заты́м, прысл.
1. Пасля гэтага; потым. Сяльчонак зрабіў невялікі даклад, адказаў на пытанні членаў бюро. Затым слова папрасіў Леў Раманавіч. Асіпенка.
2. Уст. Таму, па той (гэтай) прычыне. У кожнай муж быў, так сказаць, вяльможа, затым пра хлеб іх клопат не трывожыў. Дубоўка. / У складзе злучніка прычыны «затым што». Андрэй безнадзейна махнуў рукой і.. пайшоў з хаты. Зеленюка гэта бадай што ўзрадавала. Не толькі затым, што хацеў пабыць сам-насам з Таццянай, а і наогул была ў іх з Андрэем нейкая беспрычынная халаднаватасць. Зарэцкі.
3. Уст. З гэтай мэтай, для таго. / У складзе злучніка мэты «затым каб». — Я да цябе [сонца] затым прыйшоў, каб ты шляхі нам асвятліла. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і з інф.
Разм.
1. Узяць верх у барацьбе, бойцы; перамагчы, асіліць. Ён, Васілёк, прыкмячаў, хто гэтак кажа, а потым, злавіўшы ля свайго двара, біўся з тымі, каго мог здужаць. Сачанка. [Платон] адкрыта ганарыўся сваёй краінай, што яна такая моцная, здужала і нашчэнт разбіла гітлераўскія арміі. Ракітны.
2. Справіцца з тым, што патрабуе вялікіх фізічных намаганняў. Здужаў падняць мех на плечы. □ — Пяску акіян, — кажа хлопцу стары, — Да пеўняў насып каля схілаў гары, І будзе Джувіта жонкай тваёй. Здужаць не зможаш, — сам станеш гарой. Жычка. // Засвоіць, зразумець што‑н. [Бацька] бязлітасна школіў сына ў той няхітрай земляробчай навуцы, якую здужаў на практыцы сам. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце, зак., каго-што.
1. Штурхнуць ад сябе, адсунуць штуршком. [Ядвіся] раптоўна абхапіла рукамі яго шчокі і, умомант прыблізіўшы яго галаву, пацалавала, а потым з сілаю адштурхнула яго і кінулася за дзверы. Колас.
2. перан. Парваць сувязь, блізкія адносіны з кім‑н., аддаліць ад сябе, праявіўшы раўнадушнасць, халоднасць. Прыязнасць да Паходні ў Янукевіча была і цяпер, ён лічыў яго сваім выхаванцам, не верыў у плёткі І паклёпы і не хацеў адштурхнуць ад сябе. Хадкевіч. // Выглядам, паводзінамі выклікаць непрыязнасць, агіду. У гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасць, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. Пасадзіць асобна ад каго‑, чаго‑н. Белая [трусіха] паспрабавала залезці ў карытца нават з лапкамі, і Данік асцярожна адсадзіў яе. Краўчанка. [Пецю] назаўтра ж адсадзілі на заднюю парту, аднаго — на ім, на ўроках аж скура гарэла. Пташнікаў.
2. Разм. Прымусіць пакінуць якое‑н. месца, не даць доступу да чаго‑н. Прыбытнага адсадзілі ад стала, потым выціснулі з бакоўкі. Кулакоўскі.
3. Спыніць кармленне матчыным малаком, размясціць асобна ад маткі. Адсадзіць цяля.
4. Пасадзіць яшчэ раз нанава (пра расліны). [Несцер:] — Усе.. пасохлыя дрэвы адсадзілі занава. Кулакоўскі.
5. Спец. Струменем вады або паветра аддзяліць карысны выкапень ад пустой пароды.
•••
Адсадзіць пячонкі (нутро) (груб.) — моцна збіўшы, пашкодзіць унутраныя органы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паску́дства, ‑а, н.
Разм. груб.
