дзяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Участак лесу, адведзены пад высечку або ўжо высечаны. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. — Такія елкі, як на плошчы, прывозяць з дзялянак, дзе сякуць лес, а не абы-адкуль. Хадкевіч.

2. Участак зямлі, адведзены для якой‑н. мэты (апрацоўкі, забудовы і пад.). Усе пайшлі аглядаць доследныя дзялянкі, якія былі тут жа, за палацам. Дуброўскі. Дзяўчынка адводзіць сваёй казе раскошную дзялянку: метраў дваццаць ва ўсе бакі ад убітага ў зямлю коліка. Кулакоўскі.

3. Абл. Кавалак чаго‑н. Бабіцкая разгарнула скрутак: там была круглая буханка жытняга хлеба і дзялянка сала. Гурскі. // Частка, доля ад чаго‑н. (пры дзяльбе). Актыўны гуманізм рыбакоў праявіўся ў аднадушным рашэнні даваць дзялянку з кожнага ўлову ўдаве Прахора і старому Сымону. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старэ́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да старога (у 1 знач.), належыць яму. Старэнькая яна, бабка Настуля. Сядзіць з кіёчкам, грэецца на асеннім сонцы ды жмурыць старэчыя вочы. Даніленка. Лаўрэна кашаль схапіў за грудзі — трос яго старэчыя плечы. Баранавых. // Уласцівы старому, такі, як у старых. Гады зрабілі .. паходку [доктара] старэчай, цяжкай і павольнай. Машара. Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошні час у яго з’явілася старэчая слабасць — разважаць з самім сабой уголас. Шамякін. Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.

2. Які мае адносіны да старца (у 1 знач.); такі, як у старца. Старэчая торба. □ Людзі пачалі заўважаць ля касцельных, кляшторных і царкоўных дзвярэй, у старэчым натоўпе, новага жабрака. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою; спосабы і прыёмы вядзення бою. Тактыка марскога бою. Тактыка актыўнай абароны. □ Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі і пайшлі акружаць тое месца. Брыль. Усе дні блакады атрад Баразны трымаўся адной тактыкі: хадзіў следам за ворагам. Васілеўская. // Навука аб тэорыі і практыцы вядзення бою. Курс тактыкі.

2. Сродкі і прыёмы грамадскай і палітычнай барацьбы. Камітэт .. змяніў тактыку — загадаў гурткам рабіць сходы ў адзін дзень па ўсім павеце. Пестрак.

3. перан. Прыёмы і сродкі дасягнення якой‑н. мэты; спосаб дзеяння, лінія паводзін каго‑н. Мая Любаміраўна, убачыўшы, што .. [муж] пачынае гневацца не на жарт, адразу змяніла тактыку: ласкава абняла, пацалавала. Шамякін. Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку. — Такому старому, як вы [дзед Талаш], не варта глядзець на мае вочы. Колас.

[Грэч. taktike.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наплява́ць, ‑плюю, ‑плюеш, ‑плюе; ‑плюём, ‑плюяце; зак.

1. Плюнуць некалькі разоў куды‑н., на што‑н. Напляваць на падлогу.

2. чаго. Выкінуць з рота пляўкамі нейкую колькасць чаго‑н. Напляваць шкарлупін.

3. перан. Разм. Аднесціся нядбайна, раўнадушна або з пагардай да каго‑, чаго‑н. Напляваць на справу. Напляваць на работу. □ [Люба:] — Я трымала на руках дзіця і сказала старому, што гэта яго ўнук. Паверыў ён ці не паверыў, але прагнаў мяне. .. Больш я там ужо не была. Наплявала. Чорны.

4. толькі ў форме інф. напляваць у знач. вык., каму. Разм. Выказванне поўнай абыякавасці або пагарды. [Генадзь:] — Будыка не баіцца, што пра яго скажуць. Я так бачу: напляваць яму на вашу камісію. Шамякін. [Расказчык:] — Галосяць яны цяпер, небаракі, так, што, здаецца, каменнае сэрца не вытрымае. А пану і суддзям напляваць на чужое гора. Якімовіч.

