пу́дра, ‑ы, ж.

1. Дробны і мяккі, звычайна пахучы парашок, які наносіцца на скуру як гігіенічны і касметычны сродак. Пакрыць твар пудрай. □ Зняла Насця капялюш, памылася, каб змыць пудру. Колас.

2. Дробны парашок з мінеральных і іншых рэчываў. Цэментная пудра. Цукровая пудра.

[Фр. poudre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплю́шчыцца 1, ‑чыцца; зак.

Раскрыцца, адкрыцца (пра вочы). Пратасевіч убачыў, як пабляднеў увачавідкі .. твар [Рыты], як спужана расплюшчыліся вочы. Васілевіч. // Разамкнуцца (пра павекі). Павекі, здаецца, самі расплюшчыліся. М. Ткачоў.

расплю́шчыцца 2, ‑чыцца; зак.

Стаць плоскім ад удару, ціску. Дрот расплюшчыўся. // Расціснуцца ад цяжару, удару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сму́глы, ‑ая, ‑ае.

З больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам скуры людзей белай расы). Смуглы твар. Смуглыя рукі. Смуглае цела. □ Шчокі смуглыя дзяўчат красуюць без чадры. Броўка. // Са скурай такой афарбоўкі. [Сашка] і быў выліты бацька: чорнагаловы, смуглы, з поўнымі губамі. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уго́длівы, ‑ая, ‑ае.

Празмерна паслужлівы, ліслівы; дагодлівы. У яго [Івана Дулькі] былі маленькія .. вочкі, ліслівая ўсмешачка блукала па твары, і ўвесь ён быў такі ўгодлівы, пачцівы, ліпкі. Кірэенка. // Які выражае ўгодлівасць, ліслівасць. Угодлівыя вочы. □ Круглы твар старасты свеціцца, як сонца. Угодлівы смех коціцца гарохам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пы́са ’ніжняя частка галавы жывёліны (з губамі і ноздрамі)’; груб. ’твар’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’мыса ў каровы, цяляці’ (ЛА, 1; Бяльк., Мат. Гом.), ’храпа ў каня’ (ЛА, 1; Бяльк.), ’морда’ (Некр., Ян., Растарг.), пы́сы ’канец морды з губамі’ (Шат.; чэрв., Сл. ПЗБ), параўн. укр. пи́сьо ’тварык’. Хутчэй за ўсё, адваротны дэрыват ад пы́сак, пы́ска (гл.), пад уплывам мы́са ’морда свойскай жывёлы’ (гл.); бадай, не звязана з усх.-славац. pusa (< польск. buzia, балг. бу́за, карпатызм, гл. Клепікава, Исслед. по слав. диал., 5, 208).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ды́хаць, ды́хаю, ды́хаеш, ды́хае; незак.

1. Паглынаць кісларод і выдзяляць вуглякіслы газ.

Хворы цяжка дыхае.

Расліны дыхаюць лісцем.

2. перан., чым. Быць захопленым чым-н., жыць якой-н. ідэяй.

Ён жыў і дыхаў кансерваторыяй.

3. перан., чым. Вылучаць, распаўсюджваць што-н.; быць прасякнутым чым-н., выказваць што-н.

Ноч дыхала пахамі траў.

Яго творы дыхаюць вайной.

Твар спартсмена дыхаў здароўем.

Дыхаць свабодна (вольна) — адчуваць палёгку, вызваліўшыся ад чаго-н.

|| аднакр. дыхну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 знач.; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Абліць, абсыпаць, абвеяць што‑н. адразу з усіх бакоў. Абдаць талерку варам. □ У твар дыхнуў вільготны вецер, абдаў дробнымі кропелькамі дажджу. Пянкрат. Поезд праімчаўся, як змей, абдаўшы віхрам пылу і дыму настаўніка. Колас. Вячэрні халадок прыемна абдаў твар. Кулакоўскі.

2. перан. Ахапіць, авалодаць (пра пачуццё, перажыванне). Яны [Андрэй і Людміла] зайшлі ў яе пакой. І зноў абдало знаёмым і трывожным. Арабей. Нез’яснёная лёгкасць, як пасля скінутых ланцугоў, што доўгі час звязваюць людскую долю, абдала Рыгораву істоту. Гартны.

•••

Як варам абдало — аб прыліве крыві да твару, выкліканым адчуваннем няёмкасці, збянтэжанасці, хваляваннем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змо́ршчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Сабрацца ў маршчыны, складкі. Твар зморшчыўся. □ Адам прыплюшчыў вочы, і ў яго зморшчыўся лоб. Чорны.

2. Зморшчыць твар, скрывіцца ад чаго‑н. непрыемнага. Ваўчок зморшчыўся, як моршчыўся заўсёды, калі размова заходзіла пра новую і клапатлівую справу. Хадкевіч. Алік толькі паспытаў суп і зморшчыўся. Ваданосаў.

3. Заўчасна пахудзець, пастарэць, усохнуць (ад гора, нялёгкага жыцця). Паліт, калі ад’язджаў [у Амерыку], быў кучаравы, стройны дзяцюк, а вярнуўся лысы, як той бубен. Згорбіўся, зморшчыўся Паліт. Бялевіч.

4. Пакрыцца складкамі, няроўнасцямі; пакарабаціцца, усохнуцца. Грыбы зморшчыліся так, што нават не было чаго есці. Маўр. [Яблыня] раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палымне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Ярка гарэць, палаць; знішчацца ў агні. Людзі пакідалі разбураныя гнёзды, якія палымнелі ў агні, там гінула чалавечая праца, дымам засцілалася неба. Гурскі.

2. Свяціцца яркім святлом; вылучаць святло. Будуецца горад, Заўсёды начамі Увесь палымнее Электраагнямі. Калачынскі.

3. Набываць колер полымя; вылучацца колерам полымя, яркай чырвонай афарбоўкай. Ружовая зара палымнела на ўсходзе. Самуйлёнак. Амаль у кожным двары палымнела чырвоная рабіна. Гроднеў. // Пакрывацца румянцам. Вецер [свістаў] у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар, і твар пачынаў гарэць, палымнець. Мікуліч.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. вельмі моцным пачуццём. Палымнець сэрцам. Палымнее агонь помсты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакасі́ць 1, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.

Зрабіць што‑н. касым, несіметрычным; скрывіць. Перакасіць раму. Перакасіць каўнер. □ Твар у жанчыны раптам змяніўся: яго перакасіла нянавісць. Скрыган. / у безас. ужыв. Твар у .. [Алы] перакасіла гневам. Яна падскочыла да цёткі Ксюшы і з усяе сілы пляснула далоняй па твары. Карпаў.

перакасі́ць 2, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак.

1. што. Скасіць далей за вызначаную мяжу. Дзямян з.. [Мікітам] не сварыўся, не пераараў яму мяжы, не перакасіў. Пестрак.

2. перан.; каго. Скасіць, знішчыць, загубіць усіх, многіх. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў, стралялі з гармат і быццам бы перакасілі процьму фашыстаў. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)