раскату́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Нямоцна штурхаючы, трасучы, абудзіць ад сну, прымусіць прачнуцца. Мікола моцна спаў, праз сон чуў, як званіў будзільнік, але ён не падняўся, а толькі перавярнуўся на другі бок і зноў заснуў. А потым яго раскатурхала жонка. Гаўрылкін. // перан. Вывесці са стану пасіўнасці, разварушыць. [Лабановіч:] — А самае важнае — мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, .. так жыць нельга. Колас. Толькі самай прыгожай дзяўчыне .. ўдаецца некалькі раскатурхаць Браму. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усумні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Адчуць сумненне, няўпэўненасць у чым‑н. Сотнікаў,.. расплюшчыўшы вочы, моўчкі ляжаў на саломе, не ведаючы яшчэ, верыць пачутаму ці ўсумніцца. Быкаў. Аднаго разу Леў Раманавіч усумніўся, а ці было наогул тое неразумнае пісьмо, якое ён атрымаў учора раніцою. Асіпенка. — А як жа ты аднясеш тавар на той бок? Зловяць, — усумніўся Васіль. Пальчэўскі. // Выказаць сумненне. — А можа гэта выдумка, няпраўда ўсё, што вы толькі што мне казалі? — усумніўся Форстэр. Сачанка. [Маці:] — Яна ж так чакала цябе! — Так ужо і чакала? — жартаўліва ўсумніўся.. [Максім]. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаты́ры, ‑ро́х, ‑ро́м, ‑рма́, (аб) ‑ро́х, ліч. кольк.

1. Лік і лічба 4. Напісаць лічбу чатыры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 4. Чатыры коннікі замыкалі абоз. Колас.

2. Тое, што і чацвёрка (у 2 знач.).

3. у форме Р чатыро́х, у знач. зб. Разм. Чацвёра. На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, .. другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, .. трэці — малады чалавек, гадоў дваццаці пяці, .. і, чацвёрты, цыбаты хлопец-падлетак. Брыль.

•••

Між чатырох сцен гл. сцяна.

На ўсе чатыры бакі гл. бок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. каго-што. Тое, што і каціць (у 1 знач.), але абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках.

К. бочкі.

К. бярвенне.

2. што. Размякчаючы ў руках і рухаючы па якой-н. паверхні, надаваць чаму-н. акруглую форму.

К. клёцкі.

К. шарыкі з пластыліну.

3. што. Паварочваць з боку на бок у чым-н. сыпкім, вязкім.

К. рыбу ў муцэ.

4. што. Разгладжваць пры дапамозе качалкі, качалак.

К. абрусы.

5. што. Рабіць пракатку (спец.).

К. ліставое жалеза.

6. Падкідваць каго-н. на руках, выражаючы радасць, захапленне і пад. (разм.).

|| зак. пакача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны (да 2—4 і 6 знач.), вы́качаць, -аю, -аеш, -ае; -аны (да 3 і 4 знач.) і скача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны (да 2 знач.).

|| наз. кача́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абярну́цца, абярну́ся, абе́рнешся, абе́рнецца; абярні́ся; зак.

1. Павярнуць галаву, тулава назад, убок, аглянуцца.

А. на знаёмы голас.

2. Паваліцца на бок, перакуліцца; разліцца, высыпацца з перавернутай пасудзіны.

Малако абярнулася.

Воз з сенам абярнуўся.

3. Схадзіць, з’ездзіць куды-н. і вярнуцца назад; справіцца (разм.).

За гадзіну можна два разы а.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Ператварыцца ў новую якасць, змяніцца; нечакана набыць іншы кірунак, сэнс.

Гора абярнулася ў радасць.

Хто ведае, як усё абернецца.

5. кім-чым або ў каго-што. У казках і павер’ях: ператварыцца ў каго-, што-н. пры дапамозе чараў.

А. дрэвам.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Зрабіць абарот (пра капітал, грошы).

Капітал абярнуўся ў адзін год.

7. Змяніць веру.

А. ў іншую веру.

|| незак. абаро́чвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

хілі́цца, хілю́ся, хі́лішся, хі́ліцца; незак.

1. Прыгінацца ўніз, нахіляцца, нагінацца.

Да вады хіліліся вербы.

Буйныя каласы хіліліся да зямлі.

2. Нахіляцца набок.

Судна пачало х. на той бок, дзе была прабоіна.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., да чаго. Набліжацца да чаго-н., да якой-н. мяжы.

Кароткі снежаньскі дзень хіліўся да вечара.

Час хіліўся да восені.

