Пярха́ ’ношка на лапках пчалы’ (ЛА, 1), ’пылок (у кветках)’ (Ласт.), сюды ж пярхо́та ’перхаць’ (ЛА, 1). Апошняе не можа быць аддзелена ад пярхо́та ’сухі кашаль ад казытання ці раздражнення ў горле’ (Стан.), што да пе́рхаць ’пакашліваць’ (гл.). Той жа корань *pьrx‑ выступае і ў пе́рхаць ’дробныя лускавінкі ў валасах галавы’ (гл.), у семантыцы якіх аб’ядноўваюцца як сам выніковы працэс, так і тое, што яго выклікае. Параўн. таксама пярхля́к (пірхля́к) ’чалавек, які ўвесь час кашляе; фізічна слабы чалавек’ (Пан.; маладз., Янк. Мат.) і рус. дыял. перхля́к ’пухкі, падаючы снег’. Сюды ж пярха́ць ’кашляць’ (Юрч., Сл. ПЗБ, Жд.), параўн. укр. перха́ти ’тс’, рус. перха́ть ’пакашліваць’, польск. pierzchać ’сыпацца, лушчыцца (пра скуру)’ і пад., што, хутчэй за ўсё, маюць гукапераймальны (імітацыйны) характар, параўн. Фасмер, 3, 247. Да семантыкі параўн. польск. pierzch ’адлятаючы пыл’. Гл. таксама Банькоўскі, 2, 562; ЕСУМ, 4, 374; Траўтман, 206 (для славянскіх і балтыйскіх лексем прапануюцца тры агаласоўкі кораня *pьrx‑, *pъrx‑, *porx‑). Гл. пяршыць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
персо́на, ‑ы, ж.
1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.
2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.
•••
Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.
Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.
Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.
[Лац. persona.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паці́ху, прысл.
1. Нягучна, ціха. [Вучні] баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: — А што, бабка, ён [настаўнік] сярдзіты? Колас. Мікола паціху загадаў: — Кладзіся! — і сам адпоўз за куст. Шчарбатаў. // Ледзь-ледзь, злёгку. Над галавой паціху шумелі сосны, мігацела зоркамі чорнае неба. Асіпенка. // Асцярожна, стараючыся не рабіць шуму. Паціху, каб не пабудзіць старых, .. [Паходня] пасунуўся быў у свой пакой, але на печы пачуўся шорах і потым голас гаспадыні. Хадкевіч. // Асцярожна, злёгку. Таццяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча. Шамякін.
2. Павольна, не спяшаючыся. Спачатку ішлі паціху, затым камандзір загадаў падцягнуцца. Жычка. Іван паціху наламаў ядлоўцу і густа падаслаў пад бок. Новікаў. Дый чарвячка не грэх было ўжо замарыць. Паціху Касцёр расклалі пад старой Сасной. Корбан. // Мала-памалу, непрыкметна. Праз мост пантонны полк ішоў да рання, Не бачачы, што ён паціху тоне. Гаўрусёў. Лагер лесарубаў паціху засыпаў. Машара. // Спакойна, без хваляванняў. [Стараста:] На ліха я ў старасты пайшоў, паціху сядзеў бы, свой кавалак хлеба маючы. Самуйлёнак.
3. Употай, непрыкметна для каго‑н. Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і ўголас гаворыць: — Нічога, прывыкнеш, Настачка! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дзіць, ладжу, ладзіш, ладзіць; заг. ладзь; незак.
1. што. Папраўляць, рабіць зноў прыгодным для карыстання; рамантаваць. Нізка прыгнуўшы спіну, .. Гарась ладзіў паламаны ўчора гармонік. Каваль. [У кузні] прыемна пахла гарэлым вугалем і заўсёды шмат было людзей, якія прыязджалі ладзіць калёсы, губіць сярпы, каваць коней. Хведаровіч. Стрэхі гнілыя, і, каб не ліўся .. дождж, малінаўцы кожную восень ладзілі іх і засыпалі кастрыцай. Чарнышэвіч. // Настройваць музычны інструмент. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.
2. што. Разм. Рабіць, ствараць; будаваць. Працоўны сам закон тут піша І сам свой ладзіць дабрабыт. Колас. У хлопца ўжо і гады такія, што трэба прыбівацца да пары і ладзіць сталае жыццё на ўвесь век. Сабаленка. // Арганізоўваць; спраўляць. Я люблю глядзець, як зранку, Абудзіўшы ўсе куткі, Ладзяць гульні хлапчукі. Кірэенка. Хлопец з дзяўчынаю ўжо заручыны згулялі і збіраліся вяселле ладзіць. Гурскі.
3. Жыць у згодзе, міры. Анціпаў быў сумленны камуніст, умеў ладзіць з людзьмі. Хадкевіч. З навукай хлопец штось не ладзіў. Колас.
4. Разм. Рабіць што‑н. зладжана, раўнамерна; трапляць у агульны тон. Ладзіць у такт песні.
5. Разм. Лавіць зручны момант, імкнуцца зрабіць што‑н. Так і ладзіць сустрэцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапа́ць, траплю, трэплеш, трэпле; незак., каго-што.
