упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.

2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца цяжкім (у 1–3 знач.) або больш цяжкім. Чым далей адыходзілі ад маёнтка, тым болей цяжэў мяшок з кнігамі. Каваленка.

2. Станавіцца цяжкім, рухацца, паднімацца, працаваць з цяжкасцю (пра часткі цела, галаву і пад.). Адчуўшы, як цяжэюць ногі, як калючым болем заходзіцца сэрца, .. [Косця] зразумеў, што яму не дагнаць .. [Надзю]. Лынькоў. Слесарэнка адчуваў, што яго хіліць у сон, што цела цяжэе, становіцца чужым. Бураўкін.

3. Набрыньваць, абвісаць. Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Налівацца сокам; спець. Прыязджайце, як маці-зямля Малаком сваю ніву напоіць — І колас цяжэе. Арочка. Была.. пара, блізкая да восені, калі ў садах пачынаюць цяжэць яблыкі. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чараўні́к, ‑а, м.

1. У казках і павер’ях — той, хто можа чараваць, валодае чарамі; вядзьмар. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец. І Харытон Шчыт, маленькі, ужо сагнуты гадамі, у пацямнелым скураным фартуху, снуючы па кузні ў гэтым дрыготкім святле, быў падобны на чараўніка з казкі. Хадкевіч.

2. Знахар. Як хвор ды бедзен — сам бяруся Лячыць сябе: я чараўнік! Бо я без доктара лячуся, — Бо я мужык, дурны мужык. Купала.

3. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе чым‑н. Чараўнік слова. □ І яшчэ многімі сваімі творамі здзіўляў, зачароўваў, радаваў і хваляваў мяне гэты чараўнік паэзіі [Аркадзь Куляшоў]. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыгу́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Сплаў жалеза з вугляродам, больш крохкі і менш коўкі, чым сталь, які прымяняецца для перапрацоўкі ў сталь і для вытворчасці літых вырабаў. Выплаўка чыгуну. Коўкі чыгун. □ Другі [сын] кажа [бацьку:] — На заводзе Быць хачу даўно я, Дзе чыгун ракою льецца, Дзе звініць сталь звонам. Купала.

2. ‑а. Гаршчок з такога металу. Таіса пачала ставіць міскі і талеркі на стол, дастала з печы чыгун. Паслядовіч. // Колькасць, аб’ём чаго‑н., што ўваходзіць у такі гаршчок ці пасудзіну, змесціва такога гаршка ці пасудзіны. З’есці чыгун баршчу. Сагрэць чыгун вады. □ Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм.

1. Уніжальна прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Зыдор Пніцкі:] — У мяне, каб не схлусіць вам, сані вельмі нялюдскія, а шапкаваць перад людзьмі, каб пазычыць .. дык... Чорны.

2. Рабалепстваваць, нізкапаклоннічаць. [Карл Раманоўскі:] — Можа, нам усім прыйдзецца дамоў вярнуцца. Вельмі бо надаела шапкаваць перад панам. Як ні ўгаджай — усё роўна кепска. С. Александровіч. // Вітацца, знімаючы шапку. [Кацярына:] Як апранеш ты [Рыгор] бурку з башлыком, боты добрыя абуеш, запражэш стаенніка ў вазок, ды як паедзем на кірмаш, дык усё мястэчка залюбуецца, гледзячы на нас. Нашы вясковыя хамулы толькі шапкаваць будуць перад намі. Крапіва. // перан. Залішне слугаваць каму‑н.; падхалімнічаць перад кім‑н. [Леапольд Гушка:] — То нам не трэба тут лішне шапкаваць перад гэтым дапытнікам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.

Разм.

1. чым. Моцна стукнуць. Шахнуць дзвярыма.

2. Тузануць, ірвануць. Рукаў не хацеў закасвацца, быў цесны, і Алег шахнуў цераз галаву рубашку, збіўшы на лоб доўгія чорныя валасы. Ермаловіч.

3. З сілай разануць, адрэзаць. [Сямён:] — Добра, што піла была тупая, а так бы пальцы шахнула... Мыслівец. [Палонны] разаслаў шынель па зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак, спрытна, нейкім прафесійным рухам шахнуў буханку хлеба — раз! раз! — на чатыры кавалкі. С. Александровіч.

