упі́цца 1, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Прысмактацца да чаго‑н. Упілася п’яўка ў цела. Упіўся камар у шыю. // Прыпасці губамі. А яна куды там — абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны. Быкаў. // перан. Глыбока ўрэзацца ў што‑н. Гаспадыня звязала [Дзячкову] рукі. Вяроўка балюча ўпілася ў цела. Асіпенка. // перан. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Тонкія пальчыкі дзяўчыны ўпіліся ў колцы кантролераў. Арабей.

2. Уваткнуцца вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што‑н. Першы мядзведжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль. Блізка праракатаў аўтамат... Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер. [Асколак] прабіў халяву бота і ўпіўся да косткі. Федасеенка. Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Мележ. [Генадзь] ляжаў на мастку, унурыўшы галаву, і чакаў, што вось-вось увап’юцца воўчыя іклы ў цела. Сабаленка. // Усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што‑н. І тады і пасля.. [Шурка] не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны, прамазучаны маслам і бензінам кулак. Васілевіч. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. Бураўкін. // перан. Утаропіцца (пра вочы, позірк). [Хлопец] стаяў па ўскрайку катка без канькоў, і чорныя жывыя вочы яго.. нібы ўпіліся ў Надзю. Хадкевіч. Глянуў туды і Андрэй, куды упіўся напружаны і павесялелы позірк байца. Кулакоўскі.

•••

Упіцца вачамі — пільна, уважліва глядзець на каго‑, што‑н.

упі́цца 2, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Напіцца дап’яна. [Сваха:] — Мае галубочкі, да мяне і першую чарку пускалі, і другую, і... я ўжо ўпілася. Чорны.

2. перан. Атрымаць асалоду, зачаравацца чым‑н. Упіцца водарам. Упіцца музыкай. □ Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Трымаючы або падтрымліваючы, не даць упасці каму‑, чаму‑н. Рукі дрыжаць і не слухаюцца, не могуць утрымаць вясла. Ваданосаў. Дзяўчына хацела падняцца, каб выйсці з пакоя, але пабаялася, што ногі яе не ўтрымаюць, і засталася сядзець на месцы. Сіняўскі.

2. Спыніць, прыпыніць рух каго‑н.; стрымаць. Панця рвануўся бегчы, але бацька зноў утрымаў яго за крысо світкі. Кулакоўскі. Ганна цяжка дыхае, спрабуе ўскочыць, корчыцца, і мне з цяжкасцю ўдаецца ўтрымаць яе на ложку. Савіцкі.

3. Прымусіць застацца дзе‑н.; не адпусціць, затрымаць. — Уладзімір Мікалаевіч, прараба Мамкіну трэба ўтрымаць на будоўлі, — сказаў Мароз, прыгладжваючы касматыя сівыя бровы. — Утрымаць. Мыслівец. Язэп кінуў шапку на зямлю, сеў. Факт, утрымаць мінёраў ён не можа, не мае права. Другім яны не менш патрэбны. Асіпенка.

4. Стрымаць праяўленне якіх‑н. жаданняў, пачуццяў, учынкаў і пад. Ведаў.. [дзед], што варта каму-небудзь не ўтрымаць слязу, усхліпнуць, як не вытрымаюць і ўсе астатнія. Хадкевіч. Майстар глянуў на маёра: — Ваша знаёмая? Нешта ўтрымала Смірына ад прызнання. — Сваячка... Блізкая... Алешка.

5. Захаваць за сабой, не ўступіць каму‑н. іншаму. Утрымаць першынство. □ [Жанчына:] — А-а, зяцёк!.. Што ж [г]эта ты не ўтрымаў нявесту? Чыгрынаў. // Зберагчы ў памяці, не даць магчымасці знікнуць. — А памятаеш, дзе мы з табою ўпершыню спаткаліся? — пытаўся Валошын. [Купрыянаў:] — Шмат год прайшло, хіба ўсё ўтрымаеш у галаве... Гурскі. // Не здаць непрыяцелю пазіцыю, крэпасць, горад і пад. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Колас.

6. Вылічыць, не выплаціць (якой‑н. сумы). Утрымаць пяць рублёў з зарплаты.

•••

На ланцугу не ўтрымаць — сілай не ўтрымаць.

утрыма́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Забяспечыць сродкамі для існавання, пракарміць. [Косця:] — Бацька распрадаўся зусім, а ўтрымаць мяне ў гімназіі не здолеў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церабі́ць, цераблю, цярэбіш, цярэбіць; незак., каго-што.

