зняме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць (ад здзіўлення, страху, нечаканай радасці і пад.); анямелы. [Тамара] стаяла сярод пакоя белая, як сцяна, знямелая. Арабей.

2. Які страціў адчувальнасць, гібкасць; здранцвелы. [Вісарыён] не мог павярнуць галавы, так балела знямелая шыя. Самуйлёнак.

3. перан. Застылы, пануры, маўклівы. Сярод цішы начной знямелай Калыска скрыпнула — раз, два. Колас. Трынаццаты дзень у дарозе. Трынаццаты дзень сярод знямелых гор. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змярцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, стаў мёртвым (пра клеткі, тканкі, часткі цела). Змярцвелыя тканкі. Змярцвелая рука. / Пра расліны, лісце. Змярцвелае лісце на дрэвах.

2. перан. Нерухомы, застылы, пазбаўлены жыцця. Кірыла быў хваравіты, на дзіва непрыгожы хлопец, са змярцвелым худым тварам. Лупсякоў. Хвіліну .. [хлопчык] стаяў змярцвелы, трываючы востры і няспынны звон у вушах. Быкаў. // Апусцелы, заціхлы. Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над змярцвелаю зямлёю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здранцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвелы, адзеравянелы. Хведар доўга пляскаў рукамі, саграваючы здранцвелыя ад холаду пальцы. Новікаў. Каб крыху сагрэцца і размяць здранцвелыя са сну ногі, Мішка палез на высокую хвою. Лынькоў.

2. перан. Які прыйшоў у стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад. Людзі пахаваліся па скляпах і, здранцвелыя, чакалі канца бою. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Вельмі змерзнуць, застыць ад холаду; скарчанець. Стары Няміра адубеў, стоячы на скавышы. Чорны.

2. Стаць нягнуткім, непаслухмяным; страціць адчувальнасць, здольнасць рухацца; агрубець. [Дар’я:] А чаму.. [рукі] граблямі сталі? Чаму яны адубелі? Ад бульбы, што кожны дзень чышчу. Ад бялізны, што мыю? Губарэвіч. // Ахалодаць, адзеравянець (пра нябожчыка). [Юзэфа:] — Спіць [Акцызнік]. Як з ног зваліўся. Не дабудзішся, не даклічашся... Што калода. Можа ўжо і адубеў дагэтуль. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца нямым, траціць здольнасць гаварыць. // перан. Змаўкаць, застываць у маўчанні. Калі бярэцца на цвет чаромха,.. — падае голас салавей. Ён ажывае ўвечары, ён нямее днём. Пташнікаў. Пазіраючы на паравозы, слухаючы свісткі,.. [Чарняхоўскі] нямеў ад захаплення. Мележ.

2. перан. Траціць адчувальнасць (ад холаду, стомы і пад.). Нямеюць, заходзяцца на марозе ногі. Лынькоў. [Скрынкі] уразаюцца ў плечы, паднятыя ўверх рукі нямеюць. Новікаў. // Рабіцца нерухомым, сціхаць. Вецер нямее, хмар не відаць. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць нерухомым, замерці, знямець. — Змоўчы, быдла! — гаркнуў раптам палкоўнік, і пан Зыгмунт зусім адранцвеў. Лынькоў. Прыдушаная нечуванаю бядотаю, маці раптам адранцвела і доўга не магла паварушыцца. Якімовіч. // Страціць адчувальнасць, адзеравянець. [Мікалай:] — Эх, і любіла.. [Ніна] песні! Да поўначы іншы раз слухала. У мяне ўжо адранцвеюць пальцы, а яна ўсё просіць іграць і пець. Шашкоў. Малілася [Лісавета] горача і доўга, не чула, што адранцвелі калені, але малітвы не прыносілі супакаення. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

амярцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, зрабіўся мёртвым (пра клеткі, тканкі і пад.).

2. перан. Які страціў рухомасць пад уплывам чаго‑н. Не варушачыся, як амярцвелы, у шынялі і кепцы, ..[незнаёмы] насцярожана, і як бы палахліва глядзеў на Післяка. Сіўцоў. // Які заціх, перастаў быць ажыўленым. Амярцвелы горад. // Які пазбавіўся маральных сіл, адчувае спустошанасць; які перастаў актыўна рэагаваць на падзеі. Нават гром кананады Не развее тугі З амярцвелага сэрца. Глебка.

3. перан. Які страціў жыццёвасць, значэнне; аджыў. Амярцвелыя традыцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвець, адзеравянець. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома. Маўр. Ногі Андрэя так здранцвелі, што ён ледзь адчуваў іх. М. Ткачоў.

2. перан. Прыйсці ў стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад.; замерці. [Гольц-Мілеру] раптам стала ясна, што брат памірае, і ўсё ў ім здранцвела... Мехаў. Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы ў іржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе сполаху. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.

2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адце́рці, адатру, адатрэш, адатрэ; адатром, адатраце, адатруць; пр. адцёр, ‑церла; заг. адатры; зак., што.

1. Трэннем выдаліць што‑н. прыстаўшае, прысохлае. Адцерці пляму.

2. Расціраючы, вярнуць адчувальнасць каму‑, чаму‑н. Адцерці рукі.

3. Разм. Моцна напіраючы, адсунуць; выцесніць. [Назарэўскі:] — Такім парадкам мяне адцерлі ад маці і я астаўся адзін сярод натоўпу. Чорны. // перан. Прымусіць пакінуць каго‑, што‑н. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас.

4. Разм. Прыціснуўшы, прычыніць боль, пашкодзіць; адціснуць, адцяць. Адцёр дзвярамі пальцы. / у безас. ужыв. Адцерла нагу колам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)