Лепясні́к ’пухоўка, Typha L.’ (лях., Сл. паўн.-зах., Сцяшк. Сл.), польск. lepieznik, lepieżnik, lepiężnik, ст.-польск. lepias nik ’белакапытнік, Petasites Mill.’, рус. ле́пе́ст ’ліст расліны’, наўг., перм. ’акравак, кавалак тканіны’, лепесток ’пялёстак’. Фасмер (2, 483) услед за Покарным (678) разглядае лексему як пашырэнне асновы на -es (першаснае *lep‑es) і роднаснае з lepet‑; Слаўскі (4, 166) дапускае магчымай асновай для ўтварэння: lepechъ, lepecha ’розныя назвы раслін ва ўсх. слав. мовах’, а таксама і lepenъ ’ліст’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́тачкі ’вотрубі’ (Касп.), вы́тычкі ’дробныя зярняткі’ (Бяльк.). Рус. дыял. дан. вы́точка ’корм для галубоў; адсеў збожжа, круп і г. д.’, укр. ви́точкі ’рэшткі ад ачысткі збожжа на рэшаце’. Хутчэй за ўсё, калі меркаваць па геаграфіі, запазычанне з укр., таксама як і рус.; параўн. укр. точити (зерно) ’ачышчаць збожжа на рэшаце’, адносна апошняга значэння дзеяслова тачыць параўн. таксама чэш. дыял. točiti obilí ’ачышчаць збожжа на рэшаце’ і tok ’сіта, рэшата’ — адваротны дэрыват ад točiti (Махэк₂, 646).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́піць ’біць’, га́піцца ’біцца’ (Шатал.). Няяснае слова. Няма ў суседніх мовах. Этымалогія гэтай лексемы не можа пакуль што выходзіць за рамкі агульных меркаванняў і дагадак. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка тыпу ўкр. геп!, які перадае гук пры падзенні або ўдары: ге́пати ’ўдарыць; падаць з шумам і да т. п.’). А магчыма, ёсць і нейкая сувязь са словам тыпу ўкр. га́пка ’задняя частка цела, podex’: *гапіць < *’біць па задняй частцы цела’ (→ ’біць наогул’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́ждж ’дождж’ (БРС). Рус. дождь, укр. дощ, польск. deszcz, серб.-харв. да̏жд, ст.-слав. дъѫдь. Прасл. *dъždžь (агляд форм у слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 195–196). Вядомая этымалогія: < *dus‑ di̯u‑ ’дрэннае неба, дрэнны дзень’ (агляд версій гл. у Трубачова, там жа; Фасмера, 1, 521–522), паводле Трубачова, не з’яўляецца надзейнай. Трубачоў (там жа, 196) мяркуе, што прасл. лексема хутчэй за ўсё прасл. інавацыя (можа, гукапераймальнага характару: параўн. літ. duzgė́ti ’шумець’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ашашке́рыцца ’стаяць (сядзець) у стане нерухомасці, абыякавасці і безжыццёвасці, нагадваючы хворую на гняздзе курыцу’ (карэліц., Янк. II). Хутчэй за ўсё звязана з шашэрыцца ’натапырвацца’, шушэрыцца ’настаўляць поўсць, пер’е; насцярожвацца’ (КСП), да апошняга параўн. рус. ошушурить ’ашчацініцца, ускалмаціцца, надуцца’; маючы на ўвазе тлумачэнне слова, можна дапускаць сувязь (другасную) з шашок, шашко ’тхор’, параўн. сведчанне Пяткевіча аб тым, што тхор ачмурае курэй такім паганым духам, што ўсе куры, пачадзеўшы, падаюць да долу (Пятк., 2, 74).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нагада́ць ’напомніць, прыпомніць, успомніць’ (ТСБМ). Хутчэй за ўсё запазычана на раннім этапе фарміравання літаратурнай мовы з укр. нагада́ти ’тс’, што ўжываецца і ў народнай мове, паколькі ўплыў суседніх больш развітых літаратурных моў на беларускую ў пэўныя перыяды яе развіцця быў зусім натуральным. Няма падстаў прыпісваць названаму слову «эмігранцкае» паходжанне, як гэта робіць Жураўскі (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), супрацьпастаўляючы яго народна-дыялектнаму нагада́ць ’задумаць’ (Сл. ПЗБ). Гл. гадаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
За́быль ’у дастатку’ (Касп.). Рус. за́быль ’праўда, сапраўды; тое, што забываецца’. Бел. дыял. значэнне можа быць выведзена ад рус. ’такая колькасць, што не трэба згадваць’. Тады ад забыць (гл.) з суфіксам ‑ль, як гніль ад гніць, відаль ад відаць; суфікс у бел. мове, па сведчанню Сцяцко (Афікс. наз.) — віц., маг. Сувязь з зоб, зобка ’кош’ малаверагодная, таму што патрабуе складанага тлумачэння націскнога а замест о. Іначай: за + быль. Гл. адзабаль; ESSJ SG, 2, 752.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заміна́ць ’перашкаджаць’. Рус. замина́ть ’перашкаджаць, прыпыняць’, укр. замина́ти (розмову) ’прыпыняць (размову)’, балг. замина̀вам ’ад’язджаць’, макед. замине ’ад’язджаць, мінаць’. Ст.-рус. заминати ’ўтойваць, перашкаджаць’ (XVII ст.). Параўн. рус. зами́нка ’затрымка’. Значэнне ’перашкаджаць’ у кораня, прадстаўленага ў дзеяслове мінаць ’праходзіць’ (гл.), вынікае пры спалучэнні з прэфіксам за‑, які мае шмат значэнняў, у тым ліку і значэнні прасторавага абмежавання (В. С. Ільїн. Префікси в сучасній українській мові, 1953, 87–94). Копечны, Zákl. zásoba, 206; Фасмер, 2, 624.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кады́к ’выгнутая храстковая частка гартані ў мужчын’ (БРС, ТСБМ). Паводле даных КЭС, слова ведаюць у розных раёнах Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей, але статус яго ў гаворках няясны. Вядомае рус. мове, дзе лічыцца запазычаннем з тат. kadyk ’моцны, цвёрды, які выступае’, гэта этымалогія часоў Бернекера і Праабражэнскага з’яўляецца прымальнай з-за адсутнасці больш абгрунтаванай. Бел., як можна меркаваць па розных значэннях слова кадык у рус. гаворках ’рот, горла, чэрава і інш.’, з’яўляецца запазычаннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паме́р ’велічыня чаго-н. у адным або некалькіх вымярэннях; ступень, развіцця, велічыня, маштаб якой-н. з’явы, здарэння і г. д.’ (ТСБМ), ’плата натурай за памол’ (ТС, Мат. Гом.), паме́ра ’вымярэнне зямлі’ (Нас., Гарэц.). Укр. помі́р ’вымярэнне зямлі’, польск. pomiar ’вымярэнне, абмер, прамер’, чэш. poměr ’адносіны’, славац. pomer ’адносіны; сувязь’, серб.-харв. pómer ’зрушэнне, ссоўванне’. Аддзеяслоўны дэрыват ад памерыць < мерыць (гл.). З прычыны розніцы ў семантыцы, відаць, самастойныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)