1. Прасякаць, прачышчаць лес. [Дзед Бадыль:].. ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба. Крапіва. // Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў. Лес валілі і церабілі незнаёмыя людзі. Дуброўскі. // Пракладаць, расчышчаць (дарогу, шлях), высякаючы кусты, дрэвы. Як ісці ды ісці — зайшлі [браты] ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з карэннямі выварочваюцца. Якімовіч. / у перан. ужыв. Будуем мартэны і домны, Будуем гіганты-заводы. Будуем, няволі не знаем, Цярэбім да шчасця дарогі. Купала. Ваяўнічая паэзія [П. Панчанкі] ідзе ў авангардзе часу, яна смела цярэбіць шлях наперад. Бялевіч. // Абчышчаць гародніну ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. Церабіць буракі. □ Юстына церабіла цыбулю. Баранавых.

2. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак). Самотна бусел даўганогі Крыло цярэбіць на гняздзе. Калачынскі. // Вытрасаць, вылузваць, выкалупваць што‑н. з сярэдзіны чаго‑н. Нават вавёрка, што зусім блізка церабіла яловую шышку, і тая, відаць, не заўважала пагранічніка. Шыловіч. Мясцовы гаспадар крумкач хваёвых шышак церабіць не дазваляе. Корбан. // Разм. Хапаючы, прагна есці. Госці церабілі кілбасу з капустаю. Колас. [Мікуць] доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны. / у перан. ужыв. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды... Мележ.

3. Тузаць, торгаць, перабіраць пальцамі што‑н. [Аўсянік] нервова цярэбіць махры на шаліку, якім абвязана шыя, нібы яму займае дыханне. Навуменка. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Карпюк. // перан. Разм. Надакучаць пытаннямі, просьбамі, справамі. — А паштоўку цяжка было напісаць? Мы б ведалі. А то з камітэта мяне цярэбяць: дзе Шукан ваша? А што я магла адказаць? Савіцкі.

4. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён). Церабіць лён.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і цягнуць (у 1, 2, 5, 6, 8, 10 і 13 знач.) з той розніцай, што цягаць абазначае шматразовае дзеянне, якое адбываецца ў розныя часы і ў розных напрамках. Самае страшнае — смерць Казачэнкі, начальніка штаба, які цягаў з сабой сумку з дакументамі. Навуменка. [Ілья:] — Сёння рыбка павінна здорава брацца. Толькі паспяваў цягаць. Васілёнак. Аліку, відаць, было весела, бо ён з захапленнем цягаў за вяровачку свой сіненькі грузавік. Арабей. Малое такое, што ні яго дома пакінуць, ні яго з сабою цягаць. Крапіва. Дарэмна здалёку Паўнюткія вёдры цягала [маці], Той камень у спёку Вадой і слязьмі палівала. Куляшоў. / у перан. ужыв. Цяпер і ён такі ж прапашчы, Ланцуг жыцця цягае ледзь. Жылка.

2. Красці. [Дзямід:] — Ліса яшчэ часам малых парасят цягае. В. Вольскі. — Прыкусі язык! — крыкнуў.. [Сяўрук] на Хвядосіху. — Ты думаеш, што як пры немцах тут усё валакла, цягала, дык і цяпер... Кулакоўскі.

3. Насіць доўгі час (адзенне). Тое, што маці берагла на свята, Дар’я пачала цягаць штодня. Паслядовіч. — Не пужайце вельмі, не баімся! — злавалася Каця [на брыгадзіра]. — Апошняе зімовае паліто на работу цягаю — ніхто не бачыць. Мыслівец.

4. Тузаць за што‑н. Абапёршыся плячом на сцяну, стаяла Каця, .. якую Рыгор не раз цягаў за косы. Ваданосаў. Віктар успомніў, як прыйшоў да іх Адам і пачаў цягаць Паўла за вушы. Гроднеў. Здаецца, зусім нядаўна ён [Міша] з іншымі малышамі цягаў ноччу за гэты дрот, адводзіў увагу гаспадара і сабакі ад таго месца, дзе іншыя хлопцы абіралі яблыкі. Карпюк.

5. Валачы па зямлі. Цягаць хустку па зямлі. □ Віцю, разведчыка, эсэсаўцы прывязалі да хваста каня і цягалі па бруку вуліц. Брыль.

