Кашэ́ль ’вялікая кашолка, звычайна з лучыны’; ’кашалёк’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Шат., Касп.). Таго ж паходжання, што і кашо́лка (гл.), г. зн. прасл. утварэнне пры дапамозе суф. ‑l‑ ад прасл. *košь ’кашолка’, ’кошык’. Усе дэрываты гэтага тыпу маюць прасл. характар і фармальна могуць быць зведзены ў тры варыянты праформ: *košelъ, *košela, *košelь (Трубачоў, Эт. сл., 11, 187–189). У аснове ўтварэння ляжыць слав. *košel‑ < *kosl‑ (параўн. лац. qualum < *quaslom ’кашолка, пляцёнка’). І.‑е. праформы не вельмі ясныя, здаецца, магло быць і *kuasl‑ і *kosló‑ (дарэчы, націск у слове *košelь, кашэ́ль дакладна адпавядае гэтаму другому варыянту).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барліна ’барка, вялікая лодка, баржа, вялікі рачны човен’ (БРС, Янк. I, Маслен., КЭС, лаг.), бэрліна (Бесар., 153). Рус. берли́нка ’від рачнога судна на Дняпры і Сожы’, укр. берли́на, берлі́на ’від чаўна, баржы на Днястры’. Паводле Брукнера, 21; Клюге, Seemannsspr., 88; Корбута, PF, 4, 482, ад назвы месца Berlin (як і назва карэты рус. берли́н). З іншага боку, Гараеў, а за ім і Безлай, Novejše, 10–11, вылучаюць іншую версію (Гараеў: сувязь з польск. berło, укр. берло ’палка, жэзл’; Безлай прыводзіць слав. адпаведнасці: славен. brlȁ ’агароджа, частакол у рацэ’ і да т. п.). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 158.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́са ’колькасць матэрыі, якая складае цела’, ’вялікая колькасць, мноства, шмат чаго-небудзь’, ’мноства рэчыва без пэўнай формы’, ’народ, шырокія колы насельніцтва’ (ТСБМ, Яруш., ТС). Еўрапейскае слова. У бел. мову запазычана з польск. і, магчыма, паўторна з рус. мовы, у якіх з новав.-ням. Masse (XVI ст.) або з франц. masse > лац. massa ’злітак’, ’ком, глыба, кавалак’, ’хаос’ < ст.-грэч. μᾶζα ’цеста’, ’ячменны хлеб’ < μάσσω ’мяшаю, размешваю’. Сюды ж масаві́к ’той, хто вядзе работу ў масах’, ’арганізатар масавых гульняў’ (ТСБМ), ма́савыя ’летняе свята саўгаснікаў’ (віл., Нар. сл.), масо́ўка ’масавая сцэна ў спектаклі, фільме’, ’масавая прагулка’, ’тайны рэвалюцыйны сход’ (ТСБМ) — усе з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жэ́рліца ’рыбалоўная снасць’. Рус. літ. жерли́ца, дыял. же́рлица, же́рли́ка ’тс’, укр. жерлига ’вялікая вуда’ (Грынч.). Фасмер (2, 49) і Шанскі (Д, Е, Ж, 284) развіваюць дапушчэнне Праабражэнскага (1, 229) аб паходжанні ад жерло са знач. ’горла’ (таго ж кораня) або ’вуда для лоўлі з жыўцом’ ад жэрці з суф. ‑ла (< *‑dlo), улічваючы жор ’час, калі добра бярэцца рыба’. Аднак і пры гэтых тлумачэннях не зусім ясная варыянтная суфіксацыя, а семантыка патрабуе далейшых удакладненняў і пацвярджэнняў. Трэба ўлічыць, што часцей назвы прадметаў на ‑іца ад прыметнікаў (параўн. пале́гліца ’палеглая пшаніца’, кру́гліца ’круглая ніва’, гл. Сцяц., Афікс. наз., 110–111).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сан ’званне, звязанае з пачэсным становішчам, з высокай пасадай у дарэвалюцыйнай Расіі’ (ТСБМ). Стараж.-рус. сань, ст.-слав. санъ. У беларускай, відавочна, запазычанне з рус. сан (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 48), якое большасць даследчыкаў (Міклашыч, 288; Брукнер, ZfslPh, 4, 213) лічаць запазычаннем з дунайска-балг., параўн. тур., чагат. san ’вялікая колькасць, сан, слава’, паўн.-цюрк. sanamak ’цаніць’. З іншага боку, параўноўваюць таксама (Траўтман, 250; Праабражэнскі, 2, 250, Бернекер, AfslPh, 38, 263) са ст.-інд. sā́nu сяр. р. ’вяршыня, вышыня, вастрыё’. Гл. таксама Фасмер, 3, 555. Трубачоў, Этимология–1965, 22 супраць супастаўлення з іранскім, лічачы слова чыстым цюркізмам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тракт, трахт ’шырокая праезджая дарога’ (ТСБМ; стаўб., Прышч. дыс.), ’вялікая паштовая дарога, гасцінец, шлях’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Мядзв.; слаўг., Яшк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. трактъ ’шлях, дарога’, ’бяседа’ (1570 г.), ’адміністрацыйная адзінка ў ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон), запазычана са ст.-польск. trakt, якое з лац. tractus ’цяга, цячэнне, валачэнне’, ’бесперапынны, плаўны’, ’паласа, след’, ’шэраг’, ’мясцовасць, край’ < trahere ’цягнуць (за сабой), валачы’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 113), відаць, праз нямецкую мову, параўн. ням. Trakt ’тракт’. Сюды ж: тракто́вы ’дарога, абсаджаная абапал дрэвамі’ (Нас.); тракт (страўнікава-кішкавы) < лац. tractus ’уцягванне, убіранне ў сябе’, ’праглынанне, глытанне’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
арыгіна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца арыгіналам (у 1 знач.); сапраўдны, першапачатковы. Арыгінальны рукапіс.