•••

Напляваць у душу — вельмі абразіць, насмяяцца, пакрыўдзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пуд1 ’мера вагі (16 кг)’, (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Бяльк., Мат. Гом.), ст.-бел. пудъ ’адна з асноўных адзінак меры і вагі ў ВКЛ, звычайна мёду, воску, радзей інш. (ад 15 да 18,7 кг)’ (Ст.-бел. лексікон), у дамове смаленскага князя з Рыгай 1229 г. слова мела агульнае значэнне ’вага’, ’вагавы эталон’ (Скурат, Меры, 113), пра што сведчыць прыметнік пудъный: А соль весите пудънымъ ременемъ по старому закону (дамова Полацка з Рыгай 1405 г.); сюды ж вытворнае пудовня ’адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў, роўная пуду’ (Нас. гіст.), ’мерка, у якую змяшчаўся пуд пэўнага рэчыва’, адзначанае і ў сучасных народных гаворках: пудо́ўня ’пуд’ (Ян.), а таксама пудо́вік, пудаві́к ’тс’ (Мат. Гом.), пу́дзіць ’купляць пудамі што-небудзь; купляць на вагу’ (Нас.); укр. пуд, рус. пуд. Запазычана са ст.-нардыйск. pund ’фунт’, параўн. ст.-ісл. pund ’тс’, продкамі ўсходніх славян у праформе *pǫd‑ > пудъ (Векслер, Hist., 104). Крыніцай агульнагерманскага слова з’яўляецца аблатыўная форма лац. pondo, выдзеленая са спалучэння libra pondo ’вагой у адну лібру’, якая ўжывалася як нескланяемы назоўнік у якасці сіноніма да libra. У адпаведнасці з рэгулярнымі фанетычнымі зменамі зыходнае слова было перааформлена ў ст.-в.-ням. pfunt, якое з XIV ст. у форме фунт (гл.) замацавалася ў славянскіх мовах.

Пуд2 ’страх, сполах, ляк’ (ТСБМ; Гарэц.; Шат., брасл., віл., ст.-дар., круп., Сл. ПЗБ; Бяльк.; петрык., светлаг., калінк., Мат. Гом.; ТС, Маш., Шн. 2; капыл., Жыв. сл.; докш., Янк. Мат.), ’сполах жывёл’ (Варл.), укр. пуд ’страх’, польск. pęd ’рух, імкненне’ > бел. пэнд (гл.), чэш. pud ’інстынкт’. Самастойныя ўтварэнні ў кожнай са славянскіх моў ад прасл. *pǫditi ’гнаць, прыспяшаць’, ці, паводле Когена (Запіскі, 2, 239), ’піхаць, цясніць’, гл. пудзіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прахадны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае скразны праход, служыць для праходу. У прахадной будцы стаяў вартавы, які прыдзірліва аглядаў кожнага, хто набліжаўся да яго. Лупсякоў.

2. у знач. наз. прахадна́я, ‑ой, ж. Памяшканне пры ўваходзе на прадпрыемства, праз якое праходзяць рабочыя і служачыя. Пасля работы Алесь у прахадной сутыкнуўся з Паўлаўцом, сакратаром партбюро цэха. Шыцік. Сустрэліся мы з Уладзімірам Няхайчыкам каля прахадной у галоўны корпус. Кавалёў.

3. Які дае права або мае магчымасць прайсці па конкурсу куды‑н., увайсці ў склад каго‑, чаго‑н. [Міша:] — Семнаццаць з дваццаці набраў. Прахадны бал... А Лёня Хазанскі праваліў. Мыслівец. [Толя:] — Начальства здаволена ім амаль на дзевяноста працэнтаў, бетоншчыкі — на ўсе сто. Так што, павер мне, старому газетнаму прайдзісвету, кандыдатура прахадная ва ўсіх адносінах. Чыгрынаў.

4. Спец. Які робіць перасяленне з аднаго месца на другое (пра жывёл, птушак, рыб). Нерастуе сіг звычайна ў канцы лістапада і пачатку снежня, прычым аселы азёрны сіг адкладвае ікру на камяністых водмелях, а прахадны — на парожыстых участках рэк з галечным дном. Матрунёнак.

•••

Прахадны двор гл. двор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́ня, ‑і, ж.

1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго‑н. Зерне высыпалі ў скрыню. □ [Лубяніха:] — А ўжо мукі гэтай пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана... Ракітны.

