бязду́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены чуласці, сардэчнасці; абыякавы. [Віктар] маўчаў, не мог асмеліцца сказаць.. [Нюры] «бывай», бо бачыў, што яна чакае не гэтага бяздушнага «бывай», а нечага большага — ну, хоць бы нейкай надзеі на новую сустрэчу. Дамашэвіч. І ці многа такіх ёсць бяздушных у нас, што не ўспомняць з падзякай сардэчнаю час, калі ў школе настаўніка першы ўрок узмацніў, падтрымаў наш няўпэўнены, крок? Дубоўка.

2. Халодны, сухі. Бяздушная ігра артыста.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адстаўны́, ‑ая, ‑ое.

Які знаходзіцца ў адстаўцы. Трапіў [Цімох] на сядзібу НІыпшынскага Яна — Адстаўнога маёра, былога улана. Куляшоў. Такая ўвага да яго, «адстаўнога настаўніка», як ён называў сябе, не магла б нг крануць, калі б дырэктар прыйшоў адзін. Шамякін. // Разм. Якога адхілілі. Дамоў прыехаў. Кажуць, трэці дзень Грыміць тваё вяселле (я ж не веру). Вянок з гароху хочуць мне надзець Сябры, як адстаўному кавалеру. Барадулін.

•••

Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дсвет, ‑у, М ‑свеце, м.

Адбітак святла; водбліск. Ад водсвету бледнага полымя твар старога настаўніка здаваўся васковым. Шамякін. // Адліў. На матавым водсвеце медзі Насця прачытала маленькі надпіс. Лынькоў. // перан. Пашырэнне на каго‑, што‑н. чыіх‑н. уражанняў, пачуццяў, праяўленне іх. У апошнім з гэтых вершаў вельмі паэтычны пачатак, які кідае своеасаблівы водсвет на ўвесь твор. Бугаёў. [Буткевіч] убачыў у яе вачах водсвет таго захаплення, з якім яна [Гануся] заўсёды глядзела на яго. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апа́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які асыпаўся з дрэў, галін і г. д. (пра лісце, кветкі і пад.). У празрыстым паветры запахла выкапанай бульбай, апалым лісцем. Карпюк. // Які нізка апусціўся, абвіс. Апалыя галіны.

2. Схуднелы. Апалыя шчокі.

3. Які толькі што выпаў (пра снег). На дварэ перадвясеннія дні. На сцежках свежаапалы чысты снег. Галавач.

4. перан. Які пагоршыўся, сапсаваўся (пра настрой). А гэта ўсё разам яшчэ больш памацняла апалы настрой маладога настаўніка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і заўлада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., кім-чым.

1. Узяць што‑н. у сваё ўладанне; захапіць. Чалавек навучыўся браць багацці зямлі, навучыўся рабіць машыны, завалодаў морамі, рэкамі, паветрам. Галавач. [Птушаняты] злосна штурхаюцца, стараючыся завалодаць большым і лепшым кавалкам. В. Вольскі.

2. перан. Прыцягнуць да сябе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас. Ідэя электрыфікацыі завалодала калгаснікамі ўсіх калгасаў сельсавета. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыўзня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца; зак.

1. Трохі ўзняцца, перамясціцца ўгару. Матор напружана ўзвыў, вал пад’ёмніка закруціўся, кузаў прыўзняўся. Вышынскі. Шырокія бровы прыўзнялася, а вейкі ледзь прыкметна ўздрыгнулі. Васілёнак.

2. Трохі прыўстаць, падняцца. Угледзеўшы настаўніка на парозе канцылярыі, пісар прыўзняўся ў крэсле, працягнуў суседу руку, як добры знаёмы, як прыяцель. Колас. Георгій напружана прыўзняўся, абапіраючыся на мыліцы, твар яго пабялеў. Мележ.

3. перан. Стаць лепшым, радасна-ажыўленым. Настрой яшчэ больш прыўзняўся, калі вечарам мы сышліся ўсе разам. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ад (ада), прыназ. з Р.

1. Указвае на зыходны пункт чаго-н.

Адысці ад агню.

Ад Мінска да Брэста.

Ад галавы да пят.

2. Указвае на крыніцу чаго-н.

Даведацца ад настаўніка.

3. Указвае на непасрэдную сувязь з чым-н., з якой-н. дзейнасцю.

Рабочы ад станка.

Людзі ад навукі.

4. Указвае на цэлае, якому належыць частка.

Крошкі ад хлеба.

Ножка ад крэсла.

5. Указвае на што-н., ад чаго пазбаўляюцца, што ліквідуецца, накіраванае супраць чаго-н.

Ачысціць ад пылу.

Схавацца ад спякоты.

Лекі ад хваробы.

6. Указвае на прычыну, падставу чаго-н.

Плакаць ад гора.

Вясёлы ад шчасця.

7. Указвае на другі прадмет, які супрацьпастаўляецца першаму.

Трэба адрозніваць дабро ад зла.

8. Ужыв. пры абазначэнні даты дакумента.

Загад ад 10 мая.

9. У выразах: год ад году, час ад часу, дзень ада дня і пад. указвае на часавую паслядоўнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цёмна,

1. Прысл. да цёмны (у 1–6 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць святла або недастатковасць асвятлення дзе‑н. Ядвіся зірнула на вокны кватэры настаўніка. Там цёмна і страшна, бо пуста. Колас. Машына як у нару кінулася: і з правага боку цёмна, і з левага боку цёмна,.. толькі снапок святла ад фараў лізаў лужыны на дарозе. Лобан.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра змрочны, цяжкі настрой. На душы .. [Казіка] стала пуста і цёмна. Чарнышэвіч.

•••

Цёмна хоць вока выкалі гл. выкалаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́кі, ‑аў; адз. няма.

Разм.

1. Лякарства. Прыехаў у маёнтак новы доктар з поўным сундуком усякіх лекаў. Якімовіч. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. // перан. Пра сродак, які дапамагае перажыць што‑н. непрыемнае. Хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі няўпэўнена, што словы твае будуць лекамі. Чорны.

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лячыць і лячыцца; лячэнне. Доктар больш не гаварыў і, назваўшы настаўніка, перадаў яму, што хворы павінен застацца на лекі ў бальніцы. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назначэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. назначаць — назначыць.

2. Распараджэнне, пастанова аб прызначэнні на якую‑н. пасаду, работу. Атрымаць назначэнне. □ Дэсант лічыўся разгромленым, і .. [камандзір] чакаў новага назначэння. Чорны. // Разм. Дакумент, які пацвярджае прызначэнне на пасаду, работу. У кішэні ляжала назначэнне на новую работу.

3. Асноўная функцыя, роля каго‑, чаго‑н. Атрад асобага назначэння. // Мэта, прызначэнне каго‑, чаго‑н. Мець сваё назначэнне. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум. Колас.

4. Прадпісанне ўрача. Доктар Сільвановіч запісваў у картачку назначэнне хвораму. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)