перапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак.

1. што. Спець, папець усё, многае. Перапець усе песні. □ З якою радасцю я пабег потым дахаты, каб перапець усе новыя прыпеўкі бацьку і маці. Сіпакоў.

2. што. Спець зноў, іначай. Перапець куплеты другі раз.

3. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н.; перамагчы ў спевах. Усе любілі нашы казацкія песні слухаць.. Збяруцца хлопцы. Дык мы — хто каго перапяе. Яны сваю песню, а мы сваю. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

1. Даць каму‑н. што‑н. у доўг. [Язэп:] — Калі вам так патрэбны грошы, дык я вам пазычу. Бядуля.

2. Узяць у каго‑н. што‑н. у доўг, на час. Маці кінулася да суседзяў, каб пазычыць у каго сена. Якімовіч. Тым часам бацька бегаў па хатах, каб дзе пазычыць калёсы на жалезным хаду. Сабаленка.

•••

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) — згубіць сумленне, пачуццё сораму, уласнай годнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напуска́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напусціць.

•••

На вочы не напускаць каго — не цярпець, адносіцца з пагардай, жорстка. І біў [Лёня] мяне не менш, як у той казцы дзед казу. Маці, якая і сама не напускала на вочы мяне за гультаяватасць, і то аднойчы не сцярпела: — Ды годзе табе яго дубасіць... Сачанка.

напуска́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

Даць магчымасць увайсці, пранікнуць вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Напускаць мух у хату. Напускаць дыму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насто́й, ‑ю, м.

1. Выцяжка з расліннага або жывёльнага рэчыва, змешчанага ў ваду або іншую вадкасць. Настой траў. □ Маці ні на крок не адыходзіла ад.. [Алеся], давала ніць чай з моцным настоем ліпавага цвету, пакрывала коўдрай, кажухом і чакала раніцы. Сіняўскі.

2. перан. Густы пах якога‑н. рэчыва (раслін, ягад і пад.). Вецер пах вадою і смаловым настоем далёкіх і блізкіх бароў. Грахоўскі. Разам з ранішнімі даліннымі туманамі ў паветры плаваў пахкі верасовы настой. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́ма, прысл.

1. Дзіка, роспачна (крычаць, галасіць, раўці і пад.). — Давай грошы! Аддай мае грошы! — нема крычаў Яўхім. Колас. [Дзядзька Вінцук:] — Хворыя паўскоквалі з ложкаў і нема крычалі. Машара. Пакараў даў газ, прытрымаў тармазы, і рухавік нема завыў, а потым з неймавернай сілай ірванулася пад самалёт роўным шэрым палатном узлётная паласа. Алешка.

2. Моўчкі, без слоў. Людзі стаялі і нема дзівіліся на цяжкую салдацкую працу. Лынькоў. [Цётка Марыля] не галасіла, як старая маці, а енчыла нема, без слоў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́яць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., што і чаго.

1. Веючы, ачысціць нейкую колькасць збожжа. Навеяць мех жыта.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нанесці, прынесці ветрам. Навеяла завіруха гурбы снегу.

3. перан. Выклікаць у каго‑н. пэўны настрой, думкі і пад., прывесці ў пэўны душэўны стан. Адзінота навеяла сум. □ Успамін пра маці адразу навеяў смутак на Грышаў твар. Пальчэўскі. І навеюць думак многа Мне пра мілую дзяўчынку Далі тыя і дарогі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. што. Перабыць які‑н. час у стане сну. Мядзведзі пераспалі зіму ў бярлозе. // і без дап. Пераначаваць, правесці ноч дзе‑н. — Ну вось, пераспім сённяшнюю ноч і заўтра — у дарогу, — нарэшце сказала маці. Ус. [Валодзя:] — Што ж, пойдзем у Дубраўку, пераспім, а заўтра накіруем разведку ў Слабаду. Федасеенка.

2. Разм. Праспаць больш, чым трэба. Ці не выспаўся добра, ці пераспаў трохі? Ваданосаў. // каго. Праспаць даўжэй за каго‑н. Пераспаць усіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.

Прымусіць прывыкнуць, прызвычаіцца да каго‑, чаго‑н. [Каня] усё-ткі Нічыпар прывучыў, быў не такі хлопец, каб адступіцца. Мележ. Употай ад маці Ліда прывучыла карову да ярма. Паслядовіч. // Выпрацаваць якую‑н. звычку, навык да пэўнай работы, занятку і пад. Прывучыць да працы. Прывучыць да цярплівасці. □ Паляўнічыя прывучылі .. [сабачку] не псаваць здабычу, а цэлай прыносіць у рукі. Лынькоў. Змалку прывучыў .. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́нкі, ‑аў; адз. няма.

Абл. Ранішняя пасьба жывёлы летам у гарачую пару. Маці толькі і клопату з.. [каровай], што выгнаць на ранкі. Б. Стральцоў. Пасвіў .. [дзядзька Алесь] толькі на ранках, бо ўдзень яго ўжо не пускала кузня. Кулакоўскі. // Знаходжанне жывёлы ў хляве ў паўдзённы час пасля ранішняй пасьбы. Тым часам пара і выганяць каровы з ранкаў, і Паўліха ідзе рыхтаваць Чэсіку торбу. Васілевіч. Сёння ўжо каровы прыгналі на ранкі, а Віктара ўсё яшчэ няма. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадні́ца, ‑ы, ж.

1. Жаночае адзенне, а таксама частка сукенкі ад таліі ўніз. Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. Спадніца і кофтачка, што прынесла маці, былі просценькія, злінялыя. Карпаў.

2. перан. Разм. Пра жанчыну (як прадмет цягі мужчын). На адно ён [Мікіта] здацен — Бегаць за спадніцай. Бачыла. [Сулькіна:] — Самаачыстку трэба весці сістэматычна. Нам таксама неабходна выгнаць усіх тых, якія здольны ганяцца за ўсякаю спадніцаю. Гурскі.

•••

Трымацца за спадніцу гл. трымацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)