пачарпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і чаго.
1. Разм. Зачэрпаць. У гэты час Ніна, якая прыгнулася да латка, каб пачарпнуць вады, выгукнула: — Ганна Сымонаўна! Сябры! Тут нейкія малюнкі! Дубоўка.
2. перан. Атрымаць, узяць, запазычыць адкуль‑н. Пачарпнуць веды з кніг. □ Калі і хадзілі раней байкапісцы ў суд, дык толькі дзеля таго, каб пачарпнуць жыццёвыя факты, уведаць — няхай, можа, і сумныя — чалавечыя гісторыі. Казека. Моц пачарпнуў Міцкевіч з жыцця. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перабялі́ць, ‑бялю, ‑беліш, ‑баліць; зак., што.
1. Пабяліць нанава, яшчэ раз. А што я зрабіў кепскае? Столь упрыгожыць кветкамі хацеў? Дык я ж мог сам перабяліць, калі б сказалі. Нядзведскі.
2. Пабяліць усё, многае. Перабяліць усе пакоі ў доме.
3. Разм. Сапсаваць празмерным бяленнем. Перабяліць палотны хлёркай.
4. Перапісаць з чарнавіка начыста. — От я зараз усыплю вам абодвум, — сказаў.. [Канстанцін Міхайлавіч], пачынаючы нешта накідваць алоўкам. Потым перабяліў напісанае на двух аркушыках і адсунуў убок. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак.
1. што. Спець, папець усё, многае. Перапець усе песні. □ З якою радасцю я пабег потым дахаты, каб перапець усе новыя прыпеўкі бацьку і маці. Сіпакоў.
2. што. Спець зноў, іначай. Перапець куплеты другі раз.
3. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н.; перамагчы ў спевах. Усе любілі нашы казацкія песні слухаць.. Збяруцца хлопцы. Дык мы — хто каго перапяе. Яны сваю песню, а мы сваю. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рага́ціна, ‑ы, ж.
1. Старадаўняй воінская зброя ў выглядзе вострага кап’я, насаджанага на кароткае дрэўка. Крыжаносцы секлі ўзброеных дубінамі і рагацінамі .. апалчэнцаў. «Маладосць».
2. Паляўнічая зброя ў выглядзе вострага з абодвух бакоў нажа на доўгім дрэўку. Хадзіць з рагацінай на мядзведзя. □ — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.
3. Разм. Рагуліна. Каля адной бярозы стаяў на дзвюх рагацінах выдзеўбаны з кругляка жалабок. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́ла, прысл.
1. Прысл. да смелы.
2. Разм. Несумненна; з поўнай абгрунтаванасцю. — А новага старшыню ў вас выбраць няцяжка, мы ж ведаем, — сказаў Вітушка, — Любога брыгадзіра можна смела ставіць хоць сёння. Шамякін. Можна смела сказаць, што каб Гальвас крыкнуў на яе... [Аміля] не вытрымала б узятай на сябе ролі. Чорны. — Дык ты лічыш, што я яшчэ не старая? — спытала раптам Галіна. — Ані не старая, — сказаў я. Ты яшчэ смела можаш выскачыць замуж. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапа́цца, траплюся, трэплешся, трэплецца; незак.
1. Разм. Гаварыць лухту, бязглуздзіца, няпраўду; гаварыць несупынна. [Хрысціна:] — А Мікола Шугалей, з Русакоў, дык той усю дарогу трэплецца. Аж моташна бывае. Асіпенка. [Шумейка:] Таварыш капельмайстар! Наталля Мікалаеўна танцаваць хоча. [Наталля:] Годзе вам трапацца. Крапіва. // Расказваць што‑н., прагаворвацца аб чым‑н. [Юрка:] — Косця, Аня прынесла твой ліст у дзесяты пакой, стала на табурэт і ўсім прачытала... Потым чытала Верцы. Трэплецца ўсім... Карпюк.
2. Зал. да трапаць (у 1, 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узва́р, ‑у, м.
Адвар з ягад, траў і пад. Часам заходзіць да іх суседка, Вальчына матка, прынясе матцы якога ўзвару з зёлкаў, забярэ малых, накарміць. Арабей. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа,.. калі казаць па сакрэту, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Лынькоў. // Кампот з сушаных фруктаў ці ягад. — А ў нас, у вёсцы, больш аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фантазі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Аддавацца фантазіі; марыць. — Як скончыш акадэмію, дык добра нам будзе, — фантазіраваў Косцік. — Калі б нас паслалі ў які раённы зямельны аддзел — мяне за старшага агранома, а цябе за галоўнага заатэхніка. Сабаленка. — Веранду мы зашклім рознакаляровымі шыбамі, — сказаў.. [Максім Сцяпанавіч] і пачаў фантазіраваць, што яшчэ зробіць на дачы. Карпаў. // Выдумляць што‑н. непраўдападобнае. Мы многа фантазіравалі, спрабуючы скласці абгрунтаваную гіпотэзу існавання жыцця на Плутоне. Шыцік.
2. Імправізаваць, іграючы на музычным інструменце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарто́ўскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чорта. Чартоўскае насланнё. □ Увішны-то увішны, але калі браць на маштабы, дык напроці .. [Сёмкі Фартушніка] Хурс, напрыклад, быў увішны не як чорт, а як сам старшыня ўсяго чартоўскага кодлішча. Чорны. // Такі, як у чорта; злы.
2. Пракляты, ненавісны, страшэнны. І хочацца вельмі Андрэю шпурнуць Гранату ў чартоўскую гэтую хату. А следам за ёй і другую гранату. Зарыцкі.
3. Разм. Незвычайна моцны, вялікі па ступені праяўлення. Чартоўская вышыня. Чартоўская хуткасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмыг, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шмыгаць — шмыгнуць. [Тарас:] Пакуль я схапіў аўтамат, дык ён [Віткоўскі] гэтым часам шмыг у кусты і даў драла ў лес. Гурскі. Шустры жоўценькі клубок Шмыг са сцежкі пад дубок. Ад квактухі ён адстаў, Ціўкаць жаласна пачаў: — Памажыце, ціў-ціў-ціў, Маці родную знайсці. Галіноўская. Верабейчык — ціў-ціў-ціў! — Носам вострым пакруціў, Лапкай шоргнуў па суку, Крыллем пляснуў па баку І ў каноплі мігам — шмыг! Дзеружынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)