Тарнава́ць1 ’малаціць перавернутыя неразрэзаныя снапы’ (Нас.), ’малаціць неразвязаныя снапы’ (Байк. і Некр.), ’малаціць перакуленыя неразрэзаныя снапы’, ’адбіваць калоссе і адкідваць яго ўбок’ (Касп., Стан.). Параўн. рус. дыял. тарнава́ть ’малаціць збожжа ў снапах, папераменна іх пераварочваючы’, торно́вка ’малацьба звязаных снапоў’. Гл. тара́ніць ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (гл.), паводле Насовіча (Нас.), звязана з таран2 (гл.). Няясна. Рускія словы выводзяць са сторновать ’тс’, якое суадносяць са стернь (Праабражэнскі, 2, 385; Фасмер, 4, 84), гл. сцёран2, стырня, або са сторона (Новое в рус. этим., 219), гл. старана.

Тарнава́ць2 ’табаніць, прычальваць, прыставаць да берага’ (Ласт.), ’кіраваць, накіроўваць у пэўным напрамку’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’тармазіць, затрымліваць (плыт)’ (віл., іўеў., брасл., Сл. ПЗБ), тарнава́цца ’швартавацца’ (карэліц., ЖНС). З мовы плытагонаў, параўн.: “Гануля тарнуй: выкрык плытнікаў на Нёмане, азначаючы каманду прыбіваць плыт да берагу” (Ласт., 698). Няясна; мяркуюць пра сувязь з ням. steuern ’кіраваць’ (Сл. ПЗБ, 5, 90). Гл. таксама тарно, тарнавы.

Тарнава́ць3 ’біцца ў канвульсіях’: тарну я кунвурсія; тарнуе (пра эпілепсію) (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’трэсціся ў ліхаманцы’ (Жд. 1), ’турбаваць, хваляваць’ (Растарг.), тарнава́цца ’калаціцца ад злосці, страху’ (Жд. 1), ’мардавацца’ (жлоб., Нар. словатв.), ’неспакойна стаяць, кідацца ва ўсе бакі’ (чач., ЖНС), ’насіцца, бегаць’ (Ян.), ’гарэзіць, шумець (пра дзяцей)’ (ветк., Ск. нар. мовы), сюды ж таранава́ць ’пра стан, калі чалавек неспакойна сябе паводзіць’ (там жа). Запазычанне, параўн. польск. дыял. tarny ’мурашкі, дрыжыкі (на целе)’, tarnieć ’дранцвець’, tarnąć ’церпнуць’, што, паводле Брукнера (566), з першаснага *tarpnąć, гл. цярпець, церпнуць.

Тарнава́ць4 ’прыстасоўваць, прымяняць’ (Стан.), ’адносіць; рабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення’: ён гэта тарнуе да мяне (віл., Стан.), тарнава́цца ’прыстасоўвацца’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’уладкоўвацца, размяшчацца’, ’прыстасоўвацца, дапасоўвацца’ (віл., Стан.). Наватвор 20‑х гадоў на базе тарнаваць3 з першасным значэннем ’турбаваць, хваляваць’; зафіксавана ў першым выданні слоўніка братоў Гарэцкіх (Гарэц. 1) у прыставачным дзеяслове прытарно́ўваць ’прыстасоўваць, дапасоўваць’, параўн. у сучасным ужыванні тарнаванае мастацтва ’ўжытковае, прыкладное мастацтва’ (Беларусіка, 19, 226), з далейшым развіццём значэння ’дастасоўвацца, датычыцца’.

Тарнава́ць5 ’цягнуць, несці, везці цяжкае ці вялікае’ (Мілк.). Відаць, звязана з тараніць3 ’несці’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

биться

1. бі́цца;

во́лны бью́тся о бе́рег хва́лі б’ю́цца аб бе́раг;

2. (сражаться) бі́цца; (бороться) змага́цца;

3. (ударяться) бі́цца; сту́кацца;

4. (трепетать, содрогаться) трэ́сціся, калаці́цца; бі́цца; (метаться) кі́дацца;

биться в припа́дке бі́цца ў прыпа́дку;

больно́й храпе́л и би́лся хво́ры хроп і кі́даўся;

5. (чрезмерно трудиться, добиваться чего-л.) бі́цца;

биться над разреше́нием вопро́са бі́цца над рашэ́ннем пыта́ння;

6. (о сердце) бі́цца, калаці́цца;

7. (драться, наносить побои) бі́цца; разг. лупцава́цца, таўчы́ся;

8. (разбиваться) бі́цца;

стекло́ бьётся шкло б’е́цца;

9. страд. бі́цца; таўчы́ся; забіва́цца, рэ́зацца; кало́цца; адбіва́цца; см. бить 1, 3, 6;

