дабрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. дабрыў, ‑ла, ‑ло; зак.
Разм. З цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Я ўставаў І ішоў па ваеннай дарозе. Верыў — дома мне быць, Дабрыду, дажыву... Броўка. Снегу, снегу — не праехаць, Снегу, снегу — не прайсці! Хоць бы стомленай, у сне хоць Да Лучосы дабрысці... Лось. // Павольна, не спяшаючыся, дайсці. Непрыметна дабрылі да вёскі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
му́штра, ‑ы, ж.
Метад ваеннага навучання, заснаваны на механічнай дысцыпліне і бяссэнсавым завучванні прыёмаў ваеннай справы; само такое навучанне. [Міна Кіташ:] — Абараняць цара.. мне доўга не давялося. Тры месяцы муштры ў запасным палку пад Клязьмай, тыдзень дарогі да Мазурскіх балот, два дні ў акопах і пяць хвілін атакі — вось і ўвесь мой баявы шлях. Жычка. // Вельмі строгі метад выхавання; навучанне, абучэнне такім метадам.
[Польск. musztra ад ням. mustern — рабіць агляд.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
арсена́л, ‑а, м.
1. Склад зброі і ваеннай амуніцыі. Арсенал Пётрапаўлаўскай крэпасці. // перан.; чаго. Запас, вялікая колькасць чаго‑н. Арсенал выхаваўчых сродкаў. □ Мы павінны дамагацца, каб кожная новая кніга, што выходзіць у свет, ішла ў арсенал бальшавіцкай зброі. Чорны. На яе [прыказкі] ўзбраенні — увесь арсенал сатырычных сродкаў — ад іранічнай усмешкі да знішчальнага сарказму. Шкраба.
2. Уст. Прадпрыемства, якое вырабляе і рамантуе зброю і ваенную амуніцыю.
[Фр. arsenal.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
таленаві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае талент (у 1 знач.). Таленавіты артыст. □ [Струшня:] — Паддубны — таленавіты і адважны камандзір. М. Ткачоў. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы, а бралі ініцыятыву людзі таленавітыя з рабочага асяроддзя. Колас.
2. Які ўласцівы таленту (у 2 знач.). [Генадзій:] Таленавітае выкананне выклікала дурную рэакцыю ўс[ёй] залы. Крапіва.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
самастрэ́л 1, ‑а, м.
1. Старажытная зброя для кідання стрэл і камення, якая складаецца з лука з прыкладам і спускавога механізма. // Дзіцячая цацка ў выглядзе такой зброі.
2. Спец. Пастка спецыяльнай канструкцыі на шашкоў, якая нагадвае лук.
самастрэ́л 2, ‑а і ‑у; м.
1. ‑у. Наўмыснае раненне самога сябе (з мэтай ухілення ад ваеннай службы). Сапраўдны салдат ніколі не зробіць самастрэлу. Гурскі.
2. ‑а. Разм. Салдат, які знарок раніў сябе.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
тры́зна, ‑ы, ж.
1. У старажытных славян — заключная частка пахавальнага абраду, якая суправаджалася ваеннымі гульнямі, спаборніцтвамі, а таксама вячэрай па нябожчыку. Пры спальванні і насыпанні кургана праводзілі так званыя трызны — урачыстае развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні або спаборніцтва. Штыхаў.
2. Пахавальны і памінальны абрад, памінкі па нябожчыку. Калі памёр Каліна, зрабілі дзеці па ім памінкі — трызну і пахавалі яго ў зямлі, паклаўшы туды яго лепшыя і найпатрэбнейшыя рэчы. Багдановіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
упраўле́нне, ‑я, н.
Адміністрацыйная ўстанова або орган установы, арганізацыі і пад., які кіруе пэўнай галіною гаспадарчай, навуковай, ваеннай і іншай дзейнасці. Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне. Упраўленне чыгункі. □ Ужо мінуліся суткі, як камісар пакінуў ўпраўленне палітычнай прапаганды фронта. Лынькоў. // Будынак, памяшканне, у якім знаходзіцца такая ўстанова або такі орган. [Васіль Пятровіч і Барушка] выйшлі з упраўлення і закрочылі па пустэльнай плошчы Свабоды. Карпаў. // Разм. Супрацоўнікі такой установы або такога органа. Упраўленне выехала на ўборку бульбы.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
эскадры́лля, ‑і, ж.
1. Падраздзяленне ваеннай авіяцыі, якое складаецца з некалькіх звенняў самалётаў. Партызанам нічога не заставалася, як рушыць у паход без батарэй, бо адпомсціць за збіты самалёт сюды, як пасля выявілася, ляцела цэлая эскадрылля цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў. Ваданосаў.
2. Група лётчыкаў, якія ўваходзяць у склад такога падраздзялення. [Камандзір] загадаў першай эскадрыллі адразу пасля пастраення ісці ў баракамеру. Алешка.
3. перан. Разм. Пра вялікую колькасць птушак, рыб і пад. Ля берага ў праменні сонца грэюцца эскадрыллі маленькіх рыбак. Карпюк.
[Фр. escadrille.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
кле́шчы, ‑аў; адз. няма.
1. Металічны інструмент у выглядзе шчыпцоў для заходу і трымання гарачага металу. Кавальскія клешчы.
2. Драўляная частка хамута, якая складаецца з дзвюх кляшчын. Запрагаў сам гаспадар. Залуцкі ажно залюбаваўся, як Хрупак спрытна закладаў у гужы дугу і пасля адным махам зацягнуў супоню, упёршыся каленам у клешчы. Чыгрынаў.
3. У ваеннай справе — акружэнне ворага з двух бакоў. Раздзяліў [Сцяпан] атрад на дзве групы — адну паслаў налева ў абход Глушца, а сам з групай пайшоў направа, каб такім абходным манеўрам мястэчка ўзяць у клешчы. Пестрак.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
муштрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго.
1. Навучаць ваеннай справе жорсткімі метадамі, заснаванымі на механічнай дысцыпліне. Два тыдні яго, навабранца, муштравалі ў павятовым горадзе, навучылі разбіраць і складаць вінтоўку, страляць, аддаваць чэсць афіцэрам і адправілі на Заходні фронт у акопы. Чарнышэвіч. // Выхоўваць, навучаць залішне строга і сурова. Даходзілі да Кастуся чуткі і пра тое, што вучыцца .. [у семінарыі] нялёгка, выкладчыка муштруюць вучняў. С. Александровіч.
2. Мучыць несправядлівымі патрабаваннямі. Быў Міха себялюб і ганарлівец. Старэйшы ў сям’і, ён часта без дай прычыны муштраваў сваю малодшую сястру.. і брата. Паслядовіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)