насто́яць 1, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.

Зрабіць настойку або настой. Настояць чай. Настояць вішні. Настояць ягад на спірце.

насто́яць 2, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., на чым і без дап.

Тое, што і настаяць ​1. Як бы ні пярэчылі ў «Новым свеце», а аб’яднацца са старыцкім калгасам усё роўна давядзецца, настояць на гэтым — ясна. Хадкевіч. У Пасадцы былі свае добрыя краўцы, але Самуіл настояў везці шыць гарнітур няйначай, як у Даўгінава. С. Александровіч.

насто́яць 3, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.

Разм. Тое, што і настаяць ​2. [Юрка:] — То які, пане Халуста, гной улетку! У лесе ён увесь і астаецца. А свае ў мяне колькі тае худобы! Ці многа яна настоіць за зіму... Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

Разм.

1. Выпадкова сустрэцца, трапіцца. Мабыць, я доўга блукаў бы па гэтых дарогах і сцежках, як у дрымучым лесе, калі б чалавек, якога я хацеў перш-наперш убачыць, не натрапіўся мне сам. Хадкевіч. Пачыналася квартальная справаздача, старшы наш бухгалтар Наўроцкі збіраўся пасля яе пайсці на пенсію, трэба было даць яму некага ў памочнікі. Якраз на гэты час натрапіўся Собіч. Скрыган. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадкова знайсціся. [Любе] натрапілася ў рукі адна рэч. Гэта быў зусім змяты і пацёрты заклеены канверт. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдацца, выпасці; надарыцца. Прымаючы ў сваю групу чалавека, Алёша пытаў у яго: — Гарэлку п’еш?.. — Калі натрапіцца, — адказваў часам.. хлопец. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́печак, ‑чка, м.

1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.

2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.

3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разле́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які падраўся, пранасіўся, распоўзся (пра адзенне, тканіну і пад.). Разлезлы мех. Разлезлыя валёнкі. □ Потым [Іван] павольна пакрочыў, [пакідаючы] ў снезе разлезлымі, перавязанымі дротам ботамі няўклюдныя сляды. Навуменка. Зразумела, меў бы Шурка іншае адзенне, каб змяніць гэты разлезлы .. балахон, усё было б проста. Мехаў.

2. Вельмі прамоклы, размоклы. Міця Царыкаў ганяў камбайн па разлезлай гразі двара, а Кавалёва з Паньковым прыслухоўваліся да рытмічнага гулу матора. Дуброўскі. Машыну трэсла і кідала на разлезлых ад апошніх дажджоў ускраінных вулках, пакуль не ўз’ехалі на цэнтральную вуліцу. Хадкевіч. // Раскіслы. Салёны разлезлы агурок.

3. Разм. Які страціў фігуру, празмерна растаўсцеўшы; распоўзлы. Павязаная хусткай галава з насунутай на вушы пілоткай робіць немца падобным на старую разлезлую бабу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распля́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаць многа і доўга пляскаць.

распляска́цца 1, ‑пляшчу́ся, ‑пле́шчашся, ‑пле́шчацца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плешчучыся, праліцца цераз край; разліцца па якой‑н. паверхні. Дома .. [Ваўчка] усё злавала на гэты раз: лепшы сын абярнуў у кухні вядро з вадой, і Ваўчок даў яму моцнага плескача, жонка замарудзіла падаць свежае малако, і ён са злосцю вырваў у яе з рук кварту, палова малака распляскалася па падлозе. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Вывеў.. [Крамнёва] з нерашучасці стрэл на мосце і шырокі разліў белага святла, які імгненна распляскаўся па старых абымшэлых стрэхах, па чорных садах і агародах. Шашкоў.

2. Разм. Пачаць моцна і доўга пляскацца. Дзіця распляскалася ў ванне.

распляска́цца 2, ‑пле́шчацца; зак.

Расплюшчыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.

1. Утвараць гукі скрыгату. Кулямётнымі чэргамі стракаталі .. малаткі кляпальшчыкаў, скрыгатала жалеза на свідравальных станках, нешта скавытала, сінела. Хадкевіч. Гэта не танкі скрыгочуць, А цягачы. Астрэйка. // чым. Рабіць скрыгат чым‑н. [Нявіднага] адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатаў сціснутымі зубамі. Колас. Падымаўся [Антон] да відна і да самых прыцемкаў кроіў бляху, грымеў, скрыгатаў ёю. Ракітны. // перан.; чым. Выказваць нездавальненне, злосць. Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала.