биться об закла́д бі́цца аб закла́д, ісці́ ў закла́д, заклада́цца;

биться как ры́ба об лёд бі́цца як ры́ба аб лёд.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

копе́йка капе́йка, -кі ж.;

копе́йка в копе́йку капе́йка ў капе́йку;

без копе́йки без капе́йкі, без гро́ша;

в копе́йку стать (обойти́сь, вскочи́ть, влете́ть и т. п.) у капе́йку абысці́ся (уляце́ць);

до после́дней копе́йки израсхо́довать да апо́шняй капе́йкі зрасхо́даваць;

дрожа́ть (трясти́сь) над ка́ждой копе́йкой дрыжа́ць (калаці́цца, трэ́сціся) над ко́жнай капе́йкай;

за копе́йку уступи́ть (отда́ть) за капе́йку адда́ць;

как одну́ копе́йку (заплати́ть, вы́ложить и т. п.) як адну́ капе́йку (заплаці́ць, вы́класці і да т.п.);

ни копе́йки ні (ані́) капе́йкі;

ни на копе́йку (нет) ні на капе́йку (ні на грош) (няма́);

поги́бнуть (пропа́сть и т. п.) ни за копе́йку загі́нуць (прапа́сці і да т.п.) ні за што (ні за грош);

с копе́йками з капе́йкамі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

трымце́ць, ‑мчу, ‑мціш, ‑мціць; незак.

1. Быць ахопленым трымценнем; дрыжаць, калаціцца. [Лоўгач] толькі цяпер заўважыў чырвоныя плямы на белых абвіслых шчоках, заўважыў, як трымціць у Марфы абвіслая губа.. Савіцкі. Трымцелі рукі, млела здаровая нага, а на хворую балюча было ступаць, кружылася галава. Місько. // Мігаць, мігацець (пра агонь, святло). Чаму сярод зорных гронак, Што ў рэчку зляцелі з кручы, Як абручальны пярсцёнак. Трымціць маладзік бліскучы? Макаль. // Перарывіста, няроўна гучаць (пра голас, гукі). Голас .. [Валі] надрываўся, трымцеў, і вочы былі поўныя жалю і смутку. Гроднеў. // Утвараць з рознымі адценнямі гукі. Так ад раніцы і да вечара Ён [шпак] трымцеў у сто дзевяць адценняў, Быццам цёплае чалавечае У прастор пераліць хацеў ён. Чэрня. // Трэсціся, калыхацца. Лістота трымцела над галавою і рэдка падала. Пташнікаў. А мая бярозка стаяла, пазірала на ўсё гэта і, здаецца, задаволена варушыла галінкамі, на якіх з гарэзным імпэтам трымцелі лісточкі і гайдаліся каташкі. Васілёнак. Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // Дрыжаць (пра лёгкі рух паветра, смуту, марыва і пад.). Нагрэтае паветра трымцела на фоне блакітнага далягляду. Беразняк. Стаяла гарачыня, над палямі з ранку да вечара трымцела празрыстае марыва. Чаркасаў. // Злёгку калыхацца, пакрывацца рабізною (пра ваду, раку і пад.). Ад лёгкага павеву ветрыка вада рабацілася, трымцела. Пальчэўскі. Гайдаецца шумна сасна, і хвалі трымцяць на азёрах. Глебка. // перан. Узмоцнена і часта біцца (пра сэрца). Малыя, .. стараючыся не паказаць адзін аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі. Мележ. І ў грудзях маіх сэрца трымціць Нераскрытай вясковай пупышкай. Бураўкін. Антон Паўлавіч ішоў дадому, а сэрца соладка трымцела ад задавальнення. Пянкрат. // чым. Часта рухаць, варушыць. Калі сонца прабівалася скрозь краны, часамі, нібы з другога свету, вырываўся і хутка-хутка трымцеў цёмнымі крыльцамі матылёк. Карпюк. // Махаючы крыламі, трымацца ў паветры (пра птушак, матылькоў і пад.). Нібы падвешаныя на нітачцы, трымцелі на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. С. Александровіч.

2. Дрыжаць, трапятаць ад моцнага хвалявання, якога‑н. унутранага пачуцця. [Кастусь:] — Не трэба мне .. грошай, калі за іх апошнім сабакам, трэба быць і вечна трымцець ад страху. Машара. // перан. Прабівацца, праяўляцца, выяўляцца дзе‑н., у чым‑н. Але недзе ў грудзях яшчэ трымціць радасць, і ты адчуваеш, што тое, што было, застанецца назаўсёды ў тваёй душы, як дарагі скарб. Асіпенка. Недзе на самым дне душы .. [Барыса Хмары] трымцела крыўда. Васілевіч.

