су́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена; не падзелены, не раздробнены. Узяць цэлым кавалкам. □ Зарачанскай бабе за тое, што паказала брод праз раку, далі ў аддзяку цэлы сувой ангельскага сукна. Каваленка. Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму. — Ну, увесь дзень не буду нічога есці, — гаварыў Уладзік. — Тады цэлы пірог з’ем... С. Александровіч. // Напоўнены да краёў, запоўнены поўнасцю; поўны. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў [Міколка з бацькам] дасталі. Лынькоў. Летась на ёй ужо больш яблык было, цэлы кошык. Кулакоўскі. // Увесь ад пачатку да канца (пра адрэзак часу). Кожныя шэсць дзён [Зося] чакала сёмага, нядзелі, а тады з самага рання старалася пайсці на цэлы дзень дадому. Чорны. Пра гэта мне сказалі не толькі Арцюк, Павел Адамавіч, камбрыг, але і маёр, які прылятаў з Вялікай зямлі і цэлы тыдзень вучыў нас, партызанскіх разведчыкаў і сувязных. Шамякін. Цэлы дзень у гушчары Чутны крыкі дзетвары. Гілевіч. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. Стары Нічыпар, бывае, цэлы вечар .. прасядзіць над рэчкаю. Баранавых. // На ўсёй адлегласці; на ўсю адлегласць (пра месца, прастору). [Зелянюк:] — Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. Зарэцкі. На цэлыя вёрсты і мілі Разносіла пах сенажаць. Колас. Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Навуменка.

2. Ужываецца пры абазначэнні вялікай колькасці чаго‑н., вялікіх памераў, аб’ёму чаго‑н. Накапаць цэлую гару зямлі. □ У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў. Якімовіч. — Людзі ёсць. Цэлы полк, — прыцішана і неяк сухавата адказаў Пішчыкаў. Алешка. Да сянец дабудавалі яшчэ цэлую хату. Гаўрылкін. // Які па значнасці, складанасці нагадвае сабой што‑н.; сапраўдны. Цэлая гісторыя. □ Пра падпольшчыка, якога называлі Жан, хадзілі па горадзе і яго ваколіцах цэлыя легенды. «Звязда».

3. Не пашкоджаны, не сапсаваны, не разбураны. Мы агледзелі аленя. Гэта быў малады самец. Частка яго тулава, галоўным чынам пярэдняя, была з’едзена рыссю, але ўся задняя палова і ногі былі зусім цэлыя. В. Вольскі. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэлымі шыбамі. Маўр. // Не зношаны, не парваны (пра адзенне, абутак). Куплю яшчэ кажух белы Дый армяк суконны цэлы. Цётка. // Які не прапаў, збярогся. — Усё [начынне] цэлае. Ніхто не лазіў, — заключыў Воўка. Няхай.

4. Не паранены, здаровы. Цяпер-то ён [Грэчка] хоць ведае, што будзе цэлы... Аднаму, як ні кажы, лягчэй уратавацца, на сябе можна паспадзявацца. Мележ. Андрэй падумаў быў, што трэба вярнуцца дамоў, пакуль цэлы. Збягуцца ваўкі з усяго лесу — у лазню не схаваешся. Пташнікаў. [Вісарыён:] — Ты не стагні, ты цэлы, толькі гузоў пэўна багата набраў! Самуйлёнак. І козы цэлыя і воўк сыты. Прымаўка.

5. Якому ўласціва адзінства, цэльнасць. Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў.. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы... Колас. // у знач. наз. цэ́лае, ага, н. Сукупнасць чаго‑н., што ўспрымаецца як нешта адзінае. Насельніцтва гарадоў не з’яўлялася аднародным цэлым. Алексютовіч. Пры ўсёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасці цыкл [Я. Купалы «На заходнебеларускія матывы»] ўспрымаецца як адзінае мастацкае цэлае. Гіст. бел. сав. літ.

