сіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца сівым. «Ці то сівець пачаў [Глеб], ці то проста святло на валасах пераліваецца... Мы ж амаль равеснікі», — падумаў Макар. Дуброўскі. Дармо, што сівеюць мае аднагодкі — вучы нас, краіна, сягоння нанова! Вялюгін.

2. Віднецца, вылучацца здалёк (пра што‑н. шаравата-белае, сівое); шарэць. Сівелі ўзгоркі ад палыну і шэрай квецені лебяды, іржа кепскага шчаўя зацягнула пожні. Хадкевіч. Яшчэ не прыбіты дажджом попел сівеў на тым месцы, дзе стаялі хата і хлевушок. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рысава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

1. Віднецца, вылучацца (сваім колерам, абрысамі і пад.) на фоне чаго‑н. На тым баку, за жытнёвым полем, рысаваліся на блакіце неба стрэхі. Васілёнак.

2. перан. Паўставаць у чыім‑н. уяўленні. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ва .. уяўленні [настаўніка]. Колас.

3. Старацца паказаць сябе з выгаднага боку, выклікаць чым‑н. інтарэс да сябе. Баешка ўваходзіў у ролю, пачынаў яўна рысавацца перад натоўпам, што ў момант вырас ля яго. Шынклер.

4. Зал. да рысаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да адысці (у 1–6 знач.).

2. Адступаць, змяняць сваё месцазнаходжанне. Каналы збяруць стаячыя балотныя завадзі, .. будзе наступаць чалавек, .. будзе адыходзіць вялікае балота. Самуйлёнак. // Адгаліноўвацца, вылучацца з чаго‑н. агульнага, асноўнага. Дзедаў стажок, вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая бародка нізкарослага хмызу. Колас. Чатыры .. вуліцы, нібы пучок промняў, адыходзілі ад саду. Шамякін.

•••

Што яму (ён, ім) адыходзіць — гэта яму (ёй, ім) не цяжка, гэта для яго (яе, іх) самая дробязь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ясне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца ясным, светлым; праясняцца. [Воблакі] пачынаюць дзяліцца, яснець, кучаравіцца і выплываюць з-за далягляду, як каравелы. Карпаў. Неба спакваля яснела. Мележ. / у безас. ужыв. На ўсходзе ўжо яснела. // Станавіцца больш лагічным, дакладным. Думкі цяпер у яе [жанчыны] пачалі яснець. Чорны. // Станавіцца радасным, незасмучаным. Твар у старшыні яснее, у вачах паяўляецца ўсмешка. Палтаран. Твой смех звінеў, Яснеў погляд Вясновы, Як вішнёвы цвет... Барадулін.

2. Вылучацца сярод чаго‑н.; віднецца. Толькі на ўскраіне, у вузкім акенцы аднаго з дамоў, жоўтай плямай яснела шыба. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палымне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Ярка гарэць, палаць; знішчацца ў агні. Людзі пакідалі разбураныя гнёзды, якія палымнелі ў агні, там гінула чалавечая праца, дымам засцілалася неба. Гурскі.

2. Свяціцца яркім святлом; вылучаць святло. Будуецца горад, Заўсёды начамі Увесь палымнее Электраагнямі. Калачынскі.

3. Набываць колер полымя; вылучацца колерам полымя, яркай чырвонай афарбоўкай. Ружовая зара палымнела на ўсходзе. Самуйлёнак. Амаль у кожным двары палымнела чырвоная рабіна. Гроднеў. // Пакрывацца румянцам. Вецер [свістаў] у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар, і твар пачынаў гарэць, палымнець. Мікуліч.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. вельмі моцным пачуццём. Палымнець сэрцам. Палымнее агонь помсты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́чыцца 1, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Быць запісаным дзе‑н., занесеным у які‑н. спіс. У запісцы значылася такая вуліца, якой хлопец ніколі і не чуў. Кулакоўскі. У спіску лепшых работнікаў падполля на адным з першых месц значыцца сям’я.. Яркіна. Брыль. // Лічыцца, называцца. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцы[й]на, абрала ўчастак контрудару на лініі Крыўцы — Высокае. Колас.

2. Быць бачным; вылучацца, віднецца. У цемры постаць .. [Ганны] ледзь значыцца, а твару і зусім не відаць. Мележ. Дарогу замяло. Ледзь значыўся свежы след. Гроднеў.

зна́чыцца 2, пабочн.

Разм. Такім чынам, выходзіць. — Значыцца, вы толькі ўступілі ў Чырвоную Армію? Машара. Носік дэманстратыўна пакінуў сход. За жывое ўзяло, значыцца. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самасто́йнасць, ‑і, ж.

1. Незалежнасць, свабода ад чыйго‑н. уплыву, прымусу. Палітычная самастойнасць дзяржавы. □ На палях бітваў вырашаўся лёс сацыялістычных заваёў і дзяржаўнай самастойнасць народаў СССР. «Звязда». // Уласцівасць адрознівацца, вылучацца сваімі асаблівасцямі. Мінскі інтэр’ер ужо набыў права мастацкай самастойнасці. «Маладосць».

2. Уласцівасць і стан самастойнага. Развіццё самастойнасць і ініцыятывы навучэнцаў. □ Трымаўся.. [Янка] заўсёды як дарослы, і самастойнасць гэтая ішла да яго грубаватага сур’ёзнага твару, бліскучых вачэй і крыху сутулай постаці. Чарнышэвіч. // Сур’ёзнасць у паводзінах, адносінах да справы. Зіна, як дзяўчынка, заставалася дома за гаспадыню. Гэта яе прывучыла да работы. Але гэта і надало яе паводзінам залішнюю самастойнасць. Шыцік. Маруся бясконца смяецца. Дзесяты клас канчае, а ніякай самастойнасці. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

царава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Тое, што і царстваваць. [Цар] не мог не бачыць, што ў новай вайне прыгонная Расія не вытрымае, яе заваююць і падзеляць мацнейшыя дзяржавы. Тады ўжо не цараваць ні яму, ні яго роду. Якімовіч. // перан. Цалкам гаспадарыць дзе‑н., валодаць кім‑, чым‑н. Тут, у чужой хаце, у дзяржаве, дзе цараваў строгі Глушак, неяк асабліва адчувалася непарушная ўлада звычаяў і законаў. Мележ. Трэба ім [гаспадыням] гатаваць, цыраваць, Над каструлямі дымнымі Цараваць. Барадулін.

2. перан. Вылучацца сярод падобных да сябе якімі‑н. якасцямі; першынстваваць дзе‑н., сярод каго‑, чаго‑н. А дзе ніжэй, дзе вясной надаўжэй затрымліваецца вада, там царуе раскошны, прысадзісты вербалоз. Паўлаў. І выкладаць прадмет вы [настаўнікі] здольныя, І на ігрышчах цараваць, І пляшку асушыць супольную, І вершы пакрытыкаваць... Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цьмець, ‑ее; незак.

Разм.

1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.

2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.

3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цямне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цёмным, больш цёмным. Сонца ўсё ніжэй хілілася па захад. Даўжэлі, цямнелі цені. Асіпенка. Расправіўшы шэрыя крылы, Хмурынка на захадзе ўстала, Цямнела, плыла, вырастала, Як бы набіралася сілы. Гілевіч. // Траціць свой бляск, яркасць. Зоркі цямнеюць. Срэбра цямнее. // перан. Станавіцца змрочным, хмурым. Твар яе .. цямнеў, вочы рабіліся сумнымі, і мне здавалася, што мама вось-вось заплача. Шыловіч. Карпусь аж цямнеў ад злосці, не знаходзячы слоў. Баранавых.

2. безас. Пра надыход цемнаты, набліжэнне прыцемку, змроку. Цямнела, было суха ад лёгкага марозу і холадна. Чорны. Цямнела. А цемень падвойвала страхі, узмацняла трывогі, паддавала супярэчлівых, мітуслівых думак. Каваленка.

3. Вылучацца сваім цёмным колерам, віднецца (пра каго‑, што‑н. цёмнае). Быў канец жніўня, і на палях яшчэ цямнелі сланечнікі і чырванелі пераспелыя памідоры. Якімовіч. Цямнее край зубчаты бору... Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)