сысці́ся, сыду́ся, сы́дзешся, сы́дзецца; сышо́ўся, -шла́ся, -шло́ся; сыдзі́ся; зак.

1. Дайшоўшы да якога-н. месца, сустрэцца.

С. на скрыжаванні дарог.

2. (1 і 2 ас. адз. звычайна не ўжыв.). Прыйсці ў адно месца, сабрацца (пра многіх).

На сход сышлася ўся вёска.

3. перан., з кім. Пасябраваць.

Мы сышліся яшчэ са студэнцкіх гадоў.

4. з кім. Уступіць у шлюб, наладзіць сумеснае жыццё.

5. перан., у чым, чым. Аказацца адзінадушным у чым-н., прыйсці да згоды.

С. думкамі.

С. ў цане.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Злучыцца, прымкнуўшы шчыльна адзін да аднаго канцамі, краямі.

Маснічыны сышліся.

Канцы папругі не сышліся.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Супасці, аказацца ў адпаведнасці адно з адным.

Паказанні аналізаў сышліся.

|| незак. схо́дзіцца і сыхо́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца.

|| наз. сыхо́джанне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сабра́цца, збяру́ся, збярэ́шся, збярэ́цца; збяро́мся, збераце́ся, збяру́цца; збяры́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. звычайна не ўжыв.). Сысціся, з’ехацца, згрупавацца ў адно месца.

Сабраліся ўсе ўдзельнікі паходу.

Вечарам уся сям’я сабралася дома.

2. (1 і 2 ас. адз. звычайна не ўжыв.). Паступова накапіцца, назбірацца ў адным месцы.

Сабралася нямала ягад.

Над балотам збіраюцца хмары.

3. Падрыхтаваць, нагатаваць усё неабходнае для паездкі, паходу куды-н.

С. ў горад.

С. на паляванне.

4. з інф. Наважыцца зрабіць што-н.

С. вячэраць.

С. садзіць агарод.

Сабрацца з думкамі — унутрана арганізаваць сябе.

Сабрацца з духам — набрацца смеласці.

Сабрацца ў прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сваю сям’ю з-за неладоў.

Сабрацца ў свіныя галасы (разм.) — у позні час, са спазненнем.

|| незак. збіра́цца, -а́юся, -а́ешся. -а́ецца.

|| наз. збор, -у, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

акра́ец, ‑райца, м.

Кавалак хлеба, пірага, булкі, адрэзаны ад непачатага краю. Акраец хлеба. Адрэзаць (адкроіць) акраец. □ На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў далікатны абрус акраец хлеба. Колас. // Кавалак хлеба. Хоць ёсць у запасе ў нас леташні хлеб, Ды з новага ўраджаю Спяклі мы, і вось на вячэрнім стале Ляжыць перад намі акраец. Танк. // Паэт. Што‑н. падобнае на акраец хлеба. Акраец пачырванелага сонца ўжо ледзь віднеўся з-за эглайнаўскай вежы. Броўка.

•••

Свой акраец хлеба — хлеб, кавалак хлеба; хлеб як сродак існавання. Мець свой акраец хлеба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кле́шчы, ‑аў; адз. няма.

1. Металічны інструмент у выглядзе шчыпцоў для заходу і трымання гарачага металу. Кавальскія клешчы.

2. Драўляная частка хамута, якая складаецца з дзвюх кляшчын. Запрагаў сам гаспадар. Залуцкі ажно залюбаваўся, як Хрупак спрытна закладаў у гужы дугу і пасля адным махам зацягнуў супоню, упёршыся каленам у клешчы. Чыгрынаў.

3. У ваеннай справе — акружэнне ворага з двух бакоў. Раздзяліў [Сцяпан] атрад на дзве групы — адну паслаў налева ў абход Глушца, а сам з групай пайшоў направа, каб такім абходным манеўрам мястэчка ўзяць у клешчы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. звязваць — звязаць (у 2 знач.).

2. Некалькі аднародных прадметаў, звязаных разам. Звязка ключоў. Звязка кніг. Звязка гранат. // Група альпіністаў, якія ідуць адзін за адным, звязаўшыся вяроўкай.

3. Сухажылле, якое змацоўвае часткі шкілета або асобныя органы цела. Расцяжэнне звязак. Мышачныя звязкі.

4. Частка суджэння, якая злучае суб’ект з прэдыкатам. Адмоўная звязка.

