Тры́на, тры́ны мн. л. ‘ільняная і канаплёвая траста, кастрыца’ (Уладз., Мат. Гом.; люб., ЛА, 4), ‘дробныя часткі валакна пры трапанні’, ‘цвёрдыя адходы пры апрацоўцы валакна’ (жытк., лельч., Трух.). Укр. три́на ‘апілкі’, три́ня ‘пацёртая салома’, три́ни ‘труха сена’, польск. tryna ‘апілкі’, trynia ‘адходы пры малацьбе’, tryny ‘тс’, ст.-польск. tryna ‘апілкі’, серб. три̏ње, три̏ња ‘сенная труха’, ‘адзенне, пагрызенае моллю’, балг. три́на ‘мякіна’, ‘пацяруха’, макед. трина ‘труха’, триње ‘апілкі, парахня’. Прасл. *tьrina вытворная ад *terti (гл. церці), параўн. роднасныя літ. trynė́, trỹnę ‘мазоль’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 48), trínti ‘церці, пілаваць, расціраць’, лат. trīt ‘церці’, ‘тачыць (нож)’, trinimas ‘пілаванне пільшчыкаў’, trìnka ‘адпілаваная калода, кавалак дрэва’, trỹnios ‘гадавіны’ — trin‑ з’яўляецца новай асновай, якая ўзнікла ў выніку перастаноўкі ir > ritirn‑, параўн. і.-е. *tr‑n‑h₁‑é) (Смачынскі, 689; Фрэнкель, 2, 1124). Гл. Брукнер, 579; Скок, 3, 512; Куркіна, Этимология–1976, 28; ЕСУМ, 5, 638.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здзек ’зняважлівыя паводзіны’. Рус. зах.-бранск. зде́ки ’здзекі’. Параўн. рус. смал., пск., калін., зах.-бранск. здекаться ’свавольнічаць, насміхацца, здзекавацца’, алан. здекнуться ’ўперціся’, валаг. дековаться ’здзекавацца’. Рус. издеваться традыцыйна ўзводзіцца да jьz‑dě‑va‑ti‑sę з коранем dě‑, як у дзець (гл.), семантычна праз ц.-слав. выраз издѣти имѧ ’даць (утварыць) імя, мянушку’ (Зубаты, 1, 1, 93) ці праз сувязь з раздевать: ’зняважыць, зняўшы адзенне’ (Пізані, Paideia, 8, 1953, 2, 112). Ст.-слав. издѣꙗти (издѣти) азначала ’зрабіць, утварыць’, што з дадаткам значэння ’выносіць’ захавалася ў ц.-слав. издѣти, издѣвати. Значэнне ’рабіць, утварыць’ адлюстроўваецца не ў дзець, а ў іншых адгалінаваннях кораня dě‑ (гл. дзея). Але магчыма звязаць здзек і з іншым коранем, што мае значэнне ’ствараць’, *zьd‑ (гл. здань). Бел. здзек утворана з суфіксам ‑к‑ (як знак, язык, гл. Мейе, Études, 335–337) ад дзеяслоўнай асновы jьz‑dě‑ti ці zьd‑ě‑ti. (Фасмер, 2, 122; Шанскі, 2, И, 30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рапе́й, рапе́нь ’лопух’, ’лісце лопуху, Lappa tomentosa’ (Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), рапе́й, рапе́йнік ’шышка лопуху і расліна’ (Скарбы), рапе́шнік (Мат. Гом.), рапяшні́к (Ян.), рапо́ўнік (Сл. ПЗБ), параўн. укр. дыял. репі́й ’тс’, ст.-укр. рѣпѣи ’асот’, рус. репе́й ’лопух’, ст.-рус. рѣпьи ’рапей, калючка’, ст.-чэш. řépí ’плод лопуху’, славен. repje зборн. ’лопух’, балг. ре́пей ’назва розных раслін, калючыя плады якіх чапляюцца за воўну і адзенне’. Прасл. *rěpьjь, вытворнае ад *rěpъ ’тс’, параўн. польск. rzep ’расліна Arctium lappa’, харв. rijep ’расліны Arctium lappa, Petasites officinalis і інш.’, што выводзяць з прасл. *rěpiti ’схапіць, учапіцца’, захаванага ў польск. дыял. rzepić się ’зліпацца’, славац. дыял. repiť sa ’схопліваць, прычапляцца’, што суадносяцца з літ. ap‑rė́pti ’схапіць’ (Брукнер, 475; Шустар-Шэўц, 2, 1215; БЕР, 6, 226; Бязлай, 3, 172). У беларускай мове названая форма захавалася пераважна ў прыставачных утварэннях, параўн. зрэ́піцца ’счапіцца, схапіцца’ (Скарбы), урэ́піцца ’учапіцца’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., каго-што.

