наце́рці, натру, натрэш, натрэ; натром, натраце; пр. нацёр, ‑церла; зак.

1. каго-што. Намазваючы, змазваючы (вадкасцю, маззю і пад.), расцерці. Валодзева маці хутка пераадзела нас у сухое.., пагрэла чаю з ліпавым цветам, напаіла нас, нацерла шкіпінарам і пазнала на печ грэцца. Якімовіч.

2. што. Начысціць да глянцу, уціраючы што‑н. (фарбу, воск і пад.). Нацерці паркет масцікай.

3. што. Пашкодзіць, прычыніць боль трэннем, пакінуць след ад трэння. Нацерці нагу да крыві.

4. чаго. Надрабніць на тарцы ў якой‑н. колькасці. Падумаўшы, [Люся] рашчыніла цеста на пірог, нацерла бульбы, потым узялася за катлеты. Шашкоў.

5. чаго. Нарыхтаваць у якой‑н. колькасці, ачышчаючы піскам, трэннем ад цвёрдых частачак (пра лён, каноплі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. налёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. наляж; зак.

1. Наваліцца на што‑н., націснуць сваім цяжарам. Палегчы на стол. □ Вартаўнік усім целам налёг на рэйку шлагбаума. Шынклер. Чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Лынькоў.

2. З сілай пачаць дзейнічаць якой‑н. прыладай. Надзя зноў села на карму, а я з усіх сіл налёг на вёслы. Аднак пасоўваліся мы досыць марудна. Кірэенка. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік.

3. перан. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н., займацца чым‑н. Налегчы на кнігі. Налегчы на замежную мову. □ [Халуста] спачатку налёг на мяса, потым падсунуў да сябе міску з капустай і вычарпаў яе да дна. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. што. Зрабіць, прабіць (дзірку, адтуліну ў чым‑н.). [Вада] спачатку прарабіла вялікую канаву ад берага, а потым вырыла гэтую пячору. Лупсякоў.

2. што. Зрабіць, выканаць. Прарабіўшы ўвесь комплекс гімнастыкі, .. [Уладзік] стамляўся. Колас. Савецкія пісьменнікі .. прарабілі вялікую працу ў сэнсе творчасці і ў сэнсе працы над тэорыяй марксізма-ленінізма. Чорны.

3. Правесці які‑н. час, працуючы дзе‑н.; прапрацаваць. Прарабіць усё жыццё на заводзе.

4. што і без дап. Патраціць больш заробленага. [Рудзін:] — У такі час не зарабіць, а прарабіць можна. Галавач. — Сыры тыя ці грошы, выручаныя ад іх продажу, адабралі .. — і дзядзька не так зарабіў, як прарабіў. Сачанка.

5. што і без дап. Рабіць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуцёўка, ‑і, ДМ ‑цёўцы; Р мн. ‑цёвак; ж.

1. Афіцыйнае пасведчанне, якое выдаецца асобе пры накіраванні куды‑н. (у санаторый, дом адпачынку, новабудоўлю і пад.). Турысцкая пуцёўка. Камсамольская пуцёўка. □ У чэрвені, пасля здачы экзаменаў, Косця атрымаў пуцёўку на курорт і паехаў на Чарнаморскае ўзбярэжжа. Карпюк.

2. Лісток у вадзіцеляў транспарту, у якім указваецца маршрут і заданне. Якаў паказаў пуцёўку, потым шафёрскае пасведчанне. Кулакоўскі.

•••

Пуцёўка ў жыццё — а) веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю; б) тое, што сведчыць аб прыгоднасці чаго‑н. да выкарыстання. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радня́, ‑і, ж.

1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.

2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разго́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з разгонам (у 2 знач.); які бывае пры разгоне (у 2 знач.). Разгоністая хада. Разгоністы галоп. □ Аўчарка разгоністымі скачкамі набліжалася, прыцяўшы да галавы вушы. Быкаў. // Моцны, хуткі. Разгоністы вецер. Разгоністая хваля.

2. Шырокі, з вялікім разгонам (у 3 знач.); размашысты. Асветленая безліччу ліхтароў, узнікла перад вагонамі разгоністая камяніца вакзала. Шынклер. [Павел] стаяў непадалёку, безуважна ўзіраўся ў разгоністае палатно шашы, у разлегласць палёў і сасновых пералескаў. Вышынскі. // Залівісты, працяглы (пра голас, брэх і пад.). За перагародкай нешта сіпела, патрэсквала, узрывалася шорганнем і піскам, а потым наплываў разгоністы моцны, але не вельмі выразны голас. М. Стральцоў.

3. З вялікімі прамежкамі паміж літарамі (пра почырк, друк).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рашо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Загарадка з пераплеценых радоў драўляных ці металічных пруткоў, палосак і пад. Рашотка, што прыкрывала ўваход у падвал, адкінута ад сцяны дома. Гарбук. Пачнём новае жыццё ладзіць, — адказвае Дзямід. — Пакуль тое новае, — гаворыць бацька і прымайстроўвае да перадка выразаную з ліпавай дошкі рашотку. Асіпенка.

2. Абл. Агароджа з пруткоў, планак. Садовая рашотка. □ Потым праз некалькі мінут.. [Тамара] выйшла вунь на той балкон з пагнутай рашоткай. Я яшчэ хацеў выправіць. Не давялося. Пінчук.

3. Частка топкі, прызначаная для спальвання на ёй цвёрдага паліва; каласнік.

•••

За рашотку — у турму (сесці, пасадзіць і пад.).

За рашоткай — у турме (сядзець, апынуцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.

Разм.

1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.

2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.

3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.

4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.

5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.

2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

частава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго.

Даваць або прапаноўваць паесці, папіць, пакурыць; карміць або паіць каго‑н., выказваючы ўвагу, гасціннасць. Маці частавала дачку, слухала яе і не магла надзівіцца. Грамовіч. Шпілеўскі, які дапамагаў разгружаць машыну, весела частаваў усіх папяросамі. Савіцкі. // перан. Разм. Рабіць каму‑н. што‑н. прыемнае. Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Брыль. [Вышамірскі] хадзіў ад хаты да хаты і частаваў людзей паляўнічымі апавяданнямі. Бядуля. // перан. Разм. Біць таго, хто лезе не ў сваё. — Жывём, гасцей не клічам І ў госці не паўзём, Няпрошаных па лычу Частуем таўкачом. Лужанін. А потым аплявухамі як след [Янук] Зладзюгу частаваць узяўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)