я́драны, ‑ая, ‑ае.

1. З буйным спелым ядром. У старых хвоях ёсць такія ўтульныя дуплы, што можна назапасіць сухіх ядраных арэхаў на дзве зімы. Кандрусевіч.

2. Буйны, пруткі, сакавіты (пра зелень, плады і пад.). Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным. Бядуля. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

3. Здаровы, моцны, мажны (пра чалавека). Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Гартны.

4. Свежы, халаднаваты, падбадзёрлівы (пра паветра, надвор’е). У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня. Васілёнак. / Пра ноч, раніцу і пад. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва. Лынькоў. А жнівеньскія ночы былі ўжо ядраныя, асабліва пад раніцу. Сабаленка.

5. Грубаваты, але яркі і выразны; салёны (пра слова, мову і пад.). Лаянка яго [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп. Колас. Лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з .. [дзедавых] вуснаў. Бядуля. // Чысты, гучны (пра голас, гукі і пад.). — Во, во, — ядраным смехам падхапіў Мяжэнны. Гроднеў. У гэтым месцы і днём і вечарам было рэха — ядранае і чыстае. Пташнікаў.

6. Вельмі моцны, надзвычайны (па ступені праяўлення сваіх якасцей). Вось паволі ўсплывала ў памяці аблітая месячным святлом таполя, а вось нібыта Марына схілілася да Васіля, і такі яркі за вуліцай выган у маладым і ядраным бляску. М. Стральцоў. Яму прыемна было тут гэтак, як некалі, піць ядранае пітво, мелькам праглядаць газету. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Талака́1 ’калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ’; ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (Нас., Шымк., ТСБМ, Некр. і Байк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’грамадская дапамога ў працы’ (Сцяшк:, Бяльк.), ’дадатковая праца па жаданні ў часы прыгону’ (Федар. 4), ’грамадская дапамога аднаму чалавеку нешта перавозіць’ (Варл.), ’пасьба коней ноччу’ (Мат. Гом.), талака́ і тало́ка ’дапамога ў працы гуртам’ (Ласт.), тала́ка ’праца грамадой за пачастунак’ (Ян.), ’дапамога’ (Касп.), то́лака ’паншчына’ (капыл., ЛА, 3), то́лока ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (ТС), толо́ка ’тс’ (Вруб.), талако́ю ’гуртам’ (калінк., З нар. сл.). Укр. толо́ка́ ’праца гуртам для хуткага выканання вялікай па аб’ёме справы, на якую клічуць суседзяў, сваякоў, сяброў (без платы, за пачастунак’)’, рус. дыял. толо́ка ’тс’, польск. tłoka, каш. otłoka ’ўзаемная суседская дапамога на жніве’, славен. tláka, серб.-харв. тла́ка, балг. тлака́, макед. тлака ’тс’. З прасл. *tolka ’тс’, звязанае з *tolkti ’таўчы’. Адносна матывацыі параўн. талакня́ ’таўкатня’ (Жд. 2), тало́к ’натоўп’ (Сл. Брэс.). Сярод індаеўрапейскіх адпаведнікаў літ. talka ’талака’, лат. tàlka ’тс’, з іншым вакалізмам літ. telkti ’збіраць на талаку’, гэта, паводле Мартынава (Лекс. балтызмы, 25), дае падставы лічыць слова пранікненнем з балтыйскіх моў (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 24), што, аднак, немагчыма давесці (гл. Анікін, Опыт, 287 з літ-рай), як і адваротнае (Брукнер, 571–572). Старажытнае значэнне слова, відаць, звязана з архаічным спосабам калектыўнай малацьбы пры дапамозе жывёлы, гл. Мяркулава, Этимология–1974, 72. Агляд версій — Янышкава, Studia Etym. Brun., 6, 139–141. Параўн. талок, гл.

Талака́2 ’ялавіна’ (Мат. Гом.), толока́выган’ (Сл. Брэс.), тала́ка ’поле пад папарам’ (Ян.), тало́ка ’абложная зямля’ (б.-каш., добр., ЛА, 5), ’папар’ (гом., ЛА, 2), ’паша’ (паст., там жа), толо́ка ’папар’ (рэч., там жа), сюды ж талако́уе (tałakóŭja) ’патаптаныя логвы ў збожжы ці ў вялікай траве’ (Варл.), талакава́ць ’пуставаць некалькі гадоў (пра зямлю)’ (Ян.), толокова́ць ’таўчыся; бубнець’ (ТС). Укр. то́ло́ка ’пакінутае пад папар поле, на якім пасуць скаціну; вольная дзялянка каля сяла, дзе моладзь збіралася гуляць’, толо́ка ’горная раўніна, паша’, толокува́ти ’быць пад папарам (пра поле)’. З прасл. *tolk‑ ’таўчы, мяць, таптаць’, гл. папярэдняе слова (ЕСУМ, 5, 594; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 571–572; Голуб-Ліер, 386; Махэк₂, 644).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пада́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Зрабіць рух тулавам у які‑н. бок; адхіліцца. На парозе ў сенцы стары спатыкнуўся, тулава яго падалося назад. Чорны. Паставіла [цётка] жалязняк лязом у зямлю, паціснула на яго нагою, падалася ўсім целам назад, нагнулася і вывернула цяжкі.. дзірван. Сачанка.

