разня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; зак., каго-што.

1. Аддзяліць адно ад другога; раз’яднаць, раскрыць што‑н. самкнутае, сашчэпленае. Разняць пальцы. Разняць павекі. □ Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. — Мам, паглядзі, што я знайшоў, — урачыста паведаміў.. [Юрка] і разняў кулачок, у якім была заціснута божая кароўка. Карпаў.

2. Развесці ў бакі тых, хто б’ецца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх! Колас. П’яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Брыль.

3. Раз’яднаць, разабраць на часткі. [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нябо́га, ‑і, м. і ж.

1. Абл. ДМ ‑бозе, ж. Дачка брата або сястры; пляменніца. [Цётка Вера:] — Ну от і ты прыйшла, ягадка мая! Цэлы тыдзень вачэй не паказаць! І гэта нябога называецца. Паслядовіч.

2. ж. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшай па гадах. [Аўген:] — Дык не гаруй, мая нябога — Яшчэ аб’явіцца твой брат. Колас. — Ты, нябога, яшчэ маладая, каб мяне вучыць, — пакрыўджана абазваўся.. [дзед на Маню]. Васілевіч.

3. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑бозе, Т ‑ай (‑аю), ж. Разм. Той (тая), хто выклікае спагаду і жаль; бядак, сірата. З табой сняданне папалам падзелім, каб падужэла ты ў сваёй дарозе, каб весялей было табе, нябозе. Дубоўка. Мікіта захварэў. На ложку скурчыўся, нябога. Стагнаў, крактаў, гарэў... Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пастарацца зрабіць што‑н. хутчэй. — Касіць, хлопцы, касіць, — а не кірмашы спраўляць, — казаў Мікіта Рыла, — на пагодзе стала, трэба паспяшацца... Чарот. Юра паспрабаваў маляваць зайцоў, але выходзілі яны дужа падобныя на катоў, і ён паспяшаўся замазаць іх. Бураўкін. // Хутка пайсці. Прачнуўся Дзяніс досвіткам, сабраў у чамадан дарожныя рэчы, паклаў грошы ў кішэню і паспяшаўся на вакзал. Гроднеў. [Васіль Пятровіч] паспяшаўся ў вестыбюль, які поўніўся ўжо галасамі. Карпаў. // Зрабіць што‑н. паспешліва, неабдумана; пагарачыцца. Я два разы страляў па зайцу.. Першы раз паспяшаўся і бабахнуў здалёк. Ляўданскі. [Вадзім:] — Ну, выйшаў я з дому, азірнуўся і падумаў, што назад ужо халасцяком не вярнуся. І ад такой думкі неяк не па сабе стала. І, шчыра сказаць, завагаўся. Думаю, паспяшаўся. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Стукаць некаторы час; стукнуць некалькі разоў. З дзіцячай цікаўнасцю.. [сын] аглядаў і мацаў кожную рэч. Пакратаў шторы, пастукаў пальцамі па сцяне. Шамякін. Дзед пастукаў па цэбры драўляным малатком. Бядуля. Кветачкі пальцаў цвёрда, нібы ў лад думкам, пастукалі аб стол. Мележ. // Стукам (у дзверы, акно і пад.) даць знаць аб сваім прыходзе, просячы ўпусціць куды‑н. Вось Мікіта звярнуў направа, адчыніў брамку і нясмела пастукаў у шыбу. Скрыпка. Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Карпюк. У акно моцна пастукалі. Лынькоў. // Падаць сігнал, стукнуўшы некалькі разоў; паведаміць аб чым‑н. стукам. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы што‑н. [Дзеці] калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак. Маўр. Чухноўскі ўзяў запалку з парабка.., што ляжаў на стале, і стаў калупацца ёю ў люльцы. Пестрак. // перан. Корпацца ў чым‑н., важдацца з чым‑н. Хлапец.. пусціўся на святло і хутка ўбачыў, што шафёр нечага калупаецца ў маторы. Кулакоўскі. Камера лопнула, і.. [Міхась] доўга калупаўся з колам. Кавалёў.

2. перан. Займацца справай, якая патрабуе карпатлівай, працяглай працы; рабіць што‑н. няўмела і марудна. З самага ранку і да вечара калупаўся Мікіта ля хаты, каля стагоў і хлява. Галавач. // у чым. Залішне старанна аналізаваць, разбіраць што‑н. нязначнае, дробязнае. Нецікава было весці далей гутарку ў гэтым тоне і калупацца ў людскім брудзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак., што.

Перасунуць на нейкую адлегласць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Патржанецкі хлёбнуў чаю і адсунуў ад сябе шклянку. Чарнышэвіч. Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Адсунула стол і пачала вымятаць з-пад кута. Крапіва. // Адводзячы ўбок, адкрыць што‑н. Адсунушы завалу, Міхалка чуў, што Скуратовіч выйшаў у чыстыя сенцы, адсунуў зас[а]ўку ў дзвярах. Чорны. // Сунучы, адхінуць, адсланіць. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. // перан. Зрабіць, менш важным, менш значным. Будзённае жыццё падхапіла Находню імклівай плынню і заняло яго думы, адсунуўшы на задні план асабістае. Хадкевіч. // перан. Вылучыцца, дасягнуць значных поспехаў, апярэдзіўшы іншых. [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват! Усіх інжынераў далёка Пакінуў, адсунуў назад! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змоўк, ‑ла; зак.