6. Які не мае дробу (пра лік, велічыню). Цэлыя лікі.

7. у знач. наз. цэ́лае, ага, н. Не сшытае, без швоў месца ў адзежы. Разарваць па цэламу. □ Гаворыць па беламу, а ломіць па цэламу. З нар. // Не падраны. Хто цэлага не бачыў, той і латанаму рад. Прыказка.

•••

Век цэлы гл. век.

У цэлым — а) ва ўсёй сукупнасці, цалкам. Рэдактар адказвае за ўвесь нумар газеты ў цэлым; б) увогуле, без падрабязнасцей. У цэлым гэта бясспрэчна так. Ліс.

Цэлая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаро́вы, ‑ая, ‑ае; здароў, здарова.

1. Які мае добрае здароўе; проціл. хворы. Здаровы арганізм. Здаровае дзіця. □ — Можаце лічыць сябе амаль здаровым, таварыш Васілец. На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ. / у знач. наз. здаро́вы, ага, м.; здаро́вая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Аграном глядзеў на .. [Крушынскага] з той нялоўкасцю, з якой — заўсёды хворы глядзіць на здаровага. Бядуля. // Непашкоджаны, які правільна дзейнічае (пра органы і часткі цела). Здаровае сэрца. □ Ужо як уязджалі ў шпітальны двор, ранены Зыгмунт Асядовіч пачаў стукаць здароваю рукою ў шкляное акенца да шафёра. Чорны. // Які выражае здароўе, уласцівы здароваму чалавеку. Здаровы выгляд. Здаровы смех. // Прыгодны, не папсаваны. Здаровае насенне. Здаровы корань. □ Хто першы клаў грэблі на балотах, ніводзін чалавек у Лонве ўжо не скажа. Кладкі пасля масціліся адна на адну: новая на старую, здаровая на гнілую, спарахнелую ў балоце і высахлую на сонцы. Пташнікаў. // перан. Разважлівы, разумны. Здаровая крытыка. □ [Гарлахвацкі:] Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць. Крапіва. З маткаю Мікіта дагаварыўся лёгка: сваім практычным здаровым розумам яна бачыла, што ў калгасе чалавеку будзе лепей. Колас.

2. Карысны для здароўя. Здаровае надвор’е. Здаровае харчаванне.

3. Разм. Моцнага целаскладу; дужы. Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з .. прыпухлым васпаватым тварам. Ракітны. Здаровыя, ружатварыя адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі. Гартны.

4. Разм. Вялікі, моцны (пра з’явы, прадметы і пад.). Ян Гузік нагнуўся і падняў з зямлі здаровы кавалак жалеза. Гартны.

5. у знач. выкл. здаро́ў! (здаро́ва!) Разм. Ужываецца як прывітанне пры сустрэчы. [Верхаводка:] Здарова, Марына, здарова! [Марына:] А, здароў, Пеця, здароў! Кучар.

•••

Будзь (бывай) здароў гл. быць.

Валіць з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Заставайцеся здаровы гл. заставацца.

Ідзіце здаровы гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў дарослым, дасягнуў поўнага развіцця. Сталыя мужчыны збіраліся ў гурткі і разважалі аб вайне, якая насоўвалася на іх. Колас. Аднак, зірнуўшы ў вочы касір[ц]ы, ужо сталай і сур’ёзнай жанчыне, Аня засаромелася свайго намеру і пачырванела да вушэй. Карпюк. / у знач. наз. ста́лыя, ‑ых. Я пытаўся ў сталых: — Дзе ж ён ёсць брыгадзір? Лужанін. // Уласцівы такому чалавеку. Маленства не песціла Зыгмунта Серакоўскага гэтак жа, як і сталыя гады. Якімовіч. У сталым веку будзеш чуць ты [унук] музыку гадоў выразна. Дубоўка.

