застракаце́ць, ‑ціць; зак.
1. Вылучыцца сваім стракатым колерам, паказацца (пра што‑н. стракатае). І як пачало прыграваць сонца, застракацеў на гасцінцы нязвычны вялікі натоўп з самотным коннікам наперадзе. Шынклер. Поезд мінуў Краснае, з размаху ўварваўся ў лес, і пад адхонам застракацелі маладой зелянінай бярозавыя кусцікі. Пестрак.
2. Замільгаць перад вачамі, у вачах (пра што‑н. шматлікае, яркае). Такая іх [сняжынак] была безліч, што ўсё застракацела перад вачамі. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У Косці аж застракацела ў вачах ад рознакаляровых бантаў у паненак і рознакаляровай вопраткі ў панічоў. Карпюк. // перан. Пачаць часта паяўляцца, сустракацца. Імя акцёра застракацела на афішах.
3. Стаць стракатым ад чаго‑н. Застракацелі кветкамі бульвары. □ Загаманілі сенажаці, застракацелі кашулямі белымі, хусткамі ровнакаляровымі. Кірэйчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́шак, ‑шку, м.
1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.
2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.
1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.
2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.
3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зігза́г, ‑а, м.
1. Ламаная лінія. Маланкі паласавалі ўжо неба і ўдоўж і ўпоперак, яны нагадвалі і белыя шаблі, і блакітныя стрэлы, і зігзагі, і дугі. Хадкевіч. // перан. Рэзкае адхіленне ад асноўнага напрамку ў палітыцы, дзейнасці, быце і пад. [У. Бранеўскі] адлюстроўвае ў сваёй творчасці зігзагі лёсу сваёй краіны. Пестрак.
2. Пра тое, што мае форму ламанай лініі. Сярэбраныя стужкі на канфедэратцы і зігзагі на каўняры ў Збігнева былі зашмальцаваны. Карпюк. // Від жалезнай бараны з папярочнымі перакладзінамі ў форме ламанай лініі.
3. у знач. прысл. зігза́гам, зігза́гамі. Утвараючы ламаную лінію, пакідаючы след ламанай лініі. Міма нас праплывае вуж. Галава яго прыўзнята над вадой, а цела звіваецца зігзагам. В. Вольскі. Шыбы вагонаў былі ўсыпаны дажджавымі кроплямі, якія зігзагамі сцякалі на зямлю. Гурскі.
[Фр. zigzag з ням.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засла́ць 1, ‑шлю, ‑шлеш, ‑шле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што і чаго.
Разм.
1. Адправіць, пераслаць куды‑н., каму‑н. Кірыл сказаў да матушкі ціха: — Зашлі ты.. [жонцы Каваля] цераз Параску чаго. Колас. // Патаемна пераправіць, даставіць куды‑н. Заслаць лазутчыка.
2. Паслаць, саслаць куды‑н. далёка. Заслаць на край свету.
засла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; што.
1. Пакрыць якую‑н. паверхню чым‑н. Заслаць ложак. □ Бабка Параска .. дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Колас.
2. Пакрыць, завалачы сабой (пра хмары, туман, слёзы і пад.). Шэрань заслала палі, схавала абрысы ўзгоркаў і пералескаў, ахутала бярозавыя гаі і прысады ля дарог. Хадкевіч. Мутная імгла заслала старэчыя вочы дзеда Кандрата. Пестрак. / у безас. ужыв. Родны бераг імглою заслала. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.
1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.
2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.
1. Парадаваць каго‑н. Наведае хворую маці Марыйка, усё чысценька раскажа, як яны дома ўпраўляюцца, пацешыць яе. Місько. Бедны араты хацеў пацешыць сваю дачку, прынесці ёй гасцінец. Кудраўцаў.
2. Павесяліць, развесяліць, забавіць. — Ого-го-го! — загагатаў Гусак, — Над Сонцам захацеў мець волю? Ну і пацешыў нас, дзівак... Валасевіч. І вось пацешыць Верачку Жучкі прыбеглі спрытныя, Камарыкі гуллівыя, Мурашкі працавітыя. Танк. І раптам голас: «Эй, Ігнат! Пацеш малодак і дзяўчат, Каб Беларусь затанцавала!» Колас.
3. Суцешыць, заспакоіць. [Казік] не ведаў, што адказаць Веры, як падтрымаць яе, чым пацешыць.., потым прамовіў: — Бедная Верачка, колькі на тваю долю выпала пакут! Машара. [Грыша:] — Зайдзі калі-небудзь да маіх бацькоў, пацеш іх, я цябе прашу. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́віцца, праўлюся, правішся, правіцца; незак.
1. Разм. Папраўляцца, ачуньваць (пасля хваробы); зажываць. Пасля таго мне пішуць праз нядзелю, што бацька правіцца... (Хоць моцна аслабеў, але ачуньвае.) Трус. Доктар сказаў, што нага пачне правіцца, як толькі дастануць кулю. Чорны. // Рабіцца тлустым, поўным. Далей на захад, дзе пяскі, жоўтымі свечкамі кветак стракаціць зялёны, сакавіты лубін, пасля якога добра родзіць жыта і — ад сіласу — правяцца каровы. Брыль.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца лепшым, паляпшацца. Радуючыся, што надвор’е правіцца, Алена праверыла, ці ўсе прыйшлі. Мележ.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адпраўляцца, служыцца (пра набажэнства). У касцёле ўсё яшчэ свяціліся вокны, яшчэ правілася імша і маліліся паны. Пестрак.
4. Зал. да правіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасве́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да прасвяціць.
2. Свяціцца праз што‑н. Сонца прасвечвае між ствалоў сосен. В. Вольскі.
3. Віднецца праз што‑н. У адным месцы праз страху прасвечвала неба. М. Стральцоў. Праз рэдкую бародку прасвечваў раздвоены падбародак. Пестрак. // перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра якое‑н. ўнутранае пачуццё, стан, якасць і пад.). Вочы, здавалася, яшчэ больш запалі, пацямнелі, твар паблажэў, але на ім выразна прасвечвала незвычайнае хваляванне і радасць. Алешка.
4. Прапускаючы праз сябе святло, здавацца празрыстым. Часам .. [рука] засланяе святло лучыны, і тады мне здаецца, што пальцы прасвечваюць наскрозь. Асіпенка. / Пра што‑н. вельмі старое, парванае. [Жанчыну] непакоіла тое, што пачаліся дажджы, ноччу ў шалашы было холадна і вільготна, ён сям-там пачаў прасвечваць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Разбіць, раз’яднаць што‑н., змацаванае коўкай. Эх, каб так раскаваў Петлі ўсе ў ланцугу, — Я б усім паказаў, Як быць вольным магу! Купала.
2. Вызваліць ад кайданоў. Раскаваць рукі. □ — Раскаваць, — сказаў шпік. Таварыша Васіля раскавалі. Пестрак.
3. Вызваліць ад падкоў.
4. перан. Вызваліць ад акоў (у 2 знач.), зрабіць вольным, даць магчымасць поўнасцю праявіцца. Раскаваць ініцыятыву мас. □ [Рэвалюцыя] раскавала сілу народную і ўскалыхнула Беларусь. Перкін. І сябе не пазнаеш самога, Быццам радасць цябе раскавала. Чарнышэвіч. Тытаны творчага духу Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла Буанароці, Рафаэль Санці, Тыцыян, Караваджа паланілі магутнай выяўленчай сілай мастацкага генія, гарманічным увасабленнем сваёй бурлівай эпохі, што раскавала чалавечы розум, сэрца для вялікіх спраў, творчых пошукаў. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)