ці́хі, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь чутны; нягучны. Ціхі посвіст, лёгкі шорах, — Цемра ночы ажыла... Крапіва. Ляснуў кароткі ціхі стрэл. Шамякін. // Які характарызуецца наяўнасцю невялікага шуму ці адсутнасцю яго; бясшумны. Ціхі горад. □ Брод перайшоў [Андрэй]. Вось цёмны ціхі млын Паўстаў прад ім. А далей — сад і круча. З. Астапенка.

2. Агорнуты цішынёй; маўклівы. Ціхая ноч. □ У парку ля ціхіх лагчын Запыленай шыбай віднеюцца лужы, Ільдзінка на сонцы блішчыць. Ляпёшкін.

3. Без адзнак вялікага руху, мітусні, беганіны. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. Станцыя, на якой вылазіць Дзмітрый Іванавіч, у познюю асеннюю пару заўсёды ціхая. Навуменка. // Бязветраны; зацішны. Ціхая пагода. □ Нават у самыя ціхія дні, калі і на адкрытых лугах не зварухнецца ні адна травінка, лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца. Паслядовіч. / Пра дождж і пад. Мы пад вечар прыселі пад цёплай капай. Ціхі дожджык пра нешта шаптаў нам, як друг. Кірэенка. // Бестурботны; мірны. Ціхае жыццё. □ Росным травам, Што зарой наліты. Пошум іх прысніцца ў ціхім сне. Калачынскі. // Нямоцны, слабы; кволы. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў. // Слаба выражаны, ледзь прыкметны. — Жывая!.. Пад пальцамі азвалася ціхае-ціхае тахканне пульсу. Брыль.

4. Лагодны, рахманы; паслухмяны, пакорлівы. Усе яго [Івана Аляксеевіча] ведалі, як чалавека ціхага і сумленнага. Якімовіч. — Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці. Пальчэўскі.

5. Які праходзіць спакойна, без буйных праяў. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць. Ваданосаў.

6. Які не адрозніваецца хуткасцю, павольны, марудны. Ехаць ціхай рыссю. □ Без агнёў і ціхім ходам яны [Крамарэвіч і машыніст] адводзілі цягнік у тыл. Чорны.

•••

Ціхае вар’яцтвашаленства без прыступаў буянства.

Ціхая гадзіна — тое, што і мёртвая гадзіна (гл. гадзіна).

Ціхай сапай гл. сапа.

Ціхая завадзь гл. завадзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мані́ць ’падзываць, клікаць, падклікаць (качак, курэй, сабак)’ (Касп., Шат., Юрч., Сцяшк. Сл.), ’прыцягваць, прынаджваць’, манлі́ву ’прываблівы’ (ТС), беласт. мані́ті ’прывабліваць, спакушаць’ (Сл. ПЗБ); мана́ ’прываба, пахучая прыманю’ (ТС); мані́ць, мані́ці ’хлусіць’, мана́, мына́ ’хлусня, наўмыснае скажэнне ісціны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Яруш., Сцяшк., КЭС, лаг.; ЛАПП, ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Янк. 1), мань, май ’хлусня, хлус’ (кліч., Жыв. сл.; Яруш., Мікуц., Нас., Шат.). Укр. мани́ти, рус. мани́ть ’тс’, паўн. ма́нкий ’спакушальны, прыцягальны’, валаг. манно́ ’прывабліва, прыемна’, алан., наўг., калін. ман ’хлус’, алан., смал., укр. мана ’хлусня’, польск., в.-луж. manić, н.-луж. maniś ’падманваць, ашукваць; прывабліваць, спакушаць, цешыць сябе чым-небудзь’, польск. man ’уведзены ў зман’, ’падман’, manicielstwo ’тс’, ’спакуса’, чэш. ‑maniti: ляш. podmanic ’падбухторыць да нечага’, podmana ’хітры ашуканец’, славац. obmantať ’ашукаць’, umantať ’заваражыць, зачараваць’. Да групы слав. лексем з асновай man‑ трэба яшчэ далучыць бел. мана́ ’пустата’, ’прывід, здань’ (Нас.), ’чары, насланнё’ (Ян.), ’азарт, прыцягальная сіла’ (карэліц., Марц.), ’ахвота, жаданне’ (Сцяшк. Сл.), мані́ць ’трызніць’ (Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), мін. манаецца ’здаецца’ (КЭС) і аналагічныя да іх укр. мана́ ’прывід, здань, ілюзія’, рус. смал. ’насланне, нешта нерэальнае’, ’хмара’; ’прынада, спакуса’ (Даль); тамб. ’слодыч’, наўг. ман ’нячысцік, які жыве ў званіцы, у хаце або ў лазні’, уладз., валаг., наўг. мани́ть, безасаб. ма́нит ’здавацца, мроіцца’, манной ’шалёны’, а таксама польск. man ’ілюзія’, серб.-харв. не̏ман (з адмоўнай прыстаўкай, як, напр., нябога) ’страшыдла, прывід’, ’волат, калос’, ’нячысцік, д’ябал’, у якім (паводле Скока, 2, 366) адбылася дысіміляцыя mm > mn. Ван–Вейк (RÉS, 14, 73) таксама мяркуе, што паўн.-слав. maniti ўтварылася ў выніку дысіміляцыі з mamiti, прадстаўленага на зах.- і паўд.-слав. моўнай тэрыторыі, параўн. польск. mamić ’падманваць, уводзіць у зман’, ’прывабліваць’, чэш. mámiti ’выманьваць, выцягваць’, ’абдурманьваць’, славац. mámiť ’тс’, ’прывабліваць’, mam ’прывід, міраж’; славен. mámiti ’завабліваць, спакушаць’, ст.-славен. mama ’балбатун’, серб.-харв. ма́мити ’заманьваць, прывабліваць’, ’выманьваць’, ’раз’юшваць’, ма̏ма ’дурны’, ’шаленства’, ма̑ма ’прынада’, макед. мами ’хлусіць, ашукваць, махляваць, заманьваць’, балг. ма́мя ’тс’, ’прыручаць’, ’парушыць клятву’, ’вадзіць за сабой’, ’падзываць, клікаць (свойскія жывёлы і птушкі)’, ст.-слав. мамьнъ ’дурны’, ц.-слав. мамити і манити. Махэк₂ (350 і 351) мяркуе, аднак, што зыходнай формай для дзеяслова з’яўляецца прасл. manъ, якое пад уплывам сіноніма klamъ змяніла свой канчатак (‑nъ у ‑mъ) > ‑maniti. БЕР (3, 635) дае дзве прасл. формы дзеяслова: mamiti і maniti. І.‑е. асновай для першай з’яўляецца *ma‑ ’узмах рукою’ > прасл. majati, maxati, літ. móti, лат. māt ’махаць, ківаць’ з фармантам ‑mo‑ (параўн. ст.-грэч. μῑμος ’пераймальнік, імітатар, мім’, лац. mīmos ’тс’, месапск. mimeteos (Р. скл.) ’тс’ (Крае, IF, 49, 268; Бязлай, 2, 164–165). Роднаснымі да прасл. maniti будуць: ст.-інд. māyā́ ’чары, падман, ілюзія’, авест. māyā‑, лат. mãnît ’уводзіць у зман, падманваць’, mani, якому адпавядае бел. мань (Карскі, Труды, 456), ст.-в.-ням. mein ’ілжывы, падманлівы’, ст.-ісл. mein ’страта, шкода, няшчасце’, ст.-англ. mān, ст.-сакс. men ’хлусня’, ням. Mein‑eid ’клятвапарушэнне’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 582; Бернекер, 2; Фасмер, 2, 569).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)