По́длы ’нізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podły ’нізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх. ’дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszy ’абы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъ ’ніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

схі́льнасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць, цяга, імкненне да якіх‑н. заняткаў, дзейнасці. Думаючы пра свае творчыя схільнасці, Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля прызнаецца, што яго цягне да прозы. Бугаёў. [Андрэй:] — З маленства ў мяне была схільнасць да моў .. У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Шамякін. Рана выявілася ў хлопчыка схільнасць да паэзіі. Гіст. бел. сав. літ. // Наяўнасць якіх‑н. задаткаў (фізічных, разумовых, маральных); нахіл да чаго‑н. Схільнасць да прастуды. □ Лабановіч заўважыў схільнасць рэдактара да самавыхвалення і вырашыў скарыстаць гэта. Колас. Схільнасць шукаць усяму прычыну з’яўляецца ў сталейшым узросце. Грамовіч.

2. Прыхільнасць, слабасць, любоў да чаго‑н. Калі да чаркі схільнасць маеш, То грошы, браце мой, нідзе ты не схаваеш Сам ад сябе. Корбан. З .. імем [Ц. Гартнага] звязана свая, адметная мастацка-стылёвая лінія ў беларускай прозе 20‑х гадоў. У свой час яе называлі «натуралістычнай», падкрэсліваючы гэтым азначэннем схільнасць Ц. Гартнага да бытапісальніцтва. Адамовіч. // Сімпатыя да каго‑н. Сваю сардэчную схільнасць Канстанцін Міхайлавіч неаднойчы выказваў Танку ў вочы. Лужанін.

3. Унутраная ўласцівасць. У гутарковай мове назіраецца схільнасць не скланяць лічэбнікі, асабліва састаўныя. Граматыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачы́сціць, ачышчу, ачысціш, ачысціць; зак., што ад чаго.

1. Зрабіць чыстым, выдаліўшы бруд, смецце і пад. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. Верабей ачысціў гняздо ад бруду, смецця, нанасіў свежага пуху. Пальчэўскі. // Зрабіць чыстым па саставу, вызваліць ад чужародных прымесей. Ачысціць спірт. Ачысціць паветра. // перан. Вызваліць, пазбавіць ад чаго‑н. пабочнага, непатрэбнага, шкоднага. // перан. Зрабіць чыстым у маральных адносінах. Ачысціць сумленне.

2. Зняць, абскрэбці, аблупіць. Наглядаючы за ўдалымі рухамі Маіных рук, Сцяпан прыйшоў да думкі: каб ёй падаваць рыбу на стол, то яна ачысціла б за добрых двесяцярых. Дуброўскі.

3. Прыбраць, вынесці адкуль‑н. усё лішняе, непатрэбнае. [Стафанковіч:] — Млын закідан рыштункам і плашкамі на дровы. Трэба ачысціць. Чорны.

4. Вызваліць ад прысутнасці каго‑, чаго‑н. варожага, непажаданага. Зону зноў ачысцілі ад акупантаў, у вёсках устанавілі партызанскія гарнізоны і камендатуры. Няхай. // Пакінуць што‑н., вызваліць ад сваёй прысутнасці. Пляцінскі на хвіліну прыпыніўся, спыніў за рукаў Зынгу і грозна заявіў: — Заўтра ж ачысці мне кватэру. Чорны.

5. Разм. груб. З’еўшы ўсё, дачыста, зрабіць пустым, чыстым (пасудзіну і пад.). Ачысціць талерку баршчу.

6. Разм. Абакрасці. Ачысціць кішэні. □ Патруцілі [зладзеі] сабак і ачысцілі камору і свіран. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарасці́, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцём, ‑сцяце, ‑стуць; пр. перарос, ‑расла, ‑ло; заг. перарасці; зак.

