захліпну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Міжвольна спыніць, затрымаць дыханне, папярхнуцца ад папаўшай у дыхальнае горла вадкасці, дыму і пад. — Цябе пані кліча!.. — выпаліў Базылёк адным духам і моцна захліпнуўся. Якімовіч. Лёдзя захліпнулася паветрам і спалатнела. Карпаў. // Памерці ад спынення дыхання. [Завішнюк] .. падумаў, што ў яе паранены лёгкія і яна магла захліпнуцца, не даехаўшы да Мсціжаў. Пташнікаў.
2. Адчуць цяжкасць пры дыханні ў грудзях ад якога‑н. моцнага пачуцця; задыхнуцца. Захліпнуцца ад страху. Захліпнуцца ад радасці. Захліпнуцца ад крыўды. □ — Бацька! — Марфа пляснула далонямі. — Я ж яму казала, каб ён, нягоднік, да гэтых кветак... — яна ледзь не захліпнулася ад злосці. Савіцкі.
3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Коннаартылерысты падпалілі чатыры танкі, і атака ворага захліпнулася. «Маладосць».
4. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Адразу ж захліпнуўся.. гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.
5. Спыніць гарэнне, патухнуць. На хвіліну азарыўшы столь І сцены, захліпнулася святло. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзя́куй,
1. часціца; каму і без дап.; за што, на чым і са злучн. «што». Ужываецца як выражэнне падзякі; дзякую. Дзякуй вам. Дзякуй на добрым слове. □ [Карнейчык:] Дзякуй табе, гаспадынька, няхай цябе бог надорыць усім, чым ты сама хочаш. Крапіва. [Ігнась:] — Дзякуй за прытулак, Дзякуй за хлеб-соль. Сёння, мой дзядуля, Мне пайсці дазволь! Бядуля. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі.
2. у знач. наз. дзя́куй, нескл., н. Падзяка, удзячнасць. І ўсёй неабсяжнай радзімы ваякам Мы шлем прывітанне — народнае дзякуй! Броўка. Заслонаў перадаў Дакутовічу партызанскае дзякуй за зброю. Шчарбатаў.
•••
Дзякуй (дзякаваць) богу — а) (у знач. вык.) добра. — Што ў горадзе? — Спакойна. — Дзякуй богу! Гурскі; б) (у знач. вык.) добры, нядрэнны. [Язва:] Праўда, глянуўшы на вас, адразу можна сказаць, што справы ў вас — дзякуй богу. Крапіва; в) (у знач. пабочн.) на шчасце, слава богу. — Ну, дзякуй богу, разышліся, — з палёгкай уздыхнула Вера. Машара.
Дзякуй за ласку (іран.) — ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н.
За дзякуй (іран.) — бясплатна, дарма (зрабіць, выканаць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. забег, ‑ла; заг. забяжы; зак.
1. Бегучы, трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Казёл забег у агарод. □ Ля кладкі ў брод забеглі дзеці — усім па кветачкі вада. Ляпёшкін. — У хлопцаў ногі лёгкія, як бачыш забягуць дадому. Гамолка.
2. Зайсці куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Шамякін. Як на тое, у пакой забег Вадзімка. Чагосьці пашукаў пад ложкам і выбег. Сабаленка.
3. Абагнаць каго‑н., перагарадзіўшы дарогу. [Боганчык] бег, б’ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не можа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад. Пташнікаў. «Ты мой, як міленькі, толькі каб не дапусціць цябе да алешніку», — думаў Павел, стараючыся забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак і кінуўся ў бок сасновага лесу. Пальчэўскі.
•••
Забегчы наперад — а) зрабіць што‑н., парушыўшы паслядоўнасць; б) апярэдзіць каго‑н. у дасягненні, атрыманні чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; заг. забудзь; зак.
1. каго-што або пра каго-што, на каго-што, аб кім-чым. Перастаць помніць; не захаваць у памяці. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. — Э-э-э, чалавеча, тут ужо і забылі пра Тварыцкіх, даўно было. Чорны. // з дадан. сказам або інф. Не ўспомніць у патрэбны момант, выпусціць з-пад увагі. Я не забыў, што бомбаю варожай Маленства пакалечана маё. Свірка. Газу, магчыма, Забыў даць шафёр: Стала машына, Загл[у]хнуў матор. Нядзведскі.
2. каго-што. Пакінуць, не ўзяць з сабой па няўважлівасці. Маці, набыўшы трохі на двары, ішла зноў у дом — усё турбавалася, каб не забыць чаго ў спешцы збораў. Шахавец.
