дро́цік 1, ‑а, м.
Памянш. да дрот; невялікі кавалак тонкага дроту. Застаўшыся адзін, я адразу ж садзіўся за стол і да позняй ночы выбіраў, разводзіў і зноў зводзіў у адно шматлікія арміі лічбаў, ціха перакідваючы іх на дроціках лічыльнікаў. Ракітны.
дро́цік 2, ‑а, м.
Старадаўняя кідальная зброя ў выглядзе невялікага кап’я.
[Грэч. doration — маленькае кап’ё.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́перадзіць, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак.
1. Рухаючыся ў адным напрамку з кім‑, чым‑н., выйсці наперад; абагнаць. Выперадзіць у бегу. Падводы стараліся выперадзіць калону.
2. перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑, чым‑н.; апярэдзіць. Выперадзіць у вучобе. □ [Дакладчык:] — Калгас за адно лета выперадзіў вакольныя вёскі на два гады. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упераме́жку, прысл.
Разм. Папераменна чаргуючыся адно з другім, у нейкім пэўным парадку. Ішлі халодныя асеннія дажджы ўперамежку са снегам. «Звязда». Спалі.. [дзяўчаты] разам у Валіных сенцах... Раз уставала адна, другі раз — другая, уперамежку, каб устаць з жаваранкамі, прыцемкам пусціць трактар. Лобан. Мы, вучні, размяшчаліся на прыватных кватэрах, уперамежку з вайскоўцамі. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эжэ́кцыя, ‑і, ж.
Спец.
1. Працэс змешвання двух якіх‑н. асяроддзяў (вады і пяску, пары і вады і інш.), пры якім адно асяроддзе, будучы пад ціскам, уздзейнічае на другое і, цягнучы за сабой, выштурхвае яго ў неабходным напрамку.
2. Штучнае аднаўленне напору вады ў перыяд паводкі для нармальнай работы турбін.
[Фр. éjection.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ланцу́г, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.
1. Рад аднолькавых металічных звёнаў, паслядоўна злучаных адно з адным.
Л. якара.
2. перан. Суцэльны рад, сукупнасць чаго-н.
Л. людзей.
Горны л.
3. перан. Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго.
Бегчы ланцугом (прысл.).
4. Устройства з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію (спец.).
Электрычны л.
◊
Як з ланцуга сарваўся (разм.) — пра нястрыманага, злога чалавека.
|| памянш. ланцужо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1—3 знач.).
|| прым. ланцу́жны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Л. сабака.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
сагна́ць, зганю́, зго́ніш, зго́ніць; сагна́ў, -на́ла; згані; сагна́ны; зак.
1. каго (што). Гонячы, прымусіць пайсці, пабегчы, паляцець адкуль-н.
С. з месца.
2. каго-што. Прымусіць сабрацца ў адно месца.
С. цялят на ферму.
3. што. Растапіць (снег).
Сонца сагнала снег з пагоркаў.
4. што. Пазбавіцца ад чаго-н.; знішчыць.
С. вагу.
◊
Сагнаць ахвоту (разм.) — задаволіць жаданне, нацешыцца чым-н.
Сагнаць злосць на кім (разм.) — даць выхад сваёй зласлівасці, дрэннаму настрою.
|| незак. зганя́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
|| наз. згон, -у, м. і зго́нка, -і, ДМ -нцы, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
самкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Звесці, шчыльна злучыць адно з другім. Самкнуць ножкі цыркуля.
2. перан. Злучыць у адно цэлае. Самкнулі шарэнгі Чырвонагвардзейцы. Глебка. // Акружыць, узяць у клешчы. Калі чужынцы свой самкнулі круг, Падняў з гранатаю руку мой друг, Магутны выбух страсянуў наўколле... А. Астапенка. Затое не забывалася тая цёмная ноч у сярэдзіне лета, калі вярталіся з бежанцаў: непадалёку ад Клінцоў немцы самкнулі клешчы, і ў акружэнні, разам з вайсковымі часцямі, апынуліся бежанская абозы. Чыгрынаў.
3. Заплюшчыць, стуліць (вочы, губы і пад.). А па ранку, ледзь самкнула Вочы стомлена дзяўчынка, Хтось устаў над ёй — пачула — З ціхім шэптам: — Сірацінка... Кірэенка.
•••
Не самкнуць вачэй — не спаць зусім.
Самкнуць рады — згуртавацца, аб’яднацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счапі́ць, счаплю, счэпіш, счапіць; зак., каго-што.
1. Змацаваць, прычапіўшы адно да другога, зачапіўшы адно за другое. Счапіць вагоны. □ Кузёмка .. успамінаў мінулы год, калі ён з Міколкам пераворваў гэты вялікі палетак, баранаваў і потым засяваў, счапіўшы ў адзін агрэгат тры сеялкі. Хадкевіч. // Разм. Злучыць, сплятаючы (пальцы, рукі). Счапіўшы рукі ля грудзей гаротна, Яны глядзяць на золата імён. А ў сэрцы ў кожнай — боль па блізкіх, родных, Якім другія дзесь нясуць паклон. Гілевіч.
2. Разм. Адчапіць. Яна рванула вуду да сябе. У паветры мільганула рыбка. Анеля счапіла яе з кручка і кінула ў вядзерца. Лупсякоў.
3. Разм. Прышыць на скорую руку. — Трэба зашыць, — добразычліва вырашыла цётка Антося. — Данка, прынясі чорных нітак, счаплю кавалеру! Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаўпці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; незак., што.
Зневаж.
1. Гаварыць недарэчнасці, глупства, бязглуздзіцу. Спыніўся. Прывітаўся і пачаў.. [сустрэчным] чаўпці розную лухту: злез на паўстанку, але ноччу збіўся з дарогі. Машара. [Паўліна:] — А тым часам і бацька твой мо шчэ жывы, дадому вернецца, матку новую возьме... Хаця, што гэта я абы-што чаўпу... Сачанка.
2. Настойліва даводзіць каму‑н. што‑н., паўтараць увесь час адно і тое ж. А Сцёпа ўпрэцца, як бык, і чаўпе сваё: — Выдумкі ўсё. Курто. Прыйдуць канікулы — якая ні работа, а ў .. [сына] заўсёды кніжка за пазухай. І ўсё чаўпе пра адно: пайду ў хімію. Ракітны. / Пра птушак. Іншыя птушкі змоўкнуць, стаміўшыся за доўгі веснавы дзень, а ён [голуб], не зважаючы ні на што, сваё чаўпе. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дитьII несов.
1. (налаживать) ла́дзіць, нала́джваць; (чинить) пра́віць;
2. (намереваться) разг. ме́рыцца, наме́рвацца; збіра́цца;
3. (норовить) разг. патрапля́ць у лад; (стараться) стара́цца;
4. (твердить) разг. дзяўбці́;
◊
ла́дить одно́ и то́ же дзяўбці́ адно́ і то́е ж.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)