1. каго-што. Абагнаць ростам, стаць вышэй за каго‑, што‑н. Сын перарос бацьку. □ Міколе дваццаць чацвёрты год. Хлопец узмужнеў, перарос і мяне. Брыль. Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос. Прыказка. // перан. Перасягнуць каго‑н. у разумовых, маральных адносінах; стаць больш змястоўным. Вучань перарос свайго настаўніка. □ [Высоцкі:] Дык жа ён [брыгадзір] жыве ўчарашнім днём. Радавыя калгаснікі яго перараслі. Гурскі. // перан. Стаць больш важным, больш значным за што‑н.; пераўзысці што‑н. І дом не астыў яшчэ, пахне смалой, І печ глеўкаватая трошкі, А стол навасельны нібы перарос Сваю непасрэдную ролю. Бялевіч. Дэмабілізаваўшыся, у МТС Андрэй не вярнуўся. Яму здавалася, што ён перарос яе. Шахавец.

2. Выйсці з узросту, устаноўленага, вызначанага для чаго‑н. Для дзіцячага сада хлапчук перарос. □ А што замінае [атрымаць вышэйшую адукацыю], — здзівіўся Варановіч. — Позна, перарос. Час мне ўжо дваццаць тосты гадок горне, а за спіною і людскіх трох класаў не наскрабеш... — горасна ўздыхнуў Шлык. Дуброўскі.

3. у што. Развіваючыся, ператварыцца, перайсці ў што‑н. Стачкі перараслі ў паўстанне. Гоман перарос у крык. □ З’явіліся новыя партызанскія атрады, групы, некаторыя атрады перараслі ў брыгады. Казлоў. Напружанасць абставін павялічвалася, пагражаючы перарасці ў буру. Гурскі. Спачатку размова была бяскрыўдная, але хутка перарасла ў спрэчку. Філімонаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэсць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць маральных прынцыпаў, якімі чалавек кіруецца ў сваіх грамадскіх і асабістых паводзінах. — Збірайся ў паход, Беларускі народ, За чэсць і свабоду радзімы. Глебка. Нас гэткай раскошай не песціць эпоха, І чэсці вышэйшай не знае пясняр Як тая, калі яго мужная песня Па ворагу трапны наносіць удар. Гілевіч. // Грамадская, прафесійная і інш. годнасць чалавека. Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе, Прадаўшы чэсць і сумленне, Няхай той павесіцца сам на вярбе! Колас. [Перагуд:] Цяпер ты [смерць] толькі жыццё маё можаш узяць, часць я ўратаваў. Крапіва. У якім кутку Радзімы — На палях ці ля станка — Чэсць трымаеш нашай роты, чэсць палка І ўсёй пяхоты. Жычка. Пакуль здужаю падняць руку я, — Вораг маёй чэсці не спаганіць. Панчанка.

2. Аўтарытэт, незаплямленая рэпутацыя чалавека, яго чэснае, добрае імя. Працоўны чалавек павінен усімі сродкамі, нават фізічнаю сілай, бараніць чэсць свайго імя, чэсць класа і народа. У. Калеснік.

3. Цнота, нявіннасць (пра жанчыну). Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала.

4. Слава, павага, пашана каму‑н. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган. Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту. Колас.

•••

Аддаць чэсць каму — прывітаць каго‑н. па-ваеннаму, прыклаўшы руку да галаўнога ўбору.

Пара і чэсць знаць — дастаткова, пара перастаць, закончыць што‑н. [Адзін з гасцей:] Пара нам чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́к, ‑а; мн. людзі, ‑ей і ў спалучэнні з колькаснымі словамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.

1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Чорны. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў! Гілевіч. // чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека. Лобан. // Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». — Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць. Дуброўскі. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. // Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару. Хадкевіч.

2. Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся. Сабаленка.

3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам. Колас. [Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек. Сабаленка.

4. Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй. Лынькоў.

•••

Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.

Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася. Мурашка.

Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.

Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.