2. Створаны самастойна; не запазычаны, не перакладны. Арыгінальнае мастацкае рашэнне. Арыгінальны рэпертуар. □ Цікавымі паэтычнымі творамі з’яўляюцца першыя арыгінальныя беларускія байкі. Казека.
3. Непадобны да іншых, самабытны. Арыгінальны падыход. □ Адчувалася, што.. ў.. [Чорнага] ёсць свежыя назіранні і сваё, арыгінальнае ўспрыманне свету. Барсток. [Ваброў:] — Я хачу толькі сказаць, калегі, што думка Івана Іванавіча вельмі арыгінальная. Гамолка. // Своеасаблівы, незвычайны. Нават форма цела ў ментуза надзвычай арыгінальная: вялікая, сплюснутая спераду галава, шырокая пашча з мясістымі, тоўстымі губамі, кароткія вусікі на падбародку. Матрунёнак. Твор [«Вялікае сэрца»] пачынаецца з арыгінальнай дэталі, якая адразу характарызуе галоўнага героя. Луфераў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́значыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. Набыць выразны характар, стаць відным. На шэрым фоне ўваходу [у пячору] вызначылася нейкая вялікая цёмная маса, спынілася, быццам здзіўленая, — пачуўся грозны, хрыплы рык. Маўр. // Раскрыць свой змест, форму. Спецыфіка прадмета вызначылася не адразу. // Выразна акрэсліцца. У адным месцы абора разбэрсалася, анучы аб’ехалі ўніз і вызначылася форма нагі. Чорны.
2. Поўнасцю скласціся. Марцін адчуваў, што Ганнін лёс ужо вызначыўся, як мае быць. Чорны.
3. Вылучыцца з ліку іншых чым‑н. Вызначыцца сваёй храбрасцю. □ Гонар зрэзаць і звязаць апошні сноп дастаецца таму, хто вызначыўся на ўборцы. Хадановіч.
4. чым. Стаць знамянальным, паказальным дзякуючы чаму‑н. Наш век вызначыўся выкарыстаннем атамнай энергіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лаві́на, ‑ы, ж.
1. Вялікая маса падаючага з гор снегу, лёду; снежны абвал. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсё большую і большую імклівасць і, абрастаючы снегам, павялічваючыся, ён ператвараецца ўрэшце ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху. Лынькоў.
2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н. Лавіна коннікаў. □ Лавіна разгневаных людзей кінулася ўдагонку, усё змятаючы на сваім шляху. Гурскі. Праз адчыненыя насцеж парадныя дзверы з непахіснай рашучасцю імчыцца з ганка лавіна дзяцей. Гарбук.
3. у знач. прысл. лаві́най. Суцэльным патокам. Танкі ішлі лавінай. □ Лавінай хлынулі я барака ўсе як адзін. Ішлі доўгім сабраным натоўпам, плылі адзінай хваляй. Пестрак.
[Ням. Lawine.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напала́м, прысл.
Разм.
1. На дзве прыблізна роўныя палавіны; надвае. Зламацца напалам. Падзяліць напалам. □ Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Чорны. Кандрат паклаў разламаную напалам бульбіну і прыліп тварам да шыбы. Галавач.
2. У роўнай долі, на паях з кім‑н. Наймаць пакой напалам. // перан. Перажываць што‑н. разам. Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду. Панчанка.
3. Удвая. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.
4. Напалавіну, у сумесі з чым‑н. Мы пяклі праснакі Напалам з лебядою І чакалі вясны, Каб адтала кара. Броўка. Па абодва бакі дарогі стаяла няскошаная, напалам з цімафееўкай канюшына. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)