тае́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць таемнага. Таемнасць становішча. □ Спярша яму было крыху смешна, але па меры таго, як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна — непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Колас.

2. Нешта загадкавае, невядомае, незразумелае. Нейкай таемнасцю веяла ад постацей святых, павыразаных з дрэва. Броўка. [Дзяўчаты] былі ўсе маладыя, маладосць любіць таемнасць, сакрэты і сюрпрызы. Чорны. Гарыце, сузор’і, гарыце У гэты таемнасці час! Грамыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

талака́, ‑і, ДМ ‑лацэ, ж.

Разм.

1. Калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ. У беларускіх вёсках была пашырана форма ўзаемадапамогі, якую .. называлі талакой. «Полымя».

2. зб.; перан. Група людзей. З клуба студэнты таксама выходзілі разам. Яны ішлі ўпоперак усёй вуліцы талакой і пелі знаёмую студэнцкую песню. Навуменка. [Уласюк:] — Мы збіраем і згуртоўваем вакол нашай заўтрашняй газеты свядомых беларусаў, лепшыя сілы народа. Вось я і вас запрашаю да нашай талакі. Колас. / Пра насякомых. Над зялёнаю лукою Ходзяць мухі талакою... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флю́гер, ‑а, м.

1. Рухомае прыстасаванне, якое паказвае кірунак ветру. Сонца, якое заходзіла, залаціла самы верх цаглянай вежы і маленькі флюгер, выразаны з бляхі Карнеевым сынам Пятром. Даніленка. // Метэаралагічны прыбор для вызначэння сілы і змянення хуткасці ветру.

2. Уст. Флажок, які прымацоўваўся да пікі кавалерыста.

3. перан. Зневаж. Пра непастаяннага чалавека, які хутка мяняе свае погляды і перакананні. — Правільна, Сяргей Сяргеевіч! — у момант згадзіўся Грыбок. «Ну і флюгер!» — ужо без злосці і абурэння падумаў Шыковіч. Шамякін.

[Ад ням. Flügel — крыло.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяж, ‑а, Т ‑ом, м.

1. Рэмень ці трос, якія служаць сродкам перадачы цягавай сілы. Падчапілі другі паравоз, рванулі раз і два .. Перадыхнулі хвіліну, другую і рванулі так, што загрымеў і лопнуў цяж. Лынькоў.

2. Рэмень ці вяроўка, нацягнутыя ад верхняга канца аглоблі да восі пярэдняга кола для выраўноўвання ходу экіпажа. Пры конях ішлі па некалькі чалавек, мясілі гразь і час ад часу хапаліся за цяжы, крычалі на коней. Лобан.

3. Скрэпа, замацаванне, звязка. Змацаваць бярвенне жалезным цяжом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

почём нареч.

1. (по какой цене) разг. пачы́м;

2. (на основании чего-л. — только в соединении с глаголом знать) прост. адку́ль;

почём я зна́ю адку́ль я ве́даю;

почём знать хто ве́дае;

почём зря не зважа́ючы ні на што; (бить и т. п.) ваўсю́, з усёй сі́лы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ско́мліць ‘нудзець, енчыць, ныць’ (Сл. рэг. лекс.; зэльв., Нар. лекс.), скі́млыты ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.), скомлы́ты, скы́млыты ‘скуголіць, енчыць ад непапраўнага гора’ (пін., Нар. лекс.; драг., З нар. сл.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць; ціха жаласна плакаць’, рус.-ц.-слав. скомълати ‘бурчаць’, рус. дыял. скомли́ть ‘тс’, польск. skomleć ‘скавытаць, скуголіць, канькаць’, чэш. skomliti ‘быць’, в.-луж. skomlić ‘бурчаць’, н.-луж. skomliś ‘скавытаць, бурчаць’, славен. skomljati ‘стагнаць, скардзіцца; нудзіцца . Прасл. *skomъliti, хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання. Можа быць звязана з скома ‘аскома’, скоміць ‘скрыпець’ (гл.), параўн. Праабражэнскі, 2, 304–305; Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243; Фасмер, 3, 649. Іншыя меркаванні гл. Бязлай, 3, 245 (праз рухомае s‑ зводзіць да рус. комить ‘сціскаць’ і далей да роднаснага літ. kamúoti ‘мучыць, пазбаўляць сілы’), Шустар-Шэўц, 1292–1293 (звязвае з *komarъ, гл. камар), Махэк₂, 547 (кантамінацыя асноў *skol‑, што да літ. skãlyti ‘завываць’ і *skom‑, гл. скома), да якога далучаецца ЕСУМ, 5, 273.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адабра́ць¹, адбяру́, адбярэ́ш, адбярэ́; адбяро́м, адбераце́, адбяру́ць; адбяры́; адабра́ны; зак.

