бычо́к, ‑чка, м.
1. Памянш.-ласк. да бык 1; малады бык. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. Прыказка.
2. Род дробнай марской рыбы сямейства бычковых. Бычкі ў тамаце.
3. Народная назва бугая (у 2 знач.). [Язэп:] — Гэта ёсць такія маленькія птушкі — бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад — адразу з’яўляюцца каля будынкаў... Чорны.
4. Разм. Недакурак. Палашка дакурвала бычок і мармытала: — Саломы я яму не палажыла, то на голых драбінах паехаў. Лобан.
5. Старажытны беларускі народны танец.
•••
Казка пра белага бычка гл. казка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́каўка, ‑і, ДМ ‑каўцы; Р мн. ‑кавак; ж.
1. Плод маку — каробачка, дзе знаходзіцца насенне.
2. Разм. Купал царквы. У Навагранах камяніцы, а касцёл такі, што як захочаш зірнуць на яго макаўку, дык шапка падае з галавы. Сабаленка.
3. Верхняя частка, вяршыня чаго‑н. Удалечыні цямнілася макаўка вадакачкі. Алешка. Звярнулі браты на лясную сцежачку, мінулі дуб з сухой макаўкай. С. Александровіч.
4. Верхняя частка галавы. Уладзімір Верамейчык, пасунуўшы вушанку на самую макаўку галавы, разам з механікам дзелавіта, па-гаспадарску правярае спраўнасць тэхнікі. Дуброўскі.
5. Канец кораня конскага хваста.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа́ртачкі, ‑чак; адз. няма.
Разм.
1. Тое, што і жарт (у 1 знач.). Кошцы жартачкі, а мышцы смерць. Прыказка.
2. у знач. вык. Пра вельмі складаную задачу, сітуацыю. — Жартачкі — пракарміць сотні сем’яў! — усхвалявана гаварыў Сцяпура. Новікаў.
3. у знач. вык. Вельмі проста, лёгка. — Ой, дзядзька Нупрэй! — усклікнула цётка. — Вам усё жартачкі, а я як падумаю, што акно прыйдзецца затыкаць падушкай, дык аж сорам перад людзьмі. Рылько.
•••
Не жартачкі — тое, што і не жарт(ы) (гл. жарт). Не жартачкі — ехаць на тры месяцы, можна сказаць, на самастойную працу. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.
1. Стаць больш высокім. Узровень вады павысіўся. □ Нерастуе лінь з сярэдзіны мая да другой паловы ліпеня, калі тэмпература вады павысіцца да 20–21°C. Матрунёнак.
2. Павялічыцца, стаць большым. Надоі павысіліся. □ [Русаковіч:] Калі ўмела і з душой узяцца за справу, дык і план будзе выкананы, і сабекошт не павысіцца. Крапіва. // Палепшыцца. Павысіліся веды вучняў. Павысіўся культурны ўзровень. Павысіўся аўтарытэт установы.
3. Разм. Перайсці на больш высокую пасаду. Павысіцца па службе.
4. Стаць мацнейшым, стаць больш высокім па тону. І раптам павысіўся ў Міхася голас. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пары́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Адбіць (адбіваць) (удар; першапачаткова — у фехтаванні). Можа, фашысты пранюхалі, што нашы збіраюцца наступаць на вышыню 145, дык загадзя агнявым налётам, які толькі што скончыўся, хацелі парыраваць удар. Сабаленка.
2. перан. Абвергнуць (абвяргаць) (чые‑н. довады, нападкі і пад. ў спрэчках). У яго, і толькі ў яго руках самае новае, самае свежае, самае неабвержнае. Гэта будзе такі ўдар, якога ні сам Шэмет, ні хто з яго адвакатаў не здолее парыраваць. Лобан. — Пра што людзі захочуць паслухаць, пра тое і раскажу, — парыравала .. [Ліда] напады бацькі. Шамякін.