•••
Забыць дарогу куды — перастаць бываць дзе‑н.
Забыць (і) думаць — перастаць успамінаць, спадзявацца на што‑н.
На сябе не забыць — не ўпусціць сваёй выгады.
Не забыць — а) каго узнагародзіць, зрабіць паслугу, узяць пад апеку; б) каму чаго не дараваць каму‑н. чаго‑н.
Што я (ты, ён) там (тут) забыў? гл. я.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загавары́ць 1, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.
1. Надакучыць, стаміць працяглымі размовамі. — Што ж гэта я цябе загаварыла зусім! Ты ж, мусіць, не абедаў яшчэ? Асіпенка. // Размовай адцягнуць увагу ад чаго‑н., прымусіць забыцца пра што‑н. — Загаварылі вы мяне, а там яечня гарыць. Беразняк.
2. Ва ўяўленні ў забабонных людзей — уздзейнічаць на што‑н. замовай, магічным словам, загаворамі. Загаварыць кроў. Загаварыць зубы. □ Была нерухомая, зачараваная ціш; быццам бы хтось загаварыў усё: ні зыку, ні голасу не было чуваць. Гартны.
загавары́ць 2, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак.
1. Пачаць гаварыць. // Усчаць гаворку, пачаць размову з кім‑н. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі. // перан. Абазвацца, пачаць дзейнічаць. Кулямёты загаварылі.
2. Навучыцца гаварыць, карыстацца мовай. Дзіця ўпершыню загаварыла.
3. перан. Праявіцца ў дзеяннях, настроях і інш. Прачнулася і загаварыла бязмерная нянавісць пакрыўджаных людзей. Чорны.
•••
Кроў загаварыла гл. кроў.
Сумленне загаварыла гл. сумленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насла́ць 1, нашлю, нашлеш, нашле; нашлём, нашляце; зак., каго-чаго.
1. Прыслаць у вялікай колькасці. Наслаць кніг. Наслаць людзей.
2. Напусціць на каго‑н. няшчасце, бяду і пад. А ліха следам па дарозе За імі ўпотайку бяжыць. Дагнала бедную Марынку, Наслала ёй цяжкую хвор. Колас. — Што ты гаворыш! — не вераць суседзі. — Глядзі, каб не паслаў.. [вядзьмар] на цябе бяды... Якімовіч.
насла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. насцялі; зак.
1. чаго. Разаслаць, раскласці, пакласці раўнамерным слоем на паверхні чаго‑н. у якой‑н. колькасці. Замест сеннікоў на нары [хлопцы] наслалі саломы. Карпаў. Павячэраўшы, мы паслалі насечаных яловых лапак, накрылі іх посцілкамі і ляглі. Ляўданскі.
2. што і чаго. Пакласці шчыльна ў рад (дошкі, бярвенне і пад.).
3. што. Зрабіць, пабудаваць насціл (з дошак, бярвення і пад.). Тут хаце і стаць. Шыферам пакрыта. Засталося паслаць падлогу, столь пакласці і — грымі наваселле! Савіцкі. Праз два крокі .. [Шабуніха] адчула галлё, — гэта былі, відаць, рэшткі грэбелькі, якую спехам паслалі былі на падатным грунце. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́йкі, ‑ая, ‑ае; займ. неазначальны.
1. Невядома які; незнаёмы. З туманоў выплывае лодка. На ёй рыбак, хлопчык і нейкі чалавек у белай кашулі. Кучар. [Толя] спыніўся і затуманенымі вачыма пачаў разглядаць нейкае чужое, невядомае яму месца. Якімовіч. І нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў. // Няясны; незразумелы, дакладна неакрэслены. Сэрца б’ецца, к жыццю рвецца, К нейкім светлым снам. Купала. Нейкая невядомая сіла цягнула.. [Таццяну] ў лес. Шамякін. // Якісьці. А шапка.. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас.
2. Знаёмы, вядомы, да якога адносяцца з адценнем пагарды. [Вашыновіч:] — Бабы заўсёды языкамі любяць трапаць. Мала што там Сабастыяніха нейкая гаварыла. Чорны. — А піла ў цябе ёсць? — Ёсць нейкая, браток. Брыль.
3. Не вызначаны дакладна (пра час, тэрмін, колькасць чаго‑н.). Праз нейкі дзень-другі хворы акрыяў. □ Праз нейкі час дымок пахучы Паплыў угору, як туман. Колас.
