Тата́рын ’прадстаўнік аднаго з народаў цюркскай моўнай групы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4), тата́р ’тс’ (ушац., Полымя, 2001, 3), тата́ры ’народ, асноўнае насельніцтва Татарстана, а таксама некаторыя іншыя народнасці цюркскай моўнай групы’, гіст. ’цюркскія, мангольскія і некаторыя іншыя плямёны Залатой Арды’ (ТСБМ), ’спецыяльныя вайсковыя фарміраванні ў ВКЛ (“казакі, а менавіта татары”)’ (Arche, 2008, 1–2, 89), ст.-бел. татаринъ, татарынъ ’татарын’ (1340 г., КГС), сюды ж татарчу́к ’татарскае дзіця’ (Некр. і Байк.), ’татарын’ (Сл. ПЗБ), татарва́ зборн. ’татары’ (там жа), тата́ршчына ’нашэсце татар’ (ТС), тата́рскі прым. (ТСБМ, Некр. і Байк.), тата́рсʼкі ’тс’ (Вруб.). Укр. тата́ри́н, та́та́р ’тс’, рус. тата́рин, польск. Tatar, Tatarzyn, чэш. Tatar, славац. Tatár, славен. Tatar, серб.-харв. Tàtar, макед. татар, балг. тата́рин, ц.-слав. татаринъ. Запазычанне з цюркскіх моў, дзе тат. татар ’татарын’, тур. Tatar ’тс’, манг. та́тар ’тс’, чув. тутар ’тс’, чагат. татар ’жыхары краіны, што на поўначы ад Кітая’, ст.-цюрк. tatar ’мангол’, магчыма, звязанае з манг. tatari, калм. tatṛ ’той, у каго іншамоўная вымова’ (Фасмер, 4, 27; Анікін, 539). Пачатковы кампанент цюркскага слова tat‑ першапачаткова значыў ’іранец’ (ЕСУМ, 5, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́мя, пле́ме, пле́мʼе, плеймё, сюды ж пле́менства, племеўство, плямя́, племе́ньне, племянё ’аб’яднанне некалькіх родаў у дакласавым грамадстве’, ’сваякі, радня; дзеці, родзічы; пакаленне; патомства; парода’ (ТСБМ; Яруш.; Нас.; Нік. Очерки; Мат. Гом.; ТС; Карскі 2-3, 183; Кольб.; Сцяшк. Сл.; Жд. 2), на пле́мя ’для атрымання патомства’ (Нар. Гом.), пле́мень ’род’ (ТС), пле́меннік, пле́меністы ’здольны да размнажэння’, пле́менніца ’пладавітая жанчына’ (Нас.). Укр. пле́мʼя, рус. пле́мя, племя́, смал. племьё ’племя’; пле́мень ’сям’я, род, радня’, племе́ньплямёны’, пле́ме́нье ’сям’я, род, радня’; польск. plemię, чэш. plemeno, ст.-чэш. plémě, славацк. plemeno, арх. plemä; славен. pléme, серб.-харв. пле̏ме, макед., балг. пле́ме. Прасл. зыходнае *pled‑men > *plemę ’род, пакаленне, нашчадкі’ (без і.-е. адпаведнікаў), роднаснае аснове *plod‑ ’нашчадкі’ (параўн. рус. плод, плода ’нашчадкі’ — так яшчэ Шымкевіч), — да і.-е. *(s)pel‑ ’калоць, расшчапляць’ (Фасмер, 3, 278; Бязлай, 3, 53; Скок, 2, 681; Махэк₂, 454; Шустар-Шэўц, Этимология–1984, 225–226). Банькоўскі (2, 605), прыводзячы ў якасці адпаведніка ст.-грэч. πλῆθος ’мноства (людзей, прадметаў), лік’, лац. plebs < plēbēs ’народ, натоўп’, магчыма, і літ. pledė́kšnė — пра струк гароху, выводзіць праформу *pledh‑men. Сюды ж пляме́ннік, пле́мениік плімянні́к ’непакладаны кабан’ (віц., ДАБМ, камент., 884), г. зн. пакінуты “на племя” ’на расплод’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыміты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, нескладаны па будове; груба зроблены. Прымітыўныя інструменты. □ Супраць гармат і мячоў радзівілаўскага войска ўзброены .. [народныя масы] былі вельмі прымітыўнай зброяй — сякерамі і косамі. Глебка. Недалёчка над каналам перакінуты прымітыўны мосцік. Пестрак. Нямецкую мову я крыху вывучаў і прымітыўныя сказы і звароты ведаў. Дубоўка. // Нізкі па ступені развіцця; недасканалы. Прымітыўная гаспадарка. Прымітыўны твор. □ Уважліва разглядаю ўзоры на сценах. Яны простыя, часам здаюцца нават .. прымітыўнымі. «Маладосць».

2. Недастаткова глыбокі, спрошчаны. Прымітыўны падыход да з’явы. Прымітыўны спосаб рашэння задачы. □ Гутарка ідзе аб прымітыўным падзеле на герояў станоўчых і адмоўных. Шкраба.

3. Недастаткова адукаваны, малакультурны. [Лорду] здавалася, а можа гэта было і сапраўды, што жыццё гэтых простых людзей, такіх прымітыўных і наіўных, шмат чым больш чалавечнае. Лынькоў.

4. Які адносіцца да ранніх стадый развіцця чалавецтва; першабытны. Прымітыўныя плямёны. Прымітыўнае мастацтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пле́мя, племя і племені, Д племю і племені, В племя, Т племем і племенем, М (аб) племі і племені; мн. плямёны, плямён і плямёнаў; н.

1. Аб’яднанне некалькіх родаў у дакласавым грамадстве, звязаных агульнасцю мовы і тэрыторыі.

2. Група народнасцей, звязаная агульным паходжаннем і блізкасцю мовы. Перад тым, як распачаць дэбаты па дакладу лорда, трэба было выслухаць гэтага чалавека, прадстаўніка афрыканскага племені з Танганьікі. Лынькоў.

3. Уст. Пакаленне, патомства, род. — Маё шанаванне маладому племені, — усміхаецца Палянскі. «Звязда».

4. толькі адз. Разм. Група людзей, аб’яднаных агульнымі прыкметамі, прыналежнасцю да пэўнага сацыяльнага асяроддзя. Я не магу адплыць у шлях далёкі, Пакуль душой не прынаду ізноў Да тых крыніц, да тых святых вытокаў, Што успаілі племя змагароў. Панчанка. Я твайго неспакойнага племені, Партыя. Бураўкін. // Аб жывёле, птушках, аб’яднаных якой‑н. агульнай прыкметай. Племя вераб’інае! Ты знаеш І зімой таксама хараство. Броўка.

•••

Арлінае племя — пра гордых і смелых людзей.

На племя — для атрымання патомства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)