ў тым дупле. Кірэйчык.
2. перан. Узнікаць, папаўняць (пра пачуцці, настрой і пад.). Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы. Васілевіч.
3. Зал. да сяліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трава́, ‑ы; мн. травы, траў; ж.
Расліна з аднагадовымі зялёнымі неадзеравянелымі парасткамі і сцяблом. Сонца яшчэ не схавалася, але раса ўжо густа пакрапіла апавітую тонкай густой сеткай з павуціння высокую траву. Мурашка. Яшчэ над Нёманам Лугі не скошаны, Яшчэ над Нёманам Трава, як шоўк. Шымук. // Зялёнае покрыва зямлі з такіх раслін. Зямля была пакрыта высокімі духмянымі і сакавітымі травамі. В. Вольскі. Сёмка .. падышоў да Петруся і прылёг побач з ім на траву. Брыль.
•••
Трава травой — пра нясмачную яду.
Травой зарасці — тое, што і зарасці (парасці) быллём (гл. зарасці).
Хоць воўк траву еш гл. воўк.
Хоць трава не расці — пра зусім абыякавыя адносіны каго‑н. да чаго‑н.
Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узне́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. узнёсся, ‑неслася; заг. узнясіся; зак.
1. Падняцца ўверх, у вышыню; узляцець. На лётных пляцоўках, у зацішных пералесках гатовы штохвіліны ўзнесціся ўгору грозныя паветраныя крэпасці. Шынклер. Якім падобным на стралу зрабілі ТУ–104 — Срэбны лайнер той, Што ўзнёсся над прасторамі Сібіры, Каб апынуцца недзе за Чытой!.. Кусянкоў. Вы [касманаўты] ўзнесліся туды, высока, І плылі ў міжзорным акіяне... Буйло. // Накіравацца ўвысь, узвысіцца. Той хвілінай я думаў пра шчасце, А яшчэ — пра Сінія скалы, Што ўзнесліся горда Над горадам Слівенам. Гілевіч. І бяроза, што ўзнеслася над хатай, тая ж, статная і прыгожая. Шашкоў. Новенькая беленькая шпакоўня ўзнеслася над яшчэ голымі кронамі невялічкага маладога садка. Дуброўскі.
2. перан. Разм. Стаць ганарыстым, фанабэрыстым, пагардлівым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і без дап.
1. Пальцамі сціснуць скуру да болю. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок. Мележ. [Хлопчык:] «Не дай бог [Хрысціна] злая! Калі не ўдасца адлупцаваць, дык хоць ушчыкне, але так, што аж іскры з вачэй пасыплюцца». Гурскі. // перан. Рэзка працяць (пра холад, мароз). Калі выйшаў [Мацей] на ганак, востры халадок прабраўся пад полы і ўшчыкнуў за калені. М. Стральцоў.
2. Шчыпком аддзяліць, адарваць. Паклаўшы на стол скібку хлеба, ад якой ушчыкнула і ўкінула сабе ў рот каліўца, .. [маці] ціха і знясілена расказвала дзецям пра сваё няўдалае падарожжа. Ус. А Аленцы гэтак хацелася есці, і яна неўзаметку ад сястры ўшчыкнула крошачку [хлеба] і ўкінула ў рот. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпле́ць, ‑ее; незак.
1. Станавіцца, рабіцца цёплым, больш цёплым. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Чорны. Як дзьмухне [хлопчык] некалькі разоў на рукі, дык адразу ажываюць пальцы, цяплеюць далоні. Бядуля. // перан. Станавіцца дабрэйшым, лагаднейшым; ласкавець. — Вы бачылі Леніна?.. — Ціха ў хаце. У дзеда цяплеюць і вочы, і сэрца. Арочка. Па меры таго, як .. [Гендарсан] чытаў, твар яго праясняўся, цяплеў і святлеў. Чарнышэвіч. // безас. Пра адчуванне душэўнай цеплыні, ласкавасці, якое агортвае каго‑н. Смяялася .. [Галіна] так залівіста, так прыемна звінеў яе .. галасок, што ў хлопца цяплела на душы. Навуменка. У Паўла цяплела на сэрцы ад Машынага спачування. Гроднеў.
2. безас. Пра наступленне цёплага, больш цёплага надвор’я. Днём хоць і цяплела, аднак тэмпература вышэй чым мінус дваццаць — васемнаццаць не падымалася. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарня́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае цёмныя валасы і смуглы твар; з цёмнымі валасамі. Перад .. [Евай] стаяў незнаёмы чарнявы хлопец з бліскучымі цёмнымі вачыма. Колас. [Лёнік] зняў кепку,.. выцер далонямі мокрыя ад поту скроні, чарнявую галаву, твар. Марціновіч. // Чарнаваты, цёмны (пра валасы); смуглы (пра твар). Чарнявы, з тонкім носам і прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах мільганулі хітрыя іскрынкі. Мележ. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка. Кулакоўскі. / у знач. наз. чарня́вы, ‑ага, м.; чарня́вая, ‑ай, ж. Алёшка ціха сказаў да чарнявага слова, і той пайшоў з хаты. Мікуліч. А там, за вечным ціхім снегам, Які не сходзіць з галавы, Дарожкі-сцежкі, што абегаў, Калі чарнявую лавіў. Семашкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)