1. каго-што. Сілай забраць у каго-н., прымусіць каго-н. аддаць якую-н. рэч

А. грошы.

2. Пазбавіць каго-н. якіх-н. якасцей, пачуццяў, права на што-н.

Страх адабраў усе сілы.

3. што. Адняць час, здароўе і пад. на выкананне чаго-н.

Пераправа адабрала многа часу.

4. што., безас. Страціць здольнасць валодаць чым-н.

Не мог ісці, ногі адабрала.

5. каго-што. Выбраць з аднастайных прадметаў такія, якія вылучаюцца якой-н. якасцю або прыкметай.

А. неабходную літаратуру для бібліятэкі.

|| незак. адбіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. адбіра́нне, -я, н. (да 1 і 3 знач.) і адбо́р, -у, м. (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зга́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. згас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, загаснуць. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Шамякін. Пад вечар згаслі яркія кастры. Танк. / Пра канец дня і надыход ночы. Дзень згас.

2. перан. Знікнуць, кончыцца (пра пачуцці, надзеі і пад.). Не згасне той запал агністы, З якім пад шолах кумача Кляліся сэрцам урачыста Ва ўсім браць прыклад з Ільіча. Бялевіч. На задні план сышлі згрызоты, Агонь і жар у сэрцы згас. Колас. / Пра жыццё, сілы. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. // Зачахнуць, памерці (пра чалавека). [Маці] хутка згасла на непасільнай працы, як свечка на ветры, у свае трыццаць дзевяць год. Клышка. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас. // Страціць жывасць, выразнасць (пра вочы, позірк, усмешку). Вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула.. [Васіля], усмешка на чырванашчокім твары згасла. Мележ.

3. перан. Страціць значэнне, забыцца. Ніколі не згасне слава аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя людскога шчасця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

става́ць, стае; безас. незак. чаго.

1. Хапаць чаго‑н. для каго‑, чаго‑н. [Пан жываглот] Сам не сеяў, не араў, Ледзь нагой пераступаў, А ўсяго яму ставала — Хлеба, солі, круп і сала. А. Александровіч. Без елкі на Новы год несвяточна, вядома, і добра, што ў Беларусі елак на ўсіх стае. Лось. У новую экспедыцыю .. выбрацца не ўдалося, — не ставала сродкаў. Самуйлёнак. Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі, знаёміцца з імі можна было хіба што назіркам. Лужанін.

2. Мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што‑н. Асвоіў Сяргей Кірылавіч спецыяльнасць мадэльшчыка. Рукі ж дужыя, працавітыя. І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала. Мыслівец. Нясу табе і радасці і болі, — Тут смеласці і шчырасці стае. Матуля, не цураўся я ніколі Ні мовы, ні гісторыі твае. Тармола. Любе хацелася нешта сказаць, усёй істотай імкнулася яна перарваць маўчанку, але быццам не ставала рашучасці. Мурашка. — А, — махнуў рукою малады цясляр, — няхай вучыцца той, у каго свайго розуму не стае. Якімовіч.

•••

Клёпкі ў галаве не стае — тое, што і клёпкі ў галаве не хапае (гл. хапаць).

Як (колькі) моцы стае — з усяе сілы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязме́жжа, ‑а, н.

1. Бязмежны прастор. Так і бачыш бяздонную сінь зімовага неба, залітага халодным святлом месяца, адчуваеш вышыню і бязмежжа аснежаных прастораў. Грахоўскі. [Дзяўчынка] не крычала, адна ў сцюдзёным бязмежжы, на вачах у высокіх і абыякавых зорак, — яна ўжо толькі шаптала адзінае слова, якім чалавек пачынае жыццё, слова вялізнай сілы. Брыль.

2. перан. Надзвычайная глыбіня, сіла выяўлення чаго‑н. Сёння нашы прасторы — бязмежжа — Славу роднай сталіцы пяюць. Броўка. Паэзія Купалы заўсёды была шматграннай, арыентавалася на ўсё ідэйна-тэматычнае, духоўнае бязмежжа нацыянальнага быцця. Бечык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)