папрапада́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсё, многае. Папрападалі рэчы.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Цяпер, калі зірнуць на.. поле, дык яго і не пазнаць: папрападалі межы, а з імі і вузкія шнуры. Колас. [Ева:] — Гляджу, пагладчэлі мае цяляты,.. і лішаі папрападалі. Палтаран.

3. Загінуць, памерці — пра ўсіх, многіх. [Ткачук:] — Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Быкаў. — Шкода ж, папрападаюць малыя, — не здавалася, вяла гаворку пра сваё маці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кавале́р, ‑а, м.

1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.

2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.

3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.

[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задры́паны, ‑ая, ‑ае.

Разм. пагард.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад задрыпаць.

2. у знач. прым. Заношаны; у брудным, неахайным адзенні. [У дзвярах], як у раме, з’явіўся мужчынка. У старых галёшах на босую нагу, у нейкіх задрыпаных штоніках. Брыль. [Тумашу] дык ужо грэх быць такім задрыпаным,.. мог бы.. апрануцца прыстойна. Новікаў.

3. у знач. прым. Непрыглядны, заняпалы, нікуды не варты. Вялізныя дамы, аблезлыя, задрыпаныя, глядзелі на вуліцу пабітымі вокнамі. Галавач. // Маламаёмасны, бедны. — Малайчына ты, пане Тодар! Уга! Зірні на гэту задрыпаную малінаўскую шляхту! Хто яны перад табою! Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

Разм.

1. Захапіць што‑н. сабе; уварваць. Уваходзіць госць неспадзяваны.. Той самы Богут, што без жалю Гатоў зарваць чужы кусок І высмактаць з цябе ўвесь сок. Колас.

2. Абарваць так, што нельга знайсці канца (пра нітку). Зарваць нітку ў матку.

3. Раптоўна спыніць, перарваць. Калі стануць каровы на стойла, дык адразу і малако зарвуць. Чарнышэвіч. / безас. Аднаму зарвала, і другі ў рот вады набраў. Пташнікаў.

•••

Каб табе зарвала — ужываецца як праклён таму, хто моцна крычыць, гучна гаворыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што.

1. Даць ежу, забяспечыць ежай, кормам; здабыць каму‑н. сродкі для існавання. Хіба я магу адна са свайго заработку пракарміць, апрануць і вучыць дзяцей. Васілевіч. [Таня:] — Аднак, што б з табою ні здарылася, твая Вера, твая сям’я галоднымі не будуць, жабраваць не пойдуць. Вера пракорміць і сябе і нават табе дапаможа. Машара. Сена далей ад дарог стагаваць трэба. Немцы па дарогах адступаць будуць, дык са злосці чаго не зробяць. А такі статак пракарміць не жартачкі. Асіпенка.

2. Карміць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прына́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Прыцягваючы ўвагу чым‑н. (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл).

2. Выклікаць жаданне быць, бываць дзе‑н.; прывабіць. [Ніна:] Дык, можа, і арэшнік пасадзіць, вавёрачак прынадзіць на сосны. Кучар. Вось казу прынадзіў Канюшынкай садзік. Шушкевіч. // Выклікаць сімпатыю да сябе. Марылька аж зазлавала была на мяне. Маўляў, гэта я вінаваты — гэтак хлопчыка прынадзіў, што ён не прызнае яе за маму. Сабаленка. // Прыцягнуць да якой‑н. справы. За доўгі час удалося яму прынадзіць толькі з паўсотні чалавек. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысні́ць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., каго-што.

Убачыць у сне. — Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон. — Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго, — жартаваў Янка. Колас. Жартаўлівы смех дзявочы, Галасы-званочкі... Ці прысніў я, ці то ява?.. Праціраю вочы... Лойка. І чаго толькі мне не ўяўлялася! Неяк раз нават прысніў, быццам Наташа знайшла планшэтку і, замест таго, каб папярэдзіць нас, занесла яе ў сваю школу... Шыловіч. / у вобразным ужыв. Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай... Прысніла Палессе Мінулыя годы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм.

1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.

2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустапа́сам, прысл.

Разм.

1. Без пастуха. Каровы ходзяць пустапасам.

2. Без дагляду, без нагляду; сам (сама) па сабе (пра дзяцей). — У вайну загінулі абое [бацькі], дык пры цётцы і гадуецца. А ў той сваіх пяцёра... Вось і паспрабуй за ўсімі прыгледзець. Ну і жыве, небарака, пустапасам. Ляўданскі. // Без сям’і, халасцяком. — Ды не цягаліся б вы гэтак доўга пустапасам, — гудзеў за сцяною дзед. — Знайшоў адзін з другім добрую дзеўку і жаніся, чаго ж... Брыль.

3. Без справы, без занятку. Пустапасам труцень жыў, Неяк з пчоламі здружыў... Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм.

1. Падняць моцны крык. А калі вечарам прыйдуць з работы сын з нявесткай, дык дзеці часамі і раскрычацца, то да маткі, то да бацькі прыстаюць. Колас. — Дзядуля, а чаго .. так раскрычаліся? — спытаў Андрэйка. Ляўданскі.

2. на каго. Пачаць гаварыць павышаным тонам; накінуцца на каго‑н. з крыкам. — Ну, ты, таго, не крыўдуй, што я раскрычаўся так. Галавач. Бацькі нашага тады яшчэ дома не было, ён быў у палоне .., і маці наша раскрычалася на Радчукоў, абзывала іх усякімі брыдкімі словамі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)