загляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Глянуць куды‑н., унутр чаго‑н.; кінуць позірк на тое, што трэба разгледзець, убачыць. Заглянуць у вочы. Заглянуць за шафу. Заглянуць пад ложак. □ Цыбаты бялявы хлопчык .. заглянуў у адчыненае акенца машыны. Гамолка. // перан. Пранікнуць куды‑н., асвятліць прамянямі (пра сонца, месяц і пад.). Святло месяца заглянула ў акно, і ў хаце стала неяк весялей і святлей. Кавалёў. // перан. Бегла пачытаць асобныя месцы (у кнізе, газеце і пад.). Заглянуць у кнігу.
2. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Ёсць над Сожам гарадок. Просім, ягамосці: Ехаць будзеце здалёк, Загляніце ў госці. Калачынскі. Невысокі рухавы стары, да якога мы заглянулі ў хату, сустрэў нас ветліва. С. Александровіч.
•••
Заглянуць наперад (у заўтрашні дзень) — задумацца над будучыняй, уявіць яе сабе.
Заглянуць у душу (нутро і пад.) каму, чыё — адгадаць чые‑н. думкі, пачуцці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уліп, ‑ла; зак.
1. Папасці ў што‑н. ліпкае, вязкае, прыстаць да чаго‑н. ліпкага, клейкага. Уліпнуць у смалу.
2. перан. Разм. Трапіць у непрыемнае, нялёгкае становішча; папасціся. — Аднак і ўліплі мы, браткі, з гэтым хлебам... — сказаў нехта з нас. Лынькоў. [Пан Вячорык:] — Дзейнічаць вам [агентам] трэба асцярожна, каб самім не ўліпнуць. Машара.
3. Разм. Шчыльна прытуліцца, прыпасці да чаго‑н. Высокі стары.. так даў Валі дарогу прайсці, што аж уліп плячыма ў сцяну І забраў з яе на сябе траха не ўвесь мел. Чорны. Арцыховіч уліп у зямлю і падрыхтаваўся да стральбы. Алешка.
4. Разм. Добра аблегчы, прыстаць (пра адзенне, абутак). Бот юхтовы — толькі скрып Ад новага бота, Да нагі ён проста ўліп — Чыстая работа. Бялевіч.
•••
Уліпнуць у гісторыю — тое, што і уліпнуць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́сна,
1. Прысл. да ясны.
2. безас. у знач. вык. Пра добрую бясхмарную пагоду. На небе было ясна. Чарнышэвіч. Хмары яшчэ больш разышліся на небе, вадзяны пыл апаў, стала зусім ясна. Лупсякоў. Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут і ясна. Астрэйка. // Пра наяўнасць дзе‑н. святла; празрыста, светла. Кусты і трава.. слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Тут было ціха, ясна і радасна. Самуйлёнак.
3. безас. у знач. вык. Зразумела, відавочна. Усё было ясна. Усё акрэслена. Усё безумоўна. Ні сумненняў, ні мрояў, ні дзіўных сноў... Кірэенка. // Пра здольнасць лагічна, свядома мысліць, успрымаць што‑н. На душы было светла, у галаве ўсё ясна. Ермаловіч.
4. у знач. пабочн. Несумненна, безумоўна, вядома. І куды ж Андрэй Шэмет можа ісці на Устроні? Ну ясна, у райком. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Раптоўна і хутка загарэцца. Успыхнула запалка. Успыхнуў порах. □ Вось успыхнуў другі танк, сэрца капітана Каржыцкага радуецца. Гурскі. // Ярка засвяціцца. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем. Колас. Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Пташнікаў. // Пачаць ярка блішчаць, ззяць. Ледзь зара ўспыхне над зямлёю, На заводы йдуць працаўнікі. Калачынскі. // Раптоўна пачырванець, расчырванецца. Пані рухава ўсхапілася з крэсла, жоўты твар яе ўспыхнуў. Якімовіч. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не да спадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.
2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. Брыль. — Ну добра, добра, не бубні, я ўжо чула, абедай во, — сказала Лізавета, не жадаючы, каб у час яды ўспыхнула сварка. Ермаловіч.
3. Нечакана расхвалявацца, раззлавацца. Бачачы маю разгубленасць, жонка яшчэ больш успыхнула: — Думаеш, што я дурная, глухая і нічога не бачу, не чую?.. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прані́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Прайсці, трапіць куды‑н. праз што‑н. Вільгаць усё ж такі пранікла ў сярэдзіну гільзы, і лісцікі запісной кніжкі пасклейваліся, літары расплыліся. Зуб. Прамень сонца пранік у вагон. Васілевіч. // Прабрацца, пралезці, пракрасціся куды‑н. Жэрдкай мы ўдвух падсадзілі свайго сябра ўгару, той праз ніжняе акно пранік у вятрак і апусціў уніз крыло. Аўрамчык. Пранікнуць у гэтую кватэру было немагчыма, бо каля пад’езда ўдзень і ўначы стаяла паліцэйская варта. Машара. // перан. Запасці, пракрасціся (у душу, сэрца, думкі і інш.). Словы праніклі ў душу. □ Моўчкі ўскінула вочы, І замёр я на міг: Сумны позірк дзявочы Мне ў сэрца пранік. Гілевіч.
2. Пераадольваючы цяжкасці, прайсці, дабрацца куды‑н. Пранікнуць у глыбіню пустыні. Пранікнуць у космас.
3. Стаць вядомым ці даступным многім; распаўсюдзіцца. Ідэі камунізма праніклі ў масы.
