ігнарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Знарок не заўважыць (не заўважаць); пагардліва паставіцца (ставіцца) да каго‑, чаго‑н. Адчуваючы хісткасць свайго становішча ў інстытуце, .. [Юрка] даў сабе поўную волю ў сям’і — пачаў ігнараваць айчыма, маці. Карпаў. // Не прымаць пад увагу чаго‑н., не рэагаваць, не адказваць на што‑н. — Мы не можам ігнараваць скаргі. Будзем разглядаць заявы і пільна правяраць. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

Разм.

1. Стаміцца ад доўгай хады. Захадзіцца за дзень.

2. Замітусіўшыся, пачаць старанна, рупліва што‑н. рабіць. Маці заходзілася: трэба пачаставаць дарагога госця! Мележ. Нупрэй захадзіўся, кінуўся раскладаць агонь. Колас.

3. Разм. З сілай пачацца; усхадзіцца. Вецер захадзіўся. Мяцеліца захадзілася. // перан. Разгневацца, разлютавацца, раз’юшыцца. — А што я табе такое, скажам, зрабіў, што так ты захадзіўся? Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захма́рыць 1, ‑рыць; зак.

1. што. Зрабіць хмарным. Захмарыла ўжо восень неба і распранае гай барвовы. Вялюгін. / у безас. ужыв. Хутка зноў захмарыла, дождж разахвоціўся і дробна ды густа ліў да самага вечара. Кірэенка.

2. перан.; каго-што. Засмуціць, замаркоціць. Пачутая нядобрая навіна пра Ганну ўжо тут, у гаворцы з маці, захмарыла [Васіля]. Мележ.

захма́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.

Пачаць хмарыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак., каго.

1. Дараваць каму‑н. віну; шкадаваць. — Не забывайся, чалавеча, што я — войт, чалавек, упаўнаважаны судзіць і мілаваць... Бажко.

2. Уст. Выказваць увагу, любіць.

•••

Бог мілаваў гл. бог.

Няхай бог мілуе гл. бог.

мілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; незак., каго.

Песціць, галубіць; любіць. [Рыта] узяла ад маці Ларысу, у нейкім узбуджана-няўрымслівым настроі мілавала яе на вачах здзіўленага мужа. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́рза, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Неахайны або мурзаты чалавек. — Хадзем памыю хоць, мурза ты, — усміхнулася маці сыну. Арабей. Хлопцы на хаду скідалі камбінезоны і неяк адразу ператвараліся з нязграбных мурзаў у франтаватых маладых людзей. Асіпенка.

мурза́, ы́, м.

Тытул татарскай феадальнай знаці ў 15 ст. // Асоба, якая носіць такі тытул.

[Ад перс. mīrza.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыто́мнасць, ‑і, ж.

1. Страта прытомнасці, выкліканая хваравітым станам або душэўным узрушэннем. У непрытомнасці.. [Антаніна Мікалаеўна] асунулася на зямлю. Шчарбатаў. Паддубны быў у непрытомнасці. М. Ткачоў.

2. Крайняя ступень душэўнага ўзрушэння, пры якой траціцца здольнасць валодаць сабой. Хацелася [Тані] крыкнуць: «Хопіць!» Ды побач маці і Хімка, захлёбваючыся да непрытомнасці, мармыталі свае малітвы. Гроднеў. Іліко і Вано стаялі ў кутку, напалоханыя да непрытомнасці. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыхі́льны, ‑ая, ‑ае.

Непрыязна настроены; які праяўляе недружалюбнасць да каго‑, чаго‑н. [Пісар:] — [А. Мікалай] да цябе, брат, вельмі добра адносіцца і паважае, але яго трохі не задавольвае, што ты вечарамі нейкія гутаркі вядзеш з людзьмі, да царквы непрыхільнымі. Колас. // Які змяшчае ў сабе або выказвае неадабрэнне. Непрыхільны водзыў. □ Маці кідала на Макара непрыхільныя позіркі. Асіпенка. Чорныя пукатыя вочы малога былі строгія, нават непрыхільныя. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвыва́ць, ‑ае; незак.

1. Выць час ад часу, нядоўга. [Сабака] адбегся ад чалавека і, круцячыся на месцы, падвываў за кожным сваім брэхам. Чорны. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Падвывае матор. Падвывае мяцеліца. □ У коміне пачынаў падвываць вецер. Лобан.

2. Суправаджаць што‑н. выццём. [ванька] не чуў, як сястрычка клікала маці, як плакала, узлезшы на жэрдкі плота, а Мурза жаласна падвываў ёй. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што і без дап.

Прыводзіць у парадак каго‑, што‑н.; наводзіць парадак дзе‑н., у чым‑н. Маці з урачыстым выглядам парадкавала на стале талеркі і відэльцы. Карпаў. Качагар.. быў на тэндэры, парадкаваў там вугаль. Лынькоў. Антосю таксама хапала працы. Пакуль зямля падсыхала, ён тупаў каля хаты, парадкаваў у хляве і гумне. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасябрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. Стаць сябрамі; наладзіць, распачаць сяброўства з кім‑н. Усе [калгаснікі] неяк пасябравалі, згуртаваліся і цяпер былі як адна сям’я. Асіпенка. Дзяўчынкі пасябравалі з ласкавай бабуляй, прывыклі да яе, як да роднае маці. Мяжэвіч.

2. каго. Зрабіць сябрамі, зблізіць, здружыць. Нас Латвія пасябравала, Насмешлівы Вітаўтас Бложа. Барадулін.

3. Сябраваць некаторы час. Хлопчыкі пасябравалі дзень і пасварыліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)