уці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Націскаючы з сілай, прымусіць паглыбіцца, увайсці ў глыб, унутр чаго‑н. Уціснуць корак у бутэльку. □ Неўзабаве важкія машыны так уціснулі ў гразь бярвенні, што іх не стала відаць. Мележ.

2. З намаганнем умясціць у што‑н. цеснае, запоўненае; увапхнуць. — Я, здаецца, не ў час прыйшоў, — разгублена прамовіў Лабановіч. — Нічога, нічога, — сказала жанчына.. Яна ўзяла паліто і ўціснула яго між адзежы, ужо вісеўшай на вешалцы. Колас. Людскі натоўп абхапіў мяне, узняў на прыступкі і ўціснуў у вагон. Ус. // перан. Падаць вялікі змест твора ў сціслай форме. З’яву такога парадку, як паэзія Купалы, з’яву, якая па-мастацку адлюстроўвае цэлую гістарычную эпоху ў жыцці народа, цяжка ды, бадай, і немагчыма ўціснуць у рамкі пэўнага літаратурнага стылю, скажам, рэалізму або рамантызму. Навуменка.

3. Абвязваючы што‑н., зменшыць у аб’ёме. Жніво. Смуга над плёсам. Воз снапоў Уціснуў дзед вяроўкаю тугою. Пысін.

4. Уцягнуць, увабраць унутр. Уціснуць галаву ў плечы. □ Дзяўчына скурчылася ў кутку, уціснула галаву, засланіла рукамі свой твар і пачала чакаць смерці. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нутро́ ’вантробы, унутранасці’ (Нас., Гарэц., Пятк. 2, Касп.), ’сярэдзіна, унутраная частка’ (Сцяшк., ТС), нутрэ́ ’тс’ (ТС), нутрё ’унутранасці’ (Грыг.), нутра́, нутры́, мн. ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. нутро́ ’тс’, рус. нутро́, нутра́, нутрё, нутрь ’тс’. Са старога прыставачнага ўтварэння *vъn‑ǫtrь ’сярэдзіну’, што было пераасэнсавана, як *vъ‑nǫtrь (Фасмер, 3, 90), гл. уну́тр. Параўн. яшчэ ст.-бел. нꙋтрь моѧ переменилосѧ, ноутръ моѧ, нγтрь мои, оу нγтри моє​м (Псалтыр XVI ст., гл. Карскі 2-3, 17), чэш. nitro ’унутранасць, нутро’, славац. vnútro ’тс’ — новыя назоўнікі на базе пераасэнсаванай часткі *‑nǫtrъ (Махэк₂, 696). Звяртаюць увагу на паралельнае грэч. ἔντερα, мн. л. ’унутранасці, вантробы’, ст.-інд. antrám ’тс’, літ. įščios ’тс’ (Бязлай, 2, 228 і інш.). Сюды ж таксама ну́троносць ’тс’ (ТС, магчыма, пад уплывам рус. внутренность), нутраны́, нутрэнны́ ’выняты з нутра’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), нутро́ны ’унутраны’ (Сл. ЦРБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

змясці́ць, змяшчу́, зме́сціш, зме́сціць; зме́шчаны; зак.

1. каго-што. Умясціць у сабе.

Клуб не мог з. усіх прысутных.

2. каго-што. Знайсці месца для каго-, чаго-н., умясціць унутр чаго-н.

З. усе рэчы ў шафу.

3. каго-што. Даць памяшканне для жылля, месца каму-, чаму-н.

З. прыезджых у гасцініцу.

З. трусоў у клеткі.

4. каго-што. Аддаць куды-н. для якой-н. мэты.

З. хворага ў бальніцу.

З. грошы ў банк.

5. што. Надрукаваць, апублікаваць.

З. аб’яву ў газеце.

6. каго (што). Звольніць з пасады (разм.).

З. загадчыка.

|| незак. змяшча́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. змяшчэ́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

укаці́ць, укачу, укоціш, укоціць; зак.

1. што. Закаціць што‑н. круглае або на колах унутр чаго‑н. Укаціць калёсы ў гумно. □ [Касперскі:] А бочку, хлопцы, укоціце ў склеп... Тут нельга пакідаць. Гурскі.

2. перан.; што каму. Разм. Зрабіць, учыніць (звычайна што‑н. непрыемнае). Укаціць вымову прагульшчыку. Укаціць вучню двойку. □ [Валянціна Міхайлаўна:] — А летась тут, у нас, памятаеце, колькі мы вам [Андрэй Іванавіч] уколаў укацілі. Васілевіч.

3. Разм. Уехаць куды‑н. Добра ціскануў па педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увагну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Сагнуць, уціснуць унутр чаго‑н., зрабіць паглыбленне ў чым‑н. Кнігі ўвагнулі паліцу. Шафа ўвагнула падлогу. □ Дзядзька пачаў збіраць кусочкі разбуранага гнязда. Пасля ўзяў сетку, увагнуў яе і стаў старанна складваць кусочак да кусочка ластаўчыну хатку. С. Александровіч.

2. Апусціць уніз, нагнуць, схіліць (плечы, шыю і пад.). Да .. [Петрыка] ідзе .. Падласка, рогі паставіла і галаву ўвагнула, убароць хоча. Крапіва. [Мікола] увагнуў плечы і ўпаў на тратуар. Якімовіч.