4. перан. Зразумець сэнс, сутнасць чаго‑н., разабрацца ў чым‑н. Пранікнуць у псіхалогію чалавека. □ Мастак, які свядома імкнецца пранікнуць у дыялектыку і логіку сапраўдных фактаў, мае магчымасць найбольш поўна і глыбока раскрыць сутнасць жыццёвых з’яў. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Наліць па каплі нейкую колькасць чаго‑н. Вольга Усцінаўна дрыготкімі рукамі накапала лекаў. Шамякін.
2. перан. Разм. Нагаварыць на каго‑н., данесці аб чым‑н. [Зіна:] — Брыгадзір накапаў. Падліза. У чалавека жонка хворая, спазніўся, ну я і не адзначыла ў табелі. Шыцік.
накапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што і чаго.
1. Капаючы, нарабіць паглыбленняў. Накапаць ям. Накапаць канаў. □ Уздоўж.. [тракту].. калгаснікі накапалі траншэяў, акопаў, і наша камандаванне сцягвала туды войскі. Чыгрынаў. // Капаючы, зрабіць што‑н. У цемры ночы невыразна чарнеў высокім хрыбтом ладны бруствер, які накапаў гэты баец. Быкаў.
2. Капаючы, здабыць нейкую колькасць чаго‑н. Накапаць мех бульбы. Накапаць пяску. □ [Лабановіч:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Злёгку штурхнуць (ззаду або знізу). Маладзейшы падштурхнуў воз плячом, і конь лёгка пайшоў. Чорны. — Чаго адстаеш, гані! — крыкнуў Пеця і палкай падштурхнуў Славу ў спіну. Хомчанка.
2. Злёгку штурхнуўшы, зрушыць у якім‑н. кірунку. — Але ж хадзем у тую хату. Тут і без нас ужо ведаюць, што рабіць. — [Бацька] далікатна падштурхнуў госця да дзвярэй-філёнак і прапусціў у другі пакой — вялікі, поўны святла і з густам прыбраны. Чыгрынаў. // перан. Схіліць да чаго‑н., прыспешыць з чым‑н. — Я мелася.. ехаць працаваць у сельскую мясцовасць. А гэтае сумнае здарэнне толькі падштурхнула мяне здзейсніць сваё летуценне хутчэй. Дубоўка. // перан. Разм. Паскорыць (справы, падзеі і пад.). Вера Ігнатаўна часта прыязджала ў Серадзібор, каб падштурхнуць справы. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.
1. Скачучы, пачаць перамяшчацца. «Ну і не трэба!» — сказаў сабе ў думках Лёнік і паскакаў па прыступках уніз. Васілёнак. Заяц, пастаяўшы крыху на задніх лапках, паскакаў далей у лес. Скрыпка.
2. Хутка памчацца (на кані або пра каня). Максім асядлаў невялічкага мышастага коніка і паскакаў у Карпілаўку. Грахоўскі. Як заварушыўся Іван — конь спудзіўся і паскакаў назад у млын. Колас.
3. Скакаць некаторы час. Паскакалі [дзеці] трохі на адной назе, а потым Міхась сказаў, што больш не хоча. Брыль. Доўга прыйшлося [рабочым] паскакаць, пакуль лісце пусціла сок. Маўр. Знаходзіліся аматары паскакаць, .. пары кружыліся паволі ў .. вальсах альбо шалёна круціліся ў апошніх людных танцах. Лынькоў.
•••
Ты ў мяне паскачаш (ён у мяне паскача і г. д.) — ужываецца як пагроза пакараць, адпомсціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Націснуўшы ці сціснуўшы, зламаць, змяць, расплюшчыць, раздушыць. Расціснуць ягаду. □ Я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак. М. Стральцоў. «Хаця б іх [памідоры] не расціснуць, — з’яўляецца думка, і я ўсхопліваюся, каб паставіць мех пры сцяне. С. Александровіч. [Кастусь:] — Пане старшы, я вінаваты перад вамі. Дужаўся з Аляшкевічам і расціснуў ваш гадзіннік. С. Александровіч. // Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, пакалечыць, забіць. [Кюблер] спыніўся перад .. [дзяўчынкай] і падумаў, што калі з размаху адчыніць дзверы, то гэтую малую можна расціснуць на блін, бо дзверы даставалі да самай сцяны. Шамякін. / у безас. ужыв. — Адкрытыя дзверы былі, а Пецечка ручкаю за канцік узяўся. Вагон — то-орг. А яму — расціснула ручаньку... Савіцкі.
2. Перастаўшы сціскаць, раскрыць (пальцы, зубы, губы і пад.); разняць, расшчаміць. Расціснуць кулак. □ Апусціўшы вочы, .. [чалавек] з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь. Караткевіч.
3. Разм. груб. Выпіць (спіртныя напіткі). [Шыковіч:] — Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Шамякін. — Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамільгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. З’явіцца, паказацца і хутка знікнуць. Паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Лынькоў. Паміж сасонак адна за адной прамільгнулі цёмныя цені. Шчарбатаў. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек.
2. Вельмі хутка прайсці (пра час). Тыдзень прамільгнуў нібы адзін дзень. Шыцік. Прамільгнуў матыльком светлакрылым дзень. Мурашка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца на імгненне (пра думкі, пачуцці і інш.). І тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Колас. — Шчасце чалавека ў няведанні, — несвядома прамільгнула ў Ігнася думка. Чорны. // перан. Чуць прыкметна, злёгку выявіцца. У сініх вачах жанчыны прамільгнула насцярожанасць. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)