сланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Разм. Хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты, без справы); бадзяцца без работы. І па шырокім тратуары Ужо сланяюцца не пары, А хлопцы крочаць на завод, І кожнаму — дваццаты год. Грахоўскі. Вавіць час застаўся Дома матчын сын, З кута ў кут сланяўся Без яе, адзін. Калачынскі. Палонныя сланяліся, як сонныя мухі, па двары і хаваліся ў будынак. С. Александровіч.

2. Злёгку хістацца. Сланяцца ад стомы. □ [Маці:] — Што ты, здурэў? Чалавек з голаду аж сланяецца, а ён — галіцца. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.

Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н., плату за што‑н. Бедную жанчыну моцна даняла галеча, і яна рашыла прадаць карову. Павяла ў Петрыкаў, старгавалася з купцамі, тыя ёй 70 рублёў, .. яна ім — вяроўку ў рукі, на тым і разышліся. Палтаран. Купіла хату .. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. // Дамовіцца з кім‑н. адносна чаго‑н. па аснове ўзаемнай выгады. Нарэшце старгаваліся, што .. [Марцін Астаповіч] будзе мець права на дваццаць год арандаваць тую паўдзесяціну. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізіяно́мія, ‑і, ж.

1. Твар чалавека. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў. [Чыбук:] — А як.. [жонка] з сябе? Ну, з фізіяноміі, з цела? [Дзяцел:] — Нічога. Спраўная. Мележ. // Выраз твару, грымаса. Потым Максім сустрэў Пуцыну год з пяць назад. У таго была кіслая фізіяномія, нібы ён праглынуў якога слімака. Дзятлаў. // Разм. Чалавек, асоба. У хату ўвайшлі тры заспаныя фізіяноміі.

2. перан. Індывідуальны знешні выгляд каго‑, чаго‑н., чые‑н. адметныя рысы. [Буднік:] — Сацыяльная міміка ў такіх людзей багатая, а фізіяноміі няма. Галавач.

[Фр. phisionomie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хале́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да халеры (у 1 знач.). Халерны вібрыён. Халерная эпідэмія. // Які бывае пры халеры, выкліканы халерай. Халерны панос. // Звязаны з эпідэміяй халеры. Халерны год.

2. Які захварэў на халеру. Халерны хворы. / у знач. наз. хале́рны, ‑ага, м.; хале́рная, ‑ай, ж. Барак для халерных. // Прызначаны для хворых на халеру. Халерная бальніца.

3. Разм. груб. Вельмі дрэнны, непрыемны. [Павал:] — Я на цябе жаднае крыўды не маю. [Тамаш:] — Ну дык чаго ты звягаеш.. Што гэта за народ халерны. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Заўсёды, дыял. заўсягда́, заўсягды (Сл. паўн.-зах.). Рус. тамб., варонеж. завсегды́, дыял. завсегда, завсёгды, завсе́гды, завсегды, укр. за́вжди, дыял. завсігди, польск. дыял. zawszegdy, zawszedy, серб.-харв. за́свагда, за̀свакад(а) ’тс’. Ст.-рус. завсегда (XV–XVI стст.). Параўн. польск. zawsze ’заўсёды’, балг. за́все ’назаўсёды’, рус. всегда і інш. З za + vьsь‑gъda з тым, што другі элемент, можа, меў форму *vьse, а трэці — gъdy, дзе za прыназ. (гл. за). vьsь займеннік (гл. увесь), а кампанент gъd‑ азначаў у шэрагу прыслоўяў і прыназоўнікаў час (гл. яшчэ тады) і, магчыма, суадносіцца з год (гл.) ці шэрагам і.-е. слоў, што маюць знач. ’калі’: ст.-інд. kadā́, літ. kadà, лат. kad, ст.-прус. kaden. ESSJ SG, 2, 748–750; Фасмер, 1, 362–363; Траўтман, 111; Тапароў, I–K, 117–119; Шанскі, 2, З, 21, Шуба, Прыслоўе, 60.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

багаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца багатым, багацейшым. Панская пільня! Яна належала пану, а трымаў яе ад пана і багацеў з яе нейкі падпанак з гарадка. Чорны. Цяжка было жыць пасля вайны. Але год за годам калгас багацеў, больш важкім рабіўся працадзень. Гроднеў. // Абзаводзіцца чым‑н., разжывацца на што‑н. Краіна пасля вайны багацела на самую дасканалую тэхніку. Паслядовіч. // Станавіцца паўнейшым, павялічвацца. Гумно паўнела з колевым годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. // Набываць якасна новыя рысы. Багацець духоўна. // Развівацца, удасканальвацца. Багацее мова, узнімаецца яе культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́піс, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. запісваць — запісаць ​1 (у 1, 2, 3 і 4 знач.).

2. Пісьмовая перадача, змест чаго‑н.; запісаныя на паперы думкі, заўвагі і пад. Блакнот з запісамі. □ Пасля летніх канікул на першым жа ўроку рускай літаратуры Фядот Андрэевіч Кудрынскі сабраў у вучняў другога класа сшыткі з запісамі народных песень і казак. С. Александровіч.

3. Уст. Назва некаторых афіцыйных дакументаў. Нічыпару здаецца, што ўсё тое было нейкім неверагодным, блытаным сном. Вяселле, вянчанне ў царкве, даравальны запіс і год недарэчнага жыцця. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Міжвольна падымаць і апускаць павекі. Мікіта Уласавіч стаяў збоку і толькі часта-часта маргаў.., нібы ў вочы яму трапіла нейкая парушына. Шуцько. Юрка маўчаў, толькі неяк жаласліва маргаў вачыма. Кулакоўскі.

2. Падаваць знак каму‑н. рухам павек, падморгваць. Пан Забжэцкі маргаў [дзецям] з-за стала, ківаў, пагражаў, маўляў: «Я вам пакажу!» Сабаленка.

3. перан. Тое, што і міргаць (у 2 знач.). Лямпачка маргае. Газоўка маргае.

4. перан. Разм. Упускаць зручны момант; зяваць. Лета год корміць: нельга марнавацца, маргаць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарасці́, ‑расце; пр. нарос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Вырасці ў нейкай колькасці. [Аляксей Цімафеевіч:] — Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў. Паслядовіч. У апошнюю вайну не толькі лес, але і хмызняк загінуў. І зноў нарос — маладыя хвойкі, бярозкі, на палянах куп’ё зацвіло чаборам, суніцы, грыбы з’явіліся. Лупсякоў.

2. Вырасці на паверхні чаго‑н. Нарасло сала. // Паступова прыстаючы, прымярзаючы да чаго‑н., утварыць нараст. За прымаразкі на размоклых дарогах нарасла тоўстая кара голага лёду. Навуменка.

3. Сабрацца, павялічыцца (аб працэнтах, грошах і пад.). Нараслі працэнты за год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нашча́дак, ‑дка, м.

1. Чалавек у адносінах да продкаў. Нашчадак старадаўняга роду. □ Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў. Барадулін.

2. толькі мн. (нашча́дкі, ‑аў). Людзі будучых пакаленняў. Нашчадкамі героі не забыты: На плошчах манументы ім стаяць. Жычка.

3. Разм. Сын, наследнік або наогул сваё дзіця. [Гукан:] — Ала?! Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у поезд — і да нас пад Новы год. Шамякін. Канечн[е], і дачка ў сям’і — добра, але ж сын — нашчадак, ён панясе прозвішча ў будучыню. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)