1. Бруд, нечыстоты. [Жывіцкі:] — Ты гатоў усякае паскудства далонямі мясіць. Не ідзеш ты ў вялікую добрую работу, а ўсё нюхаеш, рыбку ловіш... Чорны. // Пра каго‑н. дрэннага, пра што‑н. дрэннае, непрыстойнае. [Раман] памятаў, што Мікіта Бычок, гэтае паскудства, абібок і злодзей, лез да яго цалавацца. Чарнышэвіч. Лабановіч пазірае на рысунак, і па губах прабягае іранічная ўсмешка. Потым ён хапае газетку і шпурляе кудысь у куток. — Паскудства! — гаворыць сам сабе. Колас. [Гунава:] — Ён мне гаворыць рознае паскудства і спадзяецца на прыдворнае з ім абыходжанне... Самуйлёнак.
2. Дрэнны, агідны ўчынак. — Бі, яго, хлопцы, каб не рабіў паскудства людзям! Галавач. [Бацька:] Усё роўна не дагледзіш, калі зноў захоча якое паскудства зрабіць. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Маці, мама. — Матка! А калі гэта да нас Шпак .. прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Таццяну. Колас.
2. Самка жывёл і насякомых, якая выводзіць патомства. Малыя ягняты, .. адбіўшыся ад матак, на момант спыняліся. Крапіва. Пчолы-разведчыкі знаходзілі .. вуллі і пакрысе абжывалі іх, каб потым прывесці сюды матку з роем. Кулакоўскі.
3. Унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл, у якім развіваецца зародак.
4. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Апранула зямля-матка Кажушок зялёны. Колас. Я тут бачыў свой край, поле, рэчку, бор, Сваю катку-зямлю — Беларусь. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. павалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Пацягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Маўр. Выплыў Сенька з затока, пераехаў Прыпяць, потым, спусціўшыся крыху ніжэй, прыстаў да берага і павалок лодку ў кусты. Краўчанка.
2. Панесці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Праца закіпела дружна. Хлопцы, дзяўчаты павалаклі дошкі, цэглу, жалеза. Карпюк. Завішнюк узяў свае мяшкі, трыножнік і павалок на двор, як нешта зусім чужое. Пташнікаў.
3. Разм. Павесці сілком, прымусіць пайсці куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Брыль. Паліцыянты схапілі высокага .. харыста Паўла Моніча і павалаклі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.
2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.
3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, перамясціцца. Афіцэр перакаціўся цераз канаву і кінуўся ў хмызняк. Васілеўская. // Разм. Перавярнуцца з аднаго боку на другі. Адам Лабека глуха застагнаў і паваліўся на бок, паволі падкурчыў адну нагу, потым другую. Боль не сунімаўся. Адам Лабека перакаціўся на спіну. Паслядовіч.
2. Перамясціцца па небасхілу з аднаго месца на другое (пра сонца, месяц і пад.). Сонца перакацілася на захад.
3. Хвалепадобна распаўсюдзіцца, разнесціся (пра гукі). Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Ён узарваў спакой летняе ночы і перакаціўся рэхам у наваколлі. Чарнышэвіч.
4. Пракаціцца далей, чым трэба. Мяч перакаціўся за рысу.
5. Разм. Упаўшы, перавярнуцца, перакінуцца. Перакаціцца ад аднаго ўдару.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.
1. Наладзіць з кім‑н. добрыя адносіны; ужыцца. [Богдан:] — Нам патрэбен такі чалавек, які б нас за людзей лічыў.. Андрэй Максімавіч змог бы і з людзьмі наладзіць і гаспадарку навесці. Дуброўскі. — Дык-ты ў парабкі да Халусты? — Але, Сымон. — Не ведаю, як ты з ім паладзіш. Чарнышэвіч.
2. Памірыцца пасля сваркі з кім‑н. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас.
3. што. Рамантуючы, зрабіць прыгодным для карыстання, работы. І я не выходзіў з двара — папраўляў платы, якія сям-там збуцвелі і асунуліся,.. наладзіў на хаце страху, бо ў раптоўныя навальнічныя дажджы, асабліва ў ліўні, яна працякала. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)