2. Здольны рабіць, дзейнічаць самастойна, без чыёй‑н. дапамогі, кіраўніцтва; сур’ёзны. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. Ён [сакратар райкома] малады, ды сталы. Пабачыў ён багата. Дубоўка. [Аўдоля:] — Я так і ведала. Цівуну што — сталага работніка шкада на кухню ставіць, а дзяцей не шкада. Якімовіч. // Уласцівы такому чалавеку. Ой, як цяжка рабіць першы, сталы крок у жыцці! Бядуля.

3. Вопытны, які дасягнуў майстэрства ў чым‑н. Драбнатэм’е, прыглушанасць голасу, звужанасць погляду на сучаснасць — бяда нашых многіх сталых і маладых паэтаў. Грахоўскі. Не раз [Іван Якаўлевіч] здымаў шапку перад сталым практыкам-энергетыкам. Цяпер, бач, як вырас Анатоль Іванавіч! Гроднеў. На савецкую работу вылучана вялікая колькасць палітычна сталых работнікаў з шырокім партыйным, дзяржаўным кругаглядам, здольных весці справу энергічна і пісьменна. «Звязда». // Які вылучаецца грунтоўнасцю, майстэрствам і пад. Першыя на дзіва сталыя вершы .. [Валянціна Таўлая] датаваны 1928 годам, калі паэту было чатырнаццаць. Брыль. Па геаграфіі веды Сталыя мы набылі, Пеша схадзіўшы ўсе сцежкі Нашай вялікай зямлі. Куляшоў.

4. Пастаянны, нязменны; разлічаны на доўгі час, не часовы. [Наталя:] — Дарагая, мілая цётка Мальвіна!.. Дзе ты цяпер? Ты ніколі не мела свайго сталага месца — з дзядзькам Прахорам вы вечна падарожнічалі па краіне з канца ў канец. Скрыган. На мой паклон .. [Яворская] адказала запытаннем. — Новы сусед? Адкуль? Ага, выкладчык! Факультатыўна ці на сталую работу? Дуброўскі.

5. Добра абдуманы; які сведчыць пра вопытнасць, майстэрства. Сталае рашэнне. Сталая думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. бага́ты, ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мёртвы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, які памёр; нежывы. Па дарогах валяліся разбітыя машыны, мёртвыя і параненыя фашысты. Якімовіч. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі. // у знач. наз. мёртвы, ага, м.; мёртвая, ‑ай, ж. Мярцвяк, нябожчык. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Мележ. // Засохлы, завялы (пра расліны). Мёртвыя лісты.

2. Такі, як у памёршага; нерухомы, бледны. Мёртвы твар. □ Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі .. мёртвымі задуменнымі вачыма. Бядуля. Зачэпа слухаў усіх, усміхаўся сваёй мёртвай усмешкай. Асіпенка. // перан. Бледны, бляклы; не яркі. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ.

3. На якім няма нічога жывога; бясплодны, пустынны. Мёртвая пустыня. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. // На якім спыніўся, замёр рух; апусцелы. Шаша была мёртвай. Асіпенка. Мёртвай стала .. [Сымонава] хата, і ён хадзіў па ёй адзін, як прывід. Чарнышэвіч. // перан. Які не выкарыстоўваецца, якога нельга выкарыстаць. Мёртвыя груды металу. □ Абкураныя, мёртвыя калоды вулляў стаялі, як магільныя помнікі, у спаленым садзе. Самуйлёнак.

4. перан. Пазбаўлены жыццёвасці; неактуальны. Мёртвая кніжнасць. Мёртвыя вобразы.

5. Пазбаўлены гукаў, нямы. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы. Колас. Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Бядуля. // Поўны, абсалютны (пра цішыню, спакой, маўчанне). У пакоі была мёртвая цішыня. Лынькоў.

•••

Мёртвая гадзіна гл. гадзіна.

Мёртвая зона (спец.) гл. зона.

Мёртвая мова гл. мова.

Мёртвая прастора гл. прастора.