[Фр. parer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паску́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Разм. груб.
1. Пакідаць пасля сябе бруд; гадзіць. Добрая птушка ў сваё гняздо не паскудзіць. Прыказка.
2. што. Брудзіць, пэцкаць; псаваць. Гусі топчуць і паскудзяць густую, сакаўную траву. Сачанка. — Гэта што? Сцены паскудзіць? Казённае памяшканне псаваць? Ці мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць... Лынькоў.
3. перан. Рабіць гадасці, шкодзіць. Верыць людзям — закон нашага жыцця. А нелюдзю, ашуканцу не абавязкова верыць. Яго трэба браць за шкірку адразу, як толькі ён пачне паскудзіць. «Вожык». // Няславіць, ганьбіць, чарніць. Паршывая аўца ўвесь статак паскудзіць. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перары́ў, ‑рыву, м.
1. Разрыў, раз’яднанне чаго‑н. на часткі. Перарыў провада. // Месца абрыву, разрыву.
2. Непаслядоўнасць у якой‑н. дзейнасці, працэсе і пад.; пропуск. З таго часу, зімою, з перарывамі, хадзіла многа старых.. у Нёмнаборскую школу за паўвярсты. Чорны.
3. Спыненне (звычайна ненадоўга) дзеяння, развіцця чаго‑н. Гаварыць з перарывамі.
4. Прамежак часу, на які спыняецца дзеянне, развіццё чаго‑н. Словы знікалі ў кулямётным стракатанні, але ў перарывах, у адразу наступіўшай густой цішыні, яны выразна вырываліся, выплывалі знаёмай мелодыяй. Лынькоў. [Ягор:] — Дык назначайце выбары! А то ў мяне будзе перарыў у стажы. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ператраві́ць 1, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.
Спец. Сапсаваць празмернай колькасцю едкага рэчыва пры траўленні. Ператравіць клішэ.
ператраві́ць 2, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.
Стравіць, патравіць усё, многае. — Дык тут жа адны гусі перапалілі ўсё, ператравілі, — ледзь не закрычала ад абурэння Палікарпаўна, — што ж там парасце на пустэчы гэтакай. Кулакоўскі.
ператраві́ць 3, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.
Засвоіць ежу ў працэсе стрававання. Мёд разагрэлі ў печы і яго елі разам з вашчынаю і пчалою, калі яна траплялася тут, выходзячы з правіла, што салдацкі жывот ператравіць шрубу, гайку і ружэйнае сала. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праектава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. Распрацоўваць праект (у 1 знач.). [Пётр] у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі. Шамякін.
2. і з інф. Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. [Касперскі:] Чуў я, што праектуеце новы млын рабіць і электрастанцыю пры ім, дык добра было б, каб хоць даць святло ў цагельню. Гурскі.
праектава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. У матэматыцы — адлюстроўваць на плоскасці прасторавыя фігуры, чарціць праекцыю (у 1 знач.).
2. Спец. Перадаваць на экран праекцыю (у 2 знач.), павялічанае адлюстраванне чарцяжоў, фотаздымкаў, кінакадраў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разысціся ў месцах склейкі. Стол расклеіўся. □ [Сусед:] — Ад вашага Івана [пісьмо]. Піша, што ўсё, богу дзякаваць, добра. Яно там недзе расклеілася было, дык я і паглядзеў. Брыль.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Разладзіцца, расстроіцца. Вяселле расклеілася. Гульня расклеілася. // Сапсавацца ад настаўшай непагадзі, слаты. Надвор’е расклеілася. Дарога расклеілася.
3. перан. Разм. Занемагчы, стаць вялым, слабым, заняпасці духам. [Волька:] — Дурная я, плачу [невядома] чаго... Расклеілася. Знемаглася я, сам бачыш... Чорны. [Каця:] — Даруй, Іван, што я так расклеілася. Я ж жывы чалавек... Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)