2. Адсунуцца, пасунуцца пад уздзеяннем напору; паддацца ўздзеянню чаго‑н. Люба паспрабавала адчыніць шафу. Дзверцы легла падаліся і адчыніліся. Мурашка. [Сомік] падняў кол і, залажыўшы між кавалкаў [бярвенняў], злёгку павярнуў. Кавалак паслу[хмя]на падаўся раптам, перакруціўшыся цераз горб, рынуўся ўніз па шліхце. Крапіва. // перан. Зрабіцца мякчэйшым, палагаднець. І, захліпаючыся ад слёз, выліваў сваю жальбу-роспач Пятрусь над Ганнай. Іначай быць не магло. Камень-сэрца — і тое падасца! Нікановіч.

3. перан. Прыкметна пагоршаць, пастарэць. Яшчэ не зусім, старая жанчына, за апошні год .. [жонка Казанцава] так падалася, што цяпер пазнаць яе было цяжка. Васілевіч.

4. Разм. Накіравацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Падацца ў горад. Падацца ў вырай. □ Сабастыян падкруціў вусы і падаўся дадому. Чорны. Каб не рабіць круга, [Ліда] падалася напрасцяк цераз выган той вёскі, у якой жыла. Кулакоўскі. // Падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Падацца да стала. Падацца да дзвярэй. □ [Алесь] пачырванеў ад злосці і, сціснуўшы кулакі, падаўся да навічка. Ваданосаў. // Стаць вышэйшым, падрасці. Недарослы і хударлявы ў студэнцкія гады, Сарочын не вельмі падаўся ў рост і на вайсковай службе. Алешка. І, здаецца, бялей сталі гнуткія бярозы і яшчэ вышэй падаліся стромкія хвойкі і елкі. Лынькоў.

5. Разм. Паступіць, уладкавацца куды‑н., абраць спецыяльнасць. Падацца на працу ў калгас. Падацца ў настаўнікі. □ [Сашка] вырашыў падацца на вучобу ў будаўнічы інстытут. Гроднеў. Вера і Чупрык яшчэ даўно, калі вучыліся ў дзесяцігодцы, вырашылі падацца ў механізатары. Гурскі.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць пададзеным. Падалася каманда: «Гатова!» Глебка.

•••

Падацца ў белы свет — тое, што і пайсці ў белы свет (гл. пайсці).

пада́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

Разм. Тое, што і здацца ​2. Зося спынілася і недаверліва глянула на чалавека. Голас падаўся ёй знаёмы, але ў твар яна яго не магла пазнаць адразу. Крапіва. Падалося Ларысе, што гэты Адам вельмі ж нечым знаёмы ёй. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́весці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.

2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.

3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.

4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.

5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.

6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.

7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.

8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.

9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.

10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.

11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.

•••

Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.

Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.

Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.

Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.

Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.

Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайсці́, перайду, пяройдзеш, пяройдзе; пр. перайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. перайдзі; зак.

1. што і цераз што. Ідучы, перамясціцца, пераправіцца цераз што‑н., на процілеглы бок чаго‑н. Перайсці вуліцу. Перайсці цераз раку. □ «Не пайду ў сталовую, перакушу тут», — вырашыў Косця і перайшоў трамвайную лінію. Адамчык. Паласа рэчкі прыпыніла белых, і тады стала ясна, што калі яны пяройдуць на гэты бок, то пойдуць наперад на многа вёрст. Чорны.

2. што. Прайсці якую‑н. адлегласць, прастору. Да цэха было зусім блізка: перайсці скверык, .. перабегчы чорную, як пасыпаную вугалем, дарогу — і цэх. Карпаў. — Ідзі, чалавеча, проста, аж пакуль пяройдзеш сенажаць. Крапіва. Падаліся хлопцы з дзяўчатамі. Пяройдуць выган, ускараскаюцца на дамбу і там танцы пачнуць. Б. Стральцоў. Жыццё пражыць — не поле перайсці. Прымаўка. // што. Размясціцца, распаўсюдзіцца, перасякаючы якую‑н. лінію, прастору. Гэтым месцам да самай шашы падступаў лес, і, здавалася, далёка наперадзе ён зусім перайшоў дарогу. Пташнікаў.