•••

Ледзь ногі цягаць (цягнуць, валачы, перастаўляць) — а) з цяжкасцю ісці; б) пра старога, слабага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, па чым і чым. Гучна, з шумам пляскаць, удараць плазам чым‑н. мяккім, гнуткім па чым‑н. мяккім, вадкім, вільготным. На супрацьлеглым баку азярка каровы пазалазілі па самыя жываты ў ваду і ляніва шлёпалі сябе мокрымі хвастамі па баках. Карпюк. Даніла марудна і нязграбна шлёпае вёсламі па вадзе, а бераг паволі адсоўваецца разам з людзьмі. Карамазаў. // каго. Біць, пляскаць каго‑н. рукой, далонню (звычайна злёгку, нямоцна). Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. // што. Разм. Кідаць, шпурляць што‑н. мяккае, вільготнае ці што‑н. плазам. Звыклым запаволеным рухам, нават не пазіраючы, куды выпроствае руку, бярэ [Зіна] цёплыя кавалкі мяса з вялікай сіняй міскі, што стаіць на ўслоне між ёй і Марутай, шлёпае іх на днушка і скоранька рэжа. Кудравец.

2. Разм. Тое, што і шлёпацца. Звіняць над панадворкам жукі, шлёпаюць аб сцяну, покаюць на дол, — Выжлятніку пад ногі. Пташнікаў.

3. Разм. Утвараць невыразны, глухі, прыглушаны гук пры ўдары, падзенні, хадзе, сутыкненні і пад. Абгрызаючы і абсмоктваючы косці, .. [Суконка] так цмокаў і шлёпаў тоўстылі, шырокімі губамі, што не вытрымліваў нават Чорны Фомка. Паслядовіч. Толькі чуваць было, як шлёпалі па падлозе матчыны босыя ногі. Сачанка. // Утвараць шум, глухія гукі, ідучы, едучы і пад. па вадзе, балоце, гразі і пад. Ногі шлёпаюць па мокрым тратуары, больш як трэба згінаючыся ў каленях. Скрыган. Шлёпаў Грыцко мокрымі ботамі па балоце і ўсё думаў: добра ён зрабіў, што расказаў Святлане нешта падобнае на байку, ці нядобра? Кулакоўскі.

4. Разм. Спадаць, звальвацца (пра вялікі або разношаны абутак). Туфлі шлёпаюць.

5. Разм. Ісці, хадзіць, крочыць. Канём прасілі па чарзе. Адзін сядзеў у санях, двое шлёпалі пехатою. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. — Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малады́, ‑ая, ‑ое; молад, ‑а.

1. Які не дасягнуў сталага ўзросту; юны; проціл. стары. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках. Колас. Доктар Сільвановіч быў малады, энергічны чалавек, высокі, дужы. Арабей. / у знач. наз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Гэты стары спраўней маладога. // Уласцівы маладому ўзросту, маладым людзям. Малады твар. Маладая душа. Малады задор. □ Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы. Мележ. // Ужываецца для абазначэння дзяцей у адрозненне ад бацькоў (звычайна пры прозвішчах). Пра Нахлябіча старога .. [Пніцкі] не ўспамінаў, нават калі спатыкаў Нахлябіча маладога. Чорны.

2. у знач. вык., з інф. або са злучн. «каб» і інф. Нясталы, малавопытны па маладосці. Малады ты яшчэ мяне вучыць. □ — Ты малады яшчэ, каб са мною сілаю мерацца. Якімовіч.

3. Які нядаўна нарадзіўся, пачаў расці. Малады рой пчол. □ [Балота] пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі. // Які нядаўна ўзнік, утварыўся. Малады горад. □ У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які нядаўна пачаў дзейнічаць у якой‑н. галіне. Малады аўтар. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

4. Які нядаўна вырас, свежы (пра агародніну). Маладая бульба. □ Бацька накроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.

5. Нядаўна прыгатаваны (аб напітках, прадуктах). Маладое віно. Малады сыр.

6. у знач. наз. малады́я, ‑ых; адз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля. [Дзяўчаты] прывезлі падарункі дня маладых, — заўтра мелася адбыцца камсамольскае вяселле. Корбан. Некалькі саней .. ехала ад касцёла, везлі маладую з маладым. Карпюк.

•••

Маладыя людзі гл. людзі.

Малады век гл. век.

Малады, ды ранні — пра вопытнага, спрактыкаванага не па гадах чалавека.

Малады чалавек гл. чалавек.