1. Перастаць раздавацца, сціхнуць (пра гукі). Песня змоўкла. □ Змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Гоман працы змоўк у полі, Сціхлі гукі за ракой. Гілевіч.

2. Перастаць гаварыць, крычаць, пець і пад.; замоўкнуць, заціхнуць. Мікіта Мінавіч на хвіліну змоўк і зноў абвёў усіх спакойным поглядам. Кулакоўскі. Недзе далёка зноў закукавала зязюля і адразу змоўкла. В. Вольскі. / Пра музычны інструмент, радыё, тэлефон і пад. Ужо і радыё змоўкла, але сама [Маша] ніяк не магла заснуць. Гроднеў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Кулямёт змоўк. □ Самаходка тым часам змоўкла, затое ротныя мінамёты пачалі біць раз-поразу. Кулакоўскі. // Перастаць напаўняцца гукамі, гоманам і пад. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын. Шамякін. Не інакш, як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца, рабіцца чырвоным; афарбоўвацца ў чырвоны колер. Не раз і не два хвалі возера чырванелі ад чалавечай крыві. Даніленка. Брусніцы Даспяваюць, чырванеюць, Як зарніцы. Панчанка.

2. Пакрывацца румянцам, станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Мікіта Мікітавіч чырванеў ад гневу, калі гаворка цяпер заходзіла пра Сасноўскіх. Карпаў. Надзейцы стала горача, твар то чырванеў, то бляднеў, яна зірнула на Калядзіна, шукаючы абароны. Хадкевіч. // перан. Бянтэжыцца, саромецца. [Галя:] — Калі гавораць пра хлопцаў, я заўсёды чырванею. Гарбук. Кухня была агульная, і на гэтай кухні даволі языкатая «палавіна» Івана Леўкіна не раз прымушала чырванець маладзенькую жонку Альберта Аляксандрава. Дадзіёмаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваім чырвоным колерам, віднецца (пра што‑н. чырвонае). Сярод зялёнага моху ўсюды чырванеюць буйныя спелыя брусніцы. В. Вольскі. У галлі і лісці бялеюць і чырванеюць яблыкі. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Закрыць якую‑н. адтуліну, засунуўшы ў яе што‑н.; заторкнуць. Заткнуць шчыліны мохам. Заткнуць вушы пальцамі. □ [Старая] заткнула пакуллем бутэльку і паставіла яе ў кут. Чыгрынаў. [Антон] заткнуў анучаю дзірку ў акне і агню не запальваў. Чорны. // Заціснуць (нос), каб не чуць дрэннага паху. Заткнуць нос.

2. Засунуць які‑н. прадмет за што‑н., куды‑н. Заткнуць сякеру за пояс. □ І не запхнуў, не заткнуў [дзядзька] пучок сена назад у вязку, панёс яго ў руцэ ў двор. Капыловіч.

•••

Заткнуць дзірку — ліквідаваць няхватку ў чым‑н., разлічыцца з даўгамі.

Заткнуць за пояс каго — перамагчы, перавысіць каго‑н. у чым‑н. Нават і зараз, нягледзячы на свае восемдзесят год, дзед Мікіта за пояс маладога заткне. Колас.

Заткнуць рот (горла, глотку) каму — прымусіць замаўчаць. — Чуеце, людзі добрыя, мне хоча рот заткнуць, каб я ні слова, ні паўслова. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць падлік; злічыць. Дзяўчына адчыніла чорны бліскучы радыкюльчык, дастала з яго маркі, палічыла, аддала Косціку. Арабей.

2. Прыйсці да якой‑н. думкі аб чым‑н.; вырашыць. Аставацца тут на прывале Букрэй палічыў небяспечным. Колас. Усе палічылі, што Нічыпар проста змарыўся. Асіпенка. // што. Расцаніць, успрыняць якім‑н. чынам. Мікіта не заўважыў іранічнага тону і палічыў бацькаў адказ за добры знак. Колас. // за каго-што. Прыняць каго‑н. за каго‑н. іншага, за што‑н. іншае. — Я зацікавіўся Бабровым пасля таго, як мяне аднойчы палічылі за яго. Гамолка. // кім, за каго. Уявіць сябе або каго‑н. у якой‑н. ролі, якасці. [Ланге:] Ты палічыў сябе кіраўніком і вырашыў, што толькі тваё жыццё — жыццё, а таварышаў... Маўзон.

3. каго-што і без дап. Лічыць некаторы час. Палічыць на лічыльніках.

•••

Палічыць рэбры — пабіць, збіць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)