3. Дрыжаць, калаціцца ад удараў, стуку і пад. Хвалі з такой сілай білі ў барты, што сцены каюты трымцелі дробна-дробна. Лынькоў. Ходырам хадзілі драбіны, на калдобінах і паваротах падлятаў насціл, трымцелі атосы. Жычка.

4. перан.; перад кім-чым і без дап. Адчуваць страх, баязлівасць перад кім‑, чым‑н. Стаіць на адным месцы Марыля, трымціць, калоціцца... А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё, выбіраюць, .. пакуюць... Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. харк. то́ргати ’тузаць’, рус. то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск. targać ’тс’, ст.-польск. tergać, н.-луж. tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж. torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш. trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац. trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен. tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв. tȑgati, серб. тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед. трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг. тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав. истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл. *tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац. tergēre ’выціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч. τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм. tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. B trask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл. *tъrgati супастаўляе з лац. stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл. *tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд. tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е. *ter‑ ’церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл. *dьrgati, параўн. укр. де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял. де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус. дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал. дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус. дьргати ’торгаць’, польск. dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж. źergaś ’часаць лён’, чэш. drhati, ст.-чэш. držěti seтрэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен. dŕgati ’церці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг. дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е. *derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).

То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус. дёрг!, польск. der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трус1, тру́сік ‘кролік, свойскі грызун сямейства заечых, Lepus cuniculus domesticus’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц., Др.-Падб., Пятк. 2, Яруш., Касп., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, Арх. Вяр., Бяльк.), трусь ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 1), сюды ж ст.-бел. трусочы ‘кралёвы, кролікавы’ (XVII ст., ГСБМ), паўд.-зах.-бел. тру́сіха, цэнтр.-бел. трусі́ца, цэнтр. і ўсх.-бел. тру́ска ‘самка труса’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 3., Сцяшк.). Укр. трусь, трус ‘кролік’; рус. трус ‘тс’ (Даль), польск. trusia, truś ‘тс’, ст.-польск. truśka ‘кральчыца’, славац. trus‑trus ‘падкліканне трусоў’. Відавочна, генетычна звязана з трусі́ццатрэсціся, дрыжаць’: конь чуе, што подходзяць воўкі, трусіцца (ТС), гл. тру́сі́ць1 ‘калаціць, трэсці’, тады — ‘той, хто трасецца, хто дрыжыць’, што характэрна для кроліка: pałochliwy jak trus (królik) (Пятк. 2, 262). Паўночнаславянскі дэвербатыў, ідэнтычны прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ (гл. трус2). Сюды ж у адносінах да чалавека трус ‘баязлівец’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Пятк. 2), параўн. укр. трус, рус. трус, польск. trus, trusia ‘тс’, што ўзводзяць да прасл. дыял. *trusъ ‘страх’, звязанага чаргаваннем з *trǫsъ ‘трасенне’ (ЕСУМ, 5, 658), параўн. укр. труса́ ‘страх’. У беларускай літаратурнай мове і ў беларускіх гаворках пашырылася, відаць, з рускай мовы, дзе лексема трус са значэннем ‘баязлівец’ ужываецца з XVIII ст. (Чарных, 2, 267), аднак найменні з зыходнай семантыкай ‘трапятанне, дрыжыкі, боязь’ фіксуюцца ўжо з XII—XIII стст. (СлРЯ, 11-17, 30, 208). Вытворныя трусі́на ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тру́ска ‘баязліўка’ (Янк. 3.), трусля́к ‘тс’ (Мат. Маг.), труслі́ву, трусьлі́вы ‘тс’ (ТС, Бяльк.), труса́н, трусі́шча ‘тс’ (Жд. 2), тру́сасць ‘баязлівасць’ (Др.-Падб.), як і ўтварэнні н.-луж. tšuchły ‘сарамлівы, маладушны’, ‘баязлівы’, ‘сумны’, в.-луж. truchły ‘баязлівы’, лат. traušâtiês ‘баяцца’ сведчаць пра магчымасць незалежнага развіцця семантыкі, гл. Фасмер, 4, 110; Арол, 4, 109. Іншая этымалогія слова грунтуецца на выклічніках, якімі падзываюць кролікаў і іншых хатніх жывёл і птушак: трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў (Нас.; Горбач, Зах.-пол. гов.), укр. трусь-трусь ‘тс’, рус. трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў і цялят, трусе́‑трусе́ — падзыўныя для кароў, тру́сенька‑тру́сенька — падзыўныя для коней, польск. truś‑truś — падзыўныя для кролікаў і індыкоў, trusia‑trusia — падзыўныя для кароў, trusz‑trusz — падзыўныя для кролікаў і інш. (Борысь, 645), якія могуць узыходзіць да тпро, тпру, птрусь (гл.). Сюды ж трусі́ць, атрусі́ць ‘прыводзіць трусянят’, трусыне́тко, трусыня́тко ‘трусянё’ (Сл. Брэс.), трусі́нь пад печ! ‘выгук для адганяння трусоў’ (Юрч. Вытв.), тру́ска ‘самка кроліка’ (Касп.), тру́сік ‘кролік’ (Ласт., Растарг.), трусо́к ‘тс’ (Ласт.).

