спіса́цца, спішуся, спішашся, спішацца; зак.
1. Звязацца з кім‑, чым‑н. праз перапіску. [Салдат:] — Мяне цягнік чакае... А вось адрасок ваш дайце. Можа, спішамся як. Сачанка. [Максім Сцяпанавіч:] — Варта б з Горкаўскім і іншымі заводамі спісацца. Карпаў.
2. Звольніцца (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); выйсці ў запас. Не дзеля таго.. [Крывахіж] пайшоў у знішчальную авіяцыю, каб праз паўгода спісацца. Алешка. // перан. Перастаць актыўна працаваць, дзейнічаць. Равеснік паснуўшых у брацкіх магілах, не спішацца ён аніколі ў запас. А. Вольскі.
3. Зрасходавацца пры пісьме; прыйсці ў непрыгоднасць (пра карандаш, пяро і пад.). Карандаш спісаўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струме́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. У выглядзе струменяў, які складаецца са струменяў. Струменісты ручай. □ [Іванка] прывыкаў да ўсяго гэтага, асцярожна ладкуючыся ля жалязкі з вуголлем, якое яшчэ недзе тлела, мусіць, бо інакш адкуль бы ішоў гэты радкаваты струменісты дух. М. Стральцоў. Адкуль толькі ўзяўся, падзьмуў вільготны, струменісты вецер. Ракітны.
2. Паэт. Які цячэ струменямі, які струменіцца. Дарэмна сонца дзіцянё гукала Праз скошаныя шызыя лугі, — Не ўгледзела яго, не прычакала з-за гаманкой струменістай смугі. Гаўрусёў. // перан. Хвалісты. Струменістая тонкая тканіна мяккай .. сукенкі збягала плынна долу, як ззяннем налівала пругкія маладыя ногі. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струме́ніць, ‑ніць; незак., што і без дап.
Цячы струменем, струменямі. Вясна-красна Прыйшла да нас, Са стрэх вада струменіць. Хведаровіч. Тапурыя дапамог .. [Тарыелу] ўстаць і амаль непрытомнага давёў да маленькага ручая, што струменіў з-пад каранёў дрэў. Самуйлёнак. Ёсць лажок сярод жыта, Дзе струменіць крыніца. Калачынскі. // перан. Вылучаць, пашыраць струменем (пах, святло і пад.). І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні, А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас. Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суме́жны, ‑ая, ‑ае.
Які размешчаны побач, паблізу; суседні. У гэтым годзе выйшла так, што і Пятрок, і Кузьма на сваіх сумежных палетках будуць сеяць жыта. Нікановіч. Адсюль, пад аховай закону, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхняму цячэнню Бярэзіны. В. Вольскі. // перан. Цесна звязаны з чым‑н.; падобны, блізкі. Кожны з .. [членаў брыгады] па прыкладу брыгадзіра асвоіў сумежныя прафесіі, а многія па яго ж прыкладу сталі рацыяналізатарамі. Лось. Паэт-эрудыт, Багдановіч у сваёй працы заўсёды кіраваўся яшчэ адным вельмі важным запаветам: паэзія не павінна развівацца ў адрыве ад сумежных відаў мастацтва. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сухо́ты, ‑аў; адз. няма.
1. Тое, што і туберкулёз. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі. // перан. Жарт. Пра адсутнасць грошай, безграшоўе. Цапнуў, лапнуў [Васіль] па кішэнях — сухоты. Гроднеў.
2. Разм. Клопат, непрыемнасць. — Праўда, Янка! — падтрымаў Тукалу Лабановіч і потым сур’ёзна сказаў: — Мы не цягаемся, а ідзём да пэўнай мэты, каб рабіць сухоты цару, разумееш? Колас. Бабка хуценька дастае з куфра банькі, выцірае іх ручніком. — Ой, божа ж мой, і адкуль на маю галаву сухоты такія... Каліна.
