відо́чны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Тое, што і відавочны. Можа, і Сухаварава не ўпадабаў ён за тое, што яна аддавала відочную перавагу яму... Колас. Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну. Быкаў.
2. Які добра відаць, знаходзіцца на відным месцы. Трошкі на водшыбе, на відочным узгорку, стаяла мураваная двухпавярховая будыніна. Сабаленка. І маленькая беларуская вёсачка, адкуль мы як бы пачыналі слухаць голас паэта, робіцца відочнай і блізкай людзям далёкіх земляў. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
або́ра 1, ‑ы, ж.
Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.
або́ра 2, ‑ы, ж.
Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Пацяшацца, праводзіць час у забава, гульнях. Два меншыя хлопчыкі забаўляліся сваімі дзіцячымі гульнямі. Колас. Дэльфіны дагналі яхту і пачалі забаўляцца ў бурлівых хвалях за кармой, перакочваючыся са спіны на жывот. Дуброўскі.
2. кім-чым. Адносіцца да чаго‑н. як да цацкі, гуляць ёю. Рыбіна, якая забаўлялася прынадай, адпусціла паплавок. Якімовіч. // перан. Абыходзіцца з кім‑н. як з цацкай, забаўкай. Дзяўчына кахала Бібікава.., а Бібікаў, відаць, толькі забаўляўся ёю і крывіў душой. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Мяшаючы, перамешваючы, злучыць у адно што‑н. разнароднае; саставіць сумесь ці раствор. Віктар падбег да балота, зачарпнуў у жменю вады, змяшаў з пяском і прынёс Мірону. Маўр. Масла з вадой не змяшаеш. З нар.
2. Парушыць парадак размяшчэння чаго‑н.; пераблытаць, перамяшаць. — Будзем гуляць ці не? — Відаць, не, — змяшаў фігуркі служачы. Караткевіч. // Парушыць баявы парадак, строй (войска). Змяшаць шарэнгі.
•••
Змяшаць з граззю (з зямлёй) каго — груба аблаяць, зняважыць, зняславіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зру́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Добра прыстасаваны для выкарыстання, такі, якім лёгка ці прыемна карыстацца. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.
2. Добры, падыходзячы; такі, які патрэбен. Зручны выпадак. □ [Тварыцкі] знайшоў зручны момант. Выйшаў з хаты, ляпнуў дзвярамі. Чорны. Хлопцы выбралі зручнае месца пад кустом ажыны, адкуль быў відаць увесь сад. Хомчанка. // Практычны, выгадны. — Мне чалавек зручны патрэбен. І я яго знайду, вядома, знайду. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
караву́л, ‑а, м.
1. Узброеная варта. [Койфер] выклікаў каравул. Праз хвіліну салдаты абкружылі яго дом. Шамякін. Часам даносяцца з аэрадрома прыглушаныя травой крокі людзей, відаць — змяняецца каравул. Лынькоў.
2. Нясенне варты; абавязкі па ахове чаго‑н. Несці каравул. □ Сходзіць [Мікалай] у каравул, пачысціць аўтамат і цэлыя суткі адпачывае. Алешка.
3. у знач. выкл. Разм. Заклік на дапамогу ў выпадку небяспекі. — Каравул! Палкоўніка ўкралі. Лынькоў.
•••
Узяць на каравул гл. узяць.
Браць (узяць) пад каравул гл. браць.
Хоць каравул крычы гл. крычаць.
[Ад цюрк. караул — варта, дазор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
меркава́нне, ‑я, н.
1. Думка, погляд. Відаць, думка была слушная, бо таварышы падтрымалі меркаванне радыста. Шыцік. — Чалавек як прывыкне да дамашняй стравы, дык яго хоць у рэстараны завядзі — не наесца, — выказаў сваё меркаванне Казлюк. Няхай. // Вынік роздуму. Вера Антонаўка коратка пазнаёміла выпускніцу з двума меркаваннямі камісіі. Васілевіч.
2. Разлік, дапушчэнне. Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Партызаны выказвалі свае меркаванні пра тое, што магло здарыцца з Мікалаем Мікалаевічам. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надаку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каму, з інф. і без дап.
Зрабіцца сумным, непрыемным сваёй аднастайнасцю, паўтарэннем, перастаць цікавіць каго‑н.; апрыкраць. Ігнасю наогул надакучыў местачковы тлум. Чарнышэвіч. Тамаш прыйшоў позна, калі ўжо ўсім надакучыла чакаць яго. Чорны. Быць толькі сувязной [Валі] надакучыла вельмі хутка. Брыль. Відаць, я моцна надакучыў маці сваімі пытаннямі, бо яна спачатку нахмурылася, а потым перапытала: — Спадабалася, значыць, Зосі лекцыя? Даніленка. / у безас. ужыв. — Не надакучыла яшчэ? — Сагал ціха пакратаў мяне за плячо. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрыкры́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Не пакрыты зверху. На лузе заўсёды з калгаснікамі медфельчар — загадчык медпункта. У яго аптэчка, бінты, ён часам пакрыквае на тых, хто працуе з непрыкрытай галавою. Лупсякоў.
2. Які не абараняецца, пакінуты без прыкрыцця. Непрыкрытыя рубяжы.
3. перан. Які адразу адчуваецца, якога відаць; яўны, відавочны. Непрыкрытая беднасць. Непрыкрытая эксплуатацыя. □ У .. [ветры] было ўсё: трывожная смуга даляглядаў і незабыўнае святло маленства; дажджы густыя .. і пах суніц; шчымлівая радасць у сэрцы і непрыкрытае, вясёлае здзіўленне перад светам. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.
2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)