арэо́л, ‑у, м.

1. Круг ззяння, бляску вакол светлавой кропкі, распаленага прадмета. Арэол Месяца. □ А яскравае сонца са сваіх праменяў саткала бліскуча-залацісты арэол над Пасекамі. Чарот. // Ззянне, якое малюецца па абразах, карцінах рэлігійнага зместу і пад. вакол галавы або над галавой бога ці святога як сімвал боскасці, святасці; німб.

2. перан.; чаго або які. Атмасфера славы, пашаны і пад., якая акружае каго‑, што‑н. Арэол славы, прыгажосці.

3. Спец. Светлая палоса, якая ўтвараецца на фатаграфічным здымку вакол ярка асветленых бліскучых прадметаў або тых, што свецяцца.

[Ад лац. aureolus — пазалочаны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Абсыпаць з усіх бакоў чым‑н.; пакрыць усяго слоем чаго‑н. сыпучага. Тут вясна асыпала ўсё цветам. Танк.

2. Скінуць лісце, пялёсткі, іголкі і пад.; агаліцца. Асыпаў сад свае пялёсткі.

3. перан.; чым. Шчодра, багата абдарыць чым‑н.; накіраваць на каго‑н. што‑н. у мностве. Асыпаць пахваламі. □ — Тады... я не пайду. Зусім не пайду! — Сказала [Макрына], мяркуючы асыпаць Яўгена іскрамі злосці. Баранавых.

4. безас. Разм. Пакрыць высыпкай, абкідаць (губы, рот, цела).

асыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да асы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахрысці́ць, ахрышчу, ахрысціш, ахрысціць; зак., каго-што.

1. Выканаць абрад хрышчэння над кім‑н.

2. Перажагнаць каго‑, што‑н., зрабіць знак крыжа над кім‑, чым‑н. Зірні на луг прад навальніцай, Калі крыжастай бліскавіцай У страсе твар ахрысціць хмара... Колас.

3. перан.; кім-чым. Разм. Даць каму‑, чаму‑н. імя, назву, мянушку. «Кацюша» — так ахрысцілі дапоўненую цвіком і лапаткай гарматку. Брыль. — Якіх толькі прозвішчаў на свеце не бывае, а вось Плаксаў не чуў. Чаму ж гэта так вёску ахрысцілі і людзей Плаксамі празвалі? — пацікавіўся Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вастрыня́, ‑і, ж.

1. Уласцівасць вострага (у 1, 3, 4, 7 і 8 знач.). Вастрыня нажа. Вастрыня ўспамінаў перажытага. Вастрыня зроку. Вастрыня позірку. Вастрыня драматычнага канфлікту. □ З гадамі ў мяне не прытупіўся зрок, І вастрыні пачуццяў я не трачу. Грахоўскі. Вастрыня першага болю прайшла, аднак забыцца на тое, што давялося перажыць, [Булаўка] не мог. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Надзённасць, актуальнасць. Пад канец рабочага дня Юрка ўзяў з маіх рук двойчы перапісаныя мною допісы, прачытаў і сказаў: — На першы раз нішто сабе, але трэба больш палітычнай вастрыні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вастры́ць, вастру, вострыш, вострыць; незак., што.

1. Рабіць што‑н. вострым. Вастрыць нож. Вастрыць аловак. □ Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны.

2. перан. Рабіць што‑н. больш успрымальным. Вастрыць слых.

•••

Вастрыць зброю — рыхтавацца да ўзброенага нападу на каго‑н., да вайны.

Вастрыць (тачыць) зуб (зубы) — а) на каго. Маючы злосць на каго‑н., імкнуцца нашкодзіць яму, нарабіць непрыемнасцей; б) на што. Мець вялікае жаданне завалодаць чым‑н., захапіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

велічыня́, ‑і; мн. велічыні, ‑чынь; ж.

1. Памер, аб’ём, працягласць чаго‑н. Стол сярэдняй велічыні. □ Знадворку.. хата сапраўды мела.. прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Звер гэты быў незвычайнае велічыні. Колас.

2. Колькасць чаго‑н.; сума; лік. Велічыня зарплаты. Велічыня асігнаванняў.

3. Спец. Усё тое, што можна вымераць, злічыць. Пастаянная велічыня. Зменная велічыня. Натуральная велічыня. Абсалютная велічыня.

4. перан. Пра што‑н. выдатнае ў тых ці іншых адносінах. Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхлы́нуць, ‑не; зак.

1. Пацячы, памкнуцца ў адваротным напрамку (пра ваду). Вада адхлынула ад берага. □ Васіль увесь сумеўся, адчуў, як у яго ад твару адхлынула кроў. Краўчанка. // Раптоўна адступіць, адысці (пра пачуцці і пад.). Гора на момант адхлынула ад дзіцячага сэрца, і Косцік заснуў. Пестрак.

2. перан. Адысці назад, адступіць (пра натоўп людзей). Тады гітлераўцы павярнулі дулы аўтаматаў на натоўп. Усе адхлынулі і на момант замоўклі. Пальчэўскі. // Адхіснуцца, аддаліцца ад каго‑н. Убачыўшы, што Міша цалкам захапіўся ўжо новай мэбляй, дзяўчаты адхлынулі ад яго. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да выперці.

2. Выдавацца на паверхню, выпінацца. Твар.. [танкіста] быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Чорны. Вера бачыла яго чорныя ўскудлачаныя валасы і вострыя лапаткі, што выпіралі з-пад бэзавай тэніскі. Асіпенка. // перан. Разм. Яскрава выяўляцца, прарывацца. У рысах майго твару не было той лагоднай сіметрыі, якая, мне тады здавалася, так падабаецца дзяўчатам; выпірала нейкая вуглаватасць, а шэрыя з жаўцізной вочы глядзелі пранікліва. Карпюк. Праз гэтую ціхую фразу так і выпірала наверх злосць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́трасці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; пр. вытрас, ‑сла; зак., што.

1. Трасучы, высылаць, выкінуць што‑н. Вытрасці траву з мяшка. □ Развязан куль. Тут гоман, смех, І рыбу вытраслі на снег. Колас. // Згубіць. [Марынчук:] — Кісет з махоркай прапаў. Ці я вытрас яго ўчора, ці ўкраў хто... С. Александровіч.

2. Трасучы, ачысціць ад чаго‑н. Вытрасці пыл з коўдры. Вытрасці дыван. / у перан. ужыв. [Каваль:] — Мы з табой заўтра пагаворым? Я з цябе гэтую чумакоўшчыну вытрасу! Савіцкі.

•••

Вытрасці душу (дух) — а) змучыць дарогай; б) надакучыць каму‑н. кпінамі, сваркай, скаргамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́йнасць, ‑і, ж.

1. Празмернае праяўленне чаго‑н., крайняя ступень чаго‑н. Крайнасці ў поглядах. □ — У цябе, брат, усё крайнасці, няхай ты згары, — заўважыў са смехам Садовіч. Колас.

2. перан. Што‑н. зусім непадобнае на іншае, процілеглае іншаму. Кідацца з адной крайнасці ў другую. □ Нездарма кажуць, што крайнасці сходзяцца, розныя полюсы прыцягваюць адзін другі. Кучар.

3. Вельмі цяжкае і небяспечнае становішча. Давесці да крайнасці.

•••

Да крайнасці — вельмі, надзвычайна, у вышэйшай ступені. Брыгада знаходзілася ў бесперапынных баях і паходах і сілы яе былі напружаны да крайнасці. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)