Мёртвая прырода гл. прырода.

Мёртвая пятля гл. пятля.

Мёртвы вузел гл. вузел.

Мёртвы інвентар гл. інвентар.

Мёртвы пункт (спец.) гл. пункт.

Мёртвы сезон гл. сезон.

Мёртвы штыль гл. штыль.

Мёртвы якар гл. якар.

Ляжаць мёртвым грузам гл. ляжаць.

Мёртвая вада гл. вада.

Мёртвая хватка гл. хватка.

Мёртвы капітал гл. капітал.

Мёртвыя душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы гл. жывы.

Піць мёртвую гл. піць.

Спаць мёртвым сном гл. спаць.

Як мёртваму прыпарка (паможа) гл. прыпарка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сардэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 1 знач.). Сардэчная мышца. Сардэчная дзейнасць. // Звязаны з хваробамі сэрца (у 1 знач.). Сардэчная недастатковасць. □ [Ксёндз:] — У мяне быў сардэчны прыпадак... Чарнышэвіч. У гэты ж дзень у Лукер’і Назараўны здарыўся сардэчны прыступ, і яе забралі ў бальніцу. Марціновіч. // Прызначаны для лячэння хвароб сэрца (у 1 знач.). Сардэчныя сродкі.

2. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 2 знач.); звязаны з пачуццямі, настроем, перажываннямі чалавека. Стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчныя болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце. Колас. З узрушаным сардэчным трапятаннем Яго [салаўя] ўсе слухалі наўкол. Корбан. // Звязаны з сяброўскімі адносінамі, агульнымі інтарэсамі двух або некалькіх чалавек; блізкі. Сардэчныя адносіны. Сардэчная прывязанасць. □ Сардэчным другам ён [Аляксейчык] мне быў. Бялевіч.

3. Спагадлівы, добры, чулы (пра чалавека, яго характар). Казалі: — От быў чалавек — душа, Сардэчны і прынцыповы... Прануза. [Навум:] — Мае родныя — прыемныя людзі, сардэчныя. Яны любяць цябе. Мікуліч. Такі ўжо характар у хлопца — сардэчны і просты. Брыль. // Поўны спагадлівасць добразычлівасці, дабраты. Сардэчная сустрэча. □ З кійком старая да яе [жанчыны] кульгае, сардэчным словам і яе вітае. Дубоўка.

4. Які ідзе ад сэрца, шчыры. Сардэчная падзяка. □ Маладзечна, Маладзечна, Мой паклон табе сардэчны. Русак. Аднаму хацелася выказаць .. [Дзюмону] сардэчнае спачуванне, другому — даць параду. Шамякін. // Які кранае за сэрца, поўны шчырага пачуцця. Твой голас сардэчны а мілы, як струны Пявучае ліры, спакойны, задумны. Купала. Ведала [Надзя] таксама, калі заспяваць ім, лясным салдатам, сардэчную песню. Васілевіч.

5. Звязаны з каханнем; любоўны. Сардэчная драма. Сардэчныя справы. □ Нэлі пашкадавала ўжо, што па восені адкрыла Вользе свае сардэчныя тайны. Савіцкі. Мы стаялі [ўдваіх], і тугая каса Ненарокам кранула мой твар, І тады я адважыўся і расказаў Пра сардэчны, як кажуць, пажар. Панчанка.

6. Каханы, любы. [Крочак:] — Дык гэта ваш сардэчны друг?.. Прашу даць тлумачэнне: Што значыць ваша засмучэнні? Каго ж кахаеце з нас двух? Колас.

7. у знач. наз. сардэ́чны, ага, м.; сардэ́чная, ‑ай, ж. Родны, мілы (пры ўпамінанні пра каго‑н. з адценнем ласкі, жалю, спачування). — Жаць трэба, жаць, сардэчныя, Жаць грамадой адзінаю. Куляшоў.

•••

Сардэчная сарочка гл. сарочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)