5. Дапаможны дзеяслоў, які з’яўляецца часткай састаўнога выказніка. Дзеяслоў-звязка «быць».

•••

Галасавыя звязкі — дзве эластычныя складкі на ўнутранай паверхні сценак гартані, якія служаць для ўтварэння гуку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паралелі́зм, ‑у, м.

1. Роўнае, аднолькавае на ўсім працягу знаходжанне адной ад другой ліній і плоскасцей. Паралелізм ліній.

2. Нязменныя суадносіны і адначасовасць дзвюх з’яў, двух дзеянняў. Пры выкарыстанні паралелізму песня звычайна будуецца на супастаўленні двух вобразаў: аднаго — узятага з прыроды, другога — з чалавечага жыцця. Саламевіч. // Аналогія, падабенства, агульнасць характэрных рыс; паўтарэнне, дубліраванне чаго‑н. Паралелізм у рабоце.

3. У паэтыцы — аднолькавая сінтаксічная і інтанацыйная пабудова некалькіх сказаў, якія ідуць адзін за адным.

4. У музыцы — аднолькавы інтэрвал у руху галасоў пры шматгалосым спеве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Выточваючы, абточваючы, прыгнаць, прыладзіць да чаго‑н. Прытачыць дэталь.

прытачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. У кравецкай і шавецкай справе — прышыць дадаткова, надтачыць.

2. Разм. Дадаць частку, кавалак, паласу і пад., каб пабольшыць, нарасціць што‑н. І хочацца сенажаці, і няма яе, дзе ўзяць, адкуль прытачыць паласу, другую. Барашка. Прырода патрабуе ад таго, хто ўзяўся яе папраўляць, каб ён рабіў гэта з толкам, каб, як кажуць, у адным месцы адрэзаў, а ў другім прытачыў... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхі́льнік, ‑а, м.

1. Той, хто прытрымліваецца якіх‑н. поглядаў, ідэй; прыхільна адносіцца да каго‑, чаго‑н.; паслядоўнік. Кангрэс прыхільнікаў міру. Прыхільнікі рамантызму ў мастацтве. □ Іван Дамінікавіч спакваля, ціха адказаў: — Я лепш пераеду вось у гэты дом, — і ён паказаў на прыгожы ансамбль сяміпавярховых будынкаў. — Тут і ванна будзе, і ліфт, і гарачая вада. Адным словам, я не прыхільнік індывідуальнай хутарской гаспадаркі. Хведаровіч.

2. Той, хто выказвае сімпатыі, прыхільнасць да каго‑н.; паклоннік. Насустрач Мечык. Вася Мечык — Яе [Аксаны] прыхільнік, лепшы друг. Гатовы да любых паслуг. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разлічыць.

2. Меркаваць, мець намер. На рыбалку мы разлічвалі трапіць гадзіны за дзве да надыходу змроку. Сіняўскі. Падышоў не бацька, як .. [Лёдзя] разлічвала, а маці. Карпаў. // Спадзявацца на ажыццяўленне чаго‑н. [Іван Харытонавіч:] — У такім разе і мы будзем разлічваць на вашу дапамогу. Новікаў. Спаткаць тут знаёмых [Іван] не разлічваў, а таму заказаў нават гарэлкі, што пры іншых абставінах, бадай, не дазволіў бы сабе. Аношкін. // Ускладаць надзеі на каго‑н. [Якаўлеў:] — Адным словам, на .. [Валю] можаш разлічваць: не падвядзе, чалавек свой! Анісаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разрасці́ся, ‑расцецца; пр. разросся, ‑раслася, ‑лося; зак.

1. У выніку росту стаць большым, гусцейшым, захапіць больш месца. Цяпер ліпы разрасліся так густа, што здалёку здаваліся адным суцэльным гаем. Якімовіч. [Макрына:] — А надвячоркам пасадзім капусту. Пара садзіць — разраслася расада, пачынае старэць. Баранавых.

2. Стаць большым па велічыні, па колькасці. Увесь пасёлак разросся, абзеляніўся і нагадвае далекаваты прыгарад. Кулакоўскі. За апошнія гады горад разросся, і былая ўскраіна ўпрыгожылася вялізнымі шматпавярховымі дамамі. Пальчэўскі. // Стаць мацнейшым па праяўленню. Гучаў недзе і голас сумнення, але Мікалай не даваў яму разрасціся. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)