зава́ла, ‑ы, ж.
1. Прыстасаванне ў форме металічнага стрыжня або палкі для запірання дзвярэй. Жудро і Макарэнка зачыніліся на замок і завалу. Новікаў. Баніфацый імгненна зачыніў дзверы і наклаў завалу. Чарнышэвіч. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй. Краўчанка.
2. Тое, што і завал (у 1 знач.). У гэту ноч яму [Грысю] з Модарам загадана зрабіць завалу на адной важнай дарозе. Кулакоўскі.
3. перан. Лянівы чалавек; лежабок. — Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задуме́нны, ‑ая, ‑ае.
Паглыблены ў думкі, разважанні; задумлівы. Думкі пра інстытут цяпер прыносілі не радасць, а нудны боль. Андрэй стаў невясёлы і задуменны. Чарнышэвіч. Марынка сядзела задуменная, негаваркая, ні да чаго не дакраналася. Хадкевіч. // Які выражае роздум, задуменне. Бухгалтар зноў пачаў думаць. Задуменны позірк яго блукаў па кабінеце. Арабей. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны. Колас. // Які навявае думкі, схіляе да разважанняў. Гучаць беларускія мелодыі ў аркестры: ціхія, задуменныя, працягла-пявучыя і лірычныя. Сяргейчык. // перан. Маўклівы, таямніча-загадкавы. У ціхую пагоду зімовы лес маўклівы, задуменны і таямнічы. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
град, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Атмасферныя ападкі ў выглядзе крупінак лёду рознай велічыні. Вільготны сівер балюча біў у твар рэдкімі шрацінамі граду. Шамякін. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Колас.
2. перан.; чаго. Мноства чаго‑н. Яе [Любы] з’яўленне на полі жанкі зноў сустрэлі градам заўваг. Васілевіч. Некалькі мужчын, хто з канём, а хто без каня, уцякалі ў лес пад градам куль. Нікановіч.
3. у знач. прысл. гра́дам. У вялікай колькасці; патокам. З Кірылы ліўся пот градам, кашуля на целе была мокрай. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
груд, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Невялікая горка, узгорак. У лесе неяк адразу павесялела, а на пясчаных грудах зноў заззяў верас. С. Александровіч. Пры шумнай рацэ, на пакацістым грудзе, Паставілі Ноўгарад Рускія людзі. Лужанін.
2. Сухая сенажаць, сухадол. З гэтага боку мястэчка пачыналіся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Чорны.
3. Тое, што і груда (у 1 знач.). З двух грузавікоў у вялікі груд згружаюць цэглу. Шамякін.
4. Абл. Куча галля, хворасту; лоўж. Пад зацішным кустом або ў грудзе ламачча вывела на свет першы вывадак даўгавухая рыжая зайчыха. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́зваліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
1. Атрымаць незалежнасць, стаць свабодным. Вызваліцца з-пад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску.
2. Зняць з сябе што‑н., пазбавіцца ад чаго‑н., што сціскае, абмяжоўвае. Вера Антонаўка нецярпліва вызвалілася з абдымкаў і скоранька пабегла назад на дарогу. Карпаў. / у перан. ужыв. Галынскі сеў за стол. Ён пазіраў на прысутных і ніяк не мог вызваліцца ад дум. Галавач.
3. Стаць свабодным ад спраў, абавязкаў і пад. Вызваліцца ад работы. □ [Начальнік:] — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам. Карпаў.
4. Стаць пустым, незанятым (пра памяшканне). [Гаспадыня:] — Вызваліцца тая кватэра, зноў зоймеце, калі захочаце. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размякчыцца, размякнуць пад дзеяннем пары, вару і пад. Скура распарылася. □ За ноч макуха распарылася, і на раніцу Галя прынесла паўвядзерца пойла. Сабаленка.
2. Моцна прагрэцца, мыючыся ў лазні з парай. [Андрэй] распарыўся ўвесь, расчырванеўся, ад яго веяла гарачым здароўем, свежаю сілай. Зарэцкі. // Разм. Разагрэцца да поту; разгарачыцца. Сёння пякло і парыла ўвесь дзень. Юрка надта распарыўся на будоўлі, і ён будзе купацца даўжэй, чым у мінулыя вечары. Вышынскі. Хіліла зноў на сон, і ён падумаў, што, бегучы за санямі, быў распарыўся. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́ла, ‑а, н.
1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; лыч. Носам хмыкнула Хаўроння, Адвярнула рыла, Рада тым, што дзівака Лоўка абхітрыла. Дзеружынскі.
2. Верхняя або пярэдняя выцягнутая частка чаго‑н. З кішэні капота тырчала куртатае рыла бутэлькі. Асіпенка. Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам. Пташнікаў. Кулямётчыкі павярнулі тупое рыла «максіма» на коннікаў. Хомчанка.
3. Груб. Твар чалавека. — У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Чорны.
•••
Ні вуха ні рыла гл. вуха.
Суконнае рыла (уст.) — гандляр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скульпту́ра, ‑ы, ж.
1. Від выяўленчага мастацтва — стварэнне аб’ёмных вобразаў (барэльефаў, статуй і пад.) з гліны, каменя, металу і пад. Займацца скульптурай. □ Праца.. з’яўляецца вядучай тэмай савецкага выяўленчага мастацтва — жывапісу, графікі, скульптуры. «Беларусь». На аддзяленні скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект мемарыяла. «Помнікі».
2. Твор гэтага віду мастацтва. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Колас. Праходзячы міма скульптуры студэнта, схіленага над разгорнутай кнігай. Максім Сцяпанавіч зноў захваляваўся. Карпаў. // зб. Сукупнасць такіх твораў. Беларуская скульптура.
[Лац. sculptura.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́ша, ‑ы, ж.
1. Зямля ў процілегласць воднай прасторы. Не паспеюць [матросы] вярнуцца ў свой порт, размяць ногі на сушы, як зноў каманда: у мора! Б. Стральцоў. У адкрытым акіяне няма ні дрэў, ні траў, дык чаму ж паветра гам значна больш багатае кіслародам, чым на сушы? Матрунёнак. Катэры набліжаюцца да берага, вось ужо недалёка прыстань, хутка матросы ступяць на сушу. Кулакоўскі. // Сухая зямля ў параўнанні з балотам. Града — вузкая палоска сушы сярод багны і трысця. Асіпенка.
2. Тое, што і суш (у 1 знач.). Стаяла гарачыня, суша, жыты ў палях пабялелі. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́ша, ‑ы, ж.
1. Асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы. У мясным радзе па круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // Цела якой‑н. вялікай мёртвай жывёлы. Але забіты .. [дзік] быў не тут — сюды падцягнулі; туша зрабіла шырокі след-сцежку, ссунуўшы лісце, патрушчыўшы жалуды, на карэннях садраўшы мох. Шамякін. І .. [Рыбак], прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Быкаў.
2. Разм. Пра вялікага, поўнага чалавека; цела такога чалавека. Аж цесна стала, калі ўперлася ў памяшканне чорная туша ксяндза Гадлеўскага. Новікаў. // перан. Пра што‑н. вялікае, грузнае. Туша чорная парома Ціха дрэмле на Дняпры. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)