•••
Скарацечныя сухоты (уст.) — туберкулёз, які хутка развіваецца і прыводзіць да смерці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць хмурным, панурым. Валерка супакоіўся і маўчаў. Маўчаў, схмурнеў і Сцяпан. Пташнікаў. А яна [дзяўчына]: то ўсміхнецца, То схмурнее на хвілінку, То навокал азірнецца. Ставер.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наморшчыцца, выяўляючы суровасць, задумлівасць і пад. На сакратаровым твары збегліся зморшчыны, і радасны звычайны твар неяк схмурнеў. Мікуліч. [Валера] напалохаў мяне. Бровы схмурнелі, чырвоныя плямы на твары. Савіцкі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Стаць пахмурным, змрочным (пра неба, пагоду і пад.). Неба схмурнела. / у безас. ужыв. К канцу дня схмурнела, раптам захаладала. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.
1. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў ды надта даражыўся. Якімовіч. [Ян:] — Купілі [кабылку] выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Чорны. Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх васемнаццаць рублёў, і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што не ўмеў таргавацца. Галавач.
2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым‑н., імкнучыся дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Пара прыступаць да працы, няма чаго таргавацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тармасі́ць, ‑машу, ‑мосіш, ‑мосіць; незак., каго.
1. Тузаць, торгаць каго‑н. [Начальнік разведкі] .. пачаў тармасіць аднаго з разведчыкаў за плячо. — Лёша, Лёша, падымайся. Ёсць заданне. Асіпенка. Тармасілі .. [Хомку] разы два, што блін гарачы ёсць, з ячнае мукі. Гарэцкі. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных Віцю і Міхася. Чарнышэвіч. — Бабка! — тармосіць хлопчык за рукаў бабулю. — Глядзі: птушкі! Даніленка. / у безас. ужыв. У кабіне тармасіла і кідала ўперад. Пташнікаў.
2. перан. Прыставаць да каго‑н. з якімі‑н. справамі, патрабаваннямі, роспытамі; надаядаць каму‑н. Тармосяць Параньку, распытваюць, як гэта ёй удалося [прывезці сетку на агароджу]. А яна спакойна адказвае. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапята́цца, ‑пячуся, ‑печашся, ‑пачацца; незак.
1. Тое, што і трапятаць (у 1, 2 знач.). Пушысты звярок трапятаўся ў яго руках, бо хлапец, мусіць, душыў яго за горла. Самуйлёнак. У руках [Нічыпар] нёс кацялок з плоткамі. Яны трапяталіся ў вадзе, плёхаліся, як малыя дзеці. Баранавых.
2. перан. Старацца, намагацца рабіць што‑н. [Карызна] трапечацца, напінаецца ў адчайных патугах, і яму часам нібы ўдаецца на момант расхінуць праклятае вязьмо. Зарэцкі. // Супраціўляцца. Глядзіць Грамабой, як нудзіцца Яначка .. Няхай натоміцца Яначка, лягчэй тады Грамабою будзе ўзяць яго сваімі заграбастымі рукамі. Не так трапятацца будзе. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трафарэ́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.
1. ‑а. Пласцінка з металу, кардону, фанеры і пад. з прарэзанымі літарамі, малюнкамі, прызначанымі для нанясення падпісаў на плакаты, малюнкаў на сцены і пад. Трафарэт для плакатаў. // Малюнак, літары і пад., зробленыя з дапамогай такога прыстасавання. Пагоны з жоўтымі трафарэтамі вучылішча акуратна сядзелі на .. плячах [Васіля]. Алешка.
2. ‑у; перан. Раз і назаўсёды прыняты ўзор каго‑, чаго‑н., якога слепа прытрымліваюцца; шаблон. І тут уладальнік шаноўнай лысіны не то што разгубіўся, а праваліў сябе, бо не змог выйсці з прызвычаенага трафарэту сваіх выступленняў. Лынькоў.
[Ад іт. traforetto — прадзіраўленае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)