са́ла, ‑а, н.

1. Тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма. Так кормяць у нас багацейшыя гаспадары парсюкоў, калі хочуць нагадаваць тоўстае сала. Якімовіч.

2. Прадукт, што атрымліваецца з тлушчавага рэчыва, які ўжываецца для харчавання. Таня пакорпалася ў сваім кошыку і выцягнула кавалак сала, тоўстага, белага з тонкай жоўтай скуркай. Новікаў. // Растоплены тлушч; тук. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца... Бядуля.

3. Змазачнае рэчыва мінеральнага або расліннага паходжання. Машыннае сала. Свечачнае сала.

4. Ледзяная кашка, якая ідзе па паверхні вады перад замярзаннем вадаёма. Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца салам. Бяганская. Сала па рацэ плыло. Густа-густа. А каля берагоў, гэтак на метр, лёд завязаўся. Шашкоў.

•••

Скурнае сала — тлушчавае рэчыва, якое выдзяляецца залозамі скуры.

Заліць за скуру сала гл. заліць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.

2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.

3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калбата́ць ’мяшаць, збіваць яйкі з мукой’ (гродз., Мат. АС), калбоціць, калбаціць, калбуціць ’рашчыняць’, ’замешваць’, ’боўтаць’ (гродз., Сл. паўн.-зах.), калбоціцца ’боўтацца, пералівацца’ (Сцяшк. МГ), ’боўтацца, пялёскацца’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж і вытворныя: калбочаная яешня, калбатуха ’амлет, страва з малака, мукі, яец, перамешаных і спечаных на сале’ (Сцяшк. МГ), калбатун ’баўтун, неаплодненае яйцо’ (ашм., воран., іўеў., Сл. паўн.-зах.), калбатуха ’непрыгодная для яды страва, бурда’ (смарг., Сл. паўн.-зах.). Паводле фармальнага крытэрыю і лінгвагеаграфіі (слова прадстаўлена толькі на захадзе Гродзенскай вобласці) верагодней суаднесці яго з літ. kalbė́ti ’гаварыць’. Тут цікавы выпадак, калі ў прамым значэнні ’гаварыць’ слова не зафіксавана, ёсць толькі двухсэнсоўныя прыклады, такія, як калбатун ’балбатун’ («Калбатун кажуць на таго, хто многа гаворыць», лід., Сл. паўн.-зах., 2, 371). Двухсэнсоўны прыклад таму, што калбатун ’балбатун’ можа быць наватворам на базе калбатаць ’боўтаць’ > ’балбатаць’, аднак больш імаверна, што дэрыват суаднесены з калбатаць ’гаварыць’ або, дакладней, з экспрэсіўным варыянтам ’гаварыць’ — ’балбатаць’. Тут цікавы выпадак працэсу, пры якім суаднесеныя па адной прыкмеце запазычаны і спрадвечныя дзеясловы ўзаемадзейнічаюць такім чынам, што запазычаны — калбатаць (і інш. формы) атрымлівае прамую семантыку бел. баўтаць. Парадаксальным з’яўляецца тое, што былі суаднесены толькі пераносныя значэнні абодвух слоў, а за літуанізмам замацавана адно з асноўных значэнняў дзеяслова боўтаць. Запазычанае слова да таго ж было па-рознаму адаптавана (гл. формы вышэй), гэта, аднак, можна разглядаць і як пазнейшыя трансфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Любівы, люблівы, лібівы, ліблівы, любовы, любэвы, любывый ’посны, нятлусты (мяса)’, ’сала з праслойкамі мяса’ (Нас., Касп., Мядзв., Юрч., Вешт. дыс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг. і інш.), зэльв. любо́віно мяса (Сцяшк.), усх.-бел. любавіна ’благое, поснае мяса’ (КЭС і Мат. Маг.), ст.-бел. либѣвый ’змардаваны’, либивость ’худзізна’ (Скарына), якія запазычаны з чэш. liběvý, libivost. Рус. любови́на, смал. любавый, кур. либавчина ’слой мяса на сале’, ст.-рус. либивый ’худы’, паўн.-рус. ли́би́вый, либиво́й ’тс’; каш. lëbavi ’павольны, гультаяваты’, ’любівы’, ’высокі, але тонкі і худы’, велікапольск. lubave mʼysu̯o ’любівае мяса’, в.-луж. libojty < libovitъ, ст.-чэш. libivý, чэш. libový ’тс’, мар. lebavý ’пусты, дрэнны’; славен. libovína, lȋbivo ’мяса без косці’, кайк. libiv ’сухі, пусты’, серб.-харв. либовина ’сцягно’, макед. либав ’слабы’, ц.-слав. либавъ ’худы, мізэрны’. Прасл. libavъ, libivъ, libovъ ’худы, слабы’ (Слаўскі, 4, 218–219), утвораныя ад libъ (параўн. каш. lëbi ’высачэзны, слабы’, ст.-польск. luby ’шчуплы’, каш. lubï ’тс’, в.-луж. liba ’жылістае мяса’, ст.-чэш. libí ’поснае (мяса)’; роднаснымі да яго будуць: літ. líebas ’слабы, тонкі, стройны’, ст.-сакс. lêf ’слабы, хворы’ і з чаргаваннем галоснай літ. láibas, лат. laĩbs ’слабы, тонкі, стройны’, літ. leĩnas ’тс’, лат. lèins ’крывалапы’. І.‑е. *lēibho‑ (Слаўскі, 4, 222; Фасмер, 2, 543 і 492; Махэк₂, 330; Скок, 2, 293; Бязлай, 2, 139; Шустар-Шэўц, 11, 837–838). Пераход лі‑ > лю‑ адбыўся пад уплывам слова любовь; у польск. мове мена li‑ > lu‑ назіралася ўжо ў XV ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)