3. З цяжкасцю сагнуць. Дрот такі тоўсты, што ледзь увагнуў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Прымусіць пранікнуць, увайсці ўглыб, унутр што‑н. вострае, тонкае; усадзіць. Уткнуць іголку ў клубок. □ Уткнуўшы косы ў мокрую ад расы траву, касцы ідуць снедаць. Нядзведскі. Маці нажала крапівы, паслала ў хляве і серп уткнула ў сцяну над дзвярыма. Бядуля. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Сунуць куды‑н., унутр чаго‑н., за што‑н. Я ўткнуў газету ў кішэню, паправіў шалік на шыі і хутка пайшоў да тралейбуса. Мыслівец. Астап пакінуў капаніцу, Ляйчыну ўткнуў за паясніцу, Каб упраўляць сяк-так канём. Трус.

2. Схаваць, укрыць твар, галаву і пад. у што‑н. Па тратуарах, уткнуўшы насы ў каўняры, праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Меншы, Косцік.. уткнуў у падушку галаву, раскінуў ручкі. Васілевіч.

3. Уперці ў што‑н. Уткнуць нос у шыбу.

•••

Носа не ўткнуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Уткнуць нос у што, куды — засяродзіцца на чым‑н., захапіцца чым‑н.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы — умяшацца ў чужую гаворку, калі не просяць; сказаць што‑н. неўпапад.

Уткнуць (уваткнуць, усадзіць, усунуць) свой нос (язык) — умяшацца не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паглыбіцца, улезці ў глыб, унутр чаго‑н., куды‑н. Здавалася, што зараз на галаву ўпадзе міна. Хацелася ўціснуцца глыбей у зямлю, каб ніякі асколак не зачапіў. Мележ.

2. З цяжкасцю ўвайсці, пранікнуць у што‑н. цеснае, запоўненае; ушыцца. Нарэшце падышоў аўтобус. Ён быў перапоўнены, аднак мы ўсё ж сяк-так уціснуліся ў заднія дзверцы і пакацілі ў напрамку вакзала. Шыловіч.

3. Разм. Цесна абвязаць сябе чым‑н. Уціснуцца папружкай.

4. перан. Разм. Якім‑н. чынам уладкавацца куды‑н. Сяк-так уціснуўся ў кулінарны тэхнікум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улажы́ць, улажу́, уло́жыш, уло́жыць; уло́жаны; зак.

1. што ў што. Палажыць, змясціць унутр.

У. кнігу ў партфель.

У. душу ў любімую справу (перан.).

2. што ў што. Змясціць у якое-н. прадпрыемства (сродкі, грошы).

У. сродкі ў будаўніцтва дарогі.

3. каго (што). Надаць каму-н. ляжачае становішча, прымусіць легчы.

У. хворага ў пасцель.

4. перан., каго (што). Тое, што і забіць (у 1 знач.; разм.).

У. на месцы з аўтамата.

5. што. Зрабіць укладку (валасоў).

У. валасы.

|| незак. уклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 і 5 знач.) і укла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. уклада́нне, -я, н. (да 1—3 і 5 знач.), укла́дванне, -я, н. і укла́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уцягну́ць, -ягну́, -я́гнеш, -я́гне; -ягні́; -я́гнуты; зак.

1. каго-што. Цягнучы, завалачы каго-, што-н. у што-н. або сілаю ўвесці ўнутр чаго-н.

У. сані ў вазоўню.

У. каго-н. у памяшканне.

2. што ў што. Усунуць у якую-н. адтуліну.

У. нітку ў іголку.

3. што. Удыхнуць.

У. паветра.

4. асаб. і безас., што. Утуліць, увабраць унутр (галаву, шчокі, жывот і пад.); запасці.

У. галаву ў плечы.

Жывот уцягнула.

5. перан., каго (што) у што. Схіліць уступіць у што-н., прыняць удзел у чым-н.

У. у драмгурток.

У. у спрэчку.

|| незак. уця́гваць, -аю, -аеш, -ае.

|| прым. уцяжны́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Уцяжная труба.

У. рукаў помпы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

усу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунуўшы, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; увапхнуць у што‑н. Усунуць шуфляду ў стол. Усунуць рэчы ў мяшок. □ Гадзіна выпрасталася, усунула галаву ў місу і пачала хлябтаць малако. Паўлаў. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку.. Напакаваў яе, усунуў туды і стары абгрызены пенал, любімы сшытак. Лынькоў.

2. Уцягнуць у што‑н. Усунуць нітку ў іголку.

3. Уткнуць у што‑н. Севярын моцна зашчапіў кручок, усунуў у ручку дзвярэй лату і сеў ля стала, спінаю да нараў. Караткевіч.

4. Засунуць што‑н. у што‑н. Усунуць руку ў кішэнь. // Уставіць. Усунуць пяро ў ручку.

5. Прасунуць унутр чаго‑н. — Таварыш камандзір! — усунуў галаву ў дзверы разведчык. — Вас можна на хвілінку? Федасеенка.

6. Разм. Даць у рукі. — Бяры! І бяжы ў цэх... — неяк злосна прамовіў вахцёр, усунуўшы Асташонку ў рукі пропуск. Ваданосаў.

•••

Носа не ўсунуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Усунуць галаву ў пятлю — а) павесіцца; б) трапіць у цяжкае, небяспечнае становішча. Бег [Рыгор] назад, бясконца ўзрадаваны дабратой Тараса Тарасавіча. Бег і не ведаў, што сам усунуў галаву ў пятлю, канец ад якой у майго былога гаспадара. Асіпенка.

Усунуць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Усунуць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)