4. Шпурнуць, кінуць. Лічыльнікі.. Міцька шахнуў на край стала так, што аж затрашчалі касцяшкі. Паслядовіч.

шахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

Разм. Аб’явіць шах. Шахнуць канём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кій1 ’прамая тонкая палка’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сержп., Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., Янк. I, Др.-Падб., Гарэц., Мал., Чуд., Булг.), ’палка для замацавання задняга навоя’ (Нар. сл.). Укр. кий, рус. кий ’тс’, балг. кий ’друк’, серб.-харв. ки̏јак ’тс’, киј ’молат баявы’, славен. kȋj ’тс’, ’драўляны молат’, польск. kij ’друк’, чэш. kyj ’тс’, славац. kyj, в.-луж. kij ’тс’, н.-луж. kij ’жалезны молат’. Значэнне, зафіксаванае ў рус.-царк., серб., харв., славен., н.-луж., старажытнае, аб чым сведчаць дакладныя паралелі: ст.-прус. cogis ’молат’, літ. kū́jis ’молат каваля’ (параўн. Мартынаў, Дерив., 22; Скок, 2, 78; Тапароў, K–L, 238–240). Трубачоў (Ремесл. терм., 350–352), спасылаючыся на прадуктыўнасць літоўскай мадэлі kautikūjis, бачыць у літоўскай паралелі інавацыю. Падрабязныя довады супраць гэтага гл. Тапароў, K–L, 240, які асаблівую ўвагу звяртае на прускую паралель. Да таго ж рэліктавасць значэння ’молат’ у славянскіх мовах тлумачыцца тым, што ў гэтым значэнні ў большасці дыялектаў стала выступаць прасл. moltъ італійскага паходжання (параўн. лац. malleus < *malteus) (Мартынаў, Балт.-слав.-італ., 28; Яго ж, Язык, 75). Такім чынам, няма падстаў разглядаць «некавальскія» значэнні славянскіх слоў як старажытныя, тым больш што значэнне ’молат’ захоўваецца якраз на перыферыі славянскага арэала. Гэта дае падставу меркаваць аб балтаславянскай інавацыі.

Кій2 ’пачатак кукурузы’ (Жд. 2). Гл. кійкі, кіёўкі, кій1.

Кій3 — гукапераймальнае (аб курыцы) (ЭШ, рук.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́лка1 ’галка, птушка Corvus monedula’ (слонім., Арх. Бяльк.; Сцяшк. Сл. паўн.-зах.). Польск. kawka ’тс’. Фанетыка бел. слова сведчыць аб больш складаным працэсе, хоць сам факт запазычання або ўплыву польск. формы выключыць нельга, аб чым сведчыць і лінгвагеаграфія. Ёсць і іншая магчымасць тлумачэння: калка < галка (апошняя форма адзначана па галоўнай тэрыторыі, Сл. паўн.-зах.) у выніку існавання дублетаў к‑ і г‑ у запазычаных словах, калі форма з к‑ успрымаецца або як адаптаваная, або як спрадвечная. Гэта, аднак, менш верагодна.

Ка́лка2, у Доўн.-Зап., 3, 39: «Кидайса, метайса, завиваты не давайса! Кинь калку (кибалку?) хочъ пидъ лаўку, Сама выбежъ на вулоньку!». Далей аўтар адзначае калка кибалка ’жаночы галаўны ўбор’ і спасылаецца на аналагічныя кантэксты ў Янчука і Чубінскага; паводле гэтага можна меркаваць, што слова было вядома на зах. Палессі дастаткова шырока. Этымалогія няясная; можна суаднесці з калка1, паколькі ў шэрагу назваў сустракаюцца падобныя намінацыі; параўн. рус. дыял. тэрміны для жаночага галаўнога ўбору кокошка і сорока. Па розных прычынах гэта меркаванне маланадзейнае; магчыма, неабходна параўноўваць з бел. галка ’круглы, гладкі камень, якім таўкуць перац, гарчыцу’, галкі ’галушкі, клёцкі; печыва з мукі і тоўчанай бульбы’, аб першаснай семантыцы якіх сведчаць бел. галы ’ягадзіцы’, славац. hálka ’шарык’, польск. galka ’шар, булдавешка’ і інш. Падобная семантыка дапускае параўнанне гэтых лексем з разглядаемым словам; аднак паводле фактычнага крытэрыю такое збліжэнне недакладнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)