1. Прыстаць, прыліпнуць у многіх месцах да каго‑, чаго‑н., пакрыць усю паверхню. Шэрае неба, і пад ім — бясконцая дарога... вязкі бруд абляпіў колы. Мікуліч. Снег абляпіў у парках усе дрэвы. Хомчанка. // Шчыльна абхапіць з усіх бакоў (пра адзенне). Панчохі прамоклі, і вы адчуваеце, як непрыемна абляпілі яны вашы ногі... Васілевіч.

2. Наклейваючы, пакрыць чым‑н. у многіх месцах. І тут мне стала зразумела: ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Ляўданскі.

3. перан. Размясціўшыся ў вялікай колькасці, густа пакрыць якую‑н. паверхню; шчыльна абступіць з усіх бакоў; акружыць. Яны [аднакласнікі] у момант абляпілі з усіх бакоў сані, учапіліся за аглоблі, цягнулі за капылы, за палазы. Сіпакоў. Драбкі цукру мурашкі абляпілі так, што за імі нічога не было відаць. Пальчэўскі. Дзеці абляпілі хату, тоўпіліся на прызбах, заглядалі ў вокны. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.

1. Прытрымліваючыся рукамі, нагамі, спусціцца адкуль‑н. Злезці з дрэва. □ Пятрусь выпусціў з рук вяроўку і злез са званіцы. Колас. // Устаць або сысці адкуль‑н. (звычайна з цяжкасцю). [Аграном] ціха злез з ложка. Бядуля. Вэня пусціў каня паволі, злез з саней і дастаў з кішэні партабак. Чорны.

2. Разм. Выйсці, даехаўшы да якога‑н. месца, прыпынку (пра пасажыра). Кіламетраў за шэсць ад дома яму трэба было злезці з фурманкі. Чорны. На апошнім прыпынку хлопчыкі злезлі, пагулялі трохі, пакуль прыйшоў другі аўтобус, і першымі ўвайшлі ў яго. Пальчэўскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адстаць, адваліцца, пакінуўшы пашкоджанае або аголенае месца на чым‑н. Фарба злезла. Ногаць злез. □ — Гнойныя струпы ніколі з мяне не злезуць, хоць бы я быў здаровы і хадзіў у блішчастай манішцы. Чорны.

4. Разм. Зняцца (пра адзенне, абутак). Бот злез з нагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.

1. Падняць угору. Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад. Маўр. // Загнуўшы, падняць уверх (пра адзенне). Зусім нечакана для «высокага суда» Рыгор задраў кашулю і павярнуўся спіной да стала. Бажко. Чалавек задраў калашыны вышэй калень і пачаў грэць валасатыя ногі. Лобан.

2. Адарваўшы, загнуць канцом у адваротны бок. Задраць скуру на пальцы.

3. Забіць, разарваць (пра драпежніка). Каршун задраў курыцу. □ Яшчэ пазаўчора .. [воўк] задраў па той бок лесу на выгане кабылу. Чорны.

•••

Задраць ногі — а) упасці, не ўтрымаўшыся на нагах. Купрыян.. быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі.. і перакуліўся. Чарот; б) памерці, здохнуць (звычайна пра жывёлу). Падкорміць [Халімон] парсючка, толькі б.. прадаць, рубель на патрэбу выручыць, а гэты парсюк ногі задзярэ. Чарнышэвіч.

Задраць нос (галаву) — зазнацца, заганарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

Разм.

1. Адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н.; брыдзіцца. Тараска гадзіўся жаб. Юрэвіч.

2. Псавацца ад забруджвання. Адзенне гадзіцца.

гадзі́цца 1, ‑джу́ся, ‑дзі́шся, ‑дзі́цца; незак.

Разм. Быць прыгодным, падыходзячым для чаго‑н., адпавядаць якім‑н. патрабаванням. — Я вывучаў дакументы і думаў: вось гэта для маёй дысертацыі падыходзіць. І гэта гадзіцца. Арабей. // безас. (звычайна з адмоўем). Варта, трэба, к месцу. Сцёпка перамог сябе; не, спаць не гадзіцца! Колас.

•••

Гадзіцца ў бацькі (у маці, сыны і пад.) каму — адпавядаць па ўзросту чыйму‑н. бацьку (маці, сыну і пад.).

Куды гэта гадзіцца; нікуды не гадзіцца — вельмі дрэнна, дрэнны.

гадзі́цца 2, гаджу́ся, го́дзішся, го́дзіцца; незак.

Разм. Канчаць спрэчку; згаджацца, пагаджацца. Рэдкія выпадкі лаянкі толькі на кароткі час раскідалі іх дружбу, і хлопцы скора зноў гадзіліся. Колас. Слугі князя з дарам князевым прыйшлі, З Вялем-волатам, з дружынаю гадзіцца. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агалі́ць, агалю, аголіш, аголіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць голым, зняўшы адзенне, покрыва і пад. Шэя адсунуў на патыліцу сваю чорную высокую, з абшытым казырком, шапку і агаліў высокі маршчыністы лоб. Гартны.

2. Зрабіць бачным што‑н. раней скрытае, зняўшы покрыва. Перасохла.. [рэчка], апала, агаліла крутыя свае берагі і прысмірнела. Галавач.

3. перан. Давесці да галечы, разарыць. [Немцы] агалілі нашчэнт, у морак ахуталі сёлы, Над краем прыйшлі панаваць Расстрэлы, пакуты, турма... Броўка.

4. Раскрыць сутнасць, сапраўдны змест чаго‑н., зрабіць яўным, відавочным. — Ты занадта агаліў сэнс жыцця, — сказаў Турсевіч. Колас.

5. перан. Пакінуць без людзей, без зброі, зрабіць даступным, адкрытым для ворага. Агаліць фронт. □ [Ермашоў:] А вам, таварышы, не шкодзіць павучыцца ў Наганава, як трэба трымаць заняты рубеж. А то, сапраўды: агалілі яго флангі і — бывай здароў... Губарэвіч.

6. Выняць з ножнаў. Агаліць шаблю.

7. Зрэзаць брытвай валасы, пабрыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які размешчаны ўнізе. Меле сподні камень муку ды толькі радуецца, што цяпер ён яшчэ лепш служыць людзям. Якімовіч.

2. Які знаходзіцца са споду (у 2 знач.). На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак. Чорны.

3. Які мае адносіны да споду (у 4 знач.). [Ніна] выцерлася споднім бокам кофтачкі і ступіла на бераг. Мележ. Васількевіч са сподняй кішэні скураной тужуркі выняў зашмальцаваны блакноцік, аловак з блішчастым медным наканечнікам. Навуменка.

4. Які надзяваецца пад іншае адзенне або непасрэдна на цела; ніжні (пра бялізну). Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Грахоўскі. Вільгельміна ў сподняй спадніцы .. сарамліва падалася ўбок. Гартны. / у знач. наз. спо́дняе, ‑яга, н. Мікола як спаў у адным споднім, гэтак і выскачыў у сенцы, а пасля на гарышча. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыві́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Не ваенны, не вайсковы; грамадзянскі. Вайсковы люд і люд цывільны Вакзалы поўнілі сабой. Колас. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак першага па ёй [дарозе] ішлі людзі — вайскоўцы і цывільныя, ехалі падводы і машыны. Янкоўскі. // у знач. наз. цыві́льны, ‑ага, м. Неваенны чалавек. З дома камендатуры выйшла некалькі афіцэраў, і сярод іх — нейкі цывільны. Хомчанка.

2. Які мае адносіны да невайсковых людзей, належыць, уласцівы ім. Цывільныя ўлады. Цывільны суд. □ На машыне сядзеў Хурс у цывільнай адзежы, як і заўсёды, і два-тры польскія вайскоўцы. Чорны. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. // у знач. наз. цыві́льнае, ‑ага, н. Неваеннае, невайсковае адзенне. Ледзь толькі я дабраўся да краю лесу, як адразу ж натрапіў на ўзброеных людзей у цывільным. Сачанка.

[Ад лац. civilis — грамадзянскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)