1. Ачышчаць валакно спецыяльнай прыладай, выбіваючы кастрыцу. Можна было цэлы дзень трапаць поруч з .. [Аняй] лён або стаяць ля малатарні і не пачуць ад яе ніводнага слова. Васілевіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.
2. Ласкава пагладжваць, пастукваць рукой, пальцамі. [Гарлахвацкі:] (Трэпле яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра. Крапіва. — З табою, брат, не прападзеш, — сам сабе пасміхаецца Амяльян і трэпле каня па крутой шыі. Колас.
3. Тузаць, гайдаць (пра вецер). Гуллівы вятрыска трэпле падалы .. спаднічак [дзяўчат], і яны прытрымліваюць іх рукой. Асіпенка. Расшпілены кажушок трапаў вецер. П. Ткачоў.
4. Частым або неакуратным ужываннем рабіць якую‑н. рэч непрыгоднай. Шкада, што [Сафрон] новыя боты па лясных дарогах трэпле.. Але нічога не зробіш. На такую работу не ў лапцях ісці. Чарнышэвіч.
5. Разм. Ісці вялікую адлегласць. [Сцёпка:] — Я сам гатаваўся, сто вёрст [пехатой] трапаў, здаў экзамены... Колас.
6. Пачаць біць, калаціць, уцягваць ворага ў частыя баявыя сутычкі. Трапаць варожую армію.
•••
Трапаць нервы — хвалявацца; моцна нерваваць каго‑н.
Трапаць (мянціць, малоць) языком — гаварыць шмат і без толку, гаварыць бязглуздзіцу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міг, ‑у, м.
Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, момант. Воўк завыў ад болю і схаваўся пад вадой, але праз міг вынырнуў і штосілы паплыў назад. Краўчанка. Колькі ўсяго прагучала ў хвіліну, Колькі за міг занялася ў душы!.. Кірэенка. // Пэўны прамежак часу. І мы запомнілі той міг, Бо сэрцам верылі ў адно — У новы век для нас усіх Сам Ленін адчыніў акно. Калачынскі. Лета, кароткае лета, Міг урачыстасці кветак, Свята паўночнай красы. А. Александровіч.
•••
У адзін міг (момант, імгненне) — вельмі хутка, імгненна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падма́н, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падмануць (у 1 знач.). — А пані вядома, — запытаў яе старшыня суда, — што за лжывае паказанні‑, за падман суда сведка павінен быць цяжка пакараны? Машара. // Мана, хлусня, ашуканства. І хоць.. [Горбікаў] ведаў, што хворыя месцы зарубцаваліся, прыкінуўся сухотным. Гэты яго падман выкрыла Наталля Максімаўна. Дудо. [Хамутоўскі:] — Хлусня ў вас, а не праўда! Падман адзін! Курто.
2. чаго. Памылковае, ілюзорнае ўяўленне; абман. Падман пачуццяў. □ [Федзя:] — Учора [фатаграфія на Дошцы гонару] сам бачыў — была. А сёння іду міма, зірнуў — няма... Галюцынацыя, думаю, падман зроку. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падстро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак.
1. Паставіць, пастроіць у адзін строй з кім‑, чым‑н. Падстроіць роту да левага фланга.
2. Настроіць (музычны інструмент) больш дакладна або ў адпаведнасці з ладам, строем чаго‑н. Падстроіць гітару пад раяль. // Прыстасаваць, устанавіць для прыёму якіх‑н. хваль (радыё, магнітных).
3. перан. Разм. Тайком устроіць, учыніць што‑н. (звычайна непрыемнае). Падстроіць пастку. □ Чамадан яе нясе ззаду сам старшыня. Нясе і чагосьці ўсміхаецца, як бы ён смешнае падстроіў, што вось зараз саб’е з панталыку пасажырку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паблі́зу, прысл. і прыназ.
1. прысл. Блізка, непадалёку. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Ні лугавінкі, ні гайка, ні ручайка паблізу. Чарнышэвіч. Недзе паблізу ў няскошанай дзялянцы рыпнуў драч. Хомчанка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паблізу» выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне блізка, на невялікай адлегласці ад чаго‑н. Сенажацяў паблізу засценкаў не было. Чарнышэвіч. Сушкевіч ажывіўся, зацікаўлены тым, што скажа Андрэй. Ён устаў з травы і сеў паблізу Салаўёва. Дуброўскі. Некалькі выхадных дзён Андрэй аб’язджаў машыну .. паблізу горада. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прынале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; зак.
Разм.
1. Націснуць, налегчы з вялікай сілай, энергіяй на што‑н., каб дасягнуць лепшага выніку працы. Данік павярнуў човен на рэчку, і я з усёй сілай прыналёг на вёслы. Краўчанка. Толькі Валока не выпускаў .. [немца], ямчэй прыналёг плячом. Быкаў.
2. перан. Пачаць працаваць, рабіць што‑н. больш старанна, энергічна. Пасля сустрэчы з настаўнікам Шурка прыналёг на рускую мову. Шыловіч. — Што першае ў нас — дык гэта клуб ... Сам ведаеш, што значыць раскалыхаць старых.. Але наш камсамол прыналёг — і гатова. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)