прысу́тнасць, ‑і, ж.
Знаходжанне, асабістае прабыванне ў якім‑н. месцы ў пэўны час. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас. [Таццяне] раптам зрабілася надзвычай весела, і яна адчувала сябе вельмі ўтульна ў лесе ў прысутнасці гэтага разважлівага хлапца. Шамякін. // Наяўнасць чаго‑н. у чым‑н., дзе‑н. У прысутнасці марганцу, а асабліва бору расліна накоплівае больш вугляводаў. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перамы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.
1. Памыць, вымыць нанава, яшчэ раз. Перамыць падлогу. Перамыць бялізну.
2. Памыць, вымыць усё, многае або ўсіх, многіх. Перамыць усіх дзяцей. □ Мы з Надзеяй хутка прыбралі стол, перамылі посуд. Савіцкі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размыць. У адным месцы вада .. перамыла грэблю, і рагазінцы з грабарскімі рыдлёўкамі хадзілі ўціхамірваць стыхію. Сабаленка. / у безас. ужыв. Дарогу тут перамыла ўжо метраў на восем ўшыркі. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перамясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.
Заняць другое месца, размясціцца ў іншым месцы. Перамясціцца на другі канец лаўкі. □ Шэя трошкі падбег, .. потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў перш на аглабіне, потым перамясціўся ў перадок. Гартны. Разам з дэлегатамі ў залу для пасяджэнняў перамясцілася шматлікая армія фотакарэспандэнтаў, работнікаў кіно і тэлебачання. Філімонаў. // Змяніць месца свайго знаходжання, перайсці, перабрацца куды‑н. Полк перамясціўся ў другі горад. □ Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасмыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Зрабіць сутаргавы рух чым‑н. — Табе холадна? — спытаўся Валодзя, убачыўшы, што Ларыса перасмыкнула плячыма. Арабей. Канёк апусціў галаву, перасмыкнуў нагамі і застыў на месцы. Лупсякоў. // што. Перакрывіць твар, рысы твару. Алеся .. павольна, нават здзіўленымі вачыма, правяла гэтую пару, і нешта нервовае перасмыкнула яе твар. Пестрак. Ганарыстая, з’едлівая ўсмешачка перасмыкнула .. [Чэсіны] румяныя вусны. Брыль. / у безас. ужыв. Шыковіча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваім вушам. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даве́рху, прысл.
Роўна з верхнімі краямі. Каструля была вялікая, на пяць літраў, і налілі ў яе амаль што даверху — на выпадак, калі хто папросіць дабаўкі. Дамашэвіч. На другі дзень Кастусь Махнач сустракаў каля кузні першую падводу, даверху нагружаную старым жалезным ламаччам. Курто.
•••
Знізу даверху — а) усюды, у любым месцы. У кошыку знізу даверху былі баравікі; б) ад ніжэйшых інстанцый да вышэйшых. У кнізе звыш двухсот дакументаў... Тут прадстаўлены ўвесь урадавы апарат знізу даверху. Г. Кісялёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сканцэнтрава́цца, ‑руецца; зак.
1. Сабрацца, згрупавацца ў адным якім‑н. месцы. Брыгада сканцэнтравалася на ўзлессі. □ [Обер-лейтэнант:] — Ну, палонны, адказвайце. Дзе сканцэнтраваліся атрады? М. Ткачоў. // Быць скіраваным у адно месца (пра ўдар, націск і пад.). // Увасобіцца ў чым‑н. Нашы сучасныя прозвішчы — гэта той фокус, у якім сканцэнтравалася амаль уся гісторыя ўзнікнення і развіцця антрапаніміі. Крывіцкі.
2. перан. Скіравацца на што‑н. (пра ўвагу, думкі і пад.). Уся мая ўвага сканцэнтравалася на Валі. Анісаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сплы́сціся і сплы́цца, сплывуся, сплывешся, сплывецца; сплывёмся, сплывяцеся; пр. сплыўся, сплылася, сплылося; зак.
1. Прыплысці з розных бакоў у адно месца. Качкі сплыліся разам. // перан. Злучыцца, сабрацца ў адным месцы. Як толькі Міхалючок і Іллюк, вывесіўшы газету, адышліся на другі бок вуліцы і селі на прызбу, каб глядзець, што будзе рабіцца ля газеты, да Ладымеравай хаты адразу паплылі людзі. Так, можна сказаць, уся вёска і сплылася. Чорны.
2. Разм. Зліцца, страціць выразнасць абрысаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сюды́-туды́, прысл.
1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.
2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.
3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трэ́шчына, ‑ы, ж.
Шчыліна на месцы разлому, разрыву, пашкоджання паверхні чаго‑н. Там стаяў белы гліняны кубак, чайнік з адбітым рыльцам, талерка з рудою трэшчынаю, усё гэта пустое, сухое, чыста памытае. Арабей. Зламанай лініяй пралезла трэшчына на лёдзе ад берага да берага. Броўка. // перан. Пра разлад, разыходжанні паміж кім‑н. [Хоня:] — З сягонняшняга дня любоў мая дала трэшчыну! Мележ. [Харытон:] — А наконт Булыгавага вывадка прама скажу: яшчэ ў сваім зародку даў ён вялікую трэшчыну. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убы́ць, убуду, убудзеш, убудзе; пр. убыў, убыла, ‑ло; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшаць, убавіцца ў колькасці, аб’ёме, сіле і пад. Убыла вада ў сажалцы. Убыў дзень. // Знікнуць, аслабець. Убыла рашучасць.
2. (звычайна з адмоўем «не»). Пражыць, прабыць пэўны час дзе‑н. Парабак не ўбыў доўга на адным месцы. Чорны. // Ужыцца з кім‑н. [Старая:] — Ты вось ляжы, як пан, а я табе ўсюды спраўлюся .. З табою ж не ўбудзе ніхто. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)