аксамі́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да аксаміту. // Зроблены з аксаміту. Дзед.. у чорнай, аксамітнай ярмолцы.. здаваўся мне чарадзеем. Бядуля. // З уласцівасцямі аксаміту, падобны на аксаміт. Сіняк на ўвесь лобік і кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. // перан. Прыемны, мяккі (пра голас, гукі). Аксамітны басок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

антрапаге́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да чалавека, звязаны з дзейнасцю чалавека.

•••

Антрапагенны ландшафт — геаграфічны ландшафт, у фарміраванні якога адыграла ролю гаспадарчая дзейнасць чалавека.

Антрапагенны рэльеф — рэльеф, зменены або створаны дзейнасцю чалавека.

Антрапагенныя глебы — глебы, якія ўтварыліся ў выніку свядомай, мэтанакіраванай дзейнасці людзей (парніковыя глебы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да апатыі. Апатычны стан. // Які выяўляе апатыю. Гэта быў доўгі маўклівы мужык з апатычным выразам беднага на расліннасць твару. Зарэцкі.

2. Які знаходзіцца ў стане апатыі; схільны да апатыі; абыякавы. Успамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каце́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да катла (у 2 знач.). Кацельны цэх. Кацельная гаспадарка. // Прызначаны для катлоў. Кацельнае жалеза.

2. у знач. наз. каце́льная, ‑ай, ж. Тое, што і кацельня. [Алесь] амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе качагары махалі шуфлямі. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

квадра́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае форму квадрата. Квадраты стол. Квадратны лісток паперы. □ Дол .. быў укладзены квадратнымі жалезнымі плітамі, і навокал было больш парадку, чым звычайна. Карпаў.

2. Які мае адносіны да квадрата (у 2 знач.). Квадратны корань.

•••

Квадратныя дужкі гл. дужка.

Квадратныя меры гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іканапі́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да іканапісу. Іканапісная майстэрня. Іканапісныя школы. // Уласцівы іканапісу, характэрны для іканапісу. Іканапісны стыль царкоўнага жывапісу. Іканапісныя каноны.

2. перан. Такі, як у святога на іконе; выглядам падобны на малюнак святога. Ідуць баркалабаўскія старцы з сінявокімі хлопчыкамі празрыстай іканапіснай прыгажосці. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лебядзі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лебедзя, уласцівы яму. Лебядзіны пух. □ Зацешуся чародкай лебядзінай, Што плавае пры ціхім астраўку. Гаўрусёў.

2. Які нагадвае лебедзя, такі, як у лебедзя. Лебядзіная паходка. Лебядзіная шыя. □ Пад белым пухам лебядзіным заснула вёска сном нямым. Машара.

•••

Лебядзіная песня гл. песня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́сцевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцевыя пупышкі. // Які ўтвараецца лісцем. У лясной глушы пад густым лісцевым навесам заўсёды пануе паўзмрок і вільгаць. В. Вольскі.

2. Які мае лісце, з лістамі (пра дрэвы); проціл. хвойны. Лісцевае дрэва. // Які складаецца з такіх дрэў. Лісцевы лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́мпавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лямпы, звязаны з вырабам лямп. Лямпавае шкло. Лямпавы завод. // Які дзейнічае з дапамогаю электронных лямп. Лямпавы прыёмнік. Лямпавы ўзмацняльнік.

2. у знач. наз. ля́мпавая, ‑ай, ж. Спецыяльнае памяшканне, дзе захоўваюцца лямпы (у шахтах, на чыгуначных станцыях і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мала́нкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да маланкі (у 1 знач.). Маланкавыя ўспышкі. Маланкавы ўдар.

2. Вельмі хуткі, вокамгненны. Думкі з маланкавай хуткасцю праляталі ў галаве, змяняючы адна другую. Шамякін. Падпольшчыкі і партызаны любілі .. [Каравая і Карніцкага] за шалёную адвагу, за рызыкоўныя маланкавыя налёты на варожыя гарнізоны. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)