У рост чалавека гл. рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

благі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не мае станоўчых якасцей, не адпавядае патрабаванням; які адмоўна ацэньваецца. Зямля тут благая, пясчаная, і вельмі мала яе. Брыль. Не так баяліся [парабкі] работы, як таго, што харч дужа благі. Чарнышэвіч. Орлік сапраўды быў благім канём: куслівым і брыклівым. Сіняўскі. // Які не валодае майстэрствам у чым‑н.; недастаткова ўмелы. [Госці:] — Танцор з цябе, відаць, зусім благі! Корбан.

2. Які не адпавядае патрабаванням маралі; дрэнны ў маральных адносінах. [Капітан:] — Ясна: звязаўся [Віця], відаць, з благой кампаніяй і заняўся нячыстай справай. Якімовіч. [Мікола:] — Таццяна Марыч?.. Так... Яна папала пад благі ўплыў. Глебка. Шукаць паляўнічага .. [Валодзя] не будзе: гэта благі чалавек, калі страляў у лася... Ваданосаў. // Які заслугоўвае асуджэння, выклікае нездавальненне; дрэнны (пра справы, учынкі, думкі і пад.). Ды яшчэ хлопчык спадзяваўся, што дзед ужо забыў пра яго благі ўчынак. Рылько. Мыслі добрыя, благія мне адкрыты. Дзяргай. [Хаценчык:] — Ніхто слова благога не скажа пра маю службу. Вітка. Суседкі разносілі аб .. [Мар’яне] благую славу ведзьмы-шаптухі. Бядуля. / у знач. наз. благо́е, ‑ога, н. Праўда, Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было. Колас. Я не чуў благога пра суседзяў, З імі жыў спакойна, мірна год. Прануза.

3. Непрыемны для іншых (пра манеры, характар і пад.). Благі характар. □ Думаў, думаў бацька, як яму адвучыць сыноў ад благой прывычкі, ды нічога не можа прыдумаць. Якімовіч. Апроч благое манеры нявечыць гаворку, людзі ў Пракопа болей і не знайшлі перамен. Вітка.

4. Нездаровы; з хваравітым выглядам, худы. Як незнаёмы [Адам] ўсё роўна. Але ж нешта з твару благі. Худы. Вышынскі. // Шкодны для здароўя. — А ў нас асабліва клімат благі, — націснуўшы на слове «клімат», шырока ўсміхаючыся адказаў незнаёмы. Гурскі.

5. Які не абяцае нічога добрага; несуцяшальны. І сніць стары Міхайла благія сны. І знакі благія бачыць ён. То курыца запяе. То люлька з губ выпадае. Бядуля. [Хлопцы:] — Чаго гэта ты, Макар, як сам не свой? Мо з дому якая благая вестка прыйшла? Сабаленка. Не трэба журыцца, навошта благія здагадкі, Галіна. Вялюгін. / у знач. наз. благо́е, ‑ога, н. [Марыля:] Баюся, дзедка, вельмі баюся, каб з ім [Лявонам], барані божа, чаго благога не сталася. Купала. // Невясёлы, смутны (пра настрой). [Ліст:] — Настрой, вы кажаце, у вас благі? Прызнацца, мой ад вашага не лепшы. Дубоўка. // Цяжкі, безвыходны.

6. Недастатковы для якой‑н. мэты, у якіх‑н. адносінах. Хаты Манька не манілася прадаваць, хоць купцы здараліся і грошы давалі не благія. Пташнікаў. // Такі, на якога нельга спадзявацца; ненадзейны. [Маці:] — Вось гэта [не даць спісваць] і будзе па-сяброўску. А так благі з цябе сябра! Гамолка. [Турава:] — Злосць, Стэфачка, благі дарадчык. Савіцкі.

7. Які выклікае агіду; гадкі, непрыстойны (пра выразы, словы). Дома, напрыклад, у мяне ніколі не зрывалася з языка благое слова. Ляўданскі.

•••

Благія вочы гл. вока.

Благі час гл. час.

На благі канец гл. канец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)