злара́днасць, ‑і, ж.
Пачуццё радасці пры няшчасці, няўдачы другіх. «Што, даражэнькі, даездзіўся?!» — сказаў у думках Міхась, і нешта падобнае на злараднасць заварушылася ў яго душы. Васілёнак. [Паходня] быў упэўнены цяпер, што за яго кандыдатуру прагаласуюць усе — хто шчыра, ад душы, хто са злараднасцю: балбатаць ты майстар, а вось парабі сам. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зна́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Вядомы, славуты, праслаўлены. Вось тут Жыў знаны Гедымін. Ну й будаваў. Сцяна — з вярсту Утоўшч. Панчанка.
2. Знаёмы, пазнаны ў мінулым. Знаны смак. Знаныя дарогі. □ Цяпер прымаеш знаны змалку свет з той прагнасцю, калі ўжо чуеш водар, якім крамяны патыхае цвет мясістага бульбоўніку з гарода. Русецкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засто́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. што. Спыніць ход, дзейнасць (механізма, машыны і пад.). Застопарыць кола. // перан. Разм. Затрымаць ход, развіццё чаго‑н. У адной сям’і напярэдадні спраўлялі вяселле. Дык вось гэтыя маладажоны ўсю справу застопарылі. Апрача іх, не з’явіўся адзін чыгуначнік. Паслядовіч.
2. Разм. Тое, што і застопарыцца. Машына застопарыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́скудзь, ‑і, ж.
Разм. пагард. Пра каго‑н. агіднага, паскуднага або пра што‑н. агіднае, паскуднае. Даміра падышоў зусім блізка, адштурхнуў Канькова, працадзіўшы скрозь зубы: — Ты вось што, на маёй дарозе не стой. Думаў, чалавек ты, аж не,.. поскудзь. Асіпенка. Самагонная поскудзь борзда разлілася па .. [Саўкавых] жылах, стукнула ў галаву. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праста́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і прасцяк. Шапка, што ссунулася крыху на бок, некалькі расшпіленых гузікаў, твар — усё нібы крычала: глядзіце, вось я які прастак, душа ў мяне нараспашку, увесь я перад вамі, адным словам свой чалавек на вёсцы. Кавалёў. Іранічна падсм[ей]ваецца паляшук, расказваючы .. гісторыі і легенды даверлівым прастакам. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгляну́цца, ‑глянуся, ‑глянешся, ‑глянецца; зак.
Разм. Выклікаць чыю‑н. увагу, сімпатыю; спадабацца. Прыглянулася Алія старому баю. Даніленка. А калі парою, Здарыцца часіна, Прыглянуцца нашы Хлопец ці дзяўчына, — Рады мы заўсёды З вамі нарадніцца. Русак. Вось гэтыя месцы і прыглянуліся працавітым мірным бабрам — вакол цішыня і спакой, шмат вады і корму. Самусенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., што.
Вывучыць, засвоіць што‑н. з мэтай далейшага паўтарэння, выканання. Развучыць народны танец. □ Суровы, баявы матыў гэтай незнаёмай песні мне вельмі спадабаўся, і я тут жа, на слых, развучыў яе на раллі. Хомчанка. — [Рыгорка] так хораша вершы чытае. Вось мы яму пра калгас наш даручым развучыць. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́мбік, ‑а, м.
1. Памянш. да ромб (у 2 знач.).
2. Пра што‑н. у форме невялікага ромба. Паказаўся прыгожы гняды конь, між вачэй якому нібы хто знарок прыклеіў беласнежны ромбік. Ляўданскі. — Дык, кажаш, танкі ў бярэзніку каля Міронавай хаты? Вось і добра. — І .. [салдат] панёс у адным месцы карты ромбік. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́спач, ‑ы, ж.
Стан, пачуццё крайняй безнадзейнасці, упадку духу, выкліканы якім‑н. няшчасцем, непрыемнасцю і пад. Ніколі не трэба кідацца ў роспач, а цярпліва і настойліва дамагацца свайго. Асіпенка. [Пятро:] — Рыба сплыла... Увесь улоў. Вось я і крычу ад роспачы! Ваданосаў. — Трэцяя брыгада нашу жняярку забрала! — з роспаччу крыкнула Вольга. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смяшы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Вясёлая іскрынка, хітры агеньчык (у вачах). У карых вачах Наташы гарэзлівыя смяшынкі, валасы каштанавымі локанамі спадаюць на плечы, а на загарэлых шчоках — вясёлыя ямачкі. Бяганская. Але вось цень задуменнасці сышоў, на твары з’явілася вясёлая ўсмешка, у вачах зайгралі смяшынкі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)