4. Пры параўнанні якіх‑н. якасцей, адзнак. Гэта нейкі звер, а не чалавек. □ Сабакучаво стала падобным да нейкага ваеннага паселішча. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о 1, нескл., н.
1. Шаснаццатая літара беларускага алфавіта. Вялікае О.
2. Галосны гук задняга рада сярэдняга пад’ёму, які вымаўляецца з удзелам губ.
о 2, выкл.
1. Вокліч, пры дапамозе якога выказваецца пачуццё здзіўлення, захаплення, абурэння, дакору і пад. — О, дык у цябе, браце мой, кватэра нішто сабе, — сказаў Кузьма Чорны. Скрыган. О-о-о, непедагогі не ведаюць, што такое няўрымслівасць маладога настаўніка перад навучальным годам! Лобан. // Ускрык, стогн, які выражае боль, адчай. Зноў [Чыжык] пачуў цяжкое, як стогн, «О!», потым ціхі шэпт «Ваня!», які чамусьці прывёў яго ў жудасць. Лупсякоў.
2. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай экспрэсіўнасці выказвання ў рытарычных сказах і рытарычных зваротах. О, як прыгожа з вышыні Акінуць вокам лес і поле... Чарот. Дзеці нягоды, о слёзы людскія! Колас. О, як бы нам хацелася забыць І войны ўсе, і стогны, і руіны! Панчанка.
3. Ужываецца для ўзмацнення сцвярджэння або адмаўлення. Жыта цячэ з рукавоў-латкоў машыны па гатунках. Іх аж тры. О, такое [жыта] можна сеяць! Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. паедзь; зак.
1. Пачаць рухацца, перамяшчацца пры дапамозе якога‑н. транспарту. Крушынскі адразу запрог каня і паехаў. Бядуля. — Паехалі, — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. Шахавец. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑н. Паехаць у госці. □ Андрэй завярнуў каня і паехаў па снапы. Чарнышэвіч. // З’ехаць куды‑н. — От што, — сказаў хлопец, калі бацька сеў палуднаваць, — я табе скажу, што я зусім заўтра паеду адгэтуль. Чорны.
2. Зрушыць з месца, пакаціцца (аб транспарце). Паехала машына. □ З вуліцы пачулася, як паехаў рамізнік. Мурашка.
3. Разм. Саслізнуць, пачаць апускацца, падаць. Нага.. [Тварыцкага] пакаўзнулася на вільготнай зямлі і паехала ўніз з узмежку. Чорны. Падсечаная,.. [алешына] нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Брыль.
4. перан. Разм. Пачаць гаварыць доўга, многа або не тое, што трэба. [Клаўдзія Пятроўна:] — Мы ад цябе чакаем тосту, а ты нешта паехаў некуды не туды. Васілёнак.
•••
Паехаць ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) — тое, што і пакаціцца ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) (гл. пакаціцца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́рлы, ‑аў; адз. перл, ‑а, м.
1. Тое, што і жэмчуг. Там зліткі золата былі, І перлы, і каралы. Танк. Былі прадэманстраваны розныя тканіны: цяжкія парчовыя з шоўкавых, залатых і срэбных нітак, упрыгожаныя перламі і самацветамі. «ЛіМ». // перан.; чаго або якія. Каплі дажджу, расы і пад., якія блішчаць, пераліваюцца, як жэмчуг. Малады бярэзнік, які густа парос ля самай шашы, блішчаў тысячамі перлаў-расінак, што віселі і пераліваліся на лісцях. Сіўцоў. Ты чуйна слухаеш, прынік, Як звоняць перлы вадзяныя. Танк.
2. перан.; чаго. Пра што‑н. самае выдатнае, цудоўнае па сваіх якасцях. «Грубае жыццё» сапраўды пераплаўлялася ў грудзях паэта ў перлы паэзіі. Лойка. Вунь, злева, перл готыкі, збудаваны ў шаснаццатым стагоддзі касцёл Святой Ганны. Арабей. // Іран. Пра што‑н. бязглуздае, недарэчнае і пад. Тувім прыводзіць узор прадукцыі аднаго з .. [графаманаў]: Калі цябе ўбачыў, як кроіла сала, Маё сэрца зразу, як пёс у ваду, ўпала.. Нічым не горшыя перлы можна набраць з часопісаў, нават з некаторых кніг і ў нас. Лужанін.
•••
Рассыпа́ць перлы гл. рассыпаць.
[Фр. Perle.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)