смяшлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны часта, з усялякага выпадку смяяцца. Цяпер Жэнька быў другім, зусім не падобным да таго вясёлага, смяшлівага хлопца. Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Смяшлівы характар. // Разм. Такі, пры якім хочацца смяяцца. Смяшлівы настрой.
2. Які выражае гатоўнасць да смеху, смяшлівасць, весялосць. — У пана настаўніка і грэчкі няма, — сказала Ядвіся і ўскінула на настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы. Колас. Сяргей павярнуўся на голас. Яго абветраны твар адразу зрабіўся смяшлівым. Капусцін.
3. Такі, што можа выклікаць смех; смешны. [Медзведзяняты] лагодненькія, калмаценькія, смяшлівыя. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да сунуць (у 1–5 знач.).
2. каго-што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Варушыць Аўгіня вілачнікам гаршкі, чапялой патэльню совае да вуголляў. Бядуля. Потым пасажыры совалі кашалёк нагамі, пакуль ён не апынуўся ў кутку, дзе стаяў безбілетны Віця. Якімовіч.
3. безас. Разм. Пра рэзкі боль. Совае ў калена.
•••
Соваць (сунуць, тыцкаць) нос куды — умешвацца ў што‑н., звычайна не ў сваю справу.
Соваць (тыцкаць) пад нос каму — даваць, паказваць што‑н. непачціва, абы-як.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Хадзьбой, яздой пракладваць (дарогу, шлях і пад.). А прыгледзішся — і выходзіць: сцежка тая не сцежка, а дарога, бо торыць і брукуе яе народ. Лужанін. Кожны па-свойму ўмудраўся, лаўчыўся. Кожны торыў дарогу з лесу да свайго гумна. Бядуля. // перан. Пракладваць шлях у жыццё, у будучыню. Самі мы шляхі наперад торым. Лойка. Вашы продкі і вы з цемры торылі шлях, Ад якога цяпер больш дарог у жыццё, Чым на небе святых. Занядбаў я касцёл. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уратава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Разм. Уберагчыся ад небяспекі, гібелі, знішчэння; выратавацца. [Бавылёк] яшчэ не ведаў, што яму рабіць, як уратавацца ад бяды. Якімовіч. Я не спадзяваўся ўратавацца ад пагоні і рыхтаваўся прыняць бой. Шамякін. Байцы ўцякалі, каб уратавацца, але, пакінуўшы акопы, траплялі яшчэ ў большую небяспеку. Марціновіч. // Унікнуць чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Змітрок Бядуля ўратаваўся ад нападаў, перабраўшыся ў «Маладняк». Лужанін. Грыбоў яны назбіралі і нават ад таго першага, вялікага дажджу ўратаваліся шчасліва, схаваўшыся хто ў кабіне, а хто пад машынаю. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цукро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цукру, з’яўляецца цукрам. Цукровая пудра. // Прыгатаваны з цукру або з цукрам. Цукровы сіроп. Цукровае пячэнне. // Які мае адносіны да вытворчасці цукру. Цукровая прамысловасць. Цукровы завод.
2. Які змяшчае ў сабе цукар; які выкарыстоўваецца для атрымання цукру. Цукровы гарох. Цукровая кукуруза.
3. перан. Які прыносіць асалоду, вельмі прыемны; залішне далікатны, саладжавы. — Эт, — кажа Лявоніха цукровым голасам, — жыву-гадуюся. Бядуля.
•••
Цукровая хвароба гл. хвароба.
Цукровы дыябет гл. дыябет.
Цукровы трыснёг гл. трыснёг.
Цукровыя буракі гл. буракі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарні́ла, ‑а, н.
Водны раствор якога‑н. каляровага рэчыва, што ўжываецца для пісання. Андрэйка ўсунуў ручку ў чарніла, забыўся яе атрэсці і перш-наперш абліў паперу чарнілам. Бядуля. / Разм. Пра віно. [Ткачук:] — А белай няма? Цярпець не магу гэтага чарніла. Быкаў. Грошай пачалі зарабляць да халеры, а які толк: грошы тыя, як дым з коміна, напуста вылятаюць! Адно ў людзей у галаве — абы чарніла набоўтацца! Лецка.
•••
Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.
Хімічнае чарніла — чарніла фіялетавага колеру.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гро́зны, ‑ая, ‑ае; ‑зен, ‑зна.
1. Суровы, жорсткі ў абыходжанні з другімі. Грозны начальнік. □ Ля турэмнай брамы Грозны вартаўнік. Бядуля. Раптам з’явіўся грозны камандзір. — Што гэта? Хто вам дазволіў? Ніякіх сабак у лагеры! Няхай.
2. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны, страшны. Грозная зброя. □ Фронт бліжэй і бліжэй, Грозны грукат плыве па барах. Панчанка. За грозным валам Коціць грозны вал, І пырскі — Вышай узбярэжных скал. Гілевіч.
3. Які выражае пагрозу. Грозны пагляд. Грозны голас. □ Пачуліся грозныя выкрыкі стражнікаў: «Шырэй дарогу! Шырэй! Убок! Убок!» Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бале́ць, ‑ліць; незак.
1. Выклікаць адчуванне фізічнага болю (пра якую‑н. частку цела). У Тарэнты пачынае балець галава, яму робіцца горача. Галавач. Кандрату Назарэўскаму балела рана на назе. Чорны. Эх, і цяжка касцом... рукі, плечы баляць... Чарот. / у безас. ужыв. Баліць у баку. □ Толькі пакутлівая грымаса застыла на.. [хлапчуковым] твары; відаць, яму вельмі балела. Марціновіч.
2. перан. Хваляваць, турбаваць. Цяпер тое, што баліць аднаму, трывожыць усіх, а што радуе грамаду — цешыць і аднаго. Бядуля. Шчыраму сэрцу і чужая болька баліць. З нар.
•••
Душа баліць гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гаро́х, ‑у, М ‑росе, м.
1. Травяністая расліна сямейства бабовых з насеннем у стручках. Скасіць гарох. Абмалаціць гарох. Шчыпаць струкі гароху.
2. Круглае насенне (гарошыны) гэтай расліны, якое скарыстоўваецца для харчавання. Пражаны гарох. Суп з гарохам. □ У кутку стаяла пара кублаў, адзін парожні, а другі з леташнім гарохам. Бядуля.
•••
Бобу ў гаросе шукаць гл. шукаць.
За царом Гарохам гл. цар.
Хто ў боб, хто ў гарох гл. хто.
Як гарох пры дарозе — пра чалавека, якога ўвесь час непакояць, крыўдзяць.
Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам гл. сцяна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
а́ркуш, ‑а, м.
Стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і пад. Аркуш ватмана, кардону. □ Пракоп раздаў аркушы паперы ў косую лінейку, агрызак хімічнага алоўка. Грахоўскі. Ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры. Лупсякоў. [Собіч] браў то адны карткі, то другія, запісваў на аркушах паперы лічбы, паціскаў плячыма, дзівіўся. Скрыган. Аўгіння пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць. Бядуля.
•••
Аўтарскі аркуш — адзінка вымярэння аб’ёму літаратурнага твора, роўная 40 000 друкарскіх знакаў.
Друкаваны аркуш — шаснаццаць старонак друкаванага тэксту як адзінка вымярэння аб’ёму кнігі.
[Польск. arkusz з лац. arcus— дуга.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)