Квадра́нец ’чвэрць гадзіны’ (Нас.). Параўн. адпаведнае значэнне квадра (гл.). Бел. і ўкр. квадранец(ь) ’чвэрць гадзіны’ — агульнае запазычанне з польск. kwadraniec < kwadranc < kwadrans. Тут наглядаецца працэс словаўтваральнай адаптацыі лацінскага па паходжанню слова да славянскіх з прадуктыўнай суфіксацыяй *‑ап‑ьcь. Утварэнне праходзіла па мадэлі аддзеяслоўнага дэрывата: kwadrować > kwadraniec; польск. kwadrans — з лац. quadrans ’чвэрць’ (у тым ліку ’чвэрць гадзіны’): Брукнер, 286; Слаўскі, 3, 454; ЕСУМ, 2, 413.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апі́кур ’гультай, абібок’ (Жд.). Параўн. літ. apìkula ’гультаі’ (зборны назоўнік); субстытуцыя р замест л на канцы слова магла адбыцца ў слове, маючым экспрэсіўнае значэнне. Нельга выключыць сувязь з імем грэчаскага філосафа Эпікура (параўн. эпікурэец), якое магло адлюстравацца з пачатковым а‑ замест э‑, як у адукацыя, і польскім націскам на перадапошнім складзе. Параўн. яшчэ пікара ’гульня тыпу гарадкі’ (Янк. Мат.), літ. apikuras (Чэкман, вусн. паведамл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Афэ́рма, ахвэ́рма, ахэ́рма ’неахайная жанчына, апушчаны чалавек’ (Цых.), оферма, офэрма (КСТ), укр. оферма, воферма ’нязгрэба, няздара’, польск. oferma. Запазычанне. У якасці крыніцы для польскага слова прыводзяць ням. ohne Forme (Дарашэўскі), што з семантычнага боку, здаецца, знаходзіць пацверджанне ў беларускіх гаворках, параўн. значэнне слоў хорма ’нікчэмны мужчына’, ’форма’ і нехорматны ’неахайны, неакуратны’ (КСТ), аднак з фармальнага боку выклікае пэўныя цяжкасці з-за няяснасці шляхоў адаптацыі (пасрэдніцтва мовы ідыш?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бак ’пасудзіна’ (БРС). Рус. бак, укр. бак. Паводле Фасмера, 1, 108, запазычанне з герм. моў (параўн. гал. bak ’рэзервуар, таз, балея’, ням. Back ’глыбокая драўляная міска для матроскага стала’, англ. back ’пасудзіна, чан’). Параўн. Клюге, 43. Шанскі, 1, Б, 13, спасылаючыся на Ушакова, хоча бачыць тут запазычанне з франц. bac. Больш пераконвае тлумачэнне Фасмера, таму што рус. слова мела значэнне і марскога і ваеннага тэрмінаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бражка (брашка) ’радня, сваяцтва; талака’ (Яўс.). Рус. бра́жка ’дрэнная кампанія; п’яная кампанія’. Няяснае слова. ёсць дзве магчымасці тлумачэння: 1) ад бра́жка < бра́га (гл.) ’брага’ метафарызацыяй; 2) нейкая сувязь з брат, дакладней, з гіпакарыстычнымі формамі гэтага слова: бел. брахна, брахне́йка і да т. п. На карысць гэтай другой магчымасці сведчыць значэнне ў бел. слова ’радня, сваяцтва’. Але параўн. польск., чэш. арго braška ’брат’ (гл. Будзішэўска, Żarg., 70).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дра́паць ’драпаць, драць’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), ’уцякаць’ (Нас.), драпану́ць ’хутка ўцячы’ (Касп.). Прасл. *drapati ’драпаць, драць’: рус. дра́пать, дря́пать, укр. дра́пати, дря́пати, польск. drapać, чэш. drápati, славац. driapať, балг. дра́пам, серб.-харв. дра́пати і г. д. У некаторых слав. мовах развілося значэнне ’ўцякаць’ (польск., рус., бел.). Дзеяслоў *drapati звязаны з прасл. *dьrati. Параўн. Фасмер, 1, 535; Бернекер, 1, 220; Трубачоў, Эт. сл., 5, 101–102.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Захля́нуць ’пахудзець’ (Касп.). Рус. варонеж., зах.-бранск., дан. захля́ть ’стаць хваравітым, спакутаваны, укр. захля́нути, захля́ти ’аслабець, пахудзець’, польск. дыял. zachlać ’аслабець ад п’янства’ (параўн. chlać ’піць (гарэлку)’), zachłysnąć się і да т. п., гл. захлынацца. Паколькі хлынуць і хлянуць блізказначныя, звязаныя праз значэнне ’цячы’ («хлянула кроў з носа», Нас.), магчыма, ’аслабець’ не толькі ад п’янства, але і ад крывацёку і г. д. Няясна. Гл. хлянуць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
З’я́ва ’падзея, факт’. Укр. зʼя́ва ’тс’, польск. zjawa ’здань’, рэдк. ’з’яўленне’, в.-луж. zjaw ’з’ява’, славац. zjav ’тс’. Параўн. ц.-слав. изъꙗвити ’з’явіцца’, ст.-рус. изъявити ’выявіць, паказаць’, ’аб’явіць’. Бяссуфіксны наз. ад дзеяслова зʼяўляцца — зʼявіцца (< jьz‑javiti sę). Значэнне замацавана ў бел. мове, верагодна, пад укр. уплывам у XX ст. У рус., польск. іншае афармленне таго ж кораня: явление, zjawiśko. Параўн. аб’ява. Гл. ява.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́длуб ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва, выдзеўбанага ўнутры’ (Гарб.), калдуб ’бочка з калоды для мёду’ (іўеў., З нар. сл.), калдубаначка ’маленькая дзежка з клёпак’ (глыб., З нар. сл.). Апошнія — метатэза з кадлуб, кадлубаначка. Усе адзначаныя словы з’яўляюцца па фармальных адзнаках паланізмамі, што пацвярджаецца яшчэ і семантычным крытэрыем, паколькі значэнне ’тулава’, характэрнае для польскай мовы, не зафіксавана ў бел., гл. аб усх.-слав. форме і значэннях пад кадоўб.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кайма́ ’паласа’ (ТСБМ): «…вузкая кайма маладога асінніку…» Значэнне яўна другаснае, аднак цяжка вытлумачыць, што тут — русізм або мясцовы перанос ад кайма ’шляк, край’ (Бяльк.). Геаграфія не вельмі паказальная, аднак дазваляе думаць пра запазычанне з рус. літар. мовы. У рус. адзначаецца з XVI ст., запазычана з цюрк. моў (параўн. тур. kajma ’строчка, вышыўка, шляк’). Цюрк. слова ўтворана ад дзеяслоўнай асновы kaj‑, kajmak ’аблямоўваць’, гл. Бернекер, 1, 469.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)