2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. Параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю. Грахоўскі. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. // чаго. Колькасць грузу, якая можа змясціцца ў такой пасудзіне. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Навуменка.

3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар. Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Сабаленка. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас. Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

худы́ 1, ‑ая, ‑ое.

З тонкім, сухарлявым целам. — А худы які! — здзівіўся Іван, гледзячы на Міколу. — Чаго так выпетраў? Вобла, а не чалавек. Новікаў. Не захацелася крыўдзіць Чарнова, які, нібы зачараваны, не зводзіў вачэй з худога няўклюднага каня. Васілевіч. // Пра часткі цела. І з усяе шчырасці, колькі быць яе можа ў сына да маткі, цалаваць пачаў яе худыя, сухія рукі. Мурашка. У Леўкіна худы твар, запалыя шчокі, насцярожаныя вочы. Ці можа мне толькі здаецца? Дадзіёмаў.

худы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Разм.

1. Дрэнны. — Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... — скардзіўся.. [дзед] часам на сваё няўмельства Міколку. Лынькоў. Паўтары дзесяціны худой зямлі. Яе не большала, а сям’і прыбывала. Таўлай. Маці худое жыта жне і спяшаецца, каб не адстаць ад іншых жанчын, каб хутчэй скончыць сваю палоску. Каваль.

2. Дзіравы; стары. — Хто такі? — спытаў Мсціслаў. — Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераступі́ць 1, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. каго-што або цераз каго-што. Ступіўшы, перайсці на другі бок чаго‑н. Пераступіць парог. Пераступіць цераз канаву. □ Усё поле было падзелена на загоны, часам такія вузкія, што курыца магла пераступіць. Гурскі.

2. Зрабіўшы крок, перамясціцца куды‑н. Пераступіць з аднае сцежкі на другую. // Не сыходзячы з месца, перамяніць становішча ног або перанесці цэнтр цяжару з аднае нагі на другую. Вадзім зірнуў на свае туфлі, нялоўка пераступіў з нагі на нагу. Асіпенка.

3. перан.; што. Парушыць, перасягнуць рубеж, мяжу чаго‑н. Пераступіць мяжу прыстойнасці. Пераступіць закон. □ Яны стаялі можа хвіліну моўчкі — блізкія і далёкія разам. Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася. Мележ.

пераступі́ць 2, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. што. Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць другога. Пераступіць чаргу. // Ахвяраваць што‑н., чым‑н. Я лепш сваё пераступлю. □ Часам для справы трэба пераступіць свае пачуцці. Няхай.

2. Зрабіць уступку, саступіць. Маці нездаволена паглядзела на дзяўчыну і ледзь прыкметна прыжмурыла вока. «Сціхні, — гаварыў гэты яе знак, — пераступі старому». Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрадве́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе ад вякоў, не перастае існаваць; адвечны. Большая частка .. [выспы] пакрыта спрадвечнымі льдамі, а на меншай жывуць эскімосы і наезджыя каланісты-датчане. Дубоўка. Яно спакойнае, урачыстае, спрадвечнае жнівеньскае неба. Навуменка. Гудзе зямля, звіняць прасторы на свой стары, спрадвечны лад. Колас. Усё ішло само па сабе, падпарадкоўваючыся спрадвечным законам. Чаркасаў. // Шматвяковы, векавы; вельмі стары. Спрадвечны бор. □ Вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў. Чорны. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч.

2. Які існуе здаўна; старадаўні. Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі; бабулі і мамы развешваюць ад елкі да бярозкі памытую бялізну, а ў нядзельныя раніцы, па старому, спрадвечнаму звычаю, пякуць у зямлянках аладкі для ўнукаў і дзяцей. Брыль. // Які вельмі даўно мінуў, вельмі даўні. Рабілі рупна і з веданнем, як робяць з часоў спрадвечных другія зямныя справы. Вярцінскі.

3. Карэнны, пастаянны, асноўны. Белавежскія зубры, спрадвечныя жыхары старадаўніх лясоў, знаходзяцца зараз і на беларускім баку пушчы. В. Вольскі. Была яшчэ адна немалаважная прычына: спрадвечнаму земляробу цяжка прызвычаіцца да гарадскога жыцця. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)