эскадро́н, ‑а, м.
Падраздзяленне кавалерыйскага палка, якое адпавядае пяхотнай роце. [Каршукоў:] — Салдат у Гітлера не шмат. Б’е браніраваным кулаком, а тыл — дзіравы. Кінь ты сюды конніцы некалькі эскадронаў, дык да самога Берліна можна ісці без прыпынку... Асіпенка. З дзесятак старыцкіх хлопцаў-партызан зрабілі ў кустах за вёскай засаду і прымусілі ўцякаць у паніцы цэлы ўланскі эскадрон. Хадкевіч.
[Фр. escadron.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сямёра, семяры́х, семяры́м, семяры́мі, ліч. зб.
1. 3 назоўнікамі мужчынскага і агульнага роду, што абазначаюць асоб, з разам узятымі асабовымі назоўнікамі мужчынскага і жаночага роду, з назоўнікамі мн. л., якія абазначаюць жывых істот абодвух полаў, з асаб. займ. мн. л. і без залежнага слова: колькасць сем.
С. хлопцаў.
С. сірот.
С. пасажыраў: чатыры мужчыны і тры жанчыны.
С. свіней.
Нас было с.
С. аднаго не чакаюць (прыказка).
2. 3 назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот: колькасць сем.
С. гусянят.
3. звычайна Н і В. З множналікавымі назоўнікамі: сем прадметаў.
С. саней.
С. штаноў.
4. звычайна Н і В. З некаторымі назоўнікамі, якія абазначаюць прадметы, што існуюць або якія носяць у пары: сем пар.
С. туфель.
С. шкарпэтак.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
шасцёра, -цяры́х, -цяры́м, -цяры́мі, ліч. зб.
1. 3 назоўнікамі мужчынскага і агульнага роду, што абазначаюць асоб, з разам узятымі асабовымі назоўнікамі мужчынскага і жаночага роду, з назоўнікамі мн. л., якія абазначаюць жывых істот абодвух полаў з асабовымі займеннікамі мн. л. і без залежнага слова: колькасць шэсць.
Ш. хлопцаў.
Ш. сірот.
Нас было ш.: тры хлопцы і тры дзяўчыны.
Ш. свіней.
Тыя ш. ўжо пайшлі.
Шасцярым прапаноўвалі.
2. 3 назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот: колькасць шэсць.
Ш. дзяцей.
Ш. звяркоў.
3. звычайна
Н і В.
З множналікавымі назоўнікамі: шэсць прадметаў. Ш. сутак.
Ш. калёс.
Ш. нажніц.
4. звычайна
Н і В.
З некаторымі назоўнікамі, якія абазначаюць прадметы, што існуюць або якія носяць у пары: шэсць пар. Ш. шкарпэтак.
Ш. туфель.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
нерэа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не існуе ў рэчаіснасці; фантастычны. Дрэвы, ахутаныя ў казачна бялюткія адзенні, стаялі нерухома, быццам зачараваныя. Усё здавалася нерэальным, таямнічым. Новікаў. У Косцевым уяўленні кожная дзяўчына была занадта паэтычная і нерэальная. Карпюк.
2. Немагчымы для выканання, здзяйснення; неажыццявімы. Нерэальныя патрабаванні. □ І ўсе іх планы былі нерэальнымі, бо не было ў хлопцаў зброі, ды і ўдвух не многае зробіш. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Зрабіць абмен, абмяняць. — І яшчэ адно, Андрэй Ігнатавіч, — шэптам загаварыў барадач, — трэба збыць тавар, прамяняць на чырвонцы, з імі спакайней... Якімовіч. // на каго-што. Адмовіўшыся ад каго‑, чаго‑н., аддаць перавагу другому. Ну і кожны з хлопцаў бадай што роднага бацьку прамяняў бы на .. [Піліпа]. Кулакоўскі. — Самасад ні на якія папяросы не прамяняю, — заявіў .. [Васіль], згортваючы цыгарку. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Пытаючы ў каго‑н., даведацца, высветліць што‑н. Ганна з палёгкаю ўздыхнула і шпарка рушыла ў бок чыгункі, каб распытаць там дарогу ў Арэхаўку. Шамякін. Салдат разгаварыўся з Панасам, распытаў, хто ён такі, за што яго забралі. Колас. Кепска, што гэтую мясцовасць .. [Рыбак] ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скула́сты, ‑ая, ‑ае.
З пукатымі скуламі 1. Скуласты твар. □ У чалавека трэсліся рукі, а па скуластых абветраных шчоках цяклі слёзы. Асіпенка. // Які мае такі твар. На пажоўклай ад часу паперы захаваўся здымак: двое маладых хлопцаў стаялі побач. Адзін, крыху старэйшы, скуласты, амаль бязбровы, а другі — худзенькі, з далікатным, як у дзяўчыны, тварам, высокі. Хомчанка. Слова папрасіў русы, скуласты, з чырвоным тварам чалавек. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
склеп, ‑а; мн. скляпы, ‑оў; м.
1. Спецыяльнае, паглыбленае ў зямлю памяшканне для захоўвання прадуктаў, віна, пораху і пад.; пограб. Вінны склеп. Парахавы склеп. □ Капаў мужык склеп і выкапаў кавалак золата. Якімовіч. Галя пасадзіла хлопцаў ля вялікага стала, .. а сама пабегла ў склеп па бульбу. Ваданосаў. [Ганя:] — Адразу з поля, сырую, мокрую [бульбу] ссыпалі ў скляпы. Грамовіч.
2. Закрытае падземнае памяшканне, у якім устанаўліваюцца дамавіны з нябожчыкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалько́, ‑а, м. і нескл., ж.
Той, хто любіць хваліцца. І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні вядомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: «За што?!» Караткевіч. Віктар любіць хлопцаў са свайго ўзвода. Усе яны трошкі хвалькі, пыл любяць пусціць у вочы і як бы загадзя надзелі на сябе маскі страшэнных зухаў, якім мора па калена. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назіра́льнік, ‑а, м.
Той, хто назірае за кім‑, чым‑н. Тонкі назіральнік. □ Усё, што адбылося далей, Алесь ўспрымаў, як старонні назіральнік. Шыцік. // Той, хто па сваім абавязку, прафесіі, прызначэнню назірае за кім‑, чым‑н. І вось там [у лесе] нехта з хлопцаў насцярожна выхіліўся з гушчару і трапіў на вочы варожаму назіральніку. Брыль. [Старшыня сельсавета і Язэп Каліна] сядзелі ў бункеры, з якога нямецкія назіральнікі, мабыць, карэкціравалі агонь сваіх батарэй, — са столі яшчэ і цяпер тырчала стэрэатруба. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)