Трус2 ‘ ваганне зямлі, землятрус’ (ТСБМ), ст.-бел. трусъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трус ‘трасенне; сумятня, перапалох’, ц.-слав. трясенье земле, трусъ ‘землятрус’, рус. трус ‘тс’, ‘бура і хваляванне, лютасць стыхій’, стараж.-рус. трусъ ‘трапятанне, дрыжанне, страх’, ‘трасенне’, серб. тру̂с, харв. trûs ‘землятрус’, балг. (земе)тръ́с ‘тс’, ст.-слав. трѫсъ ‘тс’, ‘хваляванне, бура’. Да прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ < *tręsti ‘трэсці’ ў выніку мены насавога ǫ на ўсх.-слав. у, гл. тру́сіцца, тру́сіць, трэсці. У сувязі з тым, што лексема *trǫsъ мела некалькі значэнняў, у сучасных славянскіх мовах у значэнні ‘ваганне зямлі’ стаў ужывацца навуковы тэрмін: польск. trzęsienie ziemi, чэш. zemětřesení, рус. землетрясение, балг. земетресене і земетръ́с, макед. земјотрес, серб. зе̏мљотрес, параўн. паэтычнае землятру́с (У. Караткевіч).

Трус3 (trus) ‘ператрус, вобыск’ (Пятк. 3), тру́ска ‘тс’ (Клім.). Да. трусіць1 ‘шукаць’, гл.

Трус4 ‘від бегу каня, трух, трушок’ (Бяльк.), сюды ж тру́сом (бегчы) ‘тс’ (Стан., Бяльк.), труском, трускаля́ ‘тс’ (чач., ЖНС), трусі́ць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ), рус. смал. трусь ‘ціхі трух, трушок’, балг. тръ́с ‘тс’. Узыходзіць да прасл. *trǫsъ < *trǫsiti ‘трэсці’, параўн. таксама трух, трушок, гл.

Трус5 ‘смецце, ламачча, жарства, друзачкі’ (Нас., Некр. і Байк.); сюды ж, відаць, тру́сак ‘смецце, чарапкі’ (Нас.), тру́сок ‘сухія галінкі, трэскі’ (Федар. 1), тру́ска ‘парушына, трэсачка’ (Нас., Юрч. Вытв., ТС), трусо́чык ‘дробнае вецце, сухое галлё’ (Бяльк.), труса́ ‘пілавінне’ (ст.-дар., Жыв. НС), трусочка ‘ламачча, буралом’ (Нар. Гом.), тру́сачка ‘парушынка; трэсачка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘дробка, каліва’ (Нас.), тру́снік ‘друз, трэскі’, ‘дробнае ламачча’ (ТС), ‘трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. тру́со́к ‘дробнае ламачча, сухія трэскі’, ‘дробна парубанае галлё’, рус. трус ‘тс’. Дэвербатыў ад трусіць2 ‘смяціць, церушыць, растрасаць’ (гл.), аднак некаторыя вытворныя дэманструюць сувязь з труск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скака́ць, скачу, скачаш, скача; незак.

1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі. Колас. Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр. Танк. Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Бяганская. Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе. Астрэйка. // Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч. На адталым дзірване Павесялелы скача верабей... Лось. // Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. □ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах. Шыцік. // Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі? Бялевіч. Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Васілёнак. // перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай. Шамякін. // перан. Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады. Бядуля. // перан. Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве. Чарнышэвіч.

2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача... Макаль. Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць. Лынькоў.

3. перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі. Мурашка. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца. Купала. // Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр». Ракітны. Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. Барадулін. Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы. Крапіва. / Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем. Арочка. Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены. Бураўкін. / Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі. Навуменка. Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах. Мележ. Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне. М. Ткачоў. // Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі. Шамякін. // Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі. Хомчанка. У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Шыцік.

4. Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса. Крапіва. На поўнай круглай шыі скакала жылка. Пташнікаў.

5. Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.

6. Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць... Купала. — А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна. Васілевіч. Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць. Грамыка.

7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў. Галіноўская. Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе. Смагаровіч. // Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі. Звонак.

8. Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.

9. Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.

•••

Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.

Скакаць (танцаваць) пад чыю дудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)