2. Разм. Рыпець. Пакутліва засынаюць Сыраежка і Шохан. Доўга ўздыхаюць, варочаюцца — аж скрыгоча жалезная сетка. Навуменка. Казалі, што кожную ноч .. [Сашка] сушыў .. [боты] на печы, дык яны раніцай аж скрыгаталі на нагах. Гроднеў. Скрыгаталі пёры ў цішы. Мільганула думка тут: Кожны піша, крэсліць, піша... Кляўко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухапу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які праходзіць па сушы, размешчаны на ёй. — Служыў я і на сухапуцці, — адказвае Буханцаў. — Усё роўна граніца. Ці сухапутная, ці марская, яна павінна ахоўвацца з усёй пільнасцю. Хадкевіч. Пазней беларускія купцы накіроўваліся ў заходнееўрапейскія краіны ўжо сухапутным шляхам праз Нольшчу і Германію. Жураўскі.

2. Які жыве або расце на сушы. Чайкі лямантавалі, скардзіліся на нахабнае парушэнне сухапутнай птушкай іхніх марскіх межаў. Караткевіч. // Разм. Пра людзей, што жывуць і працуюць на сушы. — Канец, відаць, ці яшчэ мо паходзім? — без ценю панікі ў голасе пытаецца з-за аеру наш сухапутны энтузіяст [Юрка]. Брыль.

3. Які адбываецца на сушы. Сухапутны паход. // Які дзейнічае на сушы, перамяшчаецца па сушы. Сухапутныя войскі. Сухапутны транспарт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Вялікі стог сена, саломы або снапоў збожжа і пад., прызначаны для захавання пад адкрытым небам. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Паслядовіч. Сцірты саломы, падобныя на высокія пясчаныя курганы, адзначалі месцы палявых такоў. Хадкевіч. [Жанчыны] падышлі да льняной сцірты і пачалі памалу брацца за работу. Гроднеў. [Стары Юстынь] уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу. Чарнышэвіч.

2. Куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін. Жаўцеюць высокія сцірты дошак, брусся, апілаваных плашчакоў. Бялевіч. Сцірты сухой цэглы былі складзены на груд[зе] перад вёскай. Чорны. На дрывотніку ляжала сцірта толькі што наколаных дроў. Хведаровіч.

3. Складзены ў штабялі тавар. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счапі́ць, счаплю, счэпіш, счапіць; зак., каго-што.

1. Змацаваць, прычапіўшы адно да другога, зачапіўшы адно за другое. Счапіць вагоны. □ Кузёмка .. успамінаў мінулы год, калі ён з Міколкам пераворваў гэты вялікі палетак, баранаваў і потым засяваў, счапіўшы ў адзін агрэгат тры сеялкі. Хадкевіч. // Разм. Злучыць, сплятаючы (пальцы, рукі). Счапіўшы рукі ля грудзей гаротна, Яны глядзяць на золата імён. А ў сэрцы ў кожнай — боль па блізкіх, родных, Якім другія дзесь нясуць паклон. Гілевіч.

2. Разм. Адчапіць. Яна рванула вуду да сябе. У паветры мільганула рыбка. Анеля счапіла яе з кручка і кінула ў вядзерца. Лупсякоў.

3. Разм. Прышыць на скорую руку. — Трэба зашыць, — добразычліва вырашыла цётка Антося. — Данка, прынясі чорных нітак, счаплю кавалеру! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тавары́скі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да таварыша (у 1, 2 знач.). Мы шчаслівыя жыць,.. штодзённа адчуваючы дабратворную цеплыню і натхняючую сілу бескарыслівай узаемадапамогі і таварыскай падтрымкі. Машэраў.

2. Уласцівы таварышу, таварышам; шчыры, сяброўскі. Тое, што за звычайнымі таварыскімі словамі таілася і нарастала больш глыбокае пачуццё, Паходня разумеў, але недастаткова ўяўляў, як іх адносіны могуць развівацца далей. Хадкевіч. Да позняй ночы ішла ля кастра таварыская гутарка. Лынькоў.

3. Кампанейскі, які лёгка ўступае ў кантакты з другімі; згаворлівы. [Самуйлёнак] быў вельмі таварыскім і ўважлівым да людзей, у якіх прыкмячаў здольнасці і працавітасць. Хведаровіч. І сапраўды, ён [мінамётчык] усім спадабаўся: шчыры, няхітры, таварыскі. Грамовіч.

4. Які не мае афіцыяльнага характару (пра спартыўныя спаборніцтвы). Таварыская сустрэча хакейных каманд.

•••

Таварыскі суд гл. суд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)