3. Перамясціцца з аднаго месца на другое. Перайсці ў другі пакой. Перайсці з залы ў залу. □ [Камандзір] пераплыў цераз Нёман і з ходу загадаў.. перайсці трошкі направа. Брыль. [Максім і Вера] перайшлі ў кабінет, запалілі верхняе святло і селі на канапу. Карпаў. // Змяніць месца свайго жыхарства, знаходжання. Перайсці на другую кватэру. □ Люба некалькі разоў парывалася ўстаць і сказаць старым аб сваім намеры перайсці да бацькоў. Васілевіч. [Тарэнта:] — Ён заўтра да цябе пяройдзе. Я сказаў яму, што больш трымаць яго не буду, няма на чым. Галавач. // Перавесціся, паступіць на другое месца працы, вучобы, змяніць месца службы, заняткаў. Усё ён рабіў усур’ёз, акуратна. Толькі вялікай радасці ад той работы ў яго не было... Зразумела, чаму з такой ахвотай перайшоў аграном з канторы МТС у калгас. Бялевіч. — Я тутэйшы калгасны каваль. Быў раней у тым калгасе, за лесам, а цяпер сюды перайшоў, тут каваля не было. Чорны. // Скончыўшы які‑н. клас, курс, стаць навучэнцам, студэнтам наступнага класа, курса. Навука ішла шмат тыдняў, месяцаў. Скончылі першы клас, перайшлі ў другі. Маўр.

4. Пакінуўшы каго‑, што‑н., прымкнуць, далучыцца да каго‑, чаго‑н. другога. На бок рэвалюцыйных рабочых перайшлі войскі Петраградскага гарнізона. «Весці». // Прыняць другое веравызнанне. Гэты вёрткі, танклявы мужчына служыў калісьці ў панскім войску капралам, дзеля чаго нават і перайшоў на католіка. Брыль.

5. Дастацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н., стаць чыёй‑н. уласнасцю. Улада перайшла ў рукі рабочых і сялян. □ Лісток за лістком Меер перагортвае стары пажоўклы псалтыр, які перайшоў да яго ў спадчыну ад.. дзеда. Бядуля. У паасобных мясцінах зямля перайшла да сялян без выкупных плацяжоў. «ЛіМ». // Апынуцца ў складзе чаго‑н., у распараджэнні каго‑н. іншага. У беларускую мову перайшло многа слоў з рускай і польскай моў. // Перадацца ад аднаго да другога; распаўсюдзіцца на іншых. Здавалася, што ленінская воля І сіла перайшлі ў мільёны сэрцаў. Грахоўскі.

6. Скончыўшы, пакінуўшы адно, пачаць другое. Перайсці да абмеркавання наступнага пытання парадку дня. □ Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты хоць і былі сацыялістамі-утапістамі, бо марылі перайсці да сацыялізма праз сялянскую абшчыну, мінаючы капіталізм, аднак яны карэнным чынам адрозніваліся ад сацыялістаў-утапістаў Заходняй Еўропы тым, што цвёрда верылі ў сялянскую рэвалюцыю. Ларчанка. Як кожны вечар, пасля дзённых турбот, гутарка .. [хлопцаў] перайшла да хатніх спраў. Маўр. // Прыняць іншы напрамак, пераключыцца на што‑н. іншае. Перайсці на гаспадарчы разлік. Перайсці на шматпольную сістэму земляробства. // ад чаго да чаго. Пазбавіўшыся ад аднаго пачуцця, стану, пачаць адчуваць другое. Ад злосці і лаянак Цыпручыха перайшла да шчырага смутку-тугі. Бядуля.

7. Змяніць спосаб, характар дзеяння, пачаць дзейнічаць іначай. Перайсці ад абароны ў наступленне. □ Коні, .. як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Пачаць гаварыць, пісаць і пад. па-іншаму. Матка зірнула на гэта зусім проста, а потым адразу нейк перайшла на сур’ёзны тон. Колас. Рыбакоў .. працягнуў [сержанту] каробку «Казбека», невядома дзе здабытую, і адразу па-сяброўску перайшоў на «ты». Мележ. // Перамяніць умовы існавання, працы. Перайсці на малочную дыэту. Перайсці на нелегальнае становішча.

8. у што. Паступова мяняючыся, ператварыць ў што‑н. іншае, стаць другім. Колькасць перайшла ў якасць. Дождж перайшоў у снег. □ З часам вясна непрыкметна перайшла ў лета. Адцвілі сады. Даніленка.

9. што і без дап. Разм. Мінуць месца заходу, павароту, прыпынку. Каровы перайшлі свой двор.

10. Разм. Кончыцца, мінуцца (пра час). Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.

11. Разм. Выйсці за які‑н. колькасны рубеж. Гарасіму Жураўскаму перайшло за пяцьдзесят. Чарнышэвіч.

12. Разм. Прайсці дзе‑н. вялікай колькасцю. Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло... шмат народу. Колас.

13. перан. Разм. Уступіць, ахвяраваць што‑н. каму‑н. Няхай лепш маё пяройдзе.

•••

Перайсці (перабегчы) дарогу каму — захапіць, перахапіць тое, на што разлічваў іншы.

Перайсці Рубікон — прыняць беспаваротнае рашэнне, зрабіць адказны, рашучы крок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)