пясча́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пяску, пяскоў. Пясчаны край. Пясчаныя залежы. // Які складаецца з аднаго пяску, пакрыты пяском, пяскамі. Пясчаныя рачныя выспы. Пясчаная сцежка. Пясчаныя пустыні. □ Разгалістыя сосны.. раскінуліся на пясчаным узгорку. Колас.
2. З вялікай прымессю пяску; пескаваты. Пясчаная глеба. Пясчанае поле. □ Ворная зямля ў малінаўцаў была.. напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.
3. Як састаўная частка назваў раслін і жывёл, што растуць або жывуць на пяску, у пясках. Пясчаная акацыя. Пясчаны барсук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нямы́, ‑ая, ‑ое.
1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць. Нямое дзіця. □ Спачатку я нават не ведаў, што там жаўцее, а потым успомніў, што гэта новы зруб нямога Паўла. Кулакоўскі. / у знач. наз. нямы́, ‑ога, м.; няма́я, ‑ой, ж. перан. Маўклівы, ціхі. Навокал — нямыя сосны, далей — гушчар. Карпюк. Скуты холадам даліны, Луг ляжыць нямы. Колас.
2. перан. Скрыты, затоены. Таня з нямым папрокам утаропілася ў Веру. Машара. У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у блеклых вачах нямое запытанне. Лынькоў.
•••
Нямая карта гл. карта.
Нямое кіно гл. кіно.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прына́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Прыцягваючы ўвагу чым‑н. (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл).
2. Выклікаць жаданне быць, бываць дзе‑н.; прывабіць. [Ніна:] Дык, можа, і арэшнік пасадзіць, вавёрачак прынадзіць на сосны. Кучар. Вось казу прынадзіў Канюшынкай садзік. Шушкевіч. // Выклікаць сімпатыю да сябе. Марылька аж зазлавала была на мяне. Маўляў, гэта я вінаваты — гэтак хлопчыка прынадзіў, што ён не прызнае яе за маму. Сабаленка. // Прыцягнуць да якой‑н. справы. За доўгі час удалося яму прынадзіць толькі з паўсотні чалавек. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Легчы, шырока раскінуўшы рукі, ногі. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек. Лынькоў. // Шырока, у розныя бакі працягнуць свае галіны, лісты; пышна разрасціся. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу. Колас.
2. Размясціцца дзе‑н., заняўшы сабой вялікую прастору; далёка працягнуцца. Вунь аж да Нёмана раскінуўся бяскрайні луг. С. Александровіч. Ад вакзала да самага Амура раскінуўся вялікі новы горад. Грахоўскі.
3. Разм. Патраціцца на што‑н. Гаспадарлівы не надта раскінецца. Прымаўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаду́мам, прысл.
Разм. Самавольна, без дазволу. — А як вы в[е]дз[я]це травапольную сістэму?! — .. [Бялоцкі] павярнуўся да Варанецкага. — Я дзеля гэтага і прыехаў. На тое, што вы траву насенную самадумам касіць узяліся, я выпадкова наткнуўся. Дуброўскі. Стогнуць Бусліныя сосны: даўганосыя птахі сёлета занялі ў Грынях самадумам нечае шматгадовае прыстанішча. Пташнікаў. // Не параіўшыся з іншымі. [Надзя:] — Ці ж усё добра? Быццам у цябе не было з кім параіцца? А ты [Валодзька] самадумам усё. Гроднеў. [Тата:] — Вось бачыш... Шкоды атрымалася больш, чым карысці. Таму што не раіцеся з дарослымі, а ўсё самадумам. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згон, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зганяць 1 — сагнаць.
2. Абл. Плыт. Бервяно к бервяну — І гатовы наш згон, А лес — стрыжань адзін, А сасна — нібы звон. Астрэйка. Дбайна ўзрошчаныя кнёны, Сосны, звонкія, як сталь, Туга звязаныя ў згоны, Без канца плывуць у даль. Глебка.
3. Гіст. Збор усіх сялян без выключэння для адработкі феадальнай павіннасці. Апрача непасільнага прыгону, сяляне выконвалі шмат дадатковых работ, як згоны, варту і інш. Лушчыцкі.
•••
На згоне чаго — на сыходзе чаго‑н. Пачалі будаваць .. [майстэрню] на згоне зімы, падвялі пад кроквы і бадай канчаць на лета. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здабы́ча, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здабываць — здабыць. Здабыча золата. □ Вельмі ж непрадумана рабілася падсочка. Стараліся план па здабычы жывіцы выканаць, а што сосны могуць засохнуць — гэта не вельмі турбавала. Даніленка.
2. Тое, што здабыта, атрымана, дасягнута шляхам якіх‑н. намаганняў. Ваенная здабыча. □ Калісьці тут грабежнікі-піраты дзяліліся здабычаю багатай. А. Вольскі.
3. Тое, што здабыта на паляванні, лоўлі і пад.; прадмет палявання, лоўлі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка. Хлапцы пачапілі сазаноў папружкай пад жабры, закінулі сваю.. здабычу за плечы і пайшлі. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знадво́рку, прысл.
1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.
2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струме́ніць, ‑ніць; незак., што і без дап.
Цячы струменем, струменямі. Вясна-красна Прыйшла да нас, Са стрэх вада струменіць. Хведаровіч. Тапурыя дапамог .. [Тарыелу] ўстаць і амаль непрытомнага давёў да маленькага ручая, што струменіў з-пад каранёў дрэў. Самуйлёнак. Ёсць лажок сярод жыта, Дзе струменіць крыніца. Калачынскі. // перан. Вылучаць, пашыраць струменем (пах, святло і пад.). І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні, А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас. Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. З’яўляцца, паказвацца на кароткі час і знікаць; з’яўляцца час ад часу. Белая суседчына хустка мільгала за рэдкім плотам. Мікуліч. // перан. З’яўляцца, праносіцца ў памяці. Не раз мільгала думка — стаць ляснічым, садзіць бярозы і сосны. Навуменка. Нешта даўно забытае мільгала ў памяці. Чарнышэвіч.
2. Хутка праносіцца адно за другім, зменьваючы адно другім. Міма вокнаў вагона мільгаюць пералескі, злёгку кранутыя пазалотай восені. Шахавец. Міналася спусцелае поле і голыя гайкі, і мільгалі на спатканне тэлеграфныя слупы. Гарэцкі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць коратка, з перарывамі; бліскаць. Насупраць мільгаюць зарніцы, Гудуць урачыста гудкі. Хведаровіч. — Глядзіце, глядзіце! Вунь там мільгае агеньчык! Скрыпка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)