Молада-зелена — пра чалавека вельмі маладога, з малым жыццёвым вопытам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. каго-што. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н., у якім‑н. напрамку. Дзед, нічога не гаворачы, скіраваў на грудок каня. Гурскі. [Салвесь] скіраваў фурманку ў лес, скінуў мяшкі з соллю, прыкрыў іх галлём, стаў масціць воз. Карпюк. Іван прыгнуўся, позіркам адмераў якую паўсотню крокаў да вострага каменнага абломка ў траве і скіраваў туды пісталет. Быкаў. // да чаго, на што і без дап. Узяць кірунак куды‑н., накіравацца ў які‑н. бок. Гнедка і цяпер скіраваў да лужка, але Сцёпка не пусціў яго. Хомчанка. Сёння зранку неба ўкрылі хмары, і Антановіч не скіраваў, як звычайна, на возера, а пайшоў з Русіновічам у бібліятэку. Дамашэвіч. Машыны скіравалі ў лес. Асіпенка. // што. Накіраваць у які‑н. бок (вочы, позірк). Марына Мікалаеўна здрыганулася, зыркія вочы да дзвярэй скіравала. Кавалёў. Віктар скіраваў позірк на неба, усміхнуўся нейкім сваім думкам. Савіцкі.

2. перан. каго-што. Даць пэўны кірунак каму‑, чаму‑н. Недзе ў сярэдзіне падрыхтаванай загадзя прамовы Вера са страхам падумала, што не ведае, куды ёй скіраваць моладзь. Асіпенка. Фільм «Міколка-паравоз» .. на матэрыяле шырокавядомай аповесці М. Лынькова скіраваў беларускае кіно да тэмы рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі. «Полымя». // Накіраваць на каго‑, што‑н. (размову, думкі і пад.). Скіраваць памаганні людзей на вырашэнне галоўнай задачы. □ Успамін пра Паходню скіраваў у другое рэчышча думкі Зараніка. Хадкевіч. Мы не ведалі, куды скіраваць гаворку, як раптам наш заўзяты маўчун Косцік ціхенька прамовіў: — Нешта есці дужа хочацца... Ваданосаў. // Звярнуцца да каго‑н. — Трэба нам з вамі новага брыгадзіра шукаць, — не то да ўсіх, не то да аднаго Базыля скіраваў гэтыя словы Сушчык. Дуброўскі.

3. каго. Паслаць каго‑н. куды‑н., даць прызначэнне каму‑н. Бацькі пярэчылі, рабілі ўсё, каб скіраваць дзяўчыну на якую-небудзь лягчэйшую работу, але яна пастаяла, дамаглася свайго: «Буду трактарысткай». Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смак, ‑у. м.

1. Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі языка рознымі рэчывамі; здольнасць успрымаць такое адчуванне — адно з пяці знешніх пачуццяў. Салодкі смак. Кіслы смак. Горкі смак. Органы смаку. □ [Чалавек] адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце. Караткевіч. Дзеці любаваліся чырвонымі карэньчыкамі [радыскі], каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню. Бяганская. // Якасць, уласцівасць ежы, якая адчуваецца ў час яды. Дануся ад душы засмяялася, калі даведалася, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Карпюк. Смак гэтых сушаных яблык.. [Язэпка] яшчэ і цяпер памятае. Бядуля. // Апетыт, прыемнае адчуванне ад яды. Варанае мяса і хлеб з’елі з такім смакам, якога даўно не ведалі. Пянкрат. Акраец хлеба ў торбу ўзяў, кавалак сала ўзяў для смаку. Дубоўка. Ходзіць бабка лесам-гаем У хусціначку збірае Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы,.. А бабоўнік кучаравы — Каб не страціць смак да стравы. Танк.

2. перан. Задавальненне, ахвота. [Міхась] прыпёрся спіной да левага крыла «Пабеды» і доўга стаяў, са смакам пакурваючы папяросу. Корбан. [Тамаш] убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Бядуля. Калі студэнт выйшаў на двор і спыніўся каля лаўкі, завознікі слухалі якраз вусаценькага мужчыну, які са смакам і веданнем расказваў пра былога гаспадара млына. Брыль. // Цікавасць, схільнасць да чаго‑н.; сутнасць, сэнс чаго‑н. Страціць смак да жыцця. □ Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва. [Чалавек:] — Я люблю рызыку. Як па лязе брытвы ходзіш... Во ў чым смак... Асіпенка.

•••

Дайсці да смаку гл. дайсці.

(Не) да смаку (быць, прыйсціся і пад.) — (не) падабацца, (не) спадабацца каму‑н. Жаласлівасць чужых цётак Ваню была не да смаку. Бядуля. [Маланка] баялася, ці прыйдуцца да смаку гасцям яе аладкі. Грамовіч.

Увайсці ў смак гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)