4. перан., перад кім-чым. Здавацца, пакарацца.

Не нам х. перад цяжкасцямі.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Накіроўвацца, ісці да чаго-н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.).

Было відавочна, куды хіляцца падзеі.

Справа хіліцца ў патрэбным напрамку.

6. Туліцца, гарнуцца да каго-н.

Хлопчык хіліўся да матулі.

7. перан. Мець цягу, сімпатыю да каго-н.

Сын больш хіліўся да бацькі, чым да маці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перакі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Штуршком, махам перамясціцца цераз каго‑, што‑н. куды‑н. Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара пана падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Колас. Перакінуліся на той бок высачэзнага плота адзін за другім тры цені. Васілевіч.

2. Хутка перайсці, распаўсюдзіцца на што‑н. Пажар абняў адразу паўсяла. Ён перакінуўся на гумны, на сады. Танк. Але вецер дзьмуў у напрамку дома, і полымя з хвіліны на хвіліну магло перакінуцца і на яго. Васілёнак. У кастрычніку 1905 года пачалася стачка на чыгунцы, пасля перакінулася на фабрыкі і заводы. С. Александровіч.

3. перан. Разм. Перайсці на чый‑н. бок, стаць прыхільнікам каго‑, чаго‑н. іншага. Перакінуцца ў лагер рэакцыі. □ Потым Фабіян перакінуўся да нямецкіх фашыстаў і служыў ім з сабачай адданасцю. Новікаў.

4. Хутка і ў кароткі тэрмін перамясціцца на другое месца. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з.. [Заходняга] фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. // Разм. Перайсці да іншай тэмы гутаркі, размовы. [Вера Андрэеўна] бачыла, што спрэчка перакінулася на іншае, адышла ад галоўнага, што так хвалявала яе. Арабей.

5. Быць пакладзеным упоперак чаго‑н. для праезду, пераходу. Праз ручаёк.. перакінуўся мосцік. Скрыган. // перан. Пралегчы цераз што‑н. Цераз раку перакінуўся доўгі, крывы цень вярбы. Асіпенка.

6. чым. Кінуць што‑н. адзін другому. Перакінуцца мячыкам. // перан. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: адказаць на чый‑н. зварот, дзеянне падобным дзеяннем, абмяняцца (словамі, поглядам і пад.). Перакінуцца жартамі. Перакінуцца словамі. // у што. Разм. Згуляць з кім‑н. (у карты, лато і пад.).

7. Разм. Перакуліцца, перавярнуцца на процілеглы бок. Воз перакінуўся ў канаву. Нахіліўся човен і перакінуўся ўверх дном.

8. у каго-што. У казках — ператварыцца пры дапамозе чараў у каго‑, што‑н.; перавярнуцца. Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спод, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.

2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.

3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.

4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.

•••

Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вярну́цца 1, вярнуся, вернешся, вернецца; зак.

1. Прыйсці, прыехаць назад у тое месца, адкуль выйшаў, выехаў. Партызаны, Напэўна, пайшлі на заданне і яшчэ не вярнуліся з цяжкага бою. Свірка. У пошуках спосабу жыць гэта сям’я на некалькі год трапіла На Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Чорны. // перан. Зноў з’явіцца, узнікнуць (пра пачуцці, настрой і пад.). Пакуль Стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачамі за яго павольнымі, важнымі рухамі, і ўчарашняе прыкрае пачуццё вярнулася зноў. Брыль.

2. Зноў заняцца ранейшай справай. Вярнуцца да сваёй пастаяннай работы.

вярну́цца 2, вернецца; незак.

Разм. Нахіляцца на бок. Човен вернецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Круцячы ў адваротны бок, раскручваючы, аддзяліць. Адкруціць дрот ад слупа. // Круцячы назад па разьбе, зняць; адшрубаваць. Адкруціць гайку.

2. Павярнуўшы ўбок, адкрыць. Адкруціць кран.

3. Круцячы, адарваць. Уладзік распрануўся, адкруціў з вянка цыбулі адну галоўку, набраў конаўкай вады, потым адрэзаў скібку хлеба і сеў за стол. Грамовіч.

4. Раскручваючы, разгарнуць, раскрыць. [Несцер:] — Адкруціла, разгарнула [жанчына] паперку ды як закрычыць і — у непрытомнасць. Кулакоўскі.

5. Прапрацаваць пэўны час, круцячы што‑н.

•••

Адкруціць галаву — бязлітасна пакараць; расправіцца (у сэнсе пагрозы).

Адкруціць вушы — не